Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXVI. Ня прызнаны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел XXV Прынц і жабрак
Разьдзел XXVI. Ня прызнаны
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XXVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кароль некалькі мінут сядзеў у глыбокай задуме; пасьля падняў галаву і заўважыў:

— Дзіўна, надта дзіўна! Ніяк не магу сабе вытлумачыць.

— Не, ані ня дзіўна, гаспадару. Я яго знаю, і павядзеньне яго лічу саўсім натуральным. Ён змалку быў нягоднікам.

— Ах, ды я не аб ім кажу.

— Не аб ім? Аб кім-жа? Што-ж, уласна кажучы, дзіўна?

— Ды тое, што да гэтага часу не хапіліся караля.

— Як? Якога караля? Не разумею.

— Сапраўды? Ці ня зьдзівіла цябе падчас падарожы, што край саўсім не напоўнены кур’ерамі, якія павінны былі быць парассыланымі, шукаць мяне, што нідзе ня відаць абвяшчэньняў з апісаньнем мае асобы. Хіба-ж тое, што згінуў галава дзяржавы, не павінна было выклікаць агульнага перапуду і адчайнасьці? Няўжо не заўважылі што я прапаў невядома куды.

— Саўсім так, гаспадару, я й запомніў аб гэтым. Затым Гэндон уздыхнуўшы падумаў: «Бедная, хворая галоўка — ўсё яшчэ ахоплена тою самаю хваробаю».

— Але ў мяне ёсьць плян, які вызваліць з бяды нас абодвух; я напішу пісьмо на трох мовах — лацінскай, грэцкай і ангельскай, а ты раненька павязеш яго ў Лёндан. Нікому не паказвай, апрача майго дзядзькі Гэртфорда; як ён прачытае яго, дык адразу пазнае, хто пісаў, і зараз-жа прышле па мяне.

— Ці ня лепей, гаспадару, перачакаць тутака, пакуль я ня буду прызнаны і не забясьпечу сваіх правоў на ўладаньне. Тады мне выгадней будзе…

Кароль перабіў яго тонам загаду:

— Маўчы! Што значаць твае мізэрныя ўладаньні, твае дробныя інтарэсы ў парэаўнаньні са справамі, якія датычаць дабра нацыі і незачэпнасьці пасаду! Пасьля, як-бы пакаяўшыся ў сваёй рэзкасьці, дадаў мягкім тонам:

— Слухай і ня бойся. Я аднаўлю твае правы, забясьпечу цябе, мала гэтага, я не запомню тваіх заслугаў і шчодра абдару цябе за іх.

З гэтымі словамі ён узяў пяро і пачаў пісаць. Гэндон зірнуў на яго з жалем і падумаў: "А і сапраўды можна падумаць, што кароль. Калі ён злуе, дык сыпле грымоты—ні даць, ні ўзяць — сапраўды монарх. І як гэта ён сабе ў галаву ўбіў гэтую штуку? Вун, цяпер драпае свае недарэчныя каракулькі, думаючы, што гэта лацінскія і грэцкія словы. Калі мне ня ўдасца выдумаць што-нібудзь, каб адхіліць яго ад яго замеру, дык прыдзецца зрабіць выгляд, што я адпраўляюся выпаўніць яго дзікае даручэньне.

Але зараз-жа думкі Майльса перанясьліся да апошняга здарэньня. Ён да таго пагружаны быў у задуму, што калі кароль даў яму напісаную паперу, дык ён машынальна ўзяў яе і палажыў у кішэнь. «Як дзіўна яна трымала сябе», — прамармытаў ён. «Я думаю, што яна пазнала мяне і, ў той-жа самы час, мне здаецца, што не, не пазнала. Саўсім добра разумею, што адно з двох павінна быць, але ніяк не магу адкараскацца ад гэткага разладу. Яна, напэўна, пазнала мой твар, маю фігуру, мой голас, — іначай быць ня можа. Аднак-жа заявіла, што ня знае мяне, і гэтага даволі, як дакажу, таму што яна ніколі не маніла. Але, пачакай-жа, здаецца, што пачынаю цяміць у чым справа. Быць можа, ён зрабіў на яе ўплыў, прыказаў, прымусіў зманіць. Вось дзе разгадка. Яна глядзела насьмерць спалоханаю — але, яна была пад яго націскам. Але я знайду яе; цяпер, калі яго няма, яна скажа праўду. Яна прыпомніць добры стары час, калі мы яшчэ дзяцьмі гулялі разам, і сэрца яе зьмягчэе; яна не адпіхне мяне і ўва ўсім прызнаецца. У ёй няма ні кроплі вераломства — не, яна кахала мяне — ў гэтым уся мая надзея, — хто раз кахаў чалавека, той ня здрадзіць яго».

