Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XIX. Кароль у сялян

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел XVIII Прынц і жабрак
Разьдзел XIX. Кароль у сялян
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі кароль устаў назаўтра раненька, ён пачуў нешта мокрае і намацаў у сябе за пазухай пацука. Патрывожаны, ён заразжа ўцёк. «Дурненькі, чаго баішся?» — сказаў з усьмешкаю кароль. Хіба-ж я не такі самы бяспрытульны, як і ты? Сорамна было-б мне, бяспрытульнаму, скрыўдзіць бяспомачную істоту. Я яшчэ павінен быць удзячным табе за добры знак: калі кароль упаў гэтак нізка, што навет пацукі забіраюцца спаць да яго на грудзі, дык трэба чакаць хуткае перамены да лепшага, таму што горшага ўжо нічога ня можа быць.

Хлопчык устаў і выйшаў з стойла; якраз у гэту мінуту ён пачуў дзіцячыя галасы. Дзьверы хлява адчыніліся, і ўвайшлі дзьве маленечкія дзеўчынкі. Убачыўшы яго, яны пакінулі гутарыць і сьмяяцца і спыніліся, аглядаючы яго з вялікай цікавасьцю; пасьля яны пачалі перашэптавацца, падыйшлі бліжэй, ізноў спыніліся ды гаварылі далей, шэпчучы. Пакрысе яны набраліся адвагі і пачалі выказваць свае думкі голасна.

— Які ў яго харошанькі тварык! — заўважыла адна.

— І прыгожыя валасы, — дадала другая.

— Але як блага апранены!

— Які змучаны, — мусі быць, галодны.

Яны яшчэ бліжэй падыйшлі, памахліва й асыдярожна аглядаючы яго з усіх бакоў, як быццам нейкага дзівоснага зьвера, які, чаго добрага, яшчэ вазьме ды ўкусіць. Нарэшце, яны, ўзяўшыся за рукі, дзеля большае бясьпечнасьці, уталопіліся ў яго сваімі нявіннымі, цікавымі вочкамі. Адна з іх сабралася з духам ды спыталася проста:

— Хто ты, хлопчык?

— Я кароль, — пачуўся сур’ёзны адказ.

Дзеўчынкі блізу што здрыгануліся, шырока расплюшчыўшы вочы, не гаворачы ні слова. Цікавасьць перарвала маўчаньне.

— Кароль? Які кароль?

— Кароль Англіі.

Дзеці глянулі адно на адно са зьдзіўленьнем, пасьля паглядзелі на яго.

— Чуеш, Марджэры? — спыталася адна з дзяўчынак, — ён кажа, што ён кароль. Гэта праўда?

— А як-жа йначай, Прысьсі? Хіба-ж ён будзе маніць? Слухай, Прысьсі, то-ж гэта, калі няпраўда, дык, значыцца, мана. Ці-ж ня так? Бо ўсё, што няпраўда, дык мана й нічога болей.

Гэта быў грунтоўны аргумэнт, і няпэўнасьць Прысьсі павінна была разьвеяцца. Яна яшчэ з мінуту пабыла ў задуме, пасьля зьвярнулася да хлопчыка з гэткаю ўвагаю.

— Калі ты напраўду кароль, дык я веру табе.

— Я кароль, сапраўды.

На гэтым справа і ўладзілася. Каралеўская дастойнасьць хлопчыка была прызнана без далейшых разважаньняў; дзеўчынкі толькі пачалі распытвацца, як ён трапіў сюды, чаму так не пацарску апранены, куды йдзе, адным словам, пра усё. Вялікай палёгкаю было для хлопчыка выліць сваё гора перад істотамі, якія не пачнуць зьдзекавацца з яго або быць няпэўнымі ў праўдзівасьці яго словаў. І ён з чуцьцём расказаў ім сваю повесьць, запомніўшы часова, навет, аб голадзе; яго расказ выклікаў самае шчырае спачуваньне. А калі ён дайшоў да сваіх апошніх прыгодаў, і дзеўчынкі даведаліся, што ў яго даўно ў роце нічога ня было, дык яны перарвалі яго расказ і пацягнулі яго на фэрму, каб накарміць.

