Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел I Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел II
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел III

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ ІІ

ДОБРЫ ВАЯКА ШВЭЙК У ПАЛІЦЭЙСКАЙ УПРАВЕ

Замах у Сараеве напоўніў політычную ўправу безьліччу ахвяр. Іх прыводзілі адну за аднэй, і ў канцылярыі, дзе прымалі арыштаваных, стары інспэктар, сустракаючы тых, хто ўваходзіў, дабрадушна бурчэў:

— Гэты Фэрдынанд вам дасца ў знакі!

Калі Швэйка ўпіхнулі ў адну з мноства камэр на першым паверсе, ён знайшоў там кампанію з шасьцёх чалавек. Пяцёра сядзелі навокал стала, а ў кутку на ложку, нібы цураючыся ўсіх іншых, сядзеў шосты — мужчына сярэдняга веку.

Швэйк пачаў распытваць аднаго па адным, завошта іх пасадзілі. Ад усіх пяцёх, што сядзелі за сталом, ён дастаў бадай што адзін адказ.

— За Сараева.

— За Фэрдынанда.

— У сувязі з забойствам пана эрцгэрцага.

— Праз Фэрдынанда.

— За тое, што ў Сараеве забілі пана эрцгэрцага.

Шосты, што цураўся іншых, заявіў, што ён ня хоча з імі мець нічога супольнага, каб ня ўспала на яго якое-небудзь падазрэньне, бо ён сядзіць тут за замах на забойства дзеля рабунку галіцкага мужычка.

Швэйк падсеў да кампаніі змоўнікаў, якія ўжо дзесяты раз апавядалі, як яны сюды трапілі.

Усіх, апрача аднаго, схапілі былі або ў шынку, або ў віньніцы, або ў кавярні. Выключэньнем ад усіх быў надзвычай тоўсты пан у акулярах з заплаканымі вачмі, якога арыштавалі дома ў яго ўласнай кватэры. Арыштавалі яго за тое, што за два дні да замаху ў Сараеве ў шынку „ў Брэшкі“ заплаціў па рахунку за двух сэрбскіх студэнтаў тэхнікаў, і яго, п‘янага, бачыў у іхнай кампаніі у другім рэсторане „Монмартр“ на Цэпнай вуліцы, агент Брыксі, дзе, як ён ужо пацьвердзіў у пратаколе сваім подпісам, таксама плаціў за іх па рахунку.

Пад час допыту ў паліцэйскім вучастку на ўсе запытаньні ён лемантаваў адным стэрэатыпным сказам:

— У мяне папяровы магазын!

На што меў такі самы стэрэатыпны адказ:

— Гэта не апраўданьне.

Другі, невялічкі на ўзрост пан, якому тая самая няпрыемнасьць прытрапілася ў віньніцы, быў выкладчык гісторыі і апавядаў гаспадару гэтай віньніцы гісторыю розных замахаў. Спасьцігнуў яго дэдэктыў акурат у той момант, як канчаў ён псыхолёгічны разбор замаху, як гэткага, словамі:

— Думка аб замаху такая-ж простая, як калумбава яйка.

— У такой-жа меры, як і тое, што вас чакае турма, — дапоўніў паліцэйскі камісар яго выснову пад час допыту.

Трэці змоўнік быў старшыня гуртка дабрачынцаў пад назваю „Дабралюб“ у Гадкавічках. У дзень, калі быў зроблен замах, „Дабралюб“ наладзіў у садзе ігрышча з музыкай. Прышоў жандарскі ротмістр і патрабаваў зараз-жа спыніць гульню, бо Аўстрыя ў жалобе. На гэта старшыня „Дабралюбу“ дабрадушна сказаў:

— Чакайце хвіліначку, зараз дайграюць „Гэй, славяне“.

Цяпер ён сядзеў, пахіліўшы галаву, і енчыў:

— У жніўні будуць перавыбары прэзыдыі. Калі мяне ня будзе ў хаце, можа трапіцца, што мяне ня выберуць. Мяне ўжо дзесяць раз узапар выбіралі за старшыню. Гэткага сораму я не перажыву.