Ён пасьпешна скіраваўся да дзьвярэй; але ў гэту мінуту яны адчыніліся і ўвайшла лэді Эдыта. Яна была страшэнна зьбялеўшы, але на гэты раз ішла, цьвёрда ступаючы, выгляд яе быў поўны грацыі і дабраты; а твар быў паранейшаму сумны.

Майльс, саўсім пэўны, кінуўся ёй насустрэчу, але яна спыніла яго ледзь заметным жэстам. Яна села і запрапанавала яму сесьці. Так-жа сама проста яна абарвала яго прыяцельскую гутарку, паставіўшы яго ў палажэньне пастароньняга чалавека, гасьця. Гэтая неспадзяванасьць настолькі аглушыла яго, што ён на момэнт страціў пэўнасьць, ці ўжо сапраўды ён тая самая асоба, за якую ўдае сябе.

— Сэр, я прышла асьцерагчы вас, — сказала лэді Эдыта. — Вар’яту цяжка даказаць, што ён памьляецца, але, напэўна можна пераканаць яго, каб ён ухіляўся ад небясьпекі. Я думаю, што вашыя пратэнсіі, ў вашых вачох, саўсім чэсныя і грунтоўныя, і праз гэта ў іх няма нічога праступнага… Але не заставайцеся тутака болей — вам пагражае небясьпека… Яна пільна паглядзела ў твар Майльсу і дадала паважным тонам: — Тым большая небясьпека, што вы вельмі падобны да нашага, згінуўшага, невядома дзе, брата.

— Божачка, дык я-ж — Майльс.

— Ведаю, што вы ў гэтым пераконаны, і саўсім пэўна ў вашай шчырасьці, але-ж толькі перасьцерагаю вас — вось і ўсё. Мой муж поўны гаспадар ува ўсёй ваколіцы; улада яго бязьмежна; людзі тут жывуць добра, або паміраюць ад голаду — як яму да галавы прыдзе. Калі-б вы ня былі падобны да чалавека, за якога ўдаецё сябе, дык муж, быць можа, пазволіў-бы вам цешыцца з вашага лятуценьня. Але, паверце мне, я яго вельмі добра знаю, ведаю, як ён зробіць: ён пачне ўсім казаць, што вы вар’ят, самазванец, і ўсе будуць патураць яму.

Яна ізноў утаропіла моцна свой пагляд у Майльса і дадала: «Калі-б вы сапраўды аказаліся Майльсам Гэндонам і ён і ўсе навакола ведалі аб гэтым — заўважце сабе, зважце, што я кажу — дык і тады вы падпадалі-б пад няменшую небясьпеку, няменшая бяда пагражала-б вам. Ён адрокся-б ад вас, выдаў-бы вас, і ў нікога не хапіла-б адвагі зрабіць вам падтрыманьне».

— Саўсім веру вам,—горка сказаў Майльс. — Сіла, якая можа змусіць нас адрачыся ад прыяцеля дзіцячых гадоў, натуральна, непераможна ў тых выпадках, дзе пытаньне йдзе аб кавалку хлеба і дзе ня істнуе путаў вернасьці і чэсьці.

Лёгка зарумяніліся шчокі маладое жанчыны, яна спусьціла вочы. Але голас яе выдаваў неспакой, калі яна гаварыла далей:

— Я папярэдзіла вас і яшчэ раз паўтараю: уцякайце адсюль, а не — дык ён загубіць вас. Гэта тыран, які ня ведае ніякае літасьці. Мне гэта вядома, — то-ж я ні больш ні менш, як яго рабыня. Бедны Майльс, Арзсэр і мой дарагі апякун, сэр Рычард, збавіліся ад яго, спачыўшы навекі: і для вас лепей было-б пайсьці сьледам за імі, чымся зьявіцца сюды і трапіць у капцюры гэтаму злодзею. Вашыя пратэнсіі пагражаюць яго тытулу і ўладаньням, вы напалі на яго ў яго ўласным доме — вы загінулі, калі застанецеся. Уцякайце, не марудзячы. Калі ў вас няма грошай, дык вазьмеце гэты портмонэт, падкупеце слугаў, каб прапусьцілі вас. О, няшчасны, паслухайце мяне, ратуйцеся, пакуль ёсьць магчымасьць.

Майльс жэстам адмовіўся ад грошай, устаў і сказаў:

— Аднаго толькі прашу ў вас: гляньце мне проста ў вочы. Так… цяпер адказвайце мне: Майльс Гэндон я, ці не?

— Не. Ня знаю вас.

— Прысягнеце!

— Прысягаю! — пачуўся ціхі, але чутны адказ.

— О, ды гэта проста няма ведама што!

— Уцякайце! Не марнуйце дарагога часу… Уцякайце, ратуйцеся!

У гэтую мінуту ў пакой увайшлі салдаты, і пачалася адчайная барацьба; Гэндона хутка ахо далі і пацягнулі; караля таксама забралі. Абодвух зьвязалі і павялі ў вастрог.