Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Рабуй і не саромся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праца на абарону Рабуй і не саромся
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
Неконцэсыйныя прадпрыемствы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6

РАБУЙ І НЕ САРОМСЯ.

Па-мойму страшэнны ўпадак недатыкальнасьці казённага дабра ў часе вайны тлумвчыцца тым, што гэтае дабро зьнішчаецца, ня даўшы ні кому непасрэднай карысьці і ніякае асалоды. Усё, што пападала ў салдацкія рукі, было ў іхніх вачох накіравана на зьнішчэньне, пры якім людзі пакутавалі і пазбаўляліся самага неабходнага. Адгэтуль зьявілася імкненьне зьнішчаць гэтыя багацьці гэтак, каб зьнішчэньне было зьвязана з якім-небудзь прыемным перажываньнем.

Нахіл красьці — ёсьць ад прыроды ў чалавека. Людзі цягнуць усё, што могуць узяць: у полі — хлеб, у лесе — дровы, у банку — грошы, і ніколі яшчэ ня было, каб касір крэдытнае ўстановы папаўся ўночы ў пакражы снапоў з чужога поля, або каб дрывасек рабіў падлогі і краў грошы з банку. Большасьць людзей сумленныя проста таму, што ім не даводзілася быць у гэтакім стане, калі варта было-б траціць сваю сумленнасьць або ў іхніх руках ня было гэтакіх сум, якія варта было-б схапіць. Чалавек — продукт усяго навакольнага, і нішто ня зьменваецца гэтак шпарка, як чалавечая і грамадзкая мораль. І салдат, які ў сваім гарнізоне лічыў за нясумленнасьць і немагчымасьць узяць чужы пачак запалак, праз суткі, выступіўшы з маршавай ротай на фронт, не саромеўся цягнуць у чалавека апошні акраец хлеба, або рэч, якую ён усёадно кідаў па дарозе.

Вось чаму я і думаю, што калі ў часе вайны і пасьля яе красавалася крадежніцтва, дык гэтакі ўпадак моралі быў вынік таго, што заўсёды бывае прыямней украсьці і выкарыстаць прызначаную да зьнішчэньня рэч, чым чакаць, каб яе ўкраў іншы, а самому застацца з пустымі рукамі.


*

Праца на складах, на якую былі пасланы Швэйк, Гаршына і Пісклявы, была вельмі простая: на склад падаваліся вагоны, у іх, колькі трэба было, нагружаўся матэрыял, а пасьля вагоны шчапляліся і накіроўваліся на фронт.

Значыцца, і тут усё было прызначана на зьнішчэньне, дык партыя палонных, што нагружала цукар, з першага-ж дню ня лічыла за грэх распорваць мяшкі і напіхаць сабе кішэні рафінадам. Тое-ж самае рабіла партыя, што грузіла мясныя кансэрвы; не аставаліся ад яе і тыя, што падавалі бялізну, дый усе іншыя. А ўвечары ў бараку адбываўся рухавы абмен таварамі, і самыя сьмелыя нават рызыкавалі выходзіць з украдзенымі кашулямі на вуліцу.

Размах крадзежніцтва ўсё павялічваўся. Шынкары трымалі скляпох ня толькі дрэннае віно і яшчэ горшую гарэлку, але і піва моцнае, цёмнае, добрае; аднаму толькі богу вядома хто і як яго зварыў, гэтае піва. За бутэльку бралі кашулю, і калі хто хацеў пражыць хоць дзень, як жывуць багатыя, ён павінен быў красьці бялізну тузінамі, бо жрыцы каханьня былі больш схільны да тых, хто больш даваў. Такім чынам, крадзежніцтва дасягнула вялікіх размахаў, і ад’тант генэрала загадаў ператрасаць рабочых, спадзяючыся асьвяжаць гэтай простай працэдурай прывялую сумленнасьць і захаваць яе ад канчатковай пагібелі.

Але неўзабаве пракіткія людзі, што ішлі на работу зранку зусім голыя, толькі ў адным шынялю, апаўдні варочаліся адзетыя, пасьля абеду ішлі зноў голыя, а ўвечары ішлі з работы адзетыя. І ў гэтых труках яны дасягнулі гэтакага ўмельства, што людзі, ня досыць буйнага складу, спрактыкаваліся адзяваць на сябе нават па тры пары бялізны і па дзьве абмундыроўкі, не наводзячы выглядам свае постаці падазронасьці ў фэльдфэбеля, які іх аглядаў.

