Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Што рабіць?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Швэйк служыць у Сібіры Што рабіць?
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
Праца на абарону

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




4

ШТО РАБІЦЬ?

За той кароткі час, які Швэйк праслужыў у палкоўніка, жыцьцё ў лягеры зусім зьмянілася. Калі ён прайходзіў на сваё старое месца на нарах і некаторыя з ранейшых таварышаў яго пазналі, яны адказалі на яго вітаньне і запытаньне: «як справы» гэтак:

— Халера-б іх падушыла! Цяпер, браце, тут усё-адно як на катарзе!

Гэтак яно і было. Камэндант наведваў цяпер штодзенна, але ні на тое, каб выслухваць скаргі і просьбы ваеннапалонных і ўжываць захады да палепшаньня іхняга жыцьця, а каб зьбіваць стэкам кожнага, хто падвернецца яму пад злосную руку. Ён біў людзей з усялякіх прычын; за непарадак у лазьні, за тое, што не даволі было чыста ў клазэтах, за дрэннае паветра ў бараку. Ён ужо беднаольш не гаварыў з людзьмі па-нямецку, а толькі па-руску, і калі яго не адразу разумелі, пускаў у ход свой стэк.

Вышаў новы загад, каб ваеннапалонных выкарыстоўвалі на працы дзеля ачысткі гораду, дзеля дастаўкі дроў з капаньня магіл на могілках. З барака павінны былі кожны дзень пасылацца на работу пяць-шэсьць чалавек, якія варочаліся вечарам змучаныя, галодныя, зьмерзлыя, з адмарожанымі пальцамі на нагах, насамі, вушыма.

Ад працы звальняліся толькі тыя, у каго ня было зусім у што абуцца.

З прычыны практычнасьці расійскіх салдат і выгоднасьці рыначных апэрацый, было тое, што заўсёды то адзін, то другі з ваеннапалонных, калі канвой зганяў іх раніцаю на работу, зьнімаў з сябе абутак і перадаваў яго канвойнаму, гаворачы:

— На, дай мне за іх рубель.

Канвойны ахвотна браў боты і плаціў грошы, а ваеннапалонны зноў узлазіў на нары і крычаў адтуль дзяжурнаму фэльдфэбелю, які пералічваў тых, што выходзілі на работу:

— Ты-ж бачыш, што я босы! Як-жа я пайду на работу!

Тыя, у каго было ў што абуцца, не разбуваліся на ноч, каб уночы ня ўкралі ў іх абутку. Дык расійскія салдаты рабілі абход ужо ўночы і будзілі сонных:

— Эй, ты! Заўтра на работу! Пакажы адно як у цябе справы?

З гэтае прычыны, калі хто меў боты, дык на яго клаўся абавязак мучыцца на рабоце цэлы дзень. І аўстрыяк накіраваў свае боты на біржу яшчэ з вечару, і цэны зьнізіліся гэтак, што пару рускіх ботаў лёгка можна бо праесьці за адзін тыдзень. Цукер пакінулі выдаваць, хлебны паёк зьменшылі. На абед давалі толькі рыбу. Стары, які быў прыстаўлены да катла гатаваць ваеннапалонным ваду, калі яму не плацілі па капейцы; дык ваеннапалонныя пачалі збываць на рынку й сваю бялізну і ўсё, што толькі было ў іх у запасе. Лягер шпарка ператварыўся ў збор нейкіх абадранцаў, і аднойчы, калі палонных выстраілі на паверку, Швэйк сказаў:

— Ну, чым мы ня басяцкая вашывая каманда?

У гэтае пекла бядоты і гразі добры Пятро Осіпавіч, фэльдфэбель з канцылярыі, кожны дзень прыводзіў сялян з блізкае вёскі, якія шукалі парабкоў. Тыя, глянуўшы на запрапанаваны ім матэрыял, пачухвалі ў сябе за вухам і заяўлялі:

— У нас-жа холадна — марозы, і зноў-жа, сьнегу шмат… Гэтакія, браце, у нас адразу памерзнуць. Зайду я лепш вясною, калі льга хадзіць босаму.