Кароль быў вясёлы й шчасьлівы. «Як узыйду на пасад, — падумаў ён, — дык я заўсёды буду клапаціцца аб дзецях, памятаючы, як яны з даверчывасьцю і спачуцьцём аднясьліся да мяне ў бядзе; тымчасам, як дарослыя, лічыўшыя сябе разумнейшымі, высьмейвалі мяне, лічачы за зводніка».

Маці дзяўчынак прыняла караля ласкава; шкада было ёй хлопчыка — яго змораны выгляд і яўнае памяшаньне розуму кранулі добрае жаноцкае сэрца. Яна была ўдава, і пры гэтым даволі бедная; нямала гора вытрывала яна на сваім вяку, і дзеля гэтага здольна была спачуваць усім няшчасным. Яна падумала, што з глузду зьехаўшы хлопчык уцёк ад сваякоў ці ад гаспадароў; дзеля гэтага старалася дабіцца, адкуль ён, каб мець магчымасьць выправіць яго дамоў; але ўсе яе распытваньні й назовы суседніх местаў і вёсак ні да чаго не давялі — па твары хлопчыка і па адказах яго відаць было, што месцы, якія яна называла, былі саўсім незнаёмы яму. Ён сур’ёзна і проста гаварыў аб прыдворных справах; бедаваў, калі гутарка заходзіла аб памёршым каралі, «бацьку яго»; калі-ж гутарка датычыла ня так высокай матэрыі, дык ён рабіўся бязучасным і сьціхаў. Жанчына была саўсім абзадачана, але яна не пакідала спробаў дабіцца праўды. Рыхтуючы яду, яна ўсё прабавала як-нібудзь змусіць хлопчыка выдаць сваю тайну: загаварвала аб каровах — ён спакойны, аб авечках — тое самае; так што яе дапушчэньне, што перад ёю хлопчык-пастух, было бязгрунтоўным. Перабрала яна розныя прафэсіі — мельнікаў, ткачоў, меднікаў, кавалёў, гандляроў рознага гатунку, нарэшце, загаварыла аб вар’яцкім доме, аб вастрозе, аб прытулку — ніякага толку, усе яе натугі былі бясплоднымі. Але яна яшчэ ня ўнывала; яна навет як быццам трапіла на сьлед — але, хлопчык напэўна быў на службе. Яна ўхапілася за гэту думку, але рэзультат выйшаў самы няўцешны. Ні падмятаньне падлогаў, ні паленьне ў печах, ні чышчэньне а ні мыцьцё судзя не займала яго. Тады гаспадыня, згубіўшы ўсялякую надзею, як-бы дзеля ачысткі суменьня, зачапіла кухню й кухарства. На зьдзіўленьне яе й на вялікую ўцеху, твар караля адразу ажыў. «Ага, нарэшце вось, падцяла яго!»—падумала яна, гордая сваею пранікнёнасьцю і кемкасьцю.

Цяпер можна было сьціхнуць гаварыць — даць языку адпачыць, таму што кароль, натхнёны голадам ды смачным пахам, ішоўшым з курэўшых гаршкоў ды патэльняў, пусьціўся ў гэткае красамоўнае апісаньне некаторых смачных патраваў, што праз некалькі мінут жанчына мела поўнае аснаваньне заключыць: «Ну, пэўна-ж, я не памылілася — ён служыў за кухціка!» Тымчасам ён гаварыў аб розных патравах з гэткай рухлівасьцю й ведаю, што гаспадыня падумала: "Божанька, адкуль ён ведае гэтулькі патраваў ды яшчэ гэткіх нязвычайных? Гэткая страва падаецца да стала толькі ў багатыроў ды вяльможаў. Ага, цяпер разумею, у чым рэч! Абадранец гэты раней, пакуль яшчэ не звар’яцеў, ня йначай мусі, служыў у палацы; але, ён напэўна быў кухцікам у каралеўскай кухні! Вось я зараз даведаюся!

Палячыся нецярплівасьцю пераканацца ў сваёй пранікнёнасьці, яна папрасіла караля пасачыць за патравамі, даўшы зразумець, што ён можа распарадзіцца, як умее, і навет дадаць лішнюю патраву; пасьля выйшла з кухні, зрабіўшы дзеўчынкам знак ісьці за ёю.