Старая прымаўка кажа: «Да пары збан ваду носіць». Не прайшло і некалькі дзён, як прышла пара і на віцебскія збаны. Ад’ютант, капітан Байкоў, заўважыў, што не хапае казённага дабра куды больш, чым ён сам украў, і адразу западозрыў у гэтай справе ваеннапалонных, за камплекцыяй якіх ён узяўся пільна наглядаць. І вось аднойчы перад абедам ён спакойна даў пайсьці партыі, што нагружала спажыўныя продукты, а партыю, што нагружала толькі што прывезеную бялізну, загадаў адвесьці ў вартавое памяшканьне і цьвёрда скамандаваў:

— Давай сюды тры лаўкі!

Прынесьлі лаўкі. Капітан з усьмешкай сказаў фэльдфэбелю:

— У цябе ў канцылярыі стаіць лаза. Прынясі яе сюды.

Фэльдфэбель зьбегаў у канцылярыю і вярнуўся з пукам гнуткае лазы ў палец на таўшчыню. Капітан разьвязаў пук, паклаў на кожную лаўку па лазіне і, не пакідаючы ўсьміхацца, зьвярнуўся да прыціхлых ад чаканьня палонных:

— На кожным сумленным салдаце надзета адна кашуля і адзін камплект абмундыроўкі. Вошам і ў адным камплекце добра. А на кім будзе больш бялізны або іншых рэчаў, той іх украў, і таму мы ўвальлём дваццаць пяць гарачых, каб ён памятаў загад начальства.

Людзі нехаця пачалі разьдзявацца, сьцягваючы з сябе кашулю за кашуляй. Толькі дваім удалося зьняць усе тры кашулі засаб. Капітан Байкоў сачыў за імі рысінымі вачыма, а пасьля загадаў таксама холадна, як і далікатна:

— Ну, галубочкі, а цяпер скідай боты! І нагавіцы таксама! Ды разам ужо і споднікі. Холадна ня будзе!

Неўзабаве ў канцылярыі выстраіліся трыццаць голых людзей. Капітан штосьці шапнуў фэльдфэбелю, які адразу-ж вышаў і прывёў восем здаровых салдат з вяроўкамі і яшчэ аднэй лаўкаю. Тады капітан скамандаваў:

— Па дваіх на лаўку! Ну, жыва, хлопцы, а то абед выстыне!

Палонных расклалі на лаўцы па адным з кожнага канца, зьвязалі ім пад дошкаю рукі і ногі, і капітан, раздаючы лазу, загадаў:

— Бі чысьцей! Хто будзе біць без адцяжкі, таго самога ўзгрэем! Пачынай. Раз, два, тры!

Лаза сьвістала ў паветры і ляскала, сьцёбаючы аўстрыяцкія зады, а капітан, ахоплены асалодаю і ўвесь паружавеўшы, не пакідаў лічыць:

— Чатыры, пяць, шэсьць, сем, восем, дзевяць! Яшчэ разок! Стой!

А пасьля запытаў павольна і далікатна:

— Што, галубочкі, будзеце яшчэ красьці? Ці, можа, пасаромеецеся?

— Ня будзем, ваша высокаблагародзьдзе, — заенчылі з падлогі восем галасоў.

— Гэ, ды яны паправіліся ўжо! — радасна абазваўся капітан. — Ну што-ж, галубочкі давайце яшчэ крыху, каб лепш памяталі.

Ён адлічыў яшчэ дзесяць разоў, і загадаў пакараным адзявацца. За імі на лаўкі ляглі другія, якім таксама адлічылі два разы па дзесяць, з адпаведным навучаньнем, за што гэта робіцца, а калі яны адзеліся, капітан саркастычна заўважыў:

— Раскажэце сваім таварышам, як я караю зладзеяў. Пакажэце ім свае бітыя зады. Расстраляць — я вас не расстраляю, вяроўкі на вас мне таксама шкода, але калі я яшчэ аднаго злаўлю, я яму ўсыплю пяцьдзесят гарачых гэтак, што ў яго задніца і сьпіна зробіцца на катлету. Хоць можаце пра гэта не гаварыць, — як сабе хочаце. На работу вам больш сёньня ісьці ня трэба. Лепш пасядзеце на сьнезе.

