Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XVIII. Кароль у бадзякаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел XVII Прынц і жабрак
Разьдзел XVIII. Кароль у бадзякаў
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XIX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шайка бадзякаў чуць сьвет была ўжо на нагах і рушыла ў дарогу. Неба было хмурнае, гразь і слата, веяў халодны вецер. Учарашні вясёлы настрой пакінуў кампанію: адны былі панурымі і маўклівымі, другія капрызнымі ды злымі; ўсіх таміла жаданьне пахмяліцца.

Атаман даручыў Гьюго глядзець за Джэкам, даўшы яму такія-сякія інструкцыі, а Джону Канці загадаў трымацца далей ад хлопчыка і даць яму спакой; Гьюго таксама загадана было лагадней абходзіцца з ім.

Крыху пачакаўшы, пагода праясьнілася, хмары разагнала. Бадзякі сагрэліся і настрой палепшыўся; веселасьць вярнулася да іх, пачалі вострасловіць, вышчараць зубы, зачапляць праходзіўшых і праезных, — жаданьне жыцьця й яго радасьцяў ізноў прачхнулася. Усе іх крыху баяліся, давалі ім дарогу, цярпліва зносячы грубасьці й баючыся адказваць. Яны цягалі порце з платоў, часта на вачох у гаспадароў, якія й слова ня сьмелі сказаць, і навет як быццам былі здаволены, што бадзякі не пазварочвалі самых платоў.

Па дарозе яны забраліся ў адну невялікую фэрму і пачалі гаспадарыць, а спалоханы фэрмэр са сваёю дружынаю павінен быў ачышчаць камору, рыхтуючы сьнеданьне няпрошаным гасьцям.

Гаспадыню й дачок яны ласкава трапалі па падбародку й па шчоках, калі тыя падавалі яду, выкідалі грубыя жарты, давалі насьмешлівыя мянюшкі, ўсё гэта з сіплівым, грубым сьмехам; кідалі касьцьмі й агароднінай у гаспадара й сыноў яго, так што тыя павінны былі ўвесь час выкручвацца, і пры кожным меткім удары чуўся рогат. Скончылі тым, што вымазалі маслам галаву аднэй з дзяўчат за тое, што не пазваляла ім ніякіх вольнасьцяў. Адходзячы, яны прыгразілі, што вернуцца і спаляць дом з жыхарамі, калі на іх данясуць уладам.

Каля палудня, пасьля доўгага й цяжкага пераходу, шайка зрабіла адпачынак пад плотам хаты, што была недалёка ад вялікага сяла. Адпачыўшы з гадзіну, ўсе разыйшліся, каб увайсьці ў сяло з розных бакоў ды заняцца—кожны сваёю справаю. «Джэка» паслалі з Гьюго. Яны некаторы час бадзяліся то ўзад, то ўперад; Гьюго ўсё чакаў спагаднага выпадку, але не знаходзіў яго.

— І сьвіснуць няма чаго! Вось паганае месца! Прыдзецца прасіць міласьціны.

— Я ня буду прасіць. Ты можаш — гэта твая справа й да твару табе.

— Ня будзеш? — сказаў Гьюго, са зьдзіўленьнем аглядаючы караля. — З якога гэта часу ты гэтак зьмяніўся?

— Гэта-ж як?

— Хіба-ж ты не жабраваў раней на лёнданскіх вуліцах?

— Я? Дык ты проста дурань!

— Ня вельмі так распушчай язык — для цябе-ж самога здаравей будзе. бацька твой сам казаў, што ты змалку жабраваў. Хіба ён маніў. Чаго добрага, й ты скажаш, што ён маніць? — жартаваў Гьюго.

— Ты думаеш, што ён мне бацька? Але, ён маніў!

— Годзі табе камэдыю ламаць ды прыкідацца вар’ятам, прыхавай сваё мастацтва да іншага разу, а не, дык табе-ж горай будзе. Калі яму раскажу, дык ён пасвойму адластажыць цябе.

— Ня трудзіся расказваць. Я сам яму гэта скажу ў вочы.

