Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Швэйк служыць у Сібіры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прэч каталіцтва! Швэйк служыць у Сібіры
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
Што рабіць?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3

ШВЭЙК СЛУЖЫЦЬ У СІБІРЫ

У суботу канвойны адвёў Пісклявага і Швэйка на кватэру да камэнданта. У сенцах іх спаткала палкоўніца, падаравала ім рубель і ветліва ўсьміхнулася.

— Схадзеце перш за ўсё ў лазьню, — сказала яна ім, — і вымыйцеся як найчысьцей. Пасьля паведамеце мяне праз пакаёўку, — зьвярнулася яна да краўца, — а вы, як вас завуць? Ёсіф? Зьявецеся да дворніка, ён вам пакажа вашу работу. Сёньня, вядома, ужо ня прыдзецца працаваць. А я толькі пакажу, што мне трэба будзе перашыць і зрабіць.

Палкоўніца, шамечучы спадніцаю, пашла ў пакоі, пакінуўшы за сабою пах моцных духоў.

Дворнік Сымон быў яскравы тып ханжы і п’яніцы ў аднэй асобе. Сваю жыцьцёвую мэту ён бачыў у тым, каб маліцца перад абразамі і цягнуць усё, што дрэнна ляжала, на рынак дзеля ператварэньня яго ў грошы на выпіўку.

— Значыцца, галуба, ты падаўся да нас, значыцца, да пана нашага ў дзяншчыкі? — паважна сказаў ён Швэйку, калі той явіўся да яго. — Служыць, значыцца, будзеш пану нашаму? Ну от, давядзецца табе чысьціць яму боты, выглянцоўваць іх, каб яны, значыцца, блішчэлі як шкло; адзеньне яму будзеш выбіваць і чысьціць, самавар ставіць, у печах паліць, ваду насіць… Шмат работы ў цябе ня будзе. Хіба што яшчэ карыдор падмесьці ды падлогу памыць.

І добры Сымон пералічыў усю работу, якую, уласна кажучы, павінен быў рабіць ён сам і іншыя яго памагатыя. Пасьля ён пачаў уводзіць Швэйка ў таемнасьці ўнутранага жыцьця гэтага дому і яго насельнікаў.

— Кухарка Марыля — дрэнь баба. Ані-ні мяса яна ня дасьць табе больш, чым табе вызначана, а выпіўкі ад яе ні кроплі не атрымаеш. Сама дык яна, сьцерва, горла гарэлкаю палошча… Госьці ў нас часта бываюць, і калі захочаш, дык у пляшцы заўсёды што-небудзь у дне знойдзеш. Тады, глядзі, незабудзься, што, хоць ты ёсьць аўстрыяцкі сабака, я табе друг і прыяцель, і цягні ўсё сюды. Бо лішні раз глынуць, ніколі не зашкодзіць — душа вільгаць любіць. Охо-хо-хо, адпусьці, божа, грэх!.. Затое пакаёўка Поля — тонкая штучка! Эх, братка ты мой, добрая дзеўка! Ёй-бы якраз з афіцэрамі шуры-муры разводзіць. З ёю, глядзі, не сварыся… Ну, а таварыш твой будзе шыць на нашу паню? Яна ў нас фарсуха. Калі ён спрытны і бог яму паможа, дык яму ўдасца і панскага мяса паспрабаваць. У галаве ў яе вецер… А цяпер хадзем, я табе пакажу, дзе ты будзеш жыць.

Ён павёў Швэйка ва ўнутраны флігель. У маленькім змрачнаватым пакойчыку стаялі два паходныя ложкі, столік, два крэслы і ўслон з міскаю што мыцца. Швэйк распакаваў свае рэчы і пачаў ужо разьбіраць рэчы свайга таварыша, калі той увайшоў разам з пакаёўкаю.

— Дзяўчына гэтая — проста адно хараство, — сказаў ён, задуменна расчэсваючы сабе грабянцом валасы, — але ад нашае пані ў мяне проста галава круціцца. Божа ты мой, што ёй усё трэба. Работы тут будзе да-чорта, браце ты мой.

— Гэта праўда, — згадзіўся Швэйк, расьцягнуўшыся на паходным ложку і вяла разглядваючы столь. — Работы ў цябе будзе па горла… Дворнік казаў мне, што пані ў сім-тым разумее смак… Так што калі ты маеш намеры заняцца яшчэ і пакаёўкаю…

— Я зусім ня гэта меў на ўвазе, — адказаў Пісклявы. — Але чаго-чаго яна мне не паказвала! Летнія сукенкі, блюзкі, бялізну, гарнітуры, манто, футры… Тут хопіць работы ні то да канца вайны, а год на дзесяць. І яшчэ яна сказала, што будзе памагаць мне, бо ёй сумна, калі палкоўнік у канцылярыі. Гэта значыцца: шый без перадышкі, працуй, як апошні нявольнік.