«Калісьці гэткае самае даручэньне дасталася іншаму ангельскаму каралю, — мне здаецца, ані не паніжальна для мае каралеўскае дастойнасьці споўніць тое, што некалі павінен быў споўніць Альфрэд Вялікі. Але я пастараюся лепей справіцца, як ён, бо ў яго піражкі прыгарэлі».

Замер быў добры, але спаўненьне далёка ня гэткае: кароль, падобна да свайго папярэдніка, хутка патануў у думках аб важных справах, і сталася тая самая бяда — страва пачала прыгараць. Гаспадыня, нашчасьце, вярнулася ўпару й не дала сьнеданьню аканчальна сапсавацца; яны жыва вывела хлопчыка з задумы, даўшы яму добрую нагонку. Аднак, бачачы, як ён зьбеднены, што не апраўдаў веры, яна зараз-жа зьмягчэла й пачала ізноў лагодна й ласкава абходзіцца з ім.

Хлопчык добра і смачна пад’еў і зрабіўся рэзвым і здаволеным. Сьнеданьне розьнілася, паміж іншым, тэю цікаваю рысаю, што абедзьве староны былі пераконаны, што робяць чэсьць адна аднэй, хоць ніводная гэтага ня выказвала. Жанчына хацела спачатку даць маленечкаму валацузе астаткі ад стала, ды дзе-нібудзь у кутку, як сабацы, але ёй нязручна было, што жорстка разлаяла небараку, і жадаючы загладзіць сваю грубасьць, яна пазволіла яму сесьць за сямейны стол і есьці нароўні з іншымі дзяцьмі. А кароль са свайго боку, каючыся ў памылцы, якую дапусьціў, зрабіў над сабою натугу і быў ласкавы пасьнедаць разам з гаспадыняю і яе дзяцьмі, не вымагаючы ад іх стаяць перад ім і прыслужваць яму падчас яды, як належыць яго званьню і дастойнасьці. Добрая жанчына цэлы дзень адчувала шчырае задаволеньне, з прычыны свае велікадушнасьці й ласкавасьці да няшчаснага бадзякі, а кароль таксама быў здаволены, што зыйшоў да простае сялянкі, удастоіў яе сваею міласьцю.

Калі скончылася сьнеданьне, гаспадыня загадала хлопчыку перамыць пасуду. Гэтае даручэньне пакаробіла караля, ён гатоў быў зазлаваць, але падумаў: «Альфрэд Вялікі пёк-жа піражкі і пэўна што й пасуду перамыў-бы; папрабую й я».

Справа здавалася пустою, чышчэньне дзеравяных ложак ды місак не асабліва цяжкая рэч; але ў сапраўднасьці праца была клапатлівая і няпрыемная. Нарэшце, ён так-сяк з ёю справіўся. Яму хацелася якнайхутчэй пайсьці ў дарогу; аднак, ня вельмі лёгка было адкараскацца ад клапатлівае гаспадыні. Яна давала яму адну работу за другою, — ён спаўняў усё з толкам і старанліва. Пасьля яна пасадзіла яго разам з дзеўчынкамі чысьціць яблыкі; але ён гэткі быў няспрытны, што яго звольнілі і далі яму вастрыць кухонны нож. Нарэшце змусілі яго скубсьці воўну; тады хлопчык падумаў, што далёка выперадзіў добрага караля Альфрэда ў рабоце па гаспадарчай часьці, якая цікавей у гістарычных расказах ды анэкдотах, як у рэальнасьці і рашыў, што пакуль з яго ўжо годзі. Калі, пасьля палудня, далі яму кошык з кацянятамі, каб патапіць іх, дык ён рашыў разьвітацца са сваею службаю. Яму трэба йсьці ў далейшую дарогу, а здарэньне падходзіць, — толькі зьявілася перашкода ў асобе Джона Канці, з кашэлкай разносчыка на плячох, і Гьюго.

Кароль заўважыў гэтых нягоднікаў, калі яны падходзілі да варот, але яшчэ не пасьпелі бачыць яго: ні слова ня кажучы, ён забраў кошык з кацянятамі і выйшаў чорным ходам. Ён пакінуў сваю ношу ў хляве і шмыгануў у вузкі завулак ззаду хаты.