Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел VIII. Пытаньне аб пячатцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел VII Прынц і жабрак
Разьдзел VIII. Пытаньне аб пячатцы
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел IX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каля пятае гадзіны Гэнры VIII прачхнуўся ад цяжкага сну і прагурчаў: «Страшныя, трывожныя сны! Блізкі канец мой: гэтак гавораць гэтыя зьвястуны, і аслабеўшы пульс мой пацьвярджае прадчуцьцё». Раптам злосны агоньчык заблішчаў у яго вачох, і ён прамармытаў: «Усё такі, я не памру, пакуль ён ня будзе адпраўлены!»

Прыдворныя заўважылі, што ён прачхнуўся, і адзін з іх папрасіў загаду датычна лёрда-канцлера, чакаўшага за дзьвярыма.

— Прыняць яго, прыняць! — горача сказаў кароль.

Лёрд-канцлер увайшоў і, прыкленчыўшы на калена перад каралеўскім ложкам, сказаў:

— Я перадаў загад, згодна з воляй караля; пэры дзяржавы, сабраўшыся ў палаце і зацьвярдзіўшы прыгавар гэрцогу Норфольку, пакорна чакаюць далейшых загадаў яго вялікасьці па гэтай справе.

Твар караля зазьзяў злоснарадоснаю усьмешкаю.

— Крыху паднімеце мяне! — сказаў ён. — Я асабіста стану перад сваім парлямэнтам і ўласнаю рукою прылажу пячатку да прыгавару, што ратуе мяне ад...

Голас здрадзіў яго; мярцьвяцкая бель сагнала чырвань са шчокаў. Прыдворныя паклалі яго на падушкі і пасьпешна далі яму ўзмацняўшае лякарства.

Апрытомнеўшы, ён прамовіў з сумам:

— Як чакаў я гэтае радаснае гадзіны! Нажаль, вельмі позна выбіла яна, і я пазбаўлены гэтак жаданага шчасьця. Але пасьпяшайцеся, пасьпяшайцеся! Няхай іншыя споўняць гэты жаданы абавязак, калі мне ў гэтым адмоўлена. Я перадам дзяржаўную пячатку камісіі. Выбяры лёрдаў, якія маглі-б увайсоці ў яе і прыступі адразу да спаўненьня даўгу. Пасьпяшы-ж! Раней, чымся сонца ўзайдзе і зайдзе яшчэ раз, прышлі мне галаву гэрцога — я асабіста хачу бачыць яе!

— Усё будзе зроблена, згодна загаду караля. Ласка будзе вашае вялікасьці прыказаць вярнуць мне пячатку, каб я мог прыступіць да справы.

— Пячатку? У каго-ж пячатка, як не ў цябе?

— Вашая вялікасьць мелі ласку ўзяць яе ў мяне два дні таму, кажучы, што яна будзе бязьдзейнаю да тае пары, пакуль вы ўласнаю царскаю рукою не змацуеце прыгавару гэрцогу Норфольку?

— Дзіўна, я й сапраўды казаў гэта... прыпамінаю. Дзіўна, ага...

Кароль мармытаў нешта незразумелае, нявыразнае, ад часу да часу слаба ківаючы сіваю галавою і яўна стараючыся прыпомніць, дзе ён падзеў пячатку.

Нарэшце, лёрд Гэртфорд, прыкленчыўшы, рашыўся сказаць:

— Гаспадар, адважуся далажыць, што шмат ,хто памятае, як вы мелі ласку перадаць пячатку ў рукі яго высокасьці прынца Уэльскага, каб хаваць яе да таго дня, калі...

— Праўда, але праўда! — перабіў кароль. — Вазьмі яе. Ідзі — час ляціць!...

Лёрд Гэртфорд пасьпяшыў да Тома, але хутка вярнуўся да караля, засмучаны і з парожнімі рукамі.

Цяжка мне, вашая валікасьць, перадаваць гэтак сумную й няпрыемную вестку; але, як відаць, на тое воля Божая, што хвароба прынца не праходзіць, — ён ня можа прыпомніць, што браў пячатку. Я хутчэй вярнуўся, з тым, каб заявіць, што было-б дарэмнаю тратаю дарагога часу шукаць яе ў амфілядзе пакояў і салёнаў палацу яго каралеўскае вы...

Стагната караля раптам перабіла яго. Крыху пачакаўшы, яго вялікасьць прамовіў з ценем глыбокага гора:

— Ня турбуйце болей беднага дзіцяці. Цяжкая рука Божая спусьцілася на яго; а маё сэрца ные ад любасьці да яго, і спачуваньня, і гора мне, што не магу зваліць яго ярма на свае старыя, абцяжаныя клопатамі, плечы і зрабіць яму палягчэньне.

Ён заплюшчыў вочы, нешта прашаптаў і сьціх. Пасьля нейкага часу ён расплюшчыў вочы, бессэнсоўна пачаў аглядацца навакола, пакуль пагляд яго ня спыніўся на ўкленчыўшым лёрдзе-канцлеры. Раптам твар яго пасінеў ад гневу.

— Як ты яшчэ тут! — закрычаў ён. — Прысягаю Богам, калі ты ня ўчыніш расправы з гэтым здраднікам, дык заплаціш галавою.

— Вашая вялікасьць, малю аб літасьці. Я чакаў пячаткі.

Ты звар'яцеў ці што? Малая пячатка, якую я раней меў звычай брзць з сабою ў дарогу, знаходзіцца ў маёй скарбонцы. Калі вялікая дзяржаўная пячатка, зьнікла, дык хіба-ж не даволі малое? З глузду ты зьехаў? Ідзі! І слухай: не зьяўляйся мне без яго галавы.

Бедны канцлер пасьпяшыў пакінуць гэтак небясьпечнае суседзтва; камісія таксама не замарудзіла выказаць каралеўскую згоду на рашэньне лісьлівага парлямэнту, і на чародны дзень назначана была казьнь першага пэра Англіі, няшчаснага гэрцога Норфольскага.