Швэйк адно памоўчваў. Пісклявы адвёў душу некалькімі смачнымі словамі лаянкі, але калі Швэйк і на гэта маўчаў, ён запытаў:

— Што з табою? Ці ня хворы ты? Чаму ты не адказваеш?

— Я ўспомніў Марэка, — сумна сказаў Швэйк. — Чаму наш добры таварыш ня з намі? Ён мог-бы табе ў сім у тым памагчы… І хто ведае, ці не павесілі ўжо яго!..

— Што-ж, і мне шкада хлопца, — абазваўся Пісклявы. — Але я спадзяюся, што ён проста сядзіць у карцары. Ведаеш, браце (тут кравец загаварыў шэптам), я ўжо, так і быць, скажу табе пад сакрэтам: гэтак, як ён, ня робяць рэволюцыі, гэтак не змагаюцца з буржуазіяй.

Пісклявы наблізіў свае губы да самага швэйкавага вуха:

— От вазьмі, напрыклад, мяне: я сам прапанаваў свае паслугі гэтым сволачам, і той, хто ведае, што я — анархіст, мог-бы падумаць, што я прадаў свой сьцяг. А я гэта зрабіў сьвядома. Ведаеш, што кажа лёзунг кожнага сумленнага ваякі. «Усялякімі спосабамі зьнішчаць ворага і ўчыняць яму як мага большую шкоду». Палкоўніца думае, што яна, дзякуючы мне, будзе мець ашчаднасьць у сваёй гаспадарцы, але калі мне ўдасца дабрацца да яе, я ствару ёй і Клягэну добранькую шкоду.

На гэтую дэклярацыю Швэйк адказаў:

— А я буду далей трымаць твой баявы фронт і натвару ім шкоды цераз іх пакаёўку ці кухарку, гледзячы на тое, дзе будуць менш працівіцца.

І от Швэйк распачаў выкананьне сваіх службовых абавязкаў і выконваў іх гэтак, што палкоўнік быў зусім задаволены.

Боты як шкло блішчэлі, пакой аж зіхацеў ад чыстаты; і калі пасьля суботняе прыборкі палкоўнік паляпаў Швэйка па плячы і заявіў, што гэтакага малайца-дзяншчыка ў яго яшчэ ня было, той сьціпла адказаў:

— Так што дазвольце далажыць, пане палкоўнік, што я ў гэтакіх паноў, як вы, пане палкоўнік, ужо служыў. Напрыклад, пан фэльдкурат Кац — гэта была гэтакая п’яная сьвіня, які часта біў і псаваў усё, што пападалася яму пад рукі; ну, а пан паручнік Лукаш — той, зноў-жа, больш цікавіўся бабамі чым выпіўкаю. У пана фэльдкурата мне вельмі цяжка было трымаць дом у парадку і чыстаце. Але я такі чалавек, што да ўсяго ўмею прынаравіцца.

Праз некалькі дзён, калі Швэйк настаўляў на дварэ самавар, разьдзьмухваючы яго ботам, дворнік гукнуў яму:

— Ёсіф Швэйкавіч, да цябе знаёмы прышоў.

У сенцах стаяў Марэк. Швэйк правёў яго да сябе ў пакой і запытаў:

— Значыцца, ты ўцёк? Цябе хацелі павесіць ці расстраляць.

— Ні тое, ні другое, — сьмяючыся адказаў вольнапісаны. — Я цяпер у праваслаўнай дружыне. Заходзь да нас як-небудзь.

Калі Швэйк падаў паном самавар, Марэк расказаў, што ў іх робіцца ў лягеры.

— Ты, браце, і ўявіць сабе ня можаш, што вытварае Гаршына. Гэта проста такі трынаццаты апостал. Ён завербаваў у праваслаўе траха не паўлягеру, і ў нядзелю першая сотня нашых хлопцаў будзе хрысьціцца ў расійскай царкве. Хлопцы загадоўваюць сабе валасы, шукаюць хрышчоных бацькоў, каб атрымаць падарункі, і вучацца падпісвацца па-расійску. Калі мы атрымаем аўтономію, дык нам давядзецца заклікаць з Расіі папоў ў Чэхію больш, чым наш легендарны продак засадзіў чэскіх дзяцеў у гару Жып. Праваслаўе прымаюць усе, хто толькі ўздумае, каб як найлатвей прыстроіцца ў палоне. Што-ж, яно, як мне здаецца, ня горш за іншыя рэлігіі.

