Перайсці да зместу

Прыгоды Панаса і Тараса (1912)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прыгоды Панаса і Тараса
Аповесьць
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прыгоды Панаса і Тараса.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРЦЕМ МУЗЫКА.



ПРЫГОДЫ ПАНАСА І ТАРАСА.


ПИНСКЪ.

Типографія „ПРОГРЕССЪ

1912.

Дозволено цензурою, Мая 12 дня 1911 года.

Нядзеляю у аднэй з вёсак Піншчыны Панас і Тарас, седзячы на прызьбі, гутарылі аб тым, якія дзе жывуць людзі і аб іх звычаях і парадках.

— А ведаеш што? — кажа Панас, — Гэта, што мы тут гаворымо і аб чым баюць старыя людзі, мо і няпраўда. А каб даведацца, як запраўды жывуць людзі на белым сьвеце, лепш во́ што мы зрабем. Дзеці ў нас абодвых дарослыя, з гаспадаркай уходаюцца, могуць ужо абыйсьціся і бяз нашай рады. Мы ўжо адсеяліся, і цяпер якраз такая пара, што нам усё роўна няма чаго рабіць, а коні ў нас таксама ёсьць гуляшчыя, — дык, чым церціся па цянькох, паедзем лепш у белы сьвет паглядзець, як людзі жывуць.

Праўду кажаш, кум, — згадзіўся Тарас, — едзьмо! Толькі зараз-жа трэба і зьбірацца, каб да касьбы і жніўя пасьпець зьвярнуцца да хаты.

Сказана — зробляна.

Разыйшоўшыся па хатах, Панас і Тарас зараз-жа загадалі сваім бабам рашчыніць хлеб і прыгатаваць на аўторак усё патрэбнае ў дарогу.

На другі дзень, пакуль бабы пяклі хлеб і аладкі, білі масла, рабілі сыры і варылі кумпячыну на дарогу сваім дзядом, мужчыны прыбіралі воз, шмаравалі колы, гатавалі аброк, кавалі і кармілі коні, аглядалі запражку.

Згодна прыказцы „едзеш на дзень, а хлеба бяры на тыдзень“, добры гаспадар без адпаведнага запасу ежы ў дарогу ніколі ня выбіраецца. Дык ось, Панас і Тарас, ўлажыўшы ў мяшок па тры боханы хлеба, па добраму апольцу сала, па кумпяку, па штук 5 сыраў, па добрым слоіку масла і, дабавіўшы да ўсяго гэтага яшчэ стаўпец аладак, знайшлі, што харчоў павінна хапіць на добры шмат дарогі. Апрача гэтага, паставілі ў воз поўную дзяжу талакна. На ўсялякі выпадак адлічылі яшчэ ў падарожныя капшуке па дзесяць рублёў грошы. Налажылі воз сенам і аброкам, а зьнізу за трайню прывязалі вядзёрка з каланіцай. На ўсялякае здарэньне улажылі ў воз сякеру. Панасавага каня, як старэйшага, запраглі ў аглоблі, а Тарасавага, маладога, прыпраглі збоку.

У аўторак рана, чуць золак, яшчэ да ўсходу сонца, Панас і Тарас, падмацаваўшыся добра аладкамі з салам і, падапрануўшы пад новыя сьвіткі яшчэ кажушке, рушылі ў дарогу.

Едуць, гутараць, піпачкі пакурваюць… Іх конікі патрухваюць.

Да Пінску дарога і людзі ўсё знаёмыя: сюды кождага аўторку яны на кірмаш езьдзяць. На гэты раз кірмашнікаў таксама ехала многа, і Панас з Тарасам у грамадзе не заўважылі, як апынуліся ў Пінску…

Тут сустрэліся яны са знаёмымі да з роднымі, распыталіся ў іх дарогу на Берасьце.

Ўрэшце, дзеля адвагі і цяпла ў ногі, „зрабілі па паўкварты“ і паехалі далей.

Едуць сабе, едуць, між сабою гутараць, піпачкі пакурваюць. Каго ні сустрэнуць „дабрыдзень“ скажуць, дарогу распытаюць. Да людзей, да іх работы прызіраюцца, але, пакуль што, нічога новага ня бачаць: людзі, як людзі, усё такія, як Панас з Тарасам. Ведама, — свая старонка!

Днём едуць, ноччу папасуюцца. Прылучацца дзе да вясковых начлежнікаў, распрагуць сваіх конікаў, пусьцясць іх на выган, а самі пагаманяць з людзьмі каля вогнішча, крыху пасьпяць ды адпачынуць і са ўсходам соняйка зноў у дарогу вырушаць.

Да Берасьця нічога новага ня ўбачылі Панас з Тарасам: усё людзі, як людзі, — і гавораць аднолькава.

— А ведаеш, Тарас, пэўна махлююць старыя людзі, што ёсьць на сьвеце народ мазурэ? — кажа Панас.