— Ты, сапраўды, малайчына, ды толькі ў галаве ў цябе нядобра. Ці-ж і без таго мала штурханцоў дастаецца нам, каб яшчэ наклікаць іх. Ды годзі пра гэта. Я, калі хочаш ведаць, усё-такі веру твайму бацьку, хаця пэўны, што ён умее маніць і маніць пры здарэньні—хто з нас ня гэткі? Але-ж нашто будзе ён тут маніць? Які рахунак разумнаму чалавеку маніць дарэмна? Слухай, браце, калі ты адмаўляешся жабраваць, дык чым-жа ж нам заняцца? Хіба што пайсьці кухні абчышчаць.

— Пакінь свае плёткі, не прыставай да мяне! — нецярпліва адказаў кароль.

— Слухай, голубе, што гэта ты — ня хочаш прасіць, каб далі, а красьці таксама ня хочаш? Хай сабе так. Але-ж тады вось што рабі. Ты ваб падарожных, а я буду працаваць. Ну, адмоўся ты ў мяне ад гэтага!

У караля ўжо гатоў быў сарвацца пагардлівы адказ, як раптам Гьюго перабіў яго:

— Ціха! Вун ідзе пан, — па твары відаць, што добры. Я прыкінуся, што са мною прыпадак. А калі падайзе да мяне, дык ты пачні плакаць, скавытаць, кідацца яму да ног і раві, як чорт: «Ах, сэр, гэта мой бедны хворы брат. Мы сіроты, нікога ў нас няма… У імя Бога, зьлітуйцеся над няшчасным, бясьсільным гаротнікам. Дайце ад шчодрасьці вашае хоць пэньні, бо ён гіне!» Глядзі ж, ня сьціхай раўсьці ды бічкавацца, пакуль ня выманіш пэньні, а то блага табе будзе.

Тут Гьюго пачаў стагнаць, ойкаць, падварочваць вочы, кідацца ды курчыцца; а калі падыйшоў бліжэй, ашуканец з крыкам выцягнуўся, пачаў курчыцца й валяцца ў гразі, быццам канаючы.

— Божа мой! — прамовіў дабрадушна незнаёмец. — Небарака, як ён мучыцца. Пачакай я падніму цябе.

— Ой, не, добры пане,—хай вас Бог крые,— не чапайце мяне, мне баліць, калі мяне чапаюць падчас прыпадку. Вось мой брат раскажа вам, як я пакутую. Дайце хоць пэньні, пане, адзін пэньні і пакіньце мяне аднаго з маім горам.

— Ня пэньні, а цэлых тры пэнсы дастанеш!— і ён з нэрвовай пасьпешнасьцю пачаў капацца ў кішані. — Вось вазьмі. А ну, хадзі сюды, хлопчык, памажы мне перанясьці твайго хворага брата ў той дом…

— Ды ён саўсім ня брат мне, — перабіў кароль.

— Як! Ня брат!

— О, паслухайце яго! — застагнаў Гьюго, скрыгічучы зубамі са злосьці. — Ён адракаецца ад роднага брата, які на краі магілы.

— Хлопчык, гэта напраўду жорстка з твайго боку. Ён табе брат… Сорам, — то-ж ён ня можа варухнуць ні рукой, ні нагою. А хто-ж ён, як ня твой брат?

— Жабрак і злодзей! Ён выманіў у вас грошы і з кішаня выцягнуў партаманэт. Хочаце цуд стварыць? Дайце яму, як мае быць палкаю, і ён адразу зробіцца здаровым.

Але Гьюго не чакаў цуду. У міг ён падняўся на ногі і пусьціўся ўцякаць, а пан кінуўся за ім, закрычаўшы ды клічучы на падмогу. Кароль, горача падзякаваўшы Богу, за вызваленьне, бягом скіраваўся ў процілежны бок і ня спыняўся, пакуль не апынуўся вонках небясьпекі. Тады ён пайшоў першаю, якая трапілася, дарогаю і хутка пакінуў сяло далёка ззаду. Ў працягу некалькіх гадзін ён ішоў, як толькі мог, баязьліва азіраючыся, ці ня гоняць яго; нарэшце, баязьлівасьць пакінула яго, месца яе заняла прыемная сьвядомасьць бясьпечнасьці. Тут ён пачуў голад і змогу. Спыніўшыся каля дзьвярэй фэрмы, ён хацеў папрасіць есьці, але яму не далі выгаварыць слова і бязьлітасна прагналі. Вопратка яго не гаварыла на яго карысьць.

