Перайсці да зместу

Прычыны заняпаду крыўскай мовы ў XVII ст.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прычыны заняпаду крыўскай мовы ў XVII ст.
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (2), ліпень–снежань 1925 г., б. 78—81

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Л.

ПРЫЧЫНЫ ЗАНЯПАДУ КРЫЎСКАЙ МОВЫ XVII СТ.

Для об’ектыўнай ацэны аддзельных падзей у мінуўшчыне неадзоўвым варункам зьяўляецца зразуменьне псыхікі тагочаснага грамадзянства: падыходзіць да мінуўшчыны трэба не з сягоняшнімі нашымі паняцьцямі і сьветаглядам, а найперш уясьніць сабе паняцьці і сьветагляд людзей, якія жылі і дзеялі ў данныя часы.

Гаворачы аб падзеях XVII ст. мы найперш павінны сабе ўявіць, што ў тыя часы так ясных нам сягоньня паняцьцяў аб націі не іствавала. Паняцьце націі заступалася дзяржаўнай прыналежнасьцю і веравызнаньнем. Пры тых варунках палітычнага жыцьця, ў якіх апынулася нашае грамадзянства ў XVII ст. калі кіруючая роля ў дзяржаве пераходзіла ў рукі палякаў і спольшчаных нашых вышэйшых кругоў, зьвязь з народнымі масамі пачувалі адзіна толькі тыя, якія яшчэ трымаліся ўсходнага абрадку (як праваслаўныя так і ўніяты) з яго славянскай літургіяй і царкоўнай пісьменнасьцю. І, вось, сягоньня адаецца нам загадкай, чаму ў той час, калі пад напорам гуманізму ўсе заходна-эўропэйскія мовы адраджаліся, вызваляючыся са скоўваўшых іх пут мёртвай лаціны, то наша мова у гэтым самым часе пачала занепадаць і што раз больш зыходзіць з публічнага ужытву.

Прычыны гэтага былі многія, але галоўная з іх — памылковы погляд нашага тагочаснага грамадзянства на „старарускую“ мову, якая ў істоце ніколі не істнавала, або істнавала толькі ў выабражэньні кніжнікаў XV і XVI ст. якія думалі, што мова царкоўных кніг, прынесеная разам з хрысьціянствам з Баўгарыі, была першапачатна адзінай супольнай мовай для ўсіх плямён Усходнага славянства. У істоце мова царкоўнай пісьменнасьці ніколі ня была мовай народных мас Усходнага Славянства, падзел якога на племянныя дыялекты бязумоўна істнаваў яшчэ ў паганскія часы.

Усходны абрад накінуў усяму Ўсходнаму Славянству ад Адрыятыку да Ноўгарада адну царкоўную пісьменнасьць. Пісьменнасьць гэта ў часы панаваньвя лаціны на Захадзе, давала Ўсходнаму славянству некатарую перавагу, але калі настаў час адраджэньня народных моваў у Зах. Эўропе, гэта еднасьць царкоўнай славяншчыны аказалася лішне зьвязуючай. Трэба было кождаму ў аддзельнасьці славянскаму народу, парваць з царкоўнай пісьменнасьцю і зьвярнуцца да жывых крыніц народнай мовы, але напор ворагаў праваслаўнай веры змушаў конфэсіянальна думаючых нашых прашчураў не разьдзяляцца а, наадварот, цясьней яднацца і ў мэтах самаабароны карыстацца адзінай пісьменнасьцю.

На крыўскіх землях славянская граматнасьць, ўбіраючы ў сябе лексычны матэр’ял а жывой народнай мовы, да XVI ст. здолела далёка адыйсьці ад мовы літургічных славянскіх кніг, прыбліжаючыся немаль саўсім да мовы крыўскага народу. І наша мова, дзякуючы натуральнай эволюціі, вызвалілася б з ланцугоў славяншчыны, каб не змаганьне за веру, якое з надзвычайнай зацятасьцю разыгралася на нашых землях.

Змаганьне за адзіную для ўсяго Усходнага Славянства праваслаўную веру, падтрыманае ўсходнімі патрыархамі і маскоўскай дзяржаваю, павярнула разьвіцьцё нашай пісьменнай мовы назад, да царкоўнай славяншчывы, якая была прызвана мовай царквы і навукі для ўсяго праваслаўнага Славянства. Рашылі, што асобныя племянныя славянскія дыялекты ня ёсьць аддзельныя мовы, а адзічэўшыя і агрубеўшыя галіны „любезного“ і „суптельного языка словенского“. А дзеля гэтага трэба перавучыць народы славянскага Усходу на адзіную для ўсіх іх славянскую мову. Для гэтай мэты павінны былі служыць чысьленна закладаныя па нашым краю ніжэйшыя і вышэйшыя брацкія школы. У слаўных грэка-лаціна-рускіх школах народная мова служыла толькі памочным знадаббем да навучаньня ц.-славянскай мовы. У дадатку уставы гэтых школ вымагалі, каб „спудеи“ паміж сабой не гаварылі „простай“, г. зн., жывой народнай мовай, але толькі мовамі навукі: грэцкай, лацінскай, славянскай і (ў межах Рэчыпасполітай) польскай. У выніку, новыя пакаленьні навучаліся гаварыць барбарскай тарабаршчынай, якая, як успамін, захавалася дасягоньня ў украінскіх комэдыях у ролях вучоных дзячкоў. Мова гэта, наскрозь штучная, ня мела дапасававьня ў практычным жыцьці. На соймах, сойміках, судох і ў войску, замест пагарджанай „простай“ мовы, пачынае штораз часьцей быць ужыванай мова польская, бо жыцьцё не магло быць нагнутым да надуманых тэорый, выкалыханых у манастырскіх кельях.

Трыумфальны паход польшчыны ў XVII ст. не саўсім слушна прыпісуюць адзіна дэнаціяналізатарскаму уплыву езуітаў і езуіцкіх школ: заслуга спольшчаньня вышэйшых кляс нашага грамадзянства можа быць ў роўнай меры прыпісана як езуітам, так і праваслаўным манастыром з іх брацкімі грэка-лаціна-рускімі школамі.

У пісьменнай-жа мове сталася эволюція ў другую старану. Ужо ў канцы XVII ст. Сьвятагорац у сваіх кнігах заклікаў:

«Книги церковныя всѣ уставы словенскимъ языкомъ друкуйте; сказую бо вамъ тайну великую, яко діаволъ толикую зависть имаетъ на словенскій язык, же ледво живъ отъ гнѣву… А то для того діаволъ на словенскій язык борбу тую мает, завеже есть плоднѣйшій одъ всихъ языковъ и Богу любезнѣйшій… Тако да знайте, як словенскій языкъ предъ Богомъ честнѣйшій есть и Отъ еллинскаго и латинска, же се не байки суть».

Ідучы на сустрэч духу часу і конфэсіональным вымогам, Мялеці Сматрыцкі ў 1618 годзе выдае сваю славянскую граматыку, якая павінна была, як пісалі ў маскоўскім выданьні гэтай граматыкі 1848 г., «паслужыць да паправы царкоўных кніг». Паправа царкоўных кніг адбывалася ня толькі ў Масковіі, але і ў нас, заступаючы ў кнігах царкоўных мову крыўскую, баўгарскай мовай маскоўскай рэдакціі. Для прыкладу возьмем кнігу «О сакраментах».

Кутэінскае выданьне 1647 г. Чарнегаўскае выданьне 1717 г.
Вопр. Которая есть форма того
сакраменту, албо ли которыя словы
совершают тую тайну?
Вопр. Кая форма, или совершеніе
тоя тайны?