Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXV. Гэндон-Голь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Разьдзел XXIV Прынц і жабрак
Разьдзел XXV. Гэндон-Голь
Аўтар: Марк Твэн
Разьдзел XXVI
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html


Як толькі Гэндон з каралём адыйшлі настолькі ад паліцэйскага, што яго ўжо ня відаць было, яго вялікасьць павінен быў скіравацца ў назначанае месца за горад і там чакаць свайго збавіцеля, які зайшоў у готэль разрахавацца. Праз поўгадзіны абодва прыяцелі, весела гутарачы, на сваіх скакунох ехалі ў кірунку на ўсход. Каралю было цяпер цяпло і добра, таму што ён скінуў свае лахманы і апрануў патрыманы касьцюм, куплены для яго Гэндонам на Лёнданскім мосьце.

Гэндон стараўся не ўтамляць хлопчыка; цяжкія пераезды, думаў ён, ды благая яда і няпоўны сон могуць блага адгукнуцца на яго здароўі; тымчасам, як умяркованы рух, адпачынак і правільны характар жыцьця, напэўна, прысьпяшыць выздараўленьне. Ён шчыра жадаў бачыць хлопчыка ў здаровым розуме, вольным ад хваравітых прыяваў, напаўняўшых яго бедную галоўку. Дзеля гэтага, ён пастанавіў не сьпяшаючыся вяртацца ў бацькаўскі дом, адкуль быў выгнаны гэтулькі гадоў назад, — замест таго, каб, пакараючыся ахапіўшай яго нецярплівасьці, без перадышкі ляцець як дзень, так ноч.

Ад'ехаўшы каля дзесяцёх міляў, нашыя ездакі дасягнулі вялікага сяла і спыніліся там на начлег у даволі добрым шынку. Ранейшыя адносіны ізноў аднавіліся між імі; Гэндон стаяў ззаду за каралём і прыслужваў яму падчас абеду; пасьля распрануў яго і палажыў у пасьцель, а сам лёг на падлозе каля дзьвярэй і ахінуўся коўдраю.

У чародныя два дні яны пакрысе пасоўваліся ўперад, расказваючы адзін аднаму пра свае прыгоды з часу разлукі; расказы гэтыя вельмі займалі кожнага з іх. Гэндон вылажыў усе свае перажываньні пры шуканьні караля; перадаў, як, архангел дурыў яго, водзячы дарэмна па лесе, як, нарэшце, бачачы, што ня можа лёгка адчапіцца, павёў яго назад да хаціны. Старык зайшоў у спальню і выйшаў адтуль з выразам зьдзіўленьня і гора на твары,— ён чакаў, як быццам, што хлопчык вярнуўся і лёг адпачыць, але яго няма. Гэндон прачакаў караля цэлы дзень; згубіўшы надзею на паварот яго, ён ізноў вырушыў у пашуканьні.

— А сьвяты айцец сапраўды бедаваў, што вашая вялікасьць не вярнуліся,—сказаў Гэндон,— па твары яго відаць. было.

— Ані не сумняваюся ў гэтым, — адказаў кароль, і расказаў сваю страшэнную гісторыю. Гэндон пашкадаваў, што ня прыкончыў архангела.

У апошні дзень падарожы настрой Гэндона быў крыху падняты. Ён ня сьціхаў гаварыць, — то расказваў пра свайго старога бацьку, пра брата Артура, прыводзіў выпадкі, рысаваўшыя іхнюю чэснасьць; то з уцехаю й любасьцю спамінаў пра сваю Эдыту, і наагул быў гэтак радасна настроены, што навет аб Гью выказаўся дабрадушна, пабратэрску. Доўга яшчэ расказваў ён аб сустрэчы ў Гэндон-Голі, якая была наперадзе. Якая гэта будзе неспадзяванасьць для ўсіх, якая радасьць!

Дарога цягнулася па прыгожай мясцовасьці, усеянай котэджамі і садамі сярод шырокіх сенажацяў, якія, дзякуючы чяроўнаму грунту, напаміналі бурнае мора. Пасьля паўдня, блудны сын, які вяртаўся пад бацькаўскую страху, няраз схіляў з дарогі, прабуючы з якога-нібудзь прыгорку хаця здалёк разглядзець свой дом. Нарэшце, гэта яму ўдалося, і ён неспакойна выгукнуў.