У той брыдкі дзень Швэйку давялося з другой партыяй нагружаць скуры ў гатовыя да адпраўкі вагоны. Праўда, яму ўдалося адрэзаць кавалак скуры сабе на падноскі, але затое фэльдфэбель затрымаў яго да пасьляабеду, узяў яго з сабою абедаць з расійскімі салдатамі, так што Швэйку ня было як папасьці да сябе ў барак. Пасьля іх партыю паслалі на прыборку прывезенага абмундыраваньня, і Швэйк, які за ўвесь дзень нікога ня бачыў з сваіх і нічагуткі ня ведаў пра тое, што здарылася, да самага вечару ўдваіх з фэльдфэбелем прыбіраў склад.

Фэльдфэбель адно пасьпеў зьбегаць у клязэт, як Швэйк ужо нацягнуў на сябе тры кашулі і сунуў за халяву лішнюю пару ануч у боты. Пасьля ён пачаў з нецярплівасьцю чакаць званка, каб хутчэй ператварыць сваю здабычу на піва. Нарэшце празьвінеў званок; уся партыя высыпала на двор і выстраілася ў адну шарэнгу. Ля каравульнай будкі стаяў капітан Байкоў і, калі партыя праходзіла паўз яго, паказаў рукою і сказаў:

— У каравульню! Разьдзявайся!

Усе адразу паскідалі шынялі і курткі.

— Не-е-е, хлопцы, — засьмяяўся капітан. — Паднімай адны кашулі. У кожнага-ж толькі па аднэй кашулі і па аднэй пары споднікаў, хіба ня так?

Задаволены з свае рэвізыі, ён самаздаволена цмокнуў языком.

— Маладцы, хлопцы! Відаць, лава дапамагла! Можаце йсьці!

У найлепшым настроі, ён падышоў да фэльдфэбеля, які замыкаў склад. Ён хацеў яму штосьці сказаць. А тут Швэйк, што замарудзеў дзесьці, проста такі самахоць папаўся яму ў лапы.

— Ты дзе быў? Адкуль? — запытаў яго капітан, кладучы яму руку на плячо. Нават праз шынель ён абмацаў, што на плячах у палоннага больш палатна, чым трэба было.

— Я працаваў, ваша высокаблагародзьдзе, — спакойна адказаў Швэйк. Капітан злосна скрыгануў зубамі.

— Чаму-ж ты не пашоў разам з іншымі? І чаму ты гэтакі тоўсты, сьвіня аўстрыяцкая?

— Так што гэта я па бацьку пашоў, ваша высокаблагародзьдзе, — падаў адказ Швэйк, стоячы рукі па швох. — У нас уся сям’я тоўстая. Так што, дазвольце далажыць, ваша высокаблагародзьдзе, калі-б мне ўсё есьці адну толькі бульбу з вяндлінаю, я быў-бы яшчэ таўсьцейшы. Гэта ў нас, у Швэйкаў, гэтакая парода, што…

— Маўчаць! — раўнуў на яго капітан. — Што ты за лухту вярзеш! Я цябе, галубка, сам агледжу, што ты за гэтакі тоўсты! Я з цябе, шэльма, от гэтымі сваімі рукамі сала выпушчу, я цябе…

Каптан задыхаўся са злосьці, пхаючы Швэйка перад сабою ў канцылярыю. Замкнуўшы дзьверы, ён узяўся ў бокі і гукнуў:

— Разьдзявайся! Жыва!

— Мусіць лепш не сьпяшаць, — заўважыў Швэйк, расшпільваючы куртку.

У капітана пачарнеў твар і вочы наліліся крывёй. Ён пачаў зрываць з Швэйка рубашку і дзіка зароў:

— Адна, дзьве, тры, чатыры. Чатыры кашулі на ім, шэльме! Значыцца, тры крадзеныя! Пачакай, я цябе правучу! Заб’ю да сьмерці, гада!

І, нічога не памятаючы ад злосьці, капітан Байкоў скінуў шапку і шынель, а пасьля і гімнасьцёрку.

