Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел VII. Першы царскі абед Тома

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел VI Прынц і жабрак
Разьдзел VII. Першы царскі абед Тома
Аўтар: Марк Твэн
Разьдзел VIII
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А другой гадзіне пасьля паўдня Том пакорна трапіў у пытку апрананьня да абеду. Ён убачыў, што застаўся так жа сама хораша апраненым, як і раней, хаця ўсё на ім зьмянілі, пачынаючы з порткаў і канчаючы панчохамі. Сьледам за гэтым яго ўвялі з вялікай цэрэмоніяй у вялізную й раскошна ўбраную залю, дзе быў накрыты стол на адну пэрсону. Усе дамовыя прылады былі з масыўнага золата, з малюнкамі, якія рабілі яе ня меўшаю цаны, таму што належалі пэндзалю Бэнвэнуто. Пакой напалову быў поўны саноўных слугаў. Капэлян прачытаў малітву перад абедам. Том гатоў быў прыняцца за яду,—таму што прывык да заўсёднзга адчуваньня голаду, — але яго спыніў граф Бэрклей, які падвязаў яму ручнічок каля шыі, — высокая пасада падвязвньня ручнічка прынцу Уэльскаму была насьледнаю ў родзе гэтага вяльможы. Тут-жа стаяў краўчы, папярэджваўшы ўсе спробы Тома наліць сабе віна, і „каштавальнік", абавязаны, на трэбаваньне яго высокасьці прынца Уэльскага, каштаваць кожную падазронную патраву і, гэткім чынам, падпадаўшы пад небясьпеку атруціцца. У той час ён прысутнічаў толькі дзеля этыкету, і рэдка калі заклікаўся да спаўненьня свайго абавязку; але яшчэ некалькі пакаленьняў назад званьне „каштавальніка" зьвязана было з небясьпекаю для жыцьця і з пашанаю, якое ніхто ня шукаў. Дзіўна, чаму дзеля гэтае мэты ня ўжывалі сабакі, альбо хіміка; але ўсе прыдворныя звычаі дзіўныя з даўных давён. Мілёрд д'Арсі, першы камэрдынэр, таксама быў тут. Лёрд-мундшэнк стаяў за Томам ззаду, сочачы за ўрачыстаю цэрэмоніяй, якою распараджаліся лёрд-сэнэшаль і лёрд шэф-кухар. Япрача гэтых асобаў, у Тома было трыста восемдзесят чатыры лёкаі; ведама, што навет чацьвёртая часьць іх нё знаходзілася ў сталоўні, — ды Том і ня ведаў аб іхнім істнаваньні.

Усе прысутныя загадзя атрымалі загад памятаць, што прынц толькі часова не пры сваім розуме, і высьцерагацца выказваць зьдзіўленьне пры яго штуках. Гэтыя „штукі" не замарудзілі выявіцца; але яны выклікалі ў іх пачуцьцё гора і спачуваньня, а ня сьмех. Моцна балючай была для іх хвароба любага прынца,

Бедны Том еў пераважна пальцамі; але ніхто, здавалася, не ўсьмяхнуўся і нічым ня выказваў зьдзіўленьня. З цікавасьцю паглядзеў ён на свой ручнічок раскошнай, тонкай работы і прамовіў прастадушна:

— Калі ласка, забярэце яго, а то запэцкаю...

Насьледны стольнік забраў ручнічок з пашанлівым паклонам, не запярэчыўшы ні словам.

Том з цікавасьцю разглядаў бручку й салату, і спытаўся, ці можна іх есьць, — толькі з нядаўняга часу гэту агародніну пачалі разводзіць у Англіі, замест таго, каб прывозіць яе, як роскаш, з Голяндыі. На яго пытаньне адказалі сур'ёзна, не паказваючы зьдзіўленьня. Скончыўшы дэсэрт, ён набраў у кішані гарэхаў; ніхто, здавалася, не заўважыў гэтага і ня дзівіўся. Але ён сам адразу-ж зьбянтэжыўся й выказаў неспакойнасьць; у працягу ўсяго працэсу яды яму пазволілі самому ўласнымі рукамі браць толькі гарэхі, а ён пэўны быў, што дапусьціў самую няпрыстойную, праціўную каралеўскай дастойнасьці, штуку. У гэту мінуту ён пачуў, што сьвярбіць яму нос, і кончык гэтага органу скурчыла і крыху падняло. Сьвярбеньне гэтае не праходзіла, і Том пачаў выказваць моцны неспакой. Ён жаласна паглядзеў то на аднаго, то на другога лёрда; з вачэй у яго выступілі сьлёзы. Яны кінуліся да яго з жахам на твары, пытаючыся, што з ім. Том адказаў са шчырай бядою:

