Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел I
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел II

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ І

ЯК УДАЛЫ ВАЯКА ШВЭЙК УБІЎСЯ Ў СУСЬВЕТНУЮ ВАЙНУ

— А Фэрдынанда-ж нашага забілі, — сказала Швэйку яго чалядніца.

Колькі год таму назад, калі мэдыцынская камісія вызнала Швэйка за ідыёта, ён пашоў з вайсковае службы і цяпер перабіваўся гандлем паршывымі дварнякамі, якіх выдаваў за патомкаў самага шляхецкага роду. У цяперашні момант ён заняты быў тым, што шмураваў свае калены оподэльдокам — у яго быў раматус.

— Якога Фэрдынанда, пані Мюлер? — зацікавіўся Швэйк, ня кідаючы масаваць калены. — Я знаю двух Фэрдынандаў. Адзін служыць у фармацэўта Прушы і выпіў у яго неяк раз у памылцы мазь на выросьліваньне валасоў. А яшчэ я знаю Фэрдынанда Какошку, таго, што зьбірае сабачыя каўцюхі[1]. Абодвых ані ня шкода.

— Ды не, паночку, эрцгэрцага Фэрдынанда, таго, што жыў у Канопішчы[2], таго таўстога, набожнага...

— Езус, Марыя, — закрычаў Швэйк. — Вось табе й маеш!.. А дзе-ж гэта пану эрцгэрцогу прысьпела?

— Кажуць, дзеўбанулі яго ў Сараеве. З рэвольвэру. Ёхаў ён там са сваёю эрцгэрцагіняй у аўтомобілі...

— Бач, як яно, пані Мюлер, у аўтомобілі... Ведама, гэткі пан можа параскашавацца... А, пэўна, і не падумаў, што такія аўтомобільныя падарожжы могуць дрэнна скончыцца. Ды яшчэ ў Сараеве. Гэта-ж у Босьніі... Ня йначай, як туркі гэта падстроілі. Трэба-ж было лезьці нам, адбіраць у іх Босьнію ды Гэрцагавіну... Дык вось якія справы, пані Мюлер. Эрцгэрцаг, значыць, скапуціўся. Доўга мардаваўся перад сьмерцю?

— Пан эрцгэрцаг тут-жа і асьвяжыўся, паночку. Ведама — з рэвольвэрам жарты кепскія. Нядаўна тут у нас, у Нусьлях[3] бавіўся з рэвольварам адзін пан — дык папастраляў усю сям‘ю і яшчэ швэйцара, які прышоў паглядзець, хто там страляе на чацьвертым паверсе.

— З іншага рэвольвэра, пані Мюлер, хоць трэсьні — ня стрэліш. Такіх сыстэм — гібель. Але для пана эрцгэрцага, мабыць, купілі нешта надзвычайнае. Да таго-ж я гатоў у заклад пайсьці, пані Мюлер, што чалавек, які гэта рабіў, на такі выпадак і прыбраўся як сьлед. Вядомая рэч, што страляць у пана эрцгэрцага — справа нялёгкая. Гэта ня тое, што які-небудзь валацуга падстрэліць лясьнічага. Цяжкасьць у тым — як да яго дабрацца. Да гэткага пана абшарпанцам ня пойдзеш. Трэба канечна надзець цыліндр, каб цябе перад гэтым не злапалі паліцыянты.

— Кажуць, паночку, іх там было многа.