— Спускай нагавіцы! Кладзіся на стол! Сваімі рукамі засьцёбаю цябе нагайкай, выпішу табе божы запавед на с… Пачакай, маць тваю! Я цябе вымуштрую! Ты ў мяне больш красьці ня будзеш!

Ён замахнуўся на Швэйка кулаком. Швэйк поўным заклапочанасьці голасам пачаў угаворваць яго:

— Можа, дазвольце далажыць, ваша высокаблагародзьдзе, вы-б лепш прыселі? Ня добра гэтак злаваць. Яшчэ, гатоў паляруш хапіць. У вас сэрца здаровае, ваша благародзьдзе? А то вам шкодна, няздорава… Можа, вам падаць вады шклянку? У Жыжкаве вось таксама адзін дамаўласьнік раззлаваўся, бо кватаранты не плацілі яму грошай; ну, яго кандрашкі хапілі, раней чым пасьпеў доктар… Так ён і памёр бяз споведзі, без…

Капітан кінуўся да дзьвярэй, адамкнуў іх і паімчаўся, як стаяў, у цэйхгаўз па забытую там нагайку. Пасьля, усё гэтак-жа бягом, ён вярнуўся, але цераз двор, бо ля брамы была выклікана варта, і схаваўся ў памяшканьні, дзе палонны чакаў экзэкуцыі.

У памяшканьні было цёмна, лямпа патушана. Капітан замкнуў за сабою дзьверы і ўрачыста крыкнуў:

— Не, браце, не ўцячэш! Я цябе знайду!.. А ну, вылазь з-пад стала!

Ён чыркнуў запалку і запаліў сьвятло. У канцылярыі нікога ня было. На стале ляжала брудная кашуля, але палонны як у ваду згінуў.

— Пачакай, за гэта табе яшчэ таксама будзе! Усёроўна, варта цябе ня выпусьціць, а на дварэ я цябе знайду! — прашыпеў ён, шукаючы вачыма свае гімнасьцёркі, шыняля і шапкі.

Але нічога гэтага ня было відаць. Капітан кінуўся на двор і закрычаў:

— Каравул! Каравул! Трымай злодзея, лаві яго, не выпускай яго, гада, за барму.

З каравульні выбеглі перапалоханыя салдаты і пачалі шукаць злачынца ў праходах паміж магазынамі. Капітан паімчаўся ў каравульнае памяшканьне і накіуўся на старшага:

— Палоннага ня выпусьцілі? Ён мяне абакраў! Напаў на мяне ў канцылярыі і аграбіў!

— Вінават, ваша высокаблагародзьдзе, вы тут? — заікаючыся, пралепятаў каравульны начальнік. — Вы-ж… вы-ж з хвіліну перад гэтым вышлі з брамы?! Каравул-жа вам і чэсьць аддаваў, я сам бачыў, як вы выходзілі. Як-жа гэта вы цяпер тут, у канцылярыі? Як гэта вы ваша высокаблагародзьдзе, вярнуліся? Я-ж сам на свае вочы бачыў, што вы вышлі і мы вам яшчэ і чэсьць аддавалі…

Заместа адказу капітан жудасна раўнуў:

— Дурань, маць тваю! жывёліна! Аўстрыяк апрануў мой шынель і шапку, а ты тут дзеля гэтага разбойніка, дзеля гэтае сволачы каравул выклікаў! Што-ж вы — афіцэра ад палоннага адрозьніць ня можаце? Цьфу! Абармоты, жывёліна шэрая, размазьня, а не салдаты! Толькі слаўную расійскую армію ганьбіце!

Ён загадаў заняць ўсе выхады, каб ніхто ня мог уцячы. Расійскія унтэр-афіцэры, пад загадам якіх былі баракі, пацьвердзілі, што усе ваеннапалонныя на месцы, — пацьвердзілі вельмі ахвотна, бо тыя, хто сядзеў вечарамі ў шынкароў, або цэлымі начамі быў з дзеўкамі, не забываліся прыносіць ім за гэта пляшку гарэлкі. Пасьля ён загадаў насельнікам баракаў выстраіцца ў шарэнгу і крок за крокам абышоў усіх, уядаючыся ў кожнага вачыма. Але таго, што вырваўся з яго рук, ня было сярод іх.