Цудоўную штуку састроіў нябожчык Фэрдынанд з чацьвертым арыштантам, пра якога трэба сказаць, што гэта быў чалавек з адкрытым характарам і рыцарскім сумленьнем. Два дні ён унікаў ад усякіх гутарак пра Фэрдынанда, і толькі ўвечары ў кафэ, пад час гульні ў карты, пачынаючы сёмую кульку, крыкнуў:

— Сем кулек, як у Сараеве!

Пяты, які, як сам ён сказаў, сядзіць за забойства пана эрцгэрцага, быў дагэтуль так уструшаны жахам, што яго галава нагадвала калматага пінчара. У рэсторане, дзе яго арыштавалі, ён не сказаў ніводнага слова, нават ня чытаў газэт пра забойства Фэрдынанда, ён сядзеў ля стала адзін адным, як раптам да яго падышоў нейкі пан, сеў насупраць яго і ўраз запытаў

— Чыталі?

— Нічога я ня чытаў.

— Чулі?

— Нічога я ня чуў.

— А ведаеце, аб чым справа?

— Ня ведаю. Мне да гэтага няма ніякага клопату.

— Усё-ткі гэта павінна-б было вас цікавіць.

— Ня ведаю, што там для мяне надта цікавае, Я скуру цыгару, вып‘ю некалькі кухляў піва і павячэраю. А газэт ня чытаю. Газэты брэшуць. Навошта я маю псаваць сабе нэрвы?

— Вас ня цікавіць нават гэтае забойства ў Сараеве?

— Мяне ніякія забойствы ня цікавяць. Усёроўна, ці адбылося яно ў Празе, ці ў Сараеве, ці ў Лёндане. На гэта ёсьць адпаведныя ўстановы, суды і крымінальны вышук. Калі дзе-небудзь каго-небудзь забілі, дык так яму і трэба. Ня будзь гэткі ёлуп і разява ды не дазваляй сябе забіваць.

Гэта былі яго апошнія словы ў той гутарцы. Ад гэтага моманту праз кожныя пяць хвілін ён голасна параказваў адно:

— Я не вінават, я не вінават.

Гэтыя словы ён крычаў пад варотамі паліцэйскае ўправы. І гэтыя словы ён будзе пераказваць, калі яго прывядуць у крымінальны суд ў Празе. І з гэтымі словамі ён увойдзе ў сваю турэмную камэру.

Выслухаўшы ўсе гэтыя страшныя змоўніцкія гісторыі, Швэйк улічыў за патрэбнае растлумачыць усім усю безнадзейнасьць іхнага становішча.

— У вас ува ўсіх кепская справа, — пачаў ён іх суцяшаць. — Гэта вы глупства кажаце, што вам, усім нам, нічога за гэта ня будзе. Нашто мы трымаем паліцыю, як не на тое, каб яна нас карала за наш даўгі язык? Раз настаў гэткі трывожны час, што падстрэльваюць эрцгэрцагаў, дык няма чаго дзівіцца, што вядуць у паліцыю. Усё гэта робіцца дзеля эфэкту, каб Фэрдынанд перад сваім пахаваньнам меў рэкляму. Што больш нас тут будзе, то будзе лепей для нас: нам будзе весялей. Як я служыў на вайсковай службе, аднойчы ў нас пасадзілі паўроты. А колькі бязьвінных людзей засудзілі ня толькі на вайсковай службе, а і ў цывільных судох! Памятаю, неяк адну жанчыну засудзілі за тое, што яна задушыла сваіх толькі народжаных на сьвет блізьнят. Хоць йна прысягла, што не магла задушыць блізьнят, раз у яе нарадзілася ўсяго адна дзяўчынка, якую ёй зусім безбалесна ўдалося прыдушыць, яе ўсё-ткі засудзілі за забойства двух чалавек. Або возьмем таго цыгана з Забегліц, што ўламіўся ў крамку ў калядную ноч: ён прысягаў, што зайшоў пагрэцца, але гэта яму не памагло. Калі ўжо трапіў у рукі суду правага, дык кепская справа. Гэта неабходнае зло. А ўсё-ткі трэба прызнаць, — ня ўсе людзі, такія паганцы, як пра іх думаюць. Але як цяперашнім сьветам адрозьніш сумленнага чалавека ад прахвоста, асабліва ў гэткі сур‘ёзны час, калі цокнулі Фэрдынанда? У нас таксама, як я быў на вайсковай службе, застрэлілі раз сабаку ў лесе, за пляцоўкай для практыкаваньняў. А сабака быў пана капітана. Як ён даведаўся пра гэта, паклікаў усіх нас, пастроіў і кажа: „Хай выйдзе кожны дзесяты“. Я, вядомая рэч, быў таксама дзесяты. Сталі мы „зважай“, „не зварухніся“. Капітан пахаджвае перад намі і дзярэцца: „Валацугі! Жулікі! Паскуднікі! Гіены рабыя! Усіх-бы вас за гэтага сабаку ў карцар пазасадзіць! Зрэзаць вас на горкае яблыка! Перастраляць! Біткоў нарабіць з вас! Няма чаго з вамі малімоніцца, — усіх на два тыдні без пабыўкі!.“ Дык бачыце, тады гутарка йшла пра сабачку, а цяпер ідзе пра пана эрцгэрцага. Трэба страху нагнаць, каб жалоба па ім вышла больш шыкоўная.