— Гэта вядома, пані Мюлер, — пацьвердзіў Швэйк, канчаючы масаж каленаў. — Каб, прыкладам, вы захапелі забіць эрцгэрцага ці гаспадара імпэратара, вам перад гэтым не пашкодзіла б з кім-небудзь параіцца. Што галава — то розум. Адзін нарадзіць адно, другі — другое, — „і шлях адкрыт да ўдачы“, як пяецца ў нашым гімне. Галоўнае — пранюхаць, калі гэткі пан паедзе міма. Памятаеце пана Люкені, што пратнуў нашу небараку імпэратрыцу Лісавету падпілкам на шпацыры? Дык ужо, дайце веры, з тае пары ніводная імпэратрыца ня ходзіць на шпацыр. Гэта чакае яшчэ ці мала каго. Вось пабачыце, пані Мюлер, што яны дабяруцца яшчэ й да расійскага цара з царыцай, а мо‘, крый божа, і да самога нашага імпэратара, калі ўжо пачалі з ягонага дзядзькі. У яго, у старога, многа ворагаў, яшчэ больш, чымся ў Фэрдынанда. Надовечы апавядаў у шынку адзін дабрадзей: „Прыдзе час — гэтыя імпэратары паляцяць адзін за адным, і ім ніякі дзяржаўны пракурор не паможа“... Потым гэтаму дабрадзею ня было чым заплаціць за піва, і шынкар мусіў паклікаць паліцыю, а дабрадзей даў шынкару поўху, а паліцыянту дзьве. Дык яго павезьлі ў кашы, каб ахамяніўся[4]... Так, пані Мюлер, чаго ня робіцца цяперашнім часам! Яшчэ значыць адна страта для Аўстрыі. Як я быў на вайсковай службе, адзін салдат неяк застрэліў быў капітана. Набіў стрэльбу ды пашоў у канцылярыю. Там яму сказалі, што яму няма чаго тут рабіць, а ён усё цягнуў на сваё, што ён мусіць гутарыць з панам капітанам. Капітан вышаў ды ўляпіў яму нарад і месяц без пабыўкі, а ён узяў стрэльбу і — бах яму ў самае сэрца! Куля прабіла пана капітана наскрозь, ды яшчэ ў канцылярыі бяды нарабіла: разьбіла бутэльку з атрамантам, і заліла службовыя паперы.

— А што сталася з тым салдатам? — запытала праз хвіліну пані Мюлер, калі Швэйк ужо апранаўся.

— Засіліўся на шлейках, — адказаў Швэйк, адчышчаючы свой капялюш. — А шлейкі былі не ягоныя, ён пазычыў іх у астрожнага вартаўніка. У яго, бач, порткі скідаюцца. А што-ж яму — чакаць пакуль яго расстрэляць? Ясна, пані Мюлер, у такой прыгодзе хоць у каго дык галаву заверне. Астрожнага вартаўніка і ссадзілі з пасады і ўляпілі яму шэсьць месяцаў, але ён іх ня высядзеў, уцёк у Швэйцарыю і цяпер там чытае казаньні ў нейкай царкве... Цяперашнім сьветам мала сумленных людзей, пані Мюлер. Як на мяне, дык эрцгэрцаг Фэрдынанд у гэтым самым Сараеве памыліўся у тым чалавеку, што яго застрэліў. Убачыў, мабыць, дабрадзея і падумаў: „Пэўна, сумленны чалавек, раз мяне вітае“. А дабрадзей тым часам і лупсянуў у яго. Адну ці больш усадзіў?

— Газэты, паночку, пішуць, што эрцгэрцаг быў як рэшата. Той выпусьціў у яго ўсе кулі.

— Няма чаго казаць, спрытна працуюць, пані Мюлер, дужа спрытна. Я дык-бы на гэтую справу купіў браўнінг, — на цацку падобны, а з яго можна папастраляць дваццаць эрцгэрцагаў, хоць худых, хоць тоўстых. Адылі, ня ўрокам сказаць, пані Мюлер, у тоўстага эрцгэрцага пэўней лучыш, чымся ў худога. Можа памятаеце, як тады ў Партугаліі падстрэлілі іхнага караля? Быў во які тоўсты! Вы разумееце, што худы кароль ня будзе... Ну, я пашоў у шынок „Ля чашы“. Калі прыдуць па фокстэр‘ера, пад якога я ўзяў заставу, дык скажыце, што я трымаю яго на сваёй псярні за горадам, што нядаўна я яму абрэзаў вушы і што цяпер няможна яго перавозіць, пакуль не загаіліся вушы, а то іх можна застудзіць. Калі куды пойдзеце, пакіньце ключ у швэйцарыхі.

У шынку „Ля чашы“ сядзеў усяго адзін толькі чалавек. Гэта быў агент сакрэтнай паліцыі Брэтшнэйдэр. Шынкар Палівец мыў посуд, і Брэтшнэйдэр марна памыкаўся завесьці з ім сур‘ёзную гутарку.

Палівец быў на-дзіва здатны да няпрыстойных словаў. Кожнае другое слова ў яго азначала або „гной“ або „задніца“. Але разам з тым ён быў чалавек кніжны і кожнаму раіў прачытаць, што напісаў Віктар Гюго, апавядаючы пра адказ старой наполеонаўскай гвардыі ангельцам у баі пад Ватэрлёо[5].