Ён пацягнуўся далей, скрыўджаны і злы, пастанавіўшы не падпадаць болей пад гэтае паніжэньне. Але-ж голад ня цётка, ўсяму навучыць; як надыйшоў вечар, кароль папрабаваў выпрасіць што-нібудзь на другой фэрме, і тут яму яшчэ горай дасталася, як раней; яго аблаялі ды пагразілі арыштаваць, як бадзяку, калі ён зараз-жа не пайдзе далей.

Надыйшла ноч, халодная і цёмная; змучаны кароль усё йшоў ды йшоў куды вочы глядзяць, ледзь цягнучы ногі. Кожны раз, як ён сядаў адпачыць, яго да касьцей прабіраў холад, — хоцькі-ня-хоцькі трэ’ было йсьці. Адчуваньні, ахапіўшыя яго ў глыбокай начной цішы, сярод бязьмежнае шырыні, былі гэтак новымі і нязвычайнымі. Часамі чуліся зьнекуль галасы, хутка затым сьціхаўшыя; ён нічога ня мог разглядзець у цемнаце, апрача нейкіх, навяваных ветрам бясформенных плянаў, здаваўшыхся яму прыявамі і зданьнямі і кідаўшых яго ў дрыготкі. Часам перад вачыма яго мігцелі агоньчыкі — недзе далёка, быццам на канцы сьвету; чуваць было, як няясна, далёка пазвоньвалі авечыя звончыкі, начны ветрык даносіў да яго глухое, тужлівае мычаньне стадаў; разьлягалася ныткае завываньне сабакі, быццам недзе за гарамі за даламі—гэтак усё здавалася далёка. Маленькі кароль адчуваў, што навокал кіпіць жыцьцё і дзейнасьць, а толькі ён адзінокі ды бяспрытульны ў гэтай неагляднай пустыні.

Ён усё йшоў, заплятаючыся, ходаны страхам, палохаючыся на кожным кроку шорхату сухіх лістоў, падобнага да чалавечага шэпту. Раптам ён убачыў блізка цьмянае сьвятло бляшаное лятарні. Ён адступіў у цень і прытаіўся. Лятарня стаяла каля адчыненых дзьвярэй хлява. Кароль прыслухваўся некалькі мінут — ні гуку, ні шарахценьня ня чуваць было. Яму зрабілася холадна, а гасьцінныя дзьверы гэтак вабілі да сябе, што ён рызыкнуў увайсьці. Ціха тоячыся, падыйшоў хлопчык да хлява і на самым парозе пачуў галасы ззаду за сабою. Ён шмыгнуў за барэлак і схаваўся. Двох работнікаў з фэрмы ўвайшлі з лятарняю і пачалі нешта рабіць, балбочучы паміж сабою. Пакуль яны тут тырчэлі, кароль аглядзеў сабе месьцечка— ў стойле, ў процілежным канцы хлява, замерваючыся прыстроіцца там, як толькі застанецца адзін. Тут-жа ён заўважыў конскія коўдры, якія маглі спатрэбіцца яму для начлегу.

Хутка работнікі пайшлі, замкнуўшы дзьверы і захапіўшы лятарню. Зьмерзшы кароль адразу ўзяўся за коўдры, падабраў іх і, ня гледзячы на цемру, шчасьліва дабраўся да стойла. Дзьве коўдры ён падаслаў, а дзьвюма, што заставаліся, ўкрыўся. Лёгшы, ён пачуў сябе найшчасьлівейшым з каралёў, хаця коўдры былі пацёртыя, тонкія й ня надта грэлі, ды ў дадатак ад іх гэтак пахла конскім потам, што можна было задушыцца.