Капітан Байкоў вельмі ўтаміўся. Злосьць яго ўжо сьцішэла; ён халадней пачаў глядзець на гэтае здарэньне, а пад канец у ім абудзілася нават захапленьне розумам і спрытам палоннага. Цяпер бачачы гэтакую масу незнаёмых, падобных адно на адно абліччаў, ён быў ужо ўпэўнены, што ня знойдзе і не пазнае вінаватага, і разьлічваў толькі на выпадак, які адзін мог навесьці яго на правільны сьлед.

Яму нават было шкода, што ён патрывожыў сон у гэтулькіх сумленных людзей, і ён спыніўся ля аднаго палоннага, у якога страшна апухлы, аж квадратовы ад пухліны, твар і ўся галава былі абкручаны мокрымі ручнікамі. Ён ледзьве стаяў на нагах, прытрымліваючы аднэй рукою нагавіцы, а другою падпіраючы бараду.

— Ну, што з табою? Зубы баляць? — спагадліва запытаў капітан.

Пакутнік штосьці прамармытаў, ківаючы галавою і паказваючы пальцам на рот. Капітан гаварыў:

— Але, гэта страшны боль. Знаёмая штука. У доктара быў?

Перавязаная галава зноў безнадзейна кіўнула, і постаць яшчэ больш сагнулася. Каштан сказаў узводнаму:

— Пры чырвоным крыжы ёсьць зубалячэбная амбуляторыя. Пашлі заўтра хворага туды, і няхай ён скажа, што гэта я прыслаў яго.

І, паляпаўшы хворага па плячы, ён ласкава сказаў:

— Кладзіся спаць. Пацярпі яшчэ да раніцы, а заўтра доктар табе зуб заплёмбуе.

Згорбленая ад балю постаць, пагойдваючыся, пашла да нараў. Двое таварышаў памаглі ёй узьлезьці нагару і самі палезьлі туды сьледам за ёю. Капітан пакінуў барак, узводны зачыніў за ім дзьверы, і сьвіставаты голас каля самае галавы хворага сказаў:

— Паляжы яшчэ. Можа ён яшчэ вернецца. З гэтакімі людзьмі трэба асьцярожна. — У адказ на гэта чалавек з хворымі зубамі прахрыпеў:

— Ды я ўвесь мокры, як мыш. Я ўжо думаў, што ён мяне пазнаў. Проста да сьмерці спалохаўся… Гаршына, колькі далі за ўсё?

— Я, ведаеш, хацеў за ўсё пяцьдзесят рублёў, — адказаў ціхавата Гаршына, нагінаючыся да мокрых ручнікоў. — Шапка-ж, можна сказаць, новая, ну, а новая каштуе сто шэсьцьдзесят. Нічога, пан капітан неўзабаве накрадзе сабе на новую… А Моўшка даваў толькі трыццаць, бо, кажа, яна крадзеная, а ён гандлюе толькі сапраўдным таварам. Так што прышлося спусьціць за трыццаць пяць рублёў і бутэльку гарэлкі ў прыдачу. І пашанцавала-ж табе, Швэйк, што мы з табою спаткаліся!.. Ну, а цяпер можаш дастаць коркі з рота, і давай закусваць.

Чалавек з хворымі зубамі ўсадзіў два пальцы сабе ў рот, і, калі дастаў назад, шчака адразу апала. Гэтакім-жа парадкам зьменшылася і другая, калі ён выплюнуў корак, і Пісклявы моцна сказаў:

— Ручнікоў пакуль што не чапай. Ліха яго ведае, гэты д’ябал можа яшчэ вярнуцца. Коркі — дык ты заўсёды пасьпееш у рот усунуць, Ну, от табе нож. Гаршына, дастань кілбасу і бутэльку.

І неўзабаве, калі ўсё сьціхла і асталіся адно групы карцёжнікаў, што заядла рэзаліся ў карты. Гаршына пачаў скакаць з бутэлькаю ў руках на нарах, у той час як Пісклявы абсмоктваў скуру з кілбасы. А пасьля тыя, што спазьніліся і цяпер як тхары шыліся ў барак, чулі швэйкаў голас:

Віцебск — горад ніштаваты
Не забудзеш аж да хаты.
Многа ёмкіх тут дзяўчат,
Бо тут казармы для салдат.