— Я, браце, таксама гатоў хрысьціцца, — адазваўся Швэйк, — але мне хацелася-б знайсьці сабе хрышчоную матку, або яшчэ найлепш сястру, каб яна, як будзе адбывацца таінства, трымала мяне на руках.

Іоакім лічыў сябе ў той час за гэтакага духоўнага пастыра, малітвы якога мелі не абы якое значэньне перад прастолам усявышняга. Сьвяты дух сышоў на ваеннапалонных, асьвяціўшы іх нібы яснае сонца, і барак стаў неўзабаве вельмі цесны дзеля ўсіх, што імкнуліся ў лона праваслаўнае царквы. Усе прахвосты, гультаі, жулікі і ўрвіцелі, якія лічылі палон за вымушанае прыемнае гультайства, ішлі да яго па протэкцыю да расійскага бога. І ён верыў якраз гэтак, як доктар Крамарж, што надышла эра панславізму, што чэхі гатовы далучыцца да расійцаў і што, калі палякі адпадуць ад Рыма, створыцца Ўсеславянская дзяржава на грунце агульнай веры. Ён быў як мае быць захоплены гэтай ідэяй. Ён каваў жалеза, пакуль яно было гарачае. Кожны дзень у яго адбываліся духоўныя гутаркі з ваеннапалоннымі, прычым ён шмат гаварыў пра адзінае вялікае славянскае царства, згрупаванае навакол матушкі-Масквы. Ён вышукаў недзе кнігі пра Гуса і Коменскага і перасыпаў цытатамі з іх свае пропаведзі. Але на кожным слове ён усё блытаў чэхаў з чорнагорцамі, а каралеўства Чэхія апынулася ў яго дзесьці на Адрыятычным моры, і гэтая блытаніна разуменьняў і падзей заўсёды была ў яго пропаведзях. А пасьля гэтакае пропаведзі выступалі фанатыкі з ліку самых большых прайдзісьветаў у дружыне і запэўнівалі, што ніхто ня ведае гісторыю гэтак добра, як айцец Іоакім, а шавец Пістора, спрытны жыжковек, крычаў, б’ючы сябе ў грудзі:

— Хлопцы, прысягаю богам, што ў вызваленай Чэхіі іх рэлігія павінна стаць нашай казённай, так сказаць — дзяржаўнай рэлігіяй. Мы выберам цара за нашага праскага архіепіскапа. Я перагавару пра гэта з-братам Клофачам. Я-ж з ім знаёмы, мы з ім хадзілі ў адзін рэсторан. Хто за тое, каб айцец Іоакім зрабіўся ў нас у Празе за пратайярэя сабору сьв. Віта.

Нядзеля, калі цэлая сотня аўстрыякаў перайшла ў праваслаўе, была для Омску вялікаю падзеяй. На царкоўны парад быў выведзены ўвесь гарнізон, і сабор быў абкружаны вялічэзным натоўпам цікаўных і абібокаў. Новахрышчоных, па чатыры ў рад, спаткалі гукам «ура!» і гучнымі аплёдысмэнтамі. А калі айцец Іоакім сказаў урачыстую пропаведзь пра чэхаў, якія стогнуць пад турэцкім прыгнечаньнем, калі ён сказаў, што яны шукаюць абароны на грудзях матушкі-Расіі, якая, моцная давер’ем сваіх сыноў, няйначай, пераможа пры дапамозе свае непераможнае арміі, у царкве народ пачаў плакаць. Стопяцідзесяцімільённы народ плакаў ад шчасьця, што ў яго веру перайшло сто чалавек, якія любілі есьці на абедзе сьвежае мяса, заместа гнілое бульбы…

Палкоўнік Кляген сказаў гарнізону невялікую прамову, у якой выставіў ваеннапалонных як прыклад высокага патрыётызму, разумна замоўчаўшы, што тое, што яны тут рабілі, было ў Аўстрыі за дзяржаўную здраду, і выказаў упэўненасьць, што расійскія ваякі будуць на ваенным полі за радзіму і за свайго бацюшку-цара якраз гэтак, як калісьці «чудо-богатыри» пад кіраўніцтвам нябожчыка Суворава.

