Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Неконцэсыйныя прадпрыемствы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рабуй і не саромся Неконцэсыйныя прадпрыемствы
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
За лініяй фронту

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




7

НЕКОНЦЭСЫЙНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ

Каб ня было пасьля вайны помнікаў, удоваў, сірат, сухотных і сіфілітыкаў, новых дзяржаваў і рэволюцый, бядоты і раскошы, экономічнага хаосу і агульнага сусьветнага крызісу, мыліц і штучных рук, забруджанага жыцьця і дэморалізаваных жанчын, дык, ва ўсялякім выпадку, памяць пра яе захавалі-б дзьве рэчы: салдацкія запісныя кніжкі з вершыкамі і песьнямі і пярсьцёнкі-сувэніры.

У той час, як у тылу людзі, што багацелі з кожным днём вайны, здымалі з пальцаў залатыя, упрыгожаныя дарагімі каменьнямі, пярсьцёнкі і абменьвалі іх дзеля карысьці Аўстрыі на жалезныя, з надпісам: «Золата за жалеза», салдат на фронце падбіраў алюміневую галоўку шрапнэлі, якая разарвала на шматкі галаву яго таварыша, каб расплавіць яе пасьля ў зьлёгку выдзяўбленай цэгле і зрабіць з яе пярсьцёнак. І, пакутуючы ў акопах, ён стругаў і абточваў гэты пярсьцёнак і вырэзваў на ім дату: 1914 год.

Пасьля салдаты набылі напільнікі і пачалі рабіць пярсьцёнкі сваім родным і знаёмым, каб прывезьці ім што-небудзь з фронту, нібы з кірмашу або з фэсту. Дату ставілі тады ўжо гэтакую: 1914–1916.

І от у гэтым апошнім годзе салдаты пачалі вырабляць пярсьцёнкі на продаж, а каб не абясцэньваць тавара няправільнай датай, яны пакінулі яе вырэзваць. Тэхніка вытворчасьці ўдасканалілася: з алюмінію выліваліся цэлыя трубкі, якія расьпілоўваліся пасьля на пярсьцёнкі, у іх рабілася медзяная пракладка, яны выпілоўваліся ў выглядзе гадзюк, гадзюка трымала ў роце мёртвую галаву і косьці, а нарэшце пярсьцёнкі пачалі ўпрыгожваць каляровымі каменчыкамі з цэльлюлёіду і чырвонымі сэрцайкамі.

Шрапнэльных галовак на гэтакую шырокую вытворчасьць пачало не хапаць, і давялося карыстацца горшым матэрыялам, што ня быў непасрэдна апырсканы чалавечымі мазгамі і крывёю. У справу былі пушчаны валавяныя гузікі, алюміневыя лыжкі, невялікія часткі ўсялякіх прыладаў, усялякі мэталёвы лом… І нарэшце пачалі купляць матэрыял у насельнасьці, калі нельга было яго проста ўкрасьці.

І, падобна да таго, як салдат на фронце цягаў на сабе стрэльбу, дзьве сотні патронаў і ранец, ваеннапалонны нёс на плячох мяшок, у якім былі імбрычак, лыжка, конаўка, кавалачак алюмінію і абломак шкла, каб шліфаваць пярсьцёнкі, што пазвоньвалі на шнурочку ў яго бакавой кішэні.


*

Калі Швэйк увайшоў у пакой, дзе ўжо два яго таварышы займаліся рамяством, Пісклявы сядзеў ля акна за краўцоўскаю машынаю і зарубліваў сурдут. Гаршына стаяў на каленях перад печкаю і трымаў абцугамі лыжку, у якой паволі раставаў кавалачак волава.

— Гэта льга зрабіць, — сказаў ён, калі Швэйк паведаміў пра свае намеры. — Пярсьцёнкаў тут купляюць шмат, і я ведаю, дзе іх выгодна прадаваць. Але вось бяда: матэрыялу няма. Нідзе не знайсьці ні кавалачка алюмінію. Я адліваю ўжо з волава.

— А як толькі гэтая падла ў нас у бараку, старшы ўнтэр-афіцэр Галаваценка, пранюхае, што ты ня ходзіш на работу, а зарабляеш на старане, ён захоча атрымліваць ад цябе па рублю ў дзень, — заўважыў Пісклявы. — З мяне ён запатрабаваў нават два, калі я заняўся вось гэтаю справаю. А калі ня даць яму, ён пагражае, што пашле цябе нагружаць шпалы на станцыі. От сволач! — дадаў ён, брыдка вылаяўшыся і смаркануўшы на падлогу.

— Як? Ты ўжо навучыўся мацюгацца? — зьдзівіўся Швэйк. — Але алюмінію я як-небудзь дастану. Унь колькі з фронту вязуць разьбітых немцамі самалётаў. Ля вагзалу яны стаяць часамі ўсю ноч, і алюмінію на іх колькі хочаш.

Гаршына натапырыў вушы і вочы ў яго бліснулі.

— Што-ж, гэта добра. А іх вартуюць?

— Як калі, — адазваўся Швэйк, і Гаршына яшчэ больш задумаўся.