— Вун, гаспадару, вёска, а тамака далей і наш замак. Глянь, і вежы відаць адсюль. А вось лясочак здалёк—гэта бацькаўскі парк. Пабачыш, якая там роскаш, якое багацьце! Семдзесят пакояў — падумай толькі! Адных слугаў дваццаць сем чалавек. Добрая кватэра для гэткіх малайцоў, як мы з табою. ну, цяпер пасьпяшаймася, я смажуся ад нецярплівасьці.

Ня гледзячы на хуткую язду, падарожныя нашы даехалі да вёскі толькі пасьля трэцяе гадзіны ўдзень. Ня спыняючыся, яны паехалі далей. Гэндон ані на момэнт ня сьціхаў:

— Вось цэрква, абросшая плюшчам, — ніякае зьмены. Вун стары шынок „Чырвоны Леў", за ім рыначны пляц. Бачыш, прызавая мачта і вадацяг усё паранейшаму, нічога не зьмянілася, апрача людзей. Дзесяць гадоў вялікі кавалак у жыцьці чалавека; некаторыя твары мне як быццам знаёмы, а мяне дык ніхто не пазнае.

Гэтак ён усё гаманіў. Мінуўшы вёску, прыяцялі схілілі на вузкую крывую дарогу, абгароджаную высокай агароджаю; шпарка праехалі яшчэ з паўмілі і ўехалі ў вялізную каменную браму з вылепленымі гэрбамі на колённах, вёўшую ў сад. Перад імі ўзвышаўся вялічавы будынак.

— Калі ласка — ў Гэндон-Голь, кароль! — гукнуў Майльс. — О, які вялікі, шчасьлівы дзень! Бацька мой, брат і лэді Эдыта звар'яцеюць з радасьці; пры першай радасьці спатканьня яны толькі й будуць гаварыць і думаць пра мяне — так што цябе, хіба, холадна сустрэнуць; але ты не зьвяртай увагі — хутка ўсё пойдзе йначай. Як я ім раскажу, што ты мой гадунец, што я пакахаў цябе, дык яны, дзеля Майльса Гэндона, прымуць цябе радасна і прытуляць, як роднага.

Цераз некалькі мінут Гэндон саскокнуў з мула перад высокім ганкам, памог зьлезьці каралю і, ўзяўшы яго за руку, борзда скіраваўся ў замак. Падняўшыся на некалькі ступенькаў, ён апынуўся ў вялікім пакоі; ён увайшоў, пасьпешна й бесцэрамонна пасадзіў хлопчыка і кінуўся да маладога чалавека, сядзеўшага за пісьменным сталом каля ясна гарэўшата каміну.

— Абнімі мяне, Гьюго! — сказаў ён. — Скажы, то-ж ты рад, што я вярнуўся? Кліч хутчэй бацьку, таму што родны дом мне ня радасьць, пакуль я ня прыпаду да яго рукі, пакуль ня ўбачу йзноў яго твару, не пачую яго голасу!

Але Гью толькі адхіснуўся з выразам зьдзіўленьня; затым утаропіў у яго строгі пагляд — пагляд, выказваўшы як-бы зьняважаную дастойнасьць, і зараз-жа перайшоўшы, пад уплывам нейкае думкі ці пабуджэньня ў зьдзіўленьне і цікавасьць з дамешкаю спачуцьця — ня то шчырага, ня то прыкіднога.

— Небарака, — сказаў ён мягка, — ты, здаецца, не пры сваім розуме. Ты, напэўна, выцярпеў ня мала бяды і ўдараў лёсу; гэта відаць па твары тваім і па вопратцы. Скажы, за каго ты мяне прымаеш?

— За каго прымаю? За каго-ж, як не за Гью Гэндона, — злосна адказаваў Майльс.

Той дапытваў далей тым самым мягкім тонам:

— А кім ты сябе ўяўляеш?

— Уяўленьне тут ні пры чым. Ці не пачнеш ты цьвярдзіць, што не пазнаеш мяне, свайго брата, Майльса Гэндона?

Выраз радаснага зьдзіўленьня сьлізгануў па твары Гью.