У задніх шэрагах натоўпу плакаў удалы ваяка Швэйк, прымаючы ад людзей грыўні і пятакі, булкі і сланечнік, і ўпэўніваў, што салдату няма нічога лепш, як даць сябе забіць на фронце. Калі-ж у яго пачалі мерзнуць ногі, ён з поўнымі кішэнямі пабег дадому.

У доме, здавалася, ня было ні душы. Усе слугі пашлі ў царкву, і толькі дворнік, пасьпеўшы ўжо з самага ранку напіцца, хроп у сваёй каморцы. Швэйк зайшоў у палкоўніцкі габінэт і пачаў выціраць там пыл.

Раптам ён пачуў стук швэйнай машыны. Гэта працаваў Пісклявы, сьпяшаючыся закончыць элеганцкае ўбраньне, якое палкоўніца павінна была адзець на вечар, куды яе запрасілі. Пасьля пачуўся палкоўнічышын голас, яе сьмех, стук дзьвярэй у спальню, усхваляваны голас Пісклявага і шуршэньне матэрыі. Нарэшце да Швэйка дайшлі словы: «Мерсі… Добра… Расшпілеце, калі ласка… , за якімі пачуўся незразумелы, па-франруску, шэпт краўца. Матэрыя зноў зашуршэла, і разам з гэтым чуваць стала, як хтосьці моцна раптам стаў дыхаць… І раптам — страшны грукат, штосьці грунула на падлогу, штосьці пакацілася, і ўвесь гэты хаос быў прыглушаны роспачным крыкам палкоўніцы:

— Ah, mon dieu!

Швэйк не раздумваў доўга. Шпарка, як маланка, ён адчыніў дзьверы і кінуўся на дапамогу. Сярод кавалкаў разламанага ложка ляжала палкоўніца, адзетая толькі ў самае неабходнае, а за ёю, ля адламанага біла, паднімаўся з матраца ўвесь чырвоны як бурак кравец.

— Вы, пані, ня прыбіліся? — заклапочана запытаў Швэйк, памагаючы ёй устаць на ногі, нібы той стан, у якім ён яе застаў, ня мог быць іншым і сам сабою зразумелы.

— А з табою таксама нічога ня здарылася? — павярнуўся ён да таварыша. — Ты нічога сабе не зламаў? Ні рукі, ні нагі? Бо не заўсёды, калі ўпадзеш, удала сыходзіць. Вось на мосьце Полацкага ўпаў у галялёдзіцу адзін саветнік юстыцыі, дык той зламаў сабе левую нагу ніжэй калена, правую — у сьцягне, а бяда-ж ніколі ня прыходзіць адна, дык ён струшчыў яшчэ ў сябе ў кішэні чатыры дарагія цыгары, і…

— Прэч! — як няпрытомная запішчала палкоўніца, затупаўшы нагамі. — Прэч! Прэч! і

— Прэч?[1] — перапытаў Швэйк, паднімаючы адламанае біла і разглядаючы пагнутыя змацаваньні. — Чаму? Ды таму, што на ложак лёг раптам вялікі цяжар, вось ложак і падагнуўся. Калі ложак кароткі, дык ня можна ўпірацца нагамі ў біла, або, што яшчэ горш, пхаць у біла. Вось я ведаў аднаго — Кроўпа, студэнта, які кожную нядзелю хадзіў гуляць у футбол, а пасьля ўночы яму ўсё сьнілася, што ён адбівае мяч. Дык той, бывала, разоў шэсць на ноч правальваўся з сваім ложкам, так што яго кватэрная гаспадыня нарэшце ўзяла дый…

— Вон! Вон! — зноў крыкнула палкоўніца, паказваючы на дзьверы. — Вон! Вон!

Ад злосьці яна зьмянілася ў твары, то бялеючы, то адліваючы ўсялякімі колерамі, ад ясна-чырвонага, да самага зелянюсенькага. А Швэйк, не здагадваючыся, што яна яго выганяе, бо па-чэску «вон» значыцца «ён», не бяз прыемнасьці паглядаў на яе грудзі, дзе пад белым як сьнег гафтаваньнем кіпела навальніца, і ахвотна падаўся ў далейшыя тлумачэньні:

— Не, ня вон. Так што дазвольце далажыць, што пан палкоўнік гаварыў на саборным пляцы прамову. Вон — дык ужо мусіць налаўчыўся спаць на гэтым ложку, а вось гэты дык яшчэ ня прывык. Але, але, гэты, гэты, — паказаў ён на краўца, які стараўся давесьці да ладу сваё адзеньне.