— Я не вінават, я не вінават! — лапатаў уструшаны чалавек.

— Езус хрыстос быў гэтак сама не вінават, а тым часам яго ўкрыжавалі. Нідзе ніколі ніхто ня цікавіўся лёсам бязьвіннага чалавека. „Маўчы, як пень, ды служы“, — казалі нам на вайсковай службе. Гэта — найлепшы спосаб.

Швэйк лёг на ложак і заснуў сном праведніка.

Тым часам, прывялі двух новых. Адзія з іх быў босьніец, які хадзіў, па камеры, скрыгатаў зубамі ды па кожным слове лаяўся па-мацеры. Яго мардавала думка, што ў паліцэйскай управе ў яго прападзе кораб з таварам[1].

Другі госьць быў шынкар Палівец, які, убачыўшы свайго знаёмага — Швэйка, узбудзіў яго і трагічным голасам крыкнуў:

— Авохці — мне! І я ўжо тут!

Швэйк сардэчна паціснуў яму руку і сказаў:

— Вельмі прыемна. Я ведаў, што той пан спраўдзіць сваё слова, раз абяцаў зайсьці па вас. Спраўнасьць — перад усім.

Пан Палівец, наадварот, заявіў, што гэткая спраўнасьць гною варта, і ціха запытаўся ў Швэйка, ці не зладзеі ўсе іншыя арыштанты, бо яму гэта можа пашкодзіць, як комэрсанту.

Швэйк растлумачыў яму, што ўсе, апроч аднаго, якога пасадзілі за забойства дзеля рабунку, сядзяць праз эрцгэрцага.

Палівец пакрыўдзіўся і заявіў, што ён тут не праз нейкага ёлупа эрцгэрцага, а праз самага гаспадара імпэратара. І таму, што ўсе зацікавіліся гэтым, ён расказаў ім пра тое, як мухі запаскудзілі гаспадара імпэратара.

— Завэдзгалі мне яго, бэсьціі, — скончыў ён апісаньне свае прыгоды, — і зрэшты давялі мяне да турмы. Я гэтага мухам так не дарую! — дадаў ён з пагрозаю.

Швэйк зноў заваліўся спаць, але спаў нядоўга, бо яго выклікалі на допыт.

Узьнімаючыся па сходах трэцяга аддзяленьня, Швэйк пакорліва, не наракаючы, нёс сваю вялікую пакуту. Прачытаўшы надпіс: „Пляваць на сходах забаронена“, Швэйк папытаў дазволу ў вартаўніка плюнуць у плявальніцу і, зьзяючы сваёй прастатой, уступіў у канцылярыю са словамі:

— Добры вечар, панове, усім наогул і кожнаму паасобку.

Замест адказу нехта даў яму пад уздухі і падштурхнуў да стала, за якім сядзеў пан з халодным чыноўніцкім тварам, які паказваў зьвярыную лютасьць, быццам ён толькі-толькі зьлез са старонкі кнігі Лёмброзо „Тыпы злачынцаў“.