— Добрае лета стаіць, — заводзіў Брэтшнэйдэр сур‘ёзную гутарку.

— Усё гэта гною варта, — адказаў Палівец, стаўляючы посуд у шафу.

— Ну, і нарабілі нам у Сараеве! — з кволай надзеяй праказаў Брэтшнэйдэр.

— У якім „Сараеве“? — запытаўся Палівец. — У шынку ў Нусьлях? Там дзень-у-дзень юху пускаюць. Вядома — Нусьлі!

— У босьнійскім Сараеве, пан шынкар. Застрэлілі там пана эрцгэрцага Фэрдынанда. Што на гэта скажаце?

— Я ў гэткія справы ня ўтыкаюся. Ну іх усіх у задніцу з гэтымі справамі, — далікатна адказаў пан Палівец, закурваючы люльку. — Цяперашнім сьветам утыкнуцца ў гэткія справы — толькі галаву скруціш. Я — шынкар. Хто да мяне прыходзіць, патрабуе піва, я таму й наліваю. А нейкае там Сараева, палітыка ці там нябожчык эрцгэрцаг — нас гэта не абыходзіць. Ня нашага носу палоса. Адно вастрогам пахне.

Брэтшнэйдэр змоўк і расчаравана азіраў пусты шынок.

— Тут даўней вісеў портрэт гаспадара імпэратара, — праз хвіліну зноў завёў Брэтшнэйдэр. — Акурат на тым месцы дзе цяпер вісіць люстэрка.

— Так, пан кажа праўду, — адказаў пан Палівец, — вісеў. Адылі мухі яго былі спаскудзілі, дык я прыбраў яго на гару. Ведаеце, яшчэ хто-небудзь дазволіць сабе на гэты конт якую заўвагу і з гэтага можа выйсьці няпрыемнасьць. На якое ліха мне гэта трэба?

— У Сараеве, мабыць, дужа напружаная атмосфэра, пан шынкар?

На гэта проста пастаўленае ліхамыснае запытаньне пан Палівец адказаў надзвычай асьцярожна:

— Так, гэтай парой бывае ў Босьніі і Гэрцагавіне страшэнна горача. Як я там служыў, дык нашаму обэр-лейтэнанту мусілі лёд класьці на галаву.

— У якім палку вы служылі, пан шынкар?

— Я гэткіх драбніц ня помню, я ніколі ня цікавіўся гэтым глупствам, — адказаў пан Палівец. — Я ня цікавы. Праз меру цікавіцца нядобра.

Сакрэтны агент Брэтшнэйдэр канчаткова змоўк, і яго пахмуры твар павесялеў толькі тады, як у шынок прышоў Швэйк і папрасіў сабе піва, падкрэсьліўшы:

— Дай чорнага, — у Вене сёньня таксама жалоба.

Вочы ў Брэтшнэйдэра загарэліся надзеяй, і ён пасьпешна праказаў:

— У Канопішчы павесілі дзесяць чорных сьцягаў.

— Іх там павінна быць дванаццаць, — сказаў Швэйк, адсярбнуўшы піва.

— Чаму вы мяркуеце, што дванаццаць? — запытаў Брэтшнэйдэр.

— Каб круглы лік быў — тузін. Так лічыць лягчэй, ды на тузін і таней выходзіць, — адказаў Швэйк.

Запанавала ціша, якую парушыў сам Швэйк, уздыхнуўшы:

— Так, значыцца, прыкархнуў, царства яму нябеснае! Ня прыждаў, пакуль зробіцца імпэратарам. Як я служыў на вайсковай службе, аднаго разу зваліўся пры мне з каня генэрал і разьбіўся. Хацелі памагчы, пасадзіць на каня, зірнулі, аж ён ужо зусім няжывы. А таксама, мабыць, меркаваў дайсьці да фэльдмаршала. На парадзе гэта прытрапілася яму. Гэтыя парады ніколі не давядуць да дабра. У Сараеве, пэўна, таксама быў нейкі парад. Памятаю я, неяк на парадзе на маім мундзіры не хапала дваццаць гузікаў, і мяне пасадзілі за гэта на чатырнаццаць дзён у адзіночку. А два дні я, як той Лазар, ляжаў, не зварухнуўшыся „ў козлах“[6]. Нічога не парадзіш, — на вайсковай службе павінна быць дысцыпліна. Каб не яна, усе-б там брынды білі... Наш обэр-лейтэнант Маковец заўсёды нам казаў: „Дысцыпліна, ёлупы, канечна патрэбна. Каб ня дысцыпліна, дык вы-б, як малпы, яшчэ па дрэвах лазілі. Вайсковая служба з вас, дурні, людзей паробіць!“ Ну, ці-ж гэта ня так? Уявіце сабе сквэр, ну, скажам, на Карловым пляцы, і на кожным дрэве сядзіць па адным салдату бяз дысцыпліны. Жудасная карціна выходзіць!