— Каб духу твайго тут больш ня было! — заенчыла палкоўніца высокім, нязвычайным голасам. — Вон, гад, паскуднік, пашоў вон!

Яна выпусьціла з рукі гафтаваныя лямоўкі сарочкі і паказала на дзьверы. Раптам яна нейк заенчыла, хапілася за галаву і ў няпрытомнасьці павалілася на абломкі ложка.

У дзьвярах стаяў палкоўнік Клягэн.

Ён не сказаў ні слова. Моўчкі падышоў да яе, з пачарнелым тварам глянуў на навакольны непарадак, на вячорнае адзеньне, на параскіданую бялізну… Пасьля падскочыў да краўца, смальнуў яму справа і зьлева па твары, хапіў яго за горла, з нечалавечаю сілай падняў угару, паднёс да дзьвярэй і нагою выпхнуў вон.

Тады ён перавёў ускаламучаны зірк на Швэйка. Той зразумеў, што Клягэн чакае ад яго тлумачэньняў, і сказаў сваім чароўным голасам:

— Жонка ваша спалохалася, што пад ёй праваліўся ложак, і ўпала ў няпрытомнасьць, Мы, гэта значыцца, я прыбег да яе на дапамогу. Бо нядобра, калі хто ляжыць у няпрытомнасьці. Я думаю, што з ёю нічога страшнага ня здарылася.

Спакойны тон вярнуў палкоўніка да сталасьці. Ён разам з Швэйкам падняў палкоўніцу, паклаў яе на другі ложак і, пакуль Швэйк складаў развалены ложак і раўнаваў на ім матрацы, стаў, не бяручы на ўвагу прысутнасьць Швэйка, называць жонку самымі ласкавымі імёнамі, націраючы ёй каля вушэй одэкалёнам і цалуючы ёй рукі. Нарэшце яна расплюшчыла вочы, але, заўважыўшы Швэйка, зноў упала ў няпрытомнасьць.

— Ідзі ў мой габінэт, — хрыпла сказаў палкоўнік Швэйку, выліваючы на галаву жонцы каб траха дык цэлую пляшку одэкалёну.

— Неўзабаве Швэйк, раздумваючы ў габінэтнай цішыні пра падзеі дня, пачуў горкі плач палкоўніцы, за якім пашло абвінавачаньне краўца ў тым, нібы ён, калі прымерваў ёй адзеньне, спробаваў ганебна пакарыстацца яе бездапаможнасьцю; нарэшце яна пачала лаяць Швэйка, «гэтага паскудніка, у якога няма аніякага разуменьня пра жаночую сарамлівасьць», а пасьля да Швэйка дайшоў ласкавы, угаворлівы голас палкоўніка.

Прыйшоўшы праз некаторы час у габінэт, палкоўнік дастаў з шуфляды ў пісьмовым стале рэвольвэр і паказаў яго Швэйку.

— Ведаеш што гэта? Ведаеш нашто яно?

— Так точна, дазвольце далажыць, я гэта ведаю, — шчыра адказаў Швэйк. — У нас гэта завецца «браўнінг». гэтакаю штучкаю налётчык Вочак перастраляў агентаў паліцыі, калі тыя прышлі яго арыштаваць, а анархіст Прынцып забіў у Сараеве нашага Фэрдынанда. Відаць, ня кожныя прынцыпы добрыя.

Сунуўшы Швэйку рэвольвэр пад нос, Клягэн холадна сказаў:

— Маўчаць! Адно толькі слова з твайго боку, самы найменшы намёк — і я пушчу табе кулю ў лоб. Зразумеў? Ня выходзь! Аставайся тут!

Швэйк пачуў тэлефонны званок і голас палкоўніка, які камусьці загадваў: «Зараз-жа, хутка!» а пасьля палкоўнік зноў вярнуўся ў габінэт. Крыху пачакаўшы, пастукала ў дзьверы пакаёўка і паведаміла:

— Там прышоў фэльдфэбель з салдатамі.

— Хадзем! — суха загадаў Клягэн Швэйку, — завядзі салдат да твайго таварыша.