— Як, ты не жартуеш? — гукнуў ён. — Хіба-ж мерцьвякі ўстаюць? Дзякуй Богу, калі так. Наш бедны, прапаўшы брат вярнуўся пасьля гэтулькіх гадоў цяжкае нядолі. Ах, гэта занадта вялікае шчасьце — надта непадобна да праўды... Малю цябе, пашкадуй, не жартуй гэтак са мною! Хутчэй, падайдзі да сьвятла... дай мне разглядзець цябе!

Ён схапіў Майльса за руку, пацягнуў яго да вакна і пачаў моцна разглядаць з галавы да ног, і так і гэтак круцячы яго, і абходзячы навокал, каб бачыць са ўсіх бакоў. А вярнуўшыся блудны сын увесь зіхацеў з радасьці, ўсьмяхаўся і, памахваючы галавою, прыгаварваў:

— Глядзі, братка, глядзі, ня бойся; кожная рыса скажа табе, што гэта я. Разглядай, любуйся колькі хочаш, мой добры Гью — але, перад табою твой Майльс, сапраўдны Майльс, твой загінуўшы брат... Ці-ж ня так? Ах, сягоньня шчасьлівы дзень — я казаў гэта раней! Дай мне руку, абнімемся... Божа, я, здаецца, памру з радасьці!...

Ён гатоў быў кінуцца ў абняцьці брата, але той адхіліў яго рукою і, сумна спусьціўшы галаву, прамовіў неспакойна:

— Ох, Божа, дай мне сілу вытрываць гэта цяжкае расчараваньне!

Майльс з мінуту ня мог вымавіць слова; затым голасна гукнуў:

— Якое расчараваньне? Хіба-ж я ня твой брат?

Гью сумна памахаў галавою і сказаў:

— Дай Божа, каб гэта было так, каб іншыя адкрылі сходнасьць, якую адмаўляюцца бачыць мае вачы. Ой, як баюся, што ў пісьме была чыстая праўда.

— У якім пісьме?

— У пісьме, якое прыйшло да нас з-за мора, гадоў сем ці восем назад. У ім пісалася, што брат мой забіты ў баі.

— Гэта няпраўда! Пакліч бацьку — ён пазнае мяне.

— Нябожчыка не паклічаш.

— Ён памер? — перапытаўся Майльс забітым голасам і губы яго задрыжалі. — Бацька памер! О, гэта горкая вестка! Уся мая радасьць атручана цяпер. Калі ласка, пакліч Арзсэра — ён пазнае мяне, пазнае і ўцешыць.

— Ён таксама памёр.

— Божа, зьлітуйся нада мною. няшчасным... Памёрлі... абодва памёрлі — дастойных няма ў жыцьці, толькі недастойныя, як я, засталіся... А лэді Эдыта?... Пашкадуй...

— Не, яна жывая.

— Дзякуй Богу, хоць адна ўцеха! Хутчэй, братка, пакліч яе сюды! Калі й яна ня прызнае мяне... не, гэтага ня можа быць... Не, не, яна пазнае — дурасьць з майго боку навет ня мець пэўнасьці ў гэтым. Прывядзі яе, пакліч і старых слугаў — яны таксама павінны памятаць мяне.

— Усе яны памёрлі — засталося толькі пяцёх: Піцер, Гальсэй, Дэвід, Бэрнарды і Маргарэт.

Сказаўшы гэта, Гью выйшаў з пакою. Майльс пастаяў з мінуту, затым задумаўшыся захадзіў па пакоі, разважаючы сам з сабою:

— Пяцёх нягоднікаў перажылі дваццацёх чэсных і верных — дзіўная рэч.

Ён то ўзад, то ўперад хадзіў далей, нешта мармычучы, саўсім запомніўшы пра караля. Раптам яго вялікасьць сказаў сур'ёзна з выразам шчырага спачуваньня, хаця словы яго і маглі быць вытлумачаны ў іронічным сэнсе:

— Ня сумуй, добры чалавек; ёсьць і апрача цябе людзі, тая самая асабістасьць якіх ня прызнаецца, а пратэнсіі выклікаюць сьмех. Ты не адзін.