— У Сараеве, — кіраваў гутарку Брэтшнэйдэр, — усё гэта сэрбы нарабілі.

— Памыляецеся, — адказаў Швэйк, — гэта усё туркі навычваралі. За Босьнію і Гэрцагавіну.

І Швэйк выказаў свой погляд на замежную політыку Аўстрыі на Балканах: туркі прайгралі ў 1912 годзе вайну з Сэрбіяй, Баўгарыяй і Грэцыяй; яны хацелі, каб Аўстрыя ім дапамагла, а як на гэта ня вышла ў іх, — яны застрэлілі Фэрдынанда.

— Ты туркаў любіш? — зьвярнуўся Швэйк да шынкара Паліўца. — Гэтых паганцаў? Пэўна-ж, што не?

— Госьць, як госьць, — сказаў Палівец, — хай сабе й турак. Нам, шынкаром, да політыкі няма ніякага клопату. Заплаці за піва, сядзі ў шынку, ды мялі языком, колькі ўлезе, — вось маё правіла. Хто-б ні цокнуў нашага Фэрдынанда, хоць сэрб, хоць турак, хоць католік, хоць магомэтанін, хоць анархіст, хоць младачэх, — мне ўсёроўна.

— Добра, пан шынкар, — праказаў Брэтшнэйдэр, зноў пачынаючы траціць надзею, што хто-небудзь з двух уловіцца. — Але прызнайцеся, што гэта вялікая страта для Аўстрыі.

Замест шынкара адказаў Швэйк.

— Вядома — страта, аб чым спрачацца. Страта цяжкая. Фэрдынанда не падменіш якой-небудзь даўбешкай. Адно ня шкодзіла-б, каб быў ён яшчэ таўсьцейшы.

— На што вы маеце ўвагу? — страпянуўся Брэтшнэйдэр.

— На што маю ўвагу? — ахвотна адказаў Швэйк. — Вось на што. Каб ён быў таўсьцейшы, дык-бы яго ўжо даўно паляруш узяў, яшчэ тады, як ён у Канопішчы ганяўся за бабамі, што ў яго ў маёнтку зьбіралі гальлё ды грыбы. Яму-б не давялося памерці гэткай паганай сьмерцю. Гэта-ж — дайце рады — самому імпэратару, дзядзькам даводзіўся, а яго падстрэлілі. Гэта ж ганьба, пра гэта трубяць усе газэты. У нас колькі год таму ў Будэўовіцах[7] на рынку пратнулі ў невялічкай звадцы аднаго гандляра жывёлай, нейкага Бржэтыслава Людвіка. У яго быў сын Багуслаў, — дык той куды, бывала, ня прыдзе прадаваць парасят, у яго ніхто нічога ня купляе. Кожны, бывала, скажа: „Гэта сын таго, што пратнулі. Мабыць, таксама ладная шэльма!“ Канцы з канцамі — давялося яму скончыць у Крумілаве з мосту ва Ўлтаву, і давялося яго адтуль выцягваць, і давялося яго адчульваць, ваду з яго выкачваць... і давялося яму сканаць на руках у доктара, калі той зрабіў яму нейкае ўпырскваньне.

— Дзіўнае ў вас параўнаньне, — сказаў многазначна Брэтшнэйдэр. — Перш гаворыце пра эрцгэрцага Фэрдынанда, а пасьля пра гандляра жывёлай.