Пакойчык быў пусты. На швэйкавым ложку была параскідана брудная бялізна, і валяліся скарынкі хлеба і старыя боты. Пісклявы зьнік разам з сваім ранцам, і дворнік Сымон, п’яны да страшэннае моцы, кляўся і бажыўся, што кравец пашоў яшчэ зранку, яшчэ з цямна і больш ня прыходзіў. Салдаты так і пашлі без усялякага скутку; а Клягэн, кусаючы з прыкрасьці губы, заявіў па тэлефоне ў паліцыю, што яго абакраў адзін аўстрыяк і што ён з гэтае прычыны просіць прыводзіць у камэндатуру дзеля пазнаньня ўсіх ваеннапалонных, якія будуць затрыманы ў бліжэйшыя дні.

Палкоўніца нагэтулькі паправілася, што магла пайсьці на вечарыну. Удалы ваяка Швэйк паказаў Марэку, які прышоў да яго ў госьці, запісачку; там было напісана: «Бывай, Ёсіф, будзь здароў. Можа калі-небудзь мы з табою яшчэ спаткаемся і тады я табе раскажу, як была справа. Драцяныя загарадзі я перарэзаў, але ў самым акопе была засада… Кланяйся ўсім. Твой І. П.». І, памятаючы дадзенае палкоўніку абяцаньне, ён сказаў:

— Як бачыш, Пісклявы ўцёк. Здарылася прыкрае непаразуменьне. Ён прымерваў нашай пані гарнітур, і каб лепш бачыць, як ён сядзіць, паклаў яе на ложак. Можа гарнітур крыху памяўся і яго трэба было папрасаваць… Ну, а ложак, вядома, ня дошка да прасаваньня, узяў і праваліўся… Як на тое ліха тут якраз наскочыў палкоўнік… Такім чынам, мне асталіся пасьля Пісклявага ў спадчыну ўсе гэтыя рэчы.

Швэйк згарнуў фуфайку і пару споднікаў, схаваў іх у свой ранец і растлумачыў далей цікавы інцыдэнт:

— Божа ты мой, які яна гвалт справіла, калі я ўвайшоў да іх! А сам палкоўнік таксама штука! Ануча нейкая, а не афіцэр, ні то што палкоўнік. Ён павінен быў агрэць яе як належыць, а не гаварыць ёй: «Анёлачак, сонейка маё, красуня мая». Яна, сьцерва, бачыць, што ён яе кахае, і езьдзіць на ім як хоча. Сама краўца й спакусіла, а муж, заместа таго, каб правучыць яе, ёй рукі ліжа, нібы яны з цукру. Ну, скажы сам, хіба гэта мужчына? А пасьля лезе яшчэ з рэвольвэрам да мяне. Значыцца, калі жонка яму рогі наставіла, ён ад дзяншчыка адмысловае павагі патрабуе, на мне злосьць спаганяе! Гэта якраз таксама, як з Бартунэкам у Страконіцы, які мне часам дастаўляў сабак дзеля мае справы. У таго таксама была жонка — ні аднаму сабаку я-б не пажадаў выцярпець таго, што выцярпеў ён ад яе. От ужо была ведзьма, дык ведзьма! Лупцавала яго, калі толькі не лянавалася. Нейк раз ён піша мне, што ў яго ёсьць добры сан-бэрнар, і ня дорага. Ну, я паехаў да яго паглядзець, а ў іх, відаць, толькі што адбывалася хатняя сутычка. Яна — разгарачаная гэтакая, растрапаная, а ён сядзіць пад сталом… «Што гэта ты там робіш?» пытаю я ў яго, як-бы вельмі зьдзізіўшыся. А ён мне на гэта горда: «Я — тут гаспадар, і дзе хачу, там і сяджу!» Ну, а ў вас што новенькае, Марэк?

— У нас? — павольна працягнуў той. — Ды нічога такоўскага. Ад швэцкага чырвонага крыжа мы атрымалі крыху нейкае драбязы, і цяпер нашы хлопцы гандлююць ёю на рынку. А Худзечыка айцец Іоакім, бачачы яго набожнасьць, угаварыў вывучаць багаслоўе і нават згадзіўся плаціць за яго ў сэмінарыю.

Калі Марэк выходзіў, Швэйк затрымаў яго ля дзьвярэй і журботна сказаў:

— Марэк, мы-ж з табою прыяцелі змалку. Калі здарыцца што-небудзь з табою, дык паведамі мне, таксама і я паведамлю цябе, калі палкоўнік мяне ненарокам застрэліць… Я адчуваю сябе тут, як у яме, і мне здаецца, што я ня вытрымаю тут да канца вайны…


*

Адчуваньне не ашукала Швэйка, яго думкі спраўдзіліся. Палкоўніца старалася ўсялякімі спасабамі ахаладзіць прыхільнасьць свайго мужа да Швэйка, якога той лічыў за сумленнага салдата, і Швэйку нарэшце прышлося разьвітацца з гэтым домам.