Калі Швэйк расказаў зранку свае прыгоды Ванэку і Марэку, доктар Ванэк хмурна паківаў галавою:

— Ува ўсякім разе, цяпер ты ня можаш выходзіць на работу. Табе прыдзецца ляжаць тут, і я буду запісваць тваю тэмпэратуру. Калі ён цябе пазнае, — а ён яшчэ доўга будзе шпіёніць, — дык табе — каюк. Капітан Байкоў сьвіня, жывёліна, якая куды ня трэба суне свой лыч, хоць нічога і ня ведае. Ён-жа нават і ў выдачу лякарства ўмешваецца. Ён загадаў, каб з аптэкі не выдавалі чыстага спірытусу, а рабілі хворым кампрэсы з дэнатурату. Няўжо-ж я гэтак апусьціўся, што з-за нейкага там ідыёта пачну піць дэнатурат, або падліваць сабе ў гарбату карболь?!

І тут на Швэйка тхнула гэтакім густым букетам, што ён ня ўтрымаўся ад заўвагі:

— Гэта ў цябе ў роце ці ў жываце нядобра? Можа ў цябе кіндзюк распух, што з цябе сьпірытусавымі кампрэсамі патыхае? Ты што-ж гэта, іх у сярэдзіну прымаеш, ці што?

— Табе гэтакі кампрэс не памог-бы, — адказаў Ванэк, а пасьля зьвярнуўся да Марэка: — колега, зьмерайце яму, калі ласка, тэмпэратуру. Зьмерваньне тэмпэратуры мае вялікае значэньне пры пастаноўцы дыягнозу.

І ўдалы ваяка Швэйк, сьцішыўшыся на сяньніку, у якім асталося яшчэ некалькі саломін, акінуў ласкавым зіркам апраненага ў белы халат «доктара» Марэка, што падсеў да яго, узяў яго руку ў сваю і пачаў лічыць пульс.

— Зьбегай, будзь таварышам, у барак, — зашаптаў Швэйк, — і скажы Гаршыну, каб ён купіў мне на вечар кілбасы і пару піва, бо я хворы і мне гэтак доктар загадаў.

Якраз у лазарэт нечакана зайшоў расійскі доктар. Ён ласкава прывітаўся з сваімі аўстрыйскімі колегамі і заклапочана запытаў:

— Ці шмат у вас хворых? Ці ня было цяжкіх выпадкаў? Я ўжо два тыдні не атрымліваў ад вас рапартоў пра хаду хвароб і пра санітарны стан ваеннапалонных.

Трэба сказаць праўду, што кожнага, хто, як здавалася Ванэку, быў сапраўды хворы, а ня толькі сымуляваў хваробу, каб ухіліцца ад работы, ён накіроўваў у расійскі лазарэт, і доктар Карповіч не забыўся гэта падкрэсьліць:

— Так, так, вы ўсё шляцё на нашу шыю. Самому — абы збыць з рук, а колегу — на шыю… А асыстэнт у вас па якіх спэцыяльнасьцях? Колега, вы спэцыяліст па якіх хваробах?

Марэк разьзявіў быў ужо рот, але Ванэк папярэдзіў яго:

— Ён спэцыяліст па вэнэрычных хваробах. Лаурэат Парыскай акадэміі. Вялікі знаўца і па нэрвовых захворваньнях.

Доктар Карповіч конфідэнцыяльна скланіўся да Марэка і запытаў:

— А вы васэрманаўскую добра рабіць умееце, колега? У мяне яна штосьці дрэнна ўдаецца. А тымчасам, мне і самому яна згадзілася-б.

Ванэк убачыў, што гутарка пашла ў гэтакі бок, які, ня гледзячы на ўсю іхную эрудыцыю, мог быць ім не пад сілу, дык ён сьпешна запрапанаваў:

— Дарагі колега, ці не хацелі-б вы глянуць на нашых пацыентаў Праўда, у гэты момант вам тут ня знойдзецца нічога цікавага, але ваша клапатлівасьць узрадуе маіх хворых.

І ён пачаў хадзіць з пахваленым расійскім доктарам паміж ложкамі, каля кожнага гаворачы ўсё адно і тое-ж:

— Інфлуэнца, інфлуэнца, інфлуэнца.

Доктар павярнуўся да аднаго з ложкаў, з якога чуваць былі глухія енкі. На ложку круціўся і кідаўся ў бакі чалавек, закрываючы абедзьвума рукамі твар. Пасьля ён скінуў з сябе коўдру і пачаў страшэнна дрыгаць нагамі.