Аднойчы ўвечары, падсьцілаючы пад сябе на голыя дошкі вопратку, Швэйк пабажыўся, што не застанецца больш у лягеры, а пяройдзе ў праваслаўе. Нейкі ваеннапалонны, перачытваючы можа ў соценны раз лісты, якія ён атрымаў на фронце, ледзь ня плачучы, сказаў:

— Гэта не паможа, адсюль мы ўсё-адно ня выберамся. Я ўжо і дэклярацыю напісаў: усё, што пасьля нас астанецца, забярэ чырвоны крыж і пашле нашым сем’ям, каб у нашых дзяцей захавалася хоць што-небудзь на памятку пра сваіх небаракаў бацькоў. Вось тут я запісаў ім шмат вершыкаў пра вайну, каб яны ведалі, што ў іх бацька ня дурань быў.

— Ну, пакажы, — сказаў Швэйк, працягваючы руку па блёкнот. — Люблю часамі пачытаць гэтакую драбязу.

— Вось гэтыя — самыя лепшыя, — сарамяжа заявіў аўтар, перагарнуўшы некалькі балонак.

ВАЙНА

Як прышоў год вайны праклятай
Сталі ўсіх забіраць у салдаты.
І бацька ваш пашоў з войскам
Абараняць аўстрыўскі сьцяг.
Ах, здавалася, разьмяк-бы камень,
Калі дзеці абвілі рукамі
Бацькоўскую шыю ў жалобе —
Бацьку ісьці ня пускалі.
За імпэратара з сьмеласьцю львінай
Байцы на ворага рынуліся лавінай,
Але пасыпаліся градам расійскія кулі
І шмат каго да зямлі прыгнулі.
Бывайце-ж, жонка і дзеці.

— Здорава! — пахваліў яго Швэйк і аўтар зноў сарамяжа сказаў:

— Гэта ня я адзін злажыў, а мне дапамагаў адзін настаўнік, калі мы разам з ім стаялі ў вёсцы. У таго былі запісаны гэтакія прыгожыя рэчы, што мы ўсе плакалі, калі ён нам іх чытаў.

На другую ноч з страшэнным шумам у барак уварвалася чарада людзей і палезла цёмначы на нары. На запытаньне, адкуль яны, людзі, сьмяючыся, адказалі:

— Мы — праваслаўныя. Гэта праваслаўная дружына да вас варочаецца.

— Алё, алё! Марэк, Гаршына, Худзечак! — моцным як труба голасам гукнуў Швэйк у цемень.

З цемені зьявіліся дзьве постаці і моцна абнялі яго. А пасьля, на Швэйкава запытаньне, чаму яны вярнуліся ў лягер, ды яшчэ ўночы, Гаршына коратка адрэзаў:

— З-за Худзечка. Нас разагналі гадзіну таму назад… Вечарам у нас здарыўся гвалт. Худзечак зрабіў жывот дачцэ… нашага камандзіра… Цяпер ён сядзіць у карцары.

— Грэх ды бяда каго ня знойдуць, — уздыхнуў удалы ваяка Швэйк. — З богам пачынай, З богам і канчай. Канец завяршае ўсялякую справу.

— Ня варта было і прыходзіць сюды, — адазваўся Гаршына. — Увесь горад гаворыць, што неўзабаве мір. З фронта прыехалі казакі, дык яны кажуць, нібы ў іх белыя сьцягі над акопамі і два тыдні ўжо ня чуваць было аніводнага стрэлу. А яшчэ кажуць, што мы паедзем на работу ў Расію. Але гэта, мусіць, пустая балбатня. Нас проста давядуць да граніцы, а там разам перавядуць на той бок, каб не карміць нас больш, як нашы будуць карміць іхніх…

Праз тыдзень палонных раней як заўсёды выгналі з барака на двор, дзе яны прастоялі амаль да самага абеду. Нарэшце зьявіўся доктар, некалькі афіцэраў і пісары. Хтосьці з начальства зьвярнуўся да палонных з невялікаю прамоваю:

— Вы будзеце накіраваны на работу ў Расію. Там вам будзе ня кепска. Хворыя і слабасільныя павінны зьявіцца да доктара на агляд. Яны астануцца тут, у лягеры, і ім таксама будзе ня кепска. Так, што падходзь па чарзе да доктара. Але раней вас пазапісвае пісар.

— Хлусіць ён, браткі. Мы паедзем дадому!