Яна праводзіла кампанію чыста па-жаноцку. То ёй здавалася, што вада ў самавары сьмярдзіць тутунём, то яна знаходзіла на мундзіры свайго мужа чыйсьці волас, то яна ўпікала яго, нібы ён ня сочыць за сваёю чыстатою і боты яго ня блішчаць больш гэтак, як раней. Яна загадала, каб кухарка пасылала Швэйка на рынак па прадукты, а, абедаючы, яна ўзьнімала гвалт, што масла горкае або яйца ня сьвежыя і клікала кухарку. Тая, паціскаючы плячыма, кожны раз адказвала ўсё адно-ж:

— Гэта аўстрыяк купляў. Я была занята, а вы загадалі, каб на рынак хадзіў аўстрыяк.

Над Швэйкаваю галавою зьбіраліся навальнічныя хмары. Дворнік больш нічагуткі не рабіў, звальваючы ўсю работу на дзяншчыка, а палкоўніца пад’юджвала. Так, паказваючы адзін раз на дзірку ў дарагім дыване, які толькі што выбівалі ад пылу. Яна заявіла:

— Гэта твой аўстрыяк наўмысьля зрабіў. Няўжо ты сабе ня можаш дастаць добрага расійскага дзяншчыка. Навошта трымаць у доме ворага. Глядзі, падкажа яшчэ хто на цябе губарнатару.

Назаўтра пакаёўка прынесла Швэйку чысьціць гарнітур на конную язду свае пані: высокія лякаваныя боцікі, чаркеску, папаху і белыя замшавыя нагавіцы. Швэйк звыклымі спосабамі вычысьціў усё шчоткай, ператварыў боцікі пры дапамозе белага парашка ў адзін бляск, але на нагавіцах знайшоў плямы, якія ніяк ня ўдалося вычысьціць.

— Магнэзія не дапамагла, бэнзін — таксама, а крэйда не забяліла іх. Палкоўніца вярнула Швэйку нагавіцы, знайшоўшы, што яны дрэнна вычышчаны.

Тады Швэйк паспрабаваў вымыць іх у халоднай вадзе. Але як толькі яны высахлі, плямы зноў зьявіліся.

— Я адно вывару іх у мыльнай вадзе, — падумаў Швэйк, кладучы іх у кацёл з цёплай вадой. Ён разлажыў на дварэ агонь, паставіў кацёл з нагавіцамі на цэглы над агнём, накрышыў туды мыла і, разьмяшаўшы ваду чыстай шчоткай, даў ёй закіпець.

Пасьля ён яшчэ раз добра намыліў нагавіцы, вельмі здаволены, што плямы нарэшце зьніклі, паклаў іх назад у гарачую ваду, другі раз даў ім пракіпець і панёс да сябе ў пакой. Адтуль яго паклікала кухарка, і перадала яму загад ад пані купіць білеты ў кіно. Ён схадзіў па білеты, а пасьля кухарка затрымала яго да абеду ў кухні. Тымчасам палкоўнік вярнуўся з службы.

— Калі хочаш дарагая, мы можам сёньня паезьдзіць конна, — сказаў ён пасьля абеду, і жонка яго радасна запляскала ў ладкі:

— Паедзем, паедзем! «Зьмейка» ужо асядлана? — І пазваніла пакаёўцы: — Прынясі мне ад дзяншчыка мае нагавіцы.

— Яны яшчэ мокрыя, — заклапочана сказаў пакаёўцы Швэйк. — Я-ж іх толькі нядаўна вымыў. Няхай пані адзене сёньня якія-небудзь іншыя. Замша гэтак шпарка ня сохне.

На гэткі адказ палкоўніца гнеўна затупала ножкамі і крыкнула:

— А я хачу гэтыя, гэтыя і ніякіх іншых! Няхай ён тады верне іх мне брудныя.

Швэйк зьбегаў да сябе ў пакой і палез рукою ў кацёл, каб выцягнуць адтуль нагавіцы. Але замест замшы ў яго між пальцамі завязла штосьці ліпкае і густое.

— Яны разварыліся на жур! — жахнуўшыся закрычаў Швэйк, паказваючы пакаёўцы на кацёл. Але тая, не разўмеючы, што здарылася, упарта гаварыла ўсё адно, што ёй загадала пані:

— Давай іх гэтакія, якія ёсьць. Іншых яна ня хоча.