— Што з ім? — запытаў доктар Карповіч, адыходзячы ад яго далей.

— Эпілепсыя, злучаная з маніяй страху, што яго хтосьці ловіць, — спакойна адказаў Марэк.

— Пры высокай тэмпэратуры? І часта ў яго бываюць гэтакія прыпадкі? — з цікавасьцю запытаў доктар Карповіч.

— Не, ня вельмі. Але затое яны вельмі небясьпечныя, бо ён тады буяніць, — хлусіў, не чырванеючы, Марэк. Падышоўшы блізка да хворага, ён памацаў яго лоб, адвёў яго рукі ад твару, зірнуў яму ў вочы і шапнуў:

— Ён цябе ня ведае. Ня бойся.

— Якім чынам вам удалося яго сьцішыць? — з цікавасыцю запытаў доктар Карповіч. — Гіпнозам?

І Ванэк зноў папярэдзіў Марэкаў адказ:

— Я-ж казаў вам, што ён найлепш спраўляецца з душэўнахворымі.

Доктар Карповіч сам падышоў да Швэйка і, узяўшы яго за руку, стаў глядзець на гадзіньнік.

— Пульс паскораны, — сьцьвердзіў ён. Пасьля ён дастаў з кішэні градусьнік, уставіў яго Швэйку пад паху, паглядзеўшы яму ў вочы:

— Зрэнкі пашыраны. У вас часта баліць галава? Вы яе адваеце?

— Я з самага маленства адчуваю, што ў мяне ёсьць галава, — плаксіва абазваўся Швэйк. — Я яе вельмі часта адчуваў. Найбольш тады, калі атрымоўваў па ёй кулаком. І адчуваў яе нават на другі дзень, калі напіваўся. Я так думаю, што чалавеку было-б без галавы куды лепш, бо тады-б яе нельга было-б прабіць бутэлькай або конаўкай ад піва. Вось цяпер я яе ўжо не адчуваю. Дзякуй богу, цяпер мне зусім добра. Мне стала куды лягчэй.

— Вы кожны раз сьцішваеце яго гіпнозам? — зьвярнуўся доктар да Марэка. — Капітан Байкоў вельмі цікавіцца оккультызмам, гіпнозам і іншымі падобнымі навукамі. Я вас пазнаёмлю з ім і як-небудзь прывяду яго сюды.

Не пасьпеў ён скончыць гэты сказ, як Швэйк зноў выкаціў вочы і стаў калаціцца ў яшчэ большым прыпадку, чым перад гэтым.

Калі доктар Карповіч нарэшце вышаў, Швэйк зьлез з ложка, адзеўся і заявіў:

— Не, я тут не астануся. Тут гэтак і пахне мардабойствам і нагайкаю, і тут лёгка можа здарыцца памылачка ці, праўдзівей сказаць, непаразуменьне маленькае. Са мною ўжо быў адзін гэтакі выпадак у «Ступарце», Зайшоў гэта я туды, а там усе гавораць пра злачынства, зусім непадалёку ад Крча, дзе знашлі труп зарэзанае і абрабаванае жанчыны, і стараюцца здагадацца, хто забойца. А я гляджу на аднаго пана, і ён здаўся мне вельмі знаёмы, так што я яго запытаў: «Слухайце, я тут павінен спаткацца з адным чалавекам, ці ня вы гэта той самы Мазурэк, якога я чакаю?» Ён як ускочыць, ды як смальне мне аплявуху, аж уваччу ў мяне ўсё ўскаламуцілася, ды як гукне: «Я табе пакажу, паскудніку, які я мазурык! Будзеш ты ў мяне памятаць, як зьняважаць добрага рамізьніка». А я-ж толькі запытаў, ці ня пан ён Мазурэк з Збраслава, бо ён на яго вельмі-ж падобны. Я і не падумаю аставацца тут дзеля якіх-небудзь гіпнозаў, — крыкнуў Швэйк абодвым «дактаром». — Я буду прыходзіць сюды толькі на ноч. Пісклявы падаўся шыць да аднаго краўца, а я з Гаршынай буду рабіць ў яго пярсьцёнкі.

І Швэйк накіраваўся шукаць шчасьця на новых занятках.