— Перапрашаю, нос у мяне сьвярбіць. Які звычай і парадак у выпадку гэткае крайнасьці? Калі ласка, кажэце хутчэй, не магу далей вытрываць.

Ніхто і брывом ня міргнуў: усе былі ў задуме і з глыбокай тугою пераглядаліся, як-бы пытаючыся вачыма рады адзін у аднаго. Але тут выйшла труднасьць — ува ўсёй ангельскай гісторыі ня было сказана, як ухіліць яе. Цэрэмонімайстра ня было; ніхто ня лічыў басьпечным пусьціцца ў цёмную краіну этыкету й рызыкнуць разрашыць важную проблему. Нажаль, насьледнага „часальніка носа" не істнавала. Сьлёзы выступілі ў Тома й пацяклі па твары. Нос, які сьвярбеў, вымагаў незабаўнае помачы. Нарэшце такі, прырода зламала ўсе перашкоды: Том у думках узьнёс малітву аб дараваньні, калі ён робіць нядобра, і зрабіў палягчэньне сэрцам прыдворных, пачасаўшы сабе нос.

У канцы абеду, адзін з лёрдаў паднёс яму шырокую, плоскую залатую чашу з пахнючаю рожавай вадою, каб спаласнуць рот ды памыць рукі, а насьледны стольнік трымаў для яго ручнічок. Мінуту, ці дзьве Том з зьдзіўленьнем пазіраў на чашу, — паднёс яе да губаў і важна глынуў крыху. Пасьля вярнуў лёрду.

— Не, не падабаецца мне, мілёрд, — сказаў ён, — пах добры, але моцы ніякай.

Гэта новая штука звар'яцелага прынца падліла горкасьці ў сэрцы прысутных.

Затым Том зрабіў яшчэ абмылку, падняўшыся з-за стала якраз тады, калі капэлян стаў ззаду яго і, падняўшы рукі й вырачыўшы ўгару вочы, рыхтаваўся да малітвы. Усё такі ніхто, здаецца, не заўважыў, што прынц выкінуў нешта нязвычайнае.

3 прычыны просьбы нашага маленькага друга, яго правялі ўва ўласны кабінэт і пакінулі аднаго. Там на сьцяне з дубовых дошчак, на кручкох, вісела блішчастая сталёвая зброя, з харошымі упрыгажэньнямі з золата. Зброя гэтая належала да прынца — нядаўні падарунак каралевы. Том апрануў нажныя латы, латныя рукавіцы, шолам з пярынкаю, ды іншыя прылады, з якімі мог справіцца, і хацеў быў паклікаць каго-нібудзь памагчы яму дакончыць апрананьне, але спомніў пра гарэхі, якія прынёс з абеду, і падумаў, што ня шкодзіла-б іх зьесьці, ў адсутнасьці разявачнага натаўпу і насьледных чыноў, неадвязна прыставаўшых да яго з прапанаваньнем служыць яму. Дзеля гэтага ён павесіў прыгожую зброю на месца, і ўзяўся лушчыць гарэхі, чуючы сябе як-бы й шчасьлівым першы раз пасьля таго, як Бог, мусі быць, за грахі, зрабіў яго прынцам. Калі гарэхі скончыліся, ён выпадкова заўважыў у шафе некалькі цікавых кніжак, і паміж імі адну — аб этыкеце пры ангельскім двары. Гэта быў для яго сюрпрыз. Ён лёг на раскошную канапу і пачаў чытаць з вялікай заўзятасьцю. Але пакінем яго, пакуль што.