— Ані-ні, — вачаў выпраўдвацца Швэйк. — Крый божа, каб я ўздумаў каго-небудзь з кім-небудзь раўнаць! Пан шынкар мяне знае. Гэта-ж праўда, што я ніколі нікога ні з кім не раўнаю? Я адно не хацеў-бы быць у скуры эрцгэрцагавае ўдавы. Што яна будзе цяпер рабіць! Дзеці пасірацелі, гаспадарка ў Канопішчы без гаспадара. Ісьці замуж за якога другога эрцгэрцага? Які сэнс? Паедзе з ім у Сараева, і ў другое прыдзецца заўдавець... Вось, напрыклад, у Зьліве, пад Глыбокім, колькі год таму назад жыў адзін лясьнік з няпрыгожым такім прозьвішчам — Піньдзюр. Застрэлілі яго браканьеры, і асталася па ім ўдава з двума дзецьмі. Праз год яна вышла замуж зноў за лясьніка, Пэпіка Шадловіца з Мылавар, ну, і таго зноў застрэлілі... Вышла ў трэці раз, зноў за лясьніка, і кажа: „бог тройцу любіць. Калі ўжо й цяпер не пашанцуе, — нямаведама, што й рабіць“. Вядома, што й гэтага застрэлілі, і асталося ў яе ад трох лясьнікоў усяго на ўсім — шасьцёра дзяцей. Пашла яна ў баронскую канцылярыю ў Глубокае і скардзілася там, якую з гэтымі лясьнікамі мела яна пакуту. Тады ёй параілі пайсьці за Ярэша, што вартаваў стаў, ад Ражыцкай гаці. Ну, што вы скажаце на гэта, — утапілі і яго, як лавілі рыбу. І ад яго яна замела двое дзяцей. Потым яна вышла замуж за канавала з Ваднян, і той яе неяк раз уначы выцяў сякерай ды пашоў самахоць заявіць пра забойства. Калі яго потым пры акруговым судзе ў Піску вешалі, ён адкусіў папу нос і заявіў, што ён наогул ні аб чым не жалкуе, ды яшчэ нагаварыў многа брыдкіх рэчаў пра гаспадара імпэратара.

— А ня ведаеце, што ён пра яго сказаў? — голасам, поўным надзеі, запытаўся Брэтшнэйдэр.

— Гэтага я вам сказаць не магу, гэтага яшча ніхто не адважыўся пераказаць. Але было гэта, кажуць, такое жахлівае, што судзьдзя, які быў прысутны пры гэтым, з глуду зьехаў і яго яшчэ і дагэтуль трымаюць пад замком, каб ня вышла гэта на людзі. Гэта ня была простая абраза гаспадара імпэратара, якія робяць пад чаркаю.

— А якія абразы гаспадару імпэратару робяць пад чаркаю? — запытаў Брэтшнэйдэр.

— Прашу вас, панове, накіруйце гутарку на іншае, — утыкнуўся шынкар Палівец. — Я, ведаеце, гэтага ня люблю. Навярзуць лухты, а пасьля чалавеку няпрыемнасьці.

— Якія абразы гаспадару імпэратару робяць пад чаркаю? — перапытаў Швэйк. — Розныя. Надзюбайцеся добра, прымусьце зайграць аўстрыйскі гімн, — пабачыце, што пачніцё гаварыць. Нагаворыце пра гаспадара імпэратара столькі, што каб палавіна таго была праўда, хапіла-б яму сораму на цэлае жыцьцё. А ён, стары, па-праўдзе казаць, гэтага не заслужыў. Вазьміце на ўвагу: сына Рудольфа ён страпіў у самых гадох, поўнага сіл, жонку Лісавету ў яго пратнулі падпілкам, брата Яна Орта, мэксыканскага імпэратара, застрэлілі ў нейкай крэпасьці пад сьцяной. Цяпер зноў, на старых гадох, падстрэлілі ў яго дзядзьку. І па гэтым па ўсім успомніць пра яго які-небудзь п‘яны байбус і зачне яго лаяць. Калі цяпер што-якое выбухне, — пайду дабраахвотнікам і буду служыць гаспадару імпэратару да астатняе кроплі крыві!

Швэйк адсярбнуў піва і казаў далей:

— Вы думаеце, што гаспадар імпэратар усё гэта занядбае? Кепска вы яго знаеце. Вайна з туркамі канечна мае быць. „Забілі майго дзядзьку, дык вось вам у пысу!“. Вайна нямінуча. Сэрбія і Расія нам памогуць. Будзе звадка!

Швэйк у гэты момант свайго вешчаваньня быў страшэнна прыгожы. Яго дабрадушны твар ад натхненьня зьяў, як месяц у поўнае. Усё было яму гэтак ясна.