Палкоўніца ледзь ня ўпала ў няпрытомнасьці, калі Поля шырока адчыніла дзьверы ў сталовую і за ёю зьявіўся ўдалы ваяка Швэйк з катлом ад бялізны ў руках, які ён паставіў на стол, а пасьля, выцягнуўшыся ў ва фронт, адрапартаваў:

— Так што дазвольце далажыць, яны ў мяне зусім разварыліся. Ніколі яшчэ ў жыцьці ня было са мною гэткага выпадку, каб я з нагавіц рабіў блянманжэ. Калі-б я, дазвольце сказаць, паклаў туды пукру і ваніля, іх льга было-б есьці.

— Прэч, вон! — крыкнула палкоўніца, паказаўшы на дзьверы, як у тую памятную нядзелю, а Швэйк узяў кацёл і задаволеным тонам адказаў:

— Чаму з гэтых нагавіц вышла гэтакая штука, я ня ведаю. Тут, мусіць, працуе нячыстая сіла. А вон вынясьці я іх магу. Раз я сюды іх прынёс, дык чаму-ж-бы мне іх і ня вынясьці вон!

Прайшло дзьве гадзіны. Поля паведаміла, што палкоўніца прыбірае свае рэчы і заявіла мужу патрабаваньне: або яна, або аўстрыяк! З чалавекам, які толькі і думае, як-бы яе забіць, яна ні хвіліны не застанецца пад аднэй страхою.

Калі сьцямнела, Швэйк пачуў у сенцах цьвёрдыя палкоўнікавы крокі. Вось яны пачуліся ля самых дзьвярэй. Ён адчыніў дзьверы і запытаў:

— Так што, дазвольце даведацца, пане палкоўнік, ці ня будзе якога загаду?

— Не, загадаў ніякіх няма, Ёсіф, — нерашуча пачаў палкоўнік. Пасьля ён набраўся сьмеласьці: — Мая жонка ня можа цябе цярпець. Ты робіш ёй адны толькі няпрыемнасьці… Прыдзецца табе цяпер вярнуцца ў лягер, Ёсіф. Вось табе пропуск у канцылярыю, каб цябе не затрымалі па дарозе. І вось табе за тваю службу. Зьбяры рэчы і ідзі зараз-жа.

Палкоўнік сунуў ў Швэйкаву руку дзьве дзесяцірублёўкі, пачакаў, пакуль той ня ўскінуў ранца на плечы, і сказаў:

— Ты — салдат. Я спадзяюся ты ня будзеш гаварыць нічога лішняга… Калі табе што трэба будзе, можаш зьвярнуцца ў маю канцылярыю.

— Пане палкоўнік, — ледзьве выгаварыў Швэйк, — дазвольце далажыць, што я вашае дабраты ніколі не забуду. Вы-ж першы афіцэр у Расіі, які падобен на майго пана паручніка Лукаша.

Швэйк у апошні раз азірнуўся ў сваёй каморцы і хутчэй зашаптаў, чым сказаў уголас:

— Так што, пане палкоўнік, дазвольце далажыць, калі я вярнуся да сябе ў Аўстрыю, я прышлю вам з Прагі адкрытку.

Калі ля васьмі гадзін вечару Клягэн з жонкаю імчаўся ў парных санях у кіно, яны ля чайное ледзь не задушылі ваеннапалоннага аўстрыяка, які толькі што вышаў адтуль, з цесна напханым ранцам за плячыма. Аўстрыяк шмаргнуў убок, а калі палкоўнікавы сані схаваліся за рогам вуліцы, ціхутка высьпеўваючы:

Ў лягеры жывецца сумна,
У жываце й кішэні пуста.
Толькі хто дзе лепш прыстане,
Шчасьця лепшага дастане.
Ад палонных сухамяткі,
Я уцёк-бы без аглядкі.
Мне дадзела думаць дзе-бы
… Гламянуць скарынку хлеба.
Ў вёсцы ходзячы за плугам,
Ня было там гэтак туга:
Есьці лепш там мне давалі,
Ў жываце не пуставала.
У буржуя было горай:
Крупнік голы — адно гора,
Жыжкай горкаю закусвай,
Мне ўсё гата не да густу.

Гэта, перашкаджаючы сваёю грузнаю постацьцю вулічнаму руху, наш удалы ваяка Швэйк варочаўся ў лягер…


  1. Па-чэску „прэч“ („проч“) значыць „чаму“.