Гэтыя словы, што былі пушчаны невядома кім, зрабілі сваю справу. Ваеннапалонныя, што ад раматусу ледзь маглі поўзаць, прайшлі цырыманіяльным маршам паўз пісара і доктара, нібы вымуштраваныя коні ў цырку, а сухотныя, што звычайна толькі скрыпелі лёгкімі, раўнулі сваё: «Здароў! Годэн!» доктару ў вуха, нібы фанфары страшнага суду. А доктар, гледзячы на цудоўна вылечаных, думаў:

— Бач, як я іх усіх вылечыў! Я-ж ведаю, што няма нічога лепш за націраньне гліцарынаю.

Пісары скрыпелі пер’ямі, а фэльдфэбель падганяў палонных, прыгаворваючы:

— Жыва, шпарчэй. Атрымаеш новую абмундзіроўку. Ну, жыва, а то зусім сьцямнее!

Ад барака да канцылярыі ў шарэнгу выстраіліся канвойныя. Там стаяў фэльдфэбель Пятро Осіпавіч ля вялізарных куч старых ботаў і ўсялякіх трантаў і паказваў кожнаму палоннаму, што каму атрымліваць, бо кучы павінны былі зьмяншацца роўнамерна.

— Шапку давай! — крычаў ён, бо рэчы былі складзены ў яго паводле альфрабэту. — Шапку яму, авечая твая галава!

І босага, якому далі шапку, другі салдат ваправаджваў у суседні пусты барак, у той час, як на дварэ чуўся абураны фэльдфэбеляў голас:

— Не раздражняй мяне, галубок, не раздражняй, кажу табе! Бяры анучы, чуеш? Нашто табе нагавіцы?! Чым я вінен, што ў цябе нагавіц няма! Бяры анучы і адыходзь. Дальбог, замучаць яны мяне зусім! Я яму кажу выдаць боты, а ён патрабуе кашулю! Ня бойся, хлопцы, начальства пра вас клапоціцца!

Тут ужывалася тая-ж сыстэма, як і пры задаваленьні арміі на фронце. Заместа набояў, туды везьлі сена, заместа сена — боты, заместа ботаў — у пяхотную часьць пасылаліся цяжкія набоі, а ў артылерыю заместа патрэбных набояў трапляла партыя цёплае бялізны…

Гвалтоўны лямант добрага Петры Осіпавіча дзейнічаў на палонных гэтак, што яны ўжо, не пярэчачы, бралі рэчы, якія кідалі ім салдаты, і бегам уцякалі далей.

Кучы зьменшваліся, і калі перад імі апынуліся Швэйк і Марэк, фэльдфэбель загадаў:

— Давай аднаму кашулю, а другому боты! Ну? Кашулю! Жыва!

Салдат сунуў Швэйку боты, а Марэку кінуў дэзынфэктаваную кашулю. Да яго падышоў фэльдфэбель.

— Памяняйцеся паміж сабою, чуеш? Я-ж ня гэтак сказаў! Табе боты, а яму кашуля! Ах ты, божа мой! Праваслаўнаму чалавеку проста хоць вар’яцей ад гэтай аўстрыяцкай сволачы. Ну? Вон з вачэй маіх! Каб духу вашата тут ня было — аць, два!

— З такім не пагаворыш, — заўважыў Швэйк, разглядаючы ў суседнім бараку кашулю, што прышлася яму. — Што-ж, я яе вымыю і двазлотку за яе на рынку ўтаргую. А за боты табе дадуць рублёў два…

Пакуль зьмеркла, палонныя былі ў бараках, з якіх нікога не выпускалі. Пасьля іх разьлічылі па чатыры, выстраілі ў доўгую колёну і павялі на вагзал, дзе ўжо быў пададзены, складзены з цяплушак, цягнік.

Уздоўж шэрагаў аўстрыякаў прайшоў палкоўнік Клягэн, дапытліва зазіраючы ў вочы кожнаму палоннаму…

Было ўжо зусім цёмна, калі іх разьбілі на групы чалавек па сорак і, падганяючы прыкладамі, рассадзілі па цяплушках. Раўнуў паравік і цягнік крануўся.

Не пасьпелі яны праехаць некалькі крокаў, як хтосьці адчыніў знадворку дзьверы другое цяплушкі, адным махам ускочыў у сярэдзіну і кінуўся ля печкі на калені. З усіх бакоў узьняліся спалоханыя галасы:

— Што такое? Хто гэта? Што здарылася?