— Можа, — рысаваў ён далей будучыню Аўстрыі, — на нас, у выпадку вайны з Турэччынай, нападуць немцы. Яны-ж з туркамі ў хэўры. Гэта такія паганцы, якіх у сьвеце няма. Але мы можам злучыццца з Францыяй, якая ад семдзесят першага году ладзіцца накласьці Нямеччыне, і ўсё будзе ў найлепшым парадку. Карацей сказаць, — вайна будзе.

Брэтшнэйдэр устаў і ўрачыста агаласіў:

— Вы ўсё сказалі? Хадзем са мной у сенцы на пару слоў.

Швэйк вышаў за агентам сакрэтнай паліцыі ў сенцы, дзе натрапіў на невялічкую неспадзеўку: яго гаворкі кампаньнік паказаў яму арла[8] і заявіў, што ён яго арыштуе і зараз-жа адправіць у паліцыю. Швэйк спрабаваў растлумачыць, што, як відаць, пан мыляецца, бо ён зусім нявінаваты, што ён ня вымавіў ніводнага слова, якое магло-б каго-небудзь абразіць.

На гэта Брэтшнэйдэр заявіў, што Шнэйк зрабіў некалькі злачынных учынкаў, сярод якіх фігуравала і дзяржаўная здрада.

Потым зноў вярнуліся ў шынок, і Швэйк сказаў Паліўцу.

— Я выпіў пяць кухляў піва і зьеў пару сасісак з жулікам. Дайце-тку мне яшчэ чарку сьлівянкі. Мне час ужо йсьці, дзеля таго, што я арыштаваны.

Брэтшнэйдэр паказаў Паліўцу свайго арла, з хвіліну глядзеў на шынкара і пасьля запытаў:

— Вы жанаты?

— Так.

— А здолее ваша жонка замест вас весьці справы пад час вашае адсутнасьці?

— Можа.

— Дык усё ў парадку, пан шынкар, — весела сказаў Брэтшнэйдэр. — Паклічце вашу дружыну і перадайце ёй усе справы. Увечары па вас прыдзем.

— Ня турбуйцеся дарма, — суцяшаў яго Швэйк. — Я арыштаваны ўсяго толькі за дзяржаўную здраду.

— Але-ж я завошта? — заенчыў Палівец. — Я-ж быў так асьцярожны!

Брэтшнэйдэр усьміхнуўся і пераможна сказаў:

— За тое, што вы сказалі, што пана імпэратара запаскудзілі мухі. Вам гэтага пана імпэратара выб‘юць з галавы.

Швэйк вышаў з шынку „Ля чашы“ разам з агентам сакрэтнай паліцыі. Як вышлі яны на вуліцу, Швэйк зазіраючы яму ў твар, запытаў са сваёй дабрадушнай усьмешкай:

— Мне сыйсьці з тротуару?

— Нашто?

— Я мяркую, раз я арыштаваны, дык ня маю права хадзіць па тротуары.

Уваходзячы ў вароты паліцэйскае ўправы, Швэйк зазначыў.

— Слаўна час змарнавалі! Часта бываеце ў шынку „Ля чашы“?

У той час, як Швэйка вялі ў канцылярыю, дзе прымалі злачынцаў, у шынку „Ля чашы“ пан Палівеў перадаваў справы сваёй жонцы. Яна плакала, і ён сваяасабліва суцяшаў яе:

— Ня плач, ня гудзі. Што яны могуць зрабіць за запаскуджанага гаспадара імпэратара.

Так чароўна і міла ўвайшоў у сусьветную вайну ўдалы ваяка Швэйк. Гісторыкаў зацікавіць, як ён мог так далёка зазіраць наперад. Калі пазьней падзеі разгарнуліся ня зусім так, як ён вызначыў „Ля чашы“, дык мы павінны мець увагу на тое, што Швэйк не атрымаў грунтоўнае дыплёматычнае адукацыі.


  1. У Празе зьбіралі сабачы кал — дубіць скуры.
  2. Палац эрцгэрцага Фэрдынанда ў Чэхіі.
  3. Ускраіна Прагі.
  4. У Праге перад вайной паліцыянты вазілі п‘яных у ручных каламажках.
  5. Нібыта на пропозыцыю ангельцаў у баі пад Ватэрлёо здацца гвардыя адказала адным словам „Merde“ (кал).
  6. Кара ў аўстрыйскай арміі: вінаватаму салдату падвязвалі рукі да ног і ў гэткім стане пакідалі не дзень ці болей.
  7. Горад у Паўднёвай Чэхіі.
  8. Значок агентаў сакрэтнай паліцыі.