Прычыны заняпаду беларускага адраджэння ў XIX ст.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Прычыны заняпаду беларускага адраджэння ў XIX ст.
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1916
Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 301-303.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пачаткі беларускага адраджэння заходзяць у далёкую мінуўшчыну, бо ажно ў другую палавіну XVIII сталецця. З гэтага часу захаваліся рэлігійныя уніяцкія песні, як «Мой Божа, веру табе» і «Кантычка», «Nabożne pieśni w narzeczu połockim» (Połock, w drukarni Soc. Jez. 1774 r.); першыя выданыя і апрацаваныя уніятамі, а кантычка — езуітамі.

Канец XVIII сталецця адзначаецца буйным расцветам рамантызму ва ўсёй Еўропе. Адгалоскі яго даходзілі і на Беларусь. Рамантызм перш за ўсё прымушаў панства і духавенства заглядаць глыбей у народ, у яго духовы свет, у яго мінулае, прымушаў вытвараць красу з гістарычных перажыткаў. Само сабой, рамантызм на Беларусі ўбіраўся ў пышную дэкаратыўна-каляровую апратку, звязваў сябе з беларускімі традыцыямі (адгалосак гэтага бачым пазней у творах Адама Міцкевіча, а нават часцю і ў Славацкага) — і гэтым падгатаўляў поле да народнага беларускага адраджэння. З глыбейшых натур вытвараў ён барцоў за народную волю.

Упадак Рэчы Паспалітай не даў гэтым зачаткам развіцца ў шырокі народны рух, бо змаганне за незалежнае дзяржаўнае жыццё адрывала людзей ад культурнай работы і пхала на палітычны шлях. Пасля ўтраты палітычнай незалежнасці і ад рэпрэсіўнага абрусення ідэі рамантызму і дэмакратызму, а найболей «мясцовы», «тутэйшы», патрыятызм шляхоцкіх мас хутка змяняліся на ідэі польскага нацыяналізму. І вось гэтая змена ў першы чарод была прычынай, што пачаўшаеся ў XVIII сталецці беларускае адраджэнне надоўга затрымалася.

Апрача ўпадку Польшчы на ходзе беларускага адраджэння адбіліся і тыя асаблівыя варункі, у якіх апынулася Беларусь пад Расеяй і якія ўчынілі яе арэнай польска-расейскага змагання за «культурныя ўплывы». Найвялікшую вагу мелі тутака справы рэлігійныя. Перш-наперш крывавае наварачыванне уніятаў на праваслаўе прымусіла народ шукаць апекі ў каталіцтве, а ўціск каталіцызму прымусіў каталіцкі касцёл апірацца на пальшчыне. Прымусовае накіданне беларусам-каталікам маскоўскай мовы ў касцёле вызвала тое, што духавенства і народ чапляліся за польскую мову як бясспорную азнаку каталіцтва. Гэткім парадкам «людавітая мова» (значыць, беларуская) у касцёле ўжо перад 1839 годам пачала замяняцца мовай польскай, а ў 1839 гаду ўжыванне яе ў касцёлах забаронена было афіцыйным указам цара Мікалая I. царскі ўказ меціў адрэзаць беларускі народ ад каталіцтва незразумелай яму польскай мовай, але выйшла саўсім наадварот… Маскоўская палітыка за ніякую цану не хацела пазволіць на культурнае развіццё беларусаў і ўгаварвала гвалтам нашаму народу, што ён «искони русский» і павінен абмасковіцца.

Адным словам, польска-расейскае змаганне было адной з важнейшых прычын заняпаду беларускага адраджэння праз цэлых сто лет, аж пакуль з самаго народа не выйшлі барцы за гэту справу. Ніжэй друкуецца стацця нябожчыка С. Палуяна, каторая дае дужа праўдзівую характарыстыку нашай шляхоцкай дэмакратыі ў першай палавіне ХIХ сталецця, каторая аддавала свае сілы палітычнай рабоце цэнтралістычна-польскай. У канцы цяжкі ўдар для беларускага адраджэння зрабіла поўная забарона беларускай граматнасці аж да 1905 г.