Ён крыважэрна зірнуў на Швэйка і сказаў:

— Ня прыкідвайцеся ідыётам.

— Я тут ня ў прычыне, — адказаў сур‘ёзна, Швэйк. — Мяне вызвалілі ад вайсковае службы за ідыётызм. Я офіцыйна вызнаны спэцыяльнай комісіяй за ідыёта. Я — офіцыйны ідыёт.

Пан з тварам злачынца заскрыгатаў зубамі.

— Злачынствы, у якіх вы абвінавачваецеся, паказваюць на тое, што вы цалкам здаровы.

І тут-жа пералічыў Швэйку цэлую чараду рознастайных злачынстваў, пачынаючы ад дзяржаўнае здрады і канчаючы абразаю яго вялікасьці і членаў царствуючага дому. У асяродку злачынстваў красавалася ўхваленьне забойства эрцгэрцага Фэрдынанда, ад якога кусьціліся новыя злачынствы, сярод якіх яскрава вылучалася падбухторваньне мас, бо ўсё гэта адбывалася ў публічным месцы.

— Што вы на гэта скажаце? — пераможна запытаў пан з лютымі рысамі твару.

— Досыць, — адказаў бязьвінна Швэйк. — Што надта, таго і сьвіньні не ядуць.

— Значыць вы прызнаіцё?..

— Я ўсё прызнаю. Строгасьць павінна быць. Бяз строгасьці ніхто-б ні трасцы не дасягнуў. Гэта ўсёроўна, як я служыў на вайсковай службе...

— Маўчаць! — крыкнуў паліцэйскі камісар на Швэйка. — Гаварыце толькі тады, як вас пытаюць! Разумееце?

— Чаму не, — сказаў Швэйк. — Дазвольце далажыць, разумею, і ўсё, што пан скажа, прыму да ведама.

— З кім маеце сувязь?

— Са сваёй чалядніцай, вашаскародзьдзе.

— Я кажу, ці ня маеце якія-небудзь знаёмствы ў колах політычных?

— Як жа вашаскародзьдзе. Купляю вячэрні выпуск „Нацыянальнай політыкі“.

— Вон! — зароў на Швэйка пан з зьвярыным выразам твару.

Калі Швэйка выводзілі з канцылярыі, ён сказаў:

— Дабранач, вашскародзьдзе.

Вярнуўшыся ў сваю камеру, Швэйк паведаміў арыштаваным, што гэта ня сьледзтва, а сьмех адзін: трошачку на вас пакрычаць, а пасьля выганяць.

— Раней, — зазначыў Швэйк, — было куды горай. Чытаў я ў нейкай кнізе, што абвінавачаныя, каб давесьці сваю бязьвіннасьць, павінны былі хадзіць басанож па расьпечаным жалезе і піць растопленае волава. А хто не хацеў павініцца, таму на ногі надзявалі гішпанскія калодкі, выцягвалі на дыбе, або прыпякалі пажарнай паходняй бакі, накшталт таго, як гэта зрабілі з Янам Непомуцкім[2]. Той кажуць, роў тады, нібы яго нажом рэзалі, і не пакінуў раўці аж датуль, пакуль ня скінулі яго з Элішкіна мосту ў непрамакальным мяшку. Гэткіх выпадкаў было гібель. А потым чалавека чвэртавалі ці садзілі на кол дзе-небудзь каля музэю. Калі-ж абвінавачанага толькі скідалі ў яму на галодную сьмерць, дык гэты чалавек пачуваў сябе так, нібы нанова на сьвет нарадзіўся. Цяпер сядзець у турме — глупства! — падхвальваў Швэйк. — Няма ні чвэртаваньня, ні калодак. Ложак у нас ёсьць, стол ёсьць, лаўкі далі, адзін аднаго мы ня цісьнем, поліўка нам належыць, хлеба дадуць, збан вады прынясуць, да ветру схадзіць — пад самым носам. Ува ўсім відаць поступ. Адно што падалека хадзіць на сьледзтва — па трох сходах узьнімацца на наступны паверх, але затое на сходах чыста і людна. Аднаго вядуць сюды, другога — туды. Тут малады, там стары, і мужчыны, і жанчыны. Рады сабе, што тут ты не адзін. Кожны спакойна ідзе ў сваю дарогу, і не выпадае баяцца, што яму ў канцылярыі скажуць: „Мы параіліся, і заўтра вы будзеце на ваш уласны выбар хоць чвэртаваны, хоць спалены“. Гэта быў цяжкі выбар. Я мяркую, панове, што многа хто з нас у гэткі момант аслупянеў-бы. Так, цяпер ужо ўмовы, на наша шчасьце, палепшыліся.