Хлопчык зьмерз і згаладаўся, але ён адчуваў гэткую змогу і санлівасьць, што хутка драмата сходала яго. Толькі што ён пачаў засынаць, як пачуў, што нехта да яго дакрануўся. Ен мігам прачхнуўся, ледзь жывы з пярэпалаху, сэрца яго ледзь чутна стукацела. Ён ляжаў нярухома, затаіўшы дыханьне і прыслухваючыся. Ні гуку, ні шарахценьня. Ён доўга яшчэ прыслухваўся, — яму, па крайняй меры, здавалася, шта вельмі доўга, — але паранейшаму панавала няжывая ціша. Ён пакрысе ізноў пачаў драмаць дый ізноў пачуў, як таямніча нешта да яго дакранулася. Страшэнным было гэтае лёгкае датыканьне нявіданае істоты; забабонны страх ахапіў хлопчыка. Што тут рабіць? Ён ня ведаў, як быць. Пакінуць прытульнае месца і ўцякаць? Але куды? Выйсьці з хлява ня было магчымасьці; а думка, што ён павінен заставацца ў чатырох сьценах, альбо бадзяцца ў цемнаце з кутка ў куток, чуючы, як страшная здань цягнецца за ім, дакранаецца да яго пляча, да твару — гэтая думка здавалася, невынасімаю. Але-ж ня можа ён цэлую ноч таміцца ад страху. Не. Што-ж застаецца рабіць? Застаецца толькі адно — адважыцца выцягнуць руку і памацаць страшылішча. Гэта лёгка было сказаць, але ня так лёгка зрабіць. Тры разы асьцярожна выцягваў ён руку ў цемры, і кожны раз з жахам хаваў яе назад — не таму, каб намацаў што-нібудзь, але таму, што быў пэўны, што вось-вось дакранецца да «яго». Чацьвёрты раз выцягнуў ён руку крыху далей і абмацаў нешта мягкае і цёплае. Ён блізу што старапеў ад страху. Думкі яго былі так настроены, што яму здаўся чалавечы труп, яшчэ непасьпеўшы астыць. Ён рашыў, што хутчэй памрэ, чымся дакранецца йзноў. Але хлопчык яшчэ ня ведаў сілы чалавечай цікавасьці. Праз нейкі час рука яго ізноў, дрыжучы, выцягнулася — проці яго волі й жаданьня — ў кірунку падазроннае рэчы і напаўзла на доўгі пук валасоў; ён выцягнуўся далей і як быццам намацаў цёплую вяроўку… далей — перад ім было самае звычайнае цялё, а тое, што ён палічыў за вяроўку, аказалася проста цялячым хвастом.

Каралю зрабілася сорамна перад самым сабою, калі ён даведаўся, што прычынаю яго страху і жаху была гэткая нявінная істота, як спаўшае цялё. Але мусі быць гэта не саўсім так: не цялё напалохала яго, а нешта невядомае, прыяўнае, прыняўшае выгляд жывёлы. Дый кожны іншы хлопчык, у той забабонны век, разважаў-бы якраз гэтак-жа сама.

Кароль вельмі ўцешыўся ад свае знаходкі; ён быў рад, што каля яго цяпер хоць адна жывая істота. Адзінота абцяжвала яго; а людзі гэтак зьневажалі яго, гэтак блага абходзіліся з ім, што ён перажываў радаснае чуцьцё ў таварыстве спакойнае й нязлоснае істоты, хоць і не надзеленае вышэйшымі духоўнымі якасьцямі. І ён пачаў лашчыць цялё.

Пакуль хлопчык гладзіў мягкі цёплы хрыбёт жывёліны, ён сьцяміў, што цялё можа саслужыць яму службу. Ен зараз-жа падсунуў сваю пасьцель бліжэй да яго, укрыў свайго новзга прыяцеля, і цераз некапькі мінут яму было так цяпло і так прытульна, як ніколі яшчэ ня бывала на пярынах у каралеўскім Уэстмінстэрскім палацы.

Прыемныя адчуваньні заўладалі ім, жыцьцё здалося прыгажэйшым. Ён вызваліўся з няволі, уцёк ад праступнага таварыства адкіненых і разбойнікаў; цяпер яму цяпло, прытульна — адным словам, ён шчасьлівы. Вецер, тым часам, мацнеў; ён налятаў парывамі, ад якіх стары хлеў дрыжэў і трашчаў; пасьля сіла яго слабела, і ён з выцьцём пачынаў разгульваці па кутох і выступах. Але цяпер, калі каралю было цяпло і добра, дык выцьцё буры здавалася навет прыемным; хай сабе сьвішча й бушуе, няхай рве й цярэбіць, няхай стогне. й вые, яму ўсё роўна, наадварот, яшчэ ляпей. Ён шчыльней прыціснуўся да свайго таварыша, адчуваючы салодкасьць цяплыні, і забыўся моцным, ціхім, шчасьлівым сном. Недзе далёка чулася выцьцё сабак, ныткае мычаньне, а вецер усё бушаваў і дождж заўзята шарахцеў па страсе хлява. Але ангельскі кароль спаў безьмяцежным сном, так сама, як і цялё, якога ня трывожыла бура і ані не турбавала тая акалічнасьць, што побач з ім ляжыць кароль.