— Ну, тады мы дастанем. Справа добрая.

— Калі нас зловяць, дык справа сапраўды будзе добрая, — нявінным тонам заўважыў Пісклявы. — Яна вам праз бок выйдзе, як мне омская палкоўніца.

Гаршына выліў расплаўленае волава ў гатовую форму і пачаў рахаваць, калупаючы ў носе:

— Вось каб мець з кілё гэтакага алюмінію! У мяне многа гэтых прастытутак заказалі пярсьцёнкі. Ксюша возьме тузін, Жэня таксама; Нюша бярэ адразу дваццаць штук, а пасьля яшчэ Лідка, Кацька, Саша, Фрося і д’ябал іх ведае, хто яшчэ заказваў!

— Добра, я з вечару пагляджу, а ўночы мы з табою накіруемся, — вырашыў Швэйк. — Што з намі можа здарыцца?! «Рабі сваю справу, а бог табе паможа» — гаварыла мая бабуля, і яшчэ: «Бяз божае волі аніводзін верабей не спадзе з страхі». Хоць праўда, гэта гаварыў наш поп, калі дахоўшчык зваліўся з царкоўнай званіцы.

Калі сьцямнела, Швэйк прасунуў галаву ў барак. Нічога ня кажучы, ён пазваў Гаршыну. Той схапіў мяшок, адным махам саскочыў з нар і апынуўся за дзьвярыма.

— Ну, што? Ёсьць? Прывезьлі? — шэптам запытаў ён Швэйка на вагзале.

— Але, але, некалькі вагонаў.

Яны ўважліва агледзелі ўвесь цягнік. Апроч машыніста і качагара — ні душы. Яны вярнуліся да адкрытых пляцформаў, на якіх ляжалі адчэпленныя крыльлі і іншыя часткі самалётаў, і палезьлі на адну з іх, абмацваючы, з чаго зроблены тыя, ці іншыя часткі.

— Гэта не старыя машыны, а новыя! — шэптам сказаў Гаршына, адкруціўшы кавалак алюміневай штангі. Але Швэйк адказаў на гэта:

— Што-ж з таго! Ці ня ўсёроўна? Ці немцы іх разаб’юць, ці мы.

Ён націснуў нагою і адламаў нейкую вылітую частку. І ў тую-ж хвіліну хтосьці ціха гукнуў з другое пляцформы:

— Ня лазь туды, там ужо хтосьці ёсьць. Унь ззаду яшчэ адна пляцформа.

Гаршына так і ўмлеў. На ўсіх пляцформах гаспадарылі людзі, якія штосьці адкручвалі, адломвалі, ці адбівалі малатком. А нейкі чалавек, набраўшы ўжо з поўмяшка дарагога матэрыялу з сапсаванага гэтакім парадкам апарату, гаварыў ім:

— Хлопцы, сьпяшайцеся! Цягнік зараз пойдзе. Ну што за дурні расійцы! Пакідаюць гэтакую маемасьць без аховы!

І, поўны моральнага абурэньня, гэты чалавек ускінуў свой мяшок на плечы і згінуў у змроку. Рэшта ўсе пашлі за ім.

Калі Пісклявы разгледзеў раніцаю здабычу ночнае экспэдыцыі, і даведаўся, што ўсё гэта зьнята з новых, назначаных на фронт самалётаў, ён пляснуў далонямі і сказаў:

— Вось гэта сапраўды сабатаж вайны: зьнішчэньне ваенных матэрыялаў!

Ён пачаў падрабязна разьвіваць сваю тэорыю пра вайну і заявіў, што адзіны сродак зрабіць вайну немагчымай, гэта — украсьці ўсю казённую маемасьць. У канцы ён сказаў:

— Гэтакім спосабам расійцы яе ня выграюць.

— Вядома ня выграюць, — радасна падхапіў Швэйк. — Але й ніхто яе ня выграе, бо ўсюды крадуць. Вось у нас у палку быў адзін салдацік, дык той пасылаў дадому казённую бялізну, боты, адзежу і што прыдзецца. Я яго запытаў, чаму ён крадзе, а ён адказаў: «Аўстрыя — гнілая дзяржава і павінна быць зьнішчана!» Я яшчэ ў той раз даў яму па мордзе, бо і ў мяне прапала пара казённых ботаў.

І ў ціхім пакойчыку, гаспадар якога Мойшка, афіцыйна гандляваў гарбузікамі, булкамі і яблыкамі, а, неафіцыйна скупліваў крадзенае ўночы і збываў яго кудысьці на старану, да стуку краўцоўскай машыны далучаўся скрып двух напільнікаў і сухое шорганьне сталёвага дроту, што ішоў на паліроўку пярсьцёнкаў.

— Сёньня мы ня будзем працаваць. Мы пойдзем здаваць заказы.

Яны пазьбіралі нанізаныя на шнурочкі вынікі шасьцідзённае працы і пусьціліся ў дарогу. У цёмным завулку Гаршына зайшоў у нейкую крамку і запытаў гаспадара:

— Што, Лідка, дома? Адна, можна да яе?