Швэйк толькі-толькі скончыў прамову на абарону сучаснага турэмнага ўвязьненьня грамадзян, аж нагляднік адчыніў дзьверы і крыкнуў:

— Швэйк, апранецеся ды ідзеце на допыт!

— Я апрануся, — адказаў Шрэйк, — супроць гэтага я нічога ня маю. Але баюся, каб ня было гэта непаразуменьне. Мяне ўжо раз выгналі з допыту. І потым я непакоюся, што ўсе іншыя панове, якія тут са мною, гатовы пакрыўдзіцца на мяне за тое, што я іду на допыт ужо ў другое, а яны яшчэ ніводнага разу за гэты вечар там ня былі. Яны могуць мець прэтэнзіі да мяне.

— Вылазьце вон і не мяліце языком, — быў адказ на выказанае Швэйкам джэнтльмэнства.

Швэйк зноў апынуўся перад панам з тварам злачынца, які бяз усякіх подступаў, рашуча і няўхільна запытаў яго:

— Ува ўсім вініцеся?

Швэйк упяў свае добрыя блакітныя вочы на няўмольнага чалавека і мякка сказаў:

— Калі вы хочаце, вашаскародзьдзе, каб я павініўся, дык я вінюся. Мне гэта не пашкодзіць. Але калі вы скажаце:

„Швэйк, ні ў чым ня вініцеся“, — дык я буду выкручвацца аж да астатняга ўздыханьня.

Суровы пан напісаў нешта на акце і, падаючы Швэйку пяро, сказаў яму, каб той падпісаўся.

І Швэйк падпісаў Брэтшнэйдэравы паказаньні з наступным дадаткам:

„Усе вышэйпаданыя абвінавачаньні супроць мяне прызнаю за справядлівыя.

Язэп Швэйк.

Падпісаўшы паперу, Швэйк зьвярнуўся да суровага пана:

— Яшчэ што-небудзь падпісаць? Ці можа мне падысьці ўраньні?

— Ураньні вас завязуць у крымінальны суд, — быў адказ.

— А а якой гадзіне, вашаскародзьдзе, каб, барані божа, як-небудзь не праспаць?

— Вон! — у другое зараўло з таго боку стала, перад якім стаяў Швэйк.

Варочаючыся ў сваю новую, адгароджаную жалезнымі кратамі кватэру, Швэйк сказаў вартаўніку, які яго вёў:

— У вас усё тут ідзе чыста-гладка.

— Ці толькі за Швэйкам зачыніліся дзьверы, яго таварышы вязьні засыпалі яго запытаньнямі, на якія Швэйк выразна адказаў:

— Я толькі вось павініўся, што можа гэта я забіў эрцгэрцага Фэрдынанда.

Ураз шасьцёра чалавек у жаху схаваліся пад вашывыя коўдры.

Толькі босьніец сказаў:

— Хвацка!

Кладучыся ва ложак, Швэйк зазначыў:

— Дрэнна, што ў нас няма будзільніка.

Ураньні яго ўсё-ткі ўзбудзілі і бяз будзільніка, і акурат а сёмай гадзіне Швэйка везьлі ў турэмнай карэце ў краёвы крымінальны суд.

— Позная птушка вочкі працірае, а раньняя зубкі калупае, — сказаў сваім спадарожнікам Швэйк, калі турэмная карэта выяжджала за вароты паліцэйскае ўправы.


  1. Босьнійцы ў Чэхіі ходзяць з карабамі і прадаюць разную дробязь — складаныя нажы, партабакі ды інш.
  2. Каталіцкія святы.