І незнаёмец, стогнучы ад болю, вісклівым голасам крыкнуў:

— Браткі, вось і я! Я заўважыў, у якую цяплушку вас пасадзілі. Я ўвесь час прыхоўваўся ў горадзе. Учора я пачуў, што падпісаны мір і што нас накіроўваюць на радзіму. Уночы я пашоў на вагзал і чакаў вас у качагарцы. От баяўся я, браткі, што вы паедзеце без мяне! Што-б я рабіў у Омску! Так, шчасьце мне здрадзіла, Швэйк!

Кравец глыбока ўздыхнуў, спрабуючы няпрыметна прабрацца на нары, адкуль яго зараз-жа сапхнулі чатыры пары моцных рук. А Швэйк, падтрымліваючы яго, ласкава заўважыў:

— Ну, здароў, браце. Клягэн таксама быў тут. Ён шукаў цябе, каб з табою разьвітацца.

— Я яго бачыў, — уздыхнуў Пісклявы. — Ах, божа мой, калі ён мяне калі-небудзь знойдзе, ён прыб’е мяне да паўсьмерці… Але цяпер, браткі, канец усім бядотам. Праз тры тыдні мы будзем дома, у сваіх пасьцелях.

Цягнік грымеў па рэйках. У цяплушцы самотна паміргвала сьвечка ў разгойданым ва ўсе бакі ліхтары. Усе ўжо спалі. Швэйк падсунуўся і даў Піскляваму крыху месца, а сам падсеў бліжэй да печкі і стаў падкідаць у яе паленьні, каб яна не патухла. За сьценкамі цяплушкі панавала поўная цемень… Цягнік імчаўся па простай, як страла, чыгунцы… Аблягчаючы ў прычыненыя дзьверы свой пухір. Швэйк ненаўмысьля добра такі пырскануў ля маленькай станцыі, дзе ня было прыпынку, начальніку станцыі ў твар, які вышаў спатыкаць цягнік. З змроку чулася адборная лаянка… А пасьля цягнік зноў праглынула ноч, бязьмежны стэп і глыбокая цішыня.

А на распаленай печцы шыпеў і пляваўся кіпучы імбрычак, і над галовамі сонных, сярод хрыпу і сьвісту, плаваў прыемны Швэйкаў голас. Швэйк сьпяваў:

Што, цывільны, мусіць, часта марыць звыклі вы аб тым,
Як-бы з дзеўчынай пад ручку прагуляцца удваіх.
Лепш прыходзьце к нам, салдатам, там — ўсе дзеўкі, цэлы рой;
Прыхіліцца можна сьмела тут да кожнай, да любой.
На парад калі мы крочым, дзеўкі на рагу стаяць.
Трэба сьпераду і ззаду ім агледзець кожны рад.
І піхне адна другую, і хіхікне, і шапне:
„Паглядзі якія хлопцы, на падбор! А як ідзе!?“
А пасьля, пасьля параду, праіграюць тра-та-тый.
Ў Чэхію — паходным маршам, ўсе на родныя мясты.
І тут хтосьці запытае: можа часам нават знаў
Іх каханага сыночка, што у Будвэйсе стаяў.
Ну, а як-жа, памятаю! Ваш сыночак мне сваяк:
Ў карцары на голых дошках разам спалі. Яшчэ й як!
Ў карцары, бо ў бойцы сьмелай ня стрымалі мы рукі.
І цывільных дурняў вялых мы паскублі за бакі.

Пасьля поўначы да Швэйка спусьціўся з нар Марэк, каб напіцца з ім гарбаты. Калі Швэйк пацьвердзіў яму, што нават у горадзе гавораць пра мір, Марэк недаверліва патрос галавою.

— З чаго ты ўзяў? Тады наконт гэтага больш-бы было відаць і чуць! Проста, вайна, і мы з ёю ўваходзім у новую стадыю.

— У што мы ўваходзім? — перапытаў Швэйк, і Марэк з сілаю адказаў:

— У новую стадыю.

На адзінаццатыя суткі цягнік спыніўся; раніцаю, яшчэ да сьвітаньня, дзьверы ў цяплушках адчыніліся, і жорсткія галасы гукнулі:

— Падымайся на работу!

Выявілася, што гэта Віцебск. Далёка бухалі гарматы… Швэйк ускінуў на плечы ранец і з цікаўнасьцю сказаў:

— Страшна цікава, як выглядае тая новая стадыя? Што яна гэтая стадыя з намі яшчэ зробіць?