— Сьпіць яшчэ, — прагугніў той. — Але добра, заходзьце.

На старым жалезным ложку ў невялічкай каморцы, дзе цяжкае паветра змагалася з водырам одэкалёну і таннае пудры, ляжала красуня няпэўнага тыпу, якая пачала ўжо старэць. Калі рыпнулі дзьверы, яна расплюшчыла вочы і сонным голасам працягнула:

— Ах, цэлых два аўстрыякі адразу! А ці ёсьць у вас грошы, хлопчыкі?

— Мы прынесьлі пярсьцёнкі, мадам, — сказаў Гаршына, прывітваючыся далікатна з ёю.

Дамачка ажывілася.

— Выбачайце, гэтакіх рэдкіх гасьцей я не чакала. Пакажэце пярсьцёнкі. Добрыя, га? Пачом штука? А ну, скажы, — усьміхнулася яна Швэйку, — колькі ты хочаш за пярсьцёнак?

— З вас, мадам, толькі паўрубля, — засьпяшаўся сказаць Гаршына, зноў далікатна скланіўшыся. Але дамачка, пакруціўшы пярсьцёнак у руках, гультаявата сказала:

— Гэта дорага. Аддай за сорак, я вазьму дзесятак. Другія таксама прыносяць за сорак.

Швэйк кіўнуў галавой у адзнаку згоды. Гаршына адлічыў пярсьцёнкі, і красуня, памахваючы імі, паклала іх сабе на калені. Пасьля яна гульліва засьмяялася.

— Ну, добра. А я бяру з гасьцей па два рублі. Значыцца, тут якраз на вас абодвых. Хто-ж будзе першы? Ты, галубок? За гэтакія добрыя пярсьцёнкі й работа будзе добрая.

І, паклаўшы пярсьцёнкі на коўдру, яна зноў легла на пасьцель.

— Здорава! — сказаў Швэйк, весела зацікавіўшыся. — Калі ва ўсіх гэтакі звычай, дык нам сёньня ўсіх пярсьцёнкаў нават і ня збыць.

— Не мялі языком! — пхнуў яго ў бок Гаршына, а жанчыне ён адразу сказаў: — Мадам, дазвольце атрымаць грошы. Нам належыць чатыры рублі.

Тая гэтак-жа гультаявата ўстала і села.

— Няма ў мяне грошай, галубок ты мой, няма. Ні капейкі! Калі хочаш, адкахай за ўсе. Тавар за тавар!

— Каб цябе разарвала, сьцерва! — пачаў лаяцца Гаршына, забіраючы свае пярсьцёнкі.

— А што? Панове засталіся нездаволеныя паненкаю? Яна не дагадзіла паном? — затарахцеў гаспадар, калі яны, раззлаваныя, прайходзілі праз крамку, і пабег у задні пакойчык, каб як мае быць прабраць сваю белую нявольніцу.

— Хадзем да Ксюшы! — скамандваў Гаршына, крочучы па вуліцы. — Пачнем з іншага канца.

— Мы ходзім, нібы члены дабрачыннага камітэту, — заўважыў праз паўгадзіны Швэйк, выходзячы ад трэцяй жрыцы каханьня, якая прапанавала ім за пярсьцёнкі пляшачку одэкалёну, пачачак крэму «Мэтамарфоза» і стары гарсэт з некалькімі зламанымі костачкамі. Гаршына злосна плюнуў.

— Больш я нікуды не пайду. Марш цяпер на рынак і збудзем гэтыя д’яблавы пярсьцёнкі салдатам і бабам.

У панядзелак раніцаю салдаты і паліцыя ўтварылі ў горадзе аблаву і сагналі ўсіх ваеннапалонных, што папаліся ім у рукі, у баракі. Усюды былі пастаўлены вартавыя пасты, так што ніхто ня мог выбрацца на вуліцу. Вечарам іх накіравалі, абкружыўшы казакамі, на вагзал.

Сам генэрал Чарэднікаў, разам з сваім ад’ютантам, быў пры тым, як казакі заганялі палонных па трыццаць пяць чалавек у цяплушкі. Пры гэтым ён самаздаволена заявіў:

— Нават георгіеўскі крыж ня ўзрадаваў-бы мяне гэтак, як тое, што адсюль прыбіраюць гэтую банду. Я вам ужо расказваў, Васіль Пятровіч, што галоўнакамандуючы заходнім фронтам проста намякае, што прысланыя на фронт аэропляны былі сапсаваны ў Віцебску. Палкоўнік Клімаў аддадзены з-за гэтае справы пад суд. Ён быў камэндант станцыі. А сапсаваў іх ніхто іншы, як вось гэтая сволач. Што-ж, у гэтых людзей ёсьць патрыятызм!

Да цяплушкі, дзе сядзелі Ванэк і Марэк, Швэйк наўмысьля прыбіў навязку з чырвоным крыжам, «каб немец не падстрэліў», і, калі цягнік крануўся і іх цяплушка пракацілася паўз ад’ютанта, ён высунуўся з-за дзьвярэй і гукнуў:

— А ну, шукай мяне цяпер!