— Ах, гаспадару! — крыкнуў Гэндон, чырванеючы, — ты хаця не асудзі мяне — пачакай і пабачыш. Я не ашуканец — яна сама пацьвердзіць; ты пачуеш гэта з яе найпрыгажэйшых вуснаў. Я не самазванец, не, я знаю гэты стары замак і ўдоўж і ўпоперак, усе абразы продкаў, усе акалічныя рэчы мне гэтак сама добра знаёмы, як дзіцяці яго дзіцячы пакой. Тут я радзіўся і вырас, гаспадару; кажу праўду — я не ашукваў-бы цябе. Хай ніхто ня верыць мне, але цябе я малю быць пэўным — гэтага я ня вытрываю.

— Я ні кроплі ня маю няпэўнасьці, — сказаў кароль з дзіцячаю прастатою і вераю.

— Дзякую табе са ўсяго сэрца, — з гарачкаю сказаў праняты Гэндон.

— А ты верыш мне?

Гэндон задумаўся, але нашчасьце, у гэтую мінуту дзьверы адчыніліся, і зьяўленьне Гью збавіла яго ад неабходнасьці адказаць на вострае пытаньне.

Прыгожая лэді, багата апраненая, увайшла разам з яго братам, а за імі некалькі блішчастых слугаў. Лэді ішла марудна, схіліўшы галаву і спусьціўшы вочы; твар яе дыхаў нявымоўным сумам. Майльс Гэндон кінуўся да яе са словамі:

— О, Эдыта, дарагая!

Але Гью строга спыніў яго і зьвярнуўся да лэді:

— Глянь на гэтага чалавека. Знаеш ты яго?

Пры гуку голасу Майльса маладая жанчына крыху здрыганулася, шчокі яе загарэліся; яна ўся дрыжала. 3 мінуту яна стаяла моўчкі; пасьля марудна падняла вочы і паглядзела на Гэндона спруцянейшым, спалоханым паглядам; кроў адлілася ад яе твару і ён зьбялеў, як у нябожчыцы. Яна прамовіла няжывым голасам: „Я ня знаю яго!" і, адвярнуўшыся са стагнаньнем і прыдушаным плачам, хістаючыся, выйшла з пакою.

Майльс Гэндон бясьсільна ўпаў у крэсла і затуліў твар рукамі. Пасьля кароткага маўчаньня брат зьвярнуўся да слугаў:

— Вы бачыце гэтага пана. Знаеце вы яго?

Яны адмоўна памахалі галовамі. Тады гаспадар сказаў:

— Мае слугі ня знаюць вас, сэр. Нажаль, тут нейкае непаразуменьне. Вы пераканаліся, што й жонка мая таксама ня прызнае вас.

— Твая жонка!.. У міг Гью быў прыцісьнены за горла да сьцяны, як быццам жэлезнымі абцугамі.

— О, хітрая душачка, цяпер мне ўсё ясна! Ты сам напісаў фальшывае пісьмо, ашуканскім чынам заўладаў маёю нявестаю і маёю маемасьцю. Ідзі з вачэй маіх, каб я не запэцкаў свае салдацкае чэсьці крывёю гэткага мізэрнага нягодніка!

Гью, пасінеўшы і задыхаючыся, абапёрся аб найбліжэйшае крэсла і крыкнуў слугам схапіць і зьвязаць брата; але яны хісталіся.

— Ён азброены, сэр Гью, — сказаў адзін з іх, а мы неазброеныя.

— Азброены! Дык што-ж такое — то-ж вас шмат. Бярэце яго, кажуць вам!

Але Майльс паперадзіў іх быць асьцярожнейшымі, дадаўшы:

— Вы знаеце мяне змалку — я гэткі самы застаўся, як быў. Спрабуйце толькі падыйсьці — пабачыце.

Гэтыя словы не асабліва падбухторылі слугаў — яны яшчэ падаліся назад.

— Пайшлі вон, подлыя трусы, вазьмеце зброю і ахоўвайце дзьверы, а я пашлю па варту,—крыкнуў Гью. На парозе ён адвярнуўся і сказаў Майльсу:

— Лепей не прабуйце ўцякаць — гэта дарэмная рэч.

— Уцякаць? Ня турбуйся. Майльс Гэндон— гаспадар Гэндон-Голю і ўсіх яго палёў, і праз гэта застанецца тут — у гэтым будзь саўсім пэўны.