— Чаму? — пытаецца Тарас.

— А таму, што ось мы столькі ўжо праехалі, а нікога і нічога новага яшчэ ня ўбачылі: ўсё наш брат і нашая гаворка. Ці не вярнуцца нам ужо да хаты? Бо гэтак і ўвесь сьвет аб‘езьдзіш, а навасьцей дамоў ня прывязеш і сам розуму не набярэшся.

— Пачакай, Панас, я чуў, што гэтыя самыя мазурэ што родзяцца сьляпымі жывуць за Берасьцям, а тут ужо, кажуць, ня шмат засталося. Яны — тыя-ж самыя паляке, бо жывуць у Польшчы. Гаворка іх таксама польская, толькі надта ўсе яны шапечуць, і калі хутка залапоча ды зашапеча мазур, а асабліва мазурыха, дык пакуль не обслухаешся, то трудна і зразумець, што яны гавораць. Вечная памяць, мой бацька нябожчык казаў, што мазур не адважыцца назваць сябе паляком да тых час, пакуль не пачне адзяваць нагавіц. А хлапцэ ходзяць У іх без нагавіц аж да тэй пары, пакуль не спатрэбіцца ісьці ў сватэ або ў войска, бо да тых час дзяцюк ўсё яшчэ лічыцца блазнам. Не дарам-жа ў нас кажуць „мазур-безпарточнік“. А як ужо мазур улезя ў нагавіцы ды ўсадзіць ў капялюш пяро з пятушынага хваста, дык тады ўжо, хоць і босы, але ходзіць галаву задраўшы. А як яны дзіўна вучацца нагавіцы адзяваць! Але я табе аб гэтым цяпер не скажу, бо табе усё скажы, дык і ехаць далей не захочаш. Пэўна ўбачым гэта ўласнымі вачыма.

Зацікавіўся Панас і дамоў зьвяртацца раздумаўся.

Едуць далей. Прыехалі ў Берасьце. Прыгожы горад! Спадабаўся Панасу й Тарасу. Знайшлі, што нат лепшы за Пінск.

Быў якраз кірмашны дзень. Пайшлі яны на рынак. Ходзяць, да тавару, да людзей прыглядаюцца, да іх гутаркі прыслухаюцца.

— Тарас, а Тарас! Хадзі хутчэй сюды! Паслухай, як гавора вун тая баба, што сыры на возе прадае: здаецца, — не па-нашаму. Падыйшлі, — слухаюць. Пытаюцца, па чым сыры.

— По цтэры злоты і цьверць з вагі ззуцам! — хуценька адрэзала баба.

— Ты зразумеў Тарас?

— Не! А ты, Панас?

— І я нічога не зразумеў! Калі яна надта хутка забалбатала ды яшчэ нейкая шапятлівая.

— Ну, дык гэта — пэўна мазурыха. А што? Я казаў табе, што варта ехаць далей!

— Ну, дык ідзем яшчэ прыслухацца, — кажа Панас. Ідуць, прызіраюцца і да мовы прыслухаюцца.

— Панас! Хутчэй, хутчэй глядзі, як вун той чалавек на кані паехаў!

— Дзе? які?

— Вун, недалёка ад студні!

Панас, як убачыў, дык аж мала не пакаціўся са сьмеху! На кані сядзеў сярэдніх гадоў чалавек тварам да заду і, абаручкі трымаючыся за хвост, каб не зваліцца, ўсё глядзіць у той бок, адкуль едзя, а другі чалавек вядзе каня за вобруць.

— Во, праўду-ткі кажуць: „Што край, то звычай“. У нас гэтак конна ня езьдзяць. Хадзем, Панас, паўзіраемся, што далей будуць рабіць гэтыя людзі з канём!

Падвёў чалавек каня да студні, наліў у карыта вады, — поіць, а той, што на кані, вокам ня міргне, ні на кога ня гляне і сядзіць, як слуп, утаропіўшыся на вазэ, ад якіх ехаў.

Хочацца Панасу з Тарасам распытацца, што знача гэтае зьявішча, але разам і брыдка ім паказацца сярод чужых людзей нічога ня ведаючымі.

Аж на шчасьце убачілі знаёмага жаўнера з іх вёскі, які служыў У Берасьцейскай крэпасьці. Вельмі абрадаваліся, што спаткалі свайго чалавека, і зараз-жа пытаюцца:

— Скажы, Арцемка, чаму гэты чалавек сядзіць на кані да хваста тварам і ўсё недзе углядаецца, нат вокам ня міргне?

— А гэта, бачыце, мазурэ, як прыедуць у Берасьце на кірмаш, дык, каб не адлучыцца ад сваіх і ня згубіць воза на рынку, вядуць удвох паіць каня. Пакуль адзін вядзе каня і поіць яго, другі ось сядзіць на ім і ўвесь час сочыць за сваім возам, каб ня спусьціць яго з вока і каб потым ня шукаць. Але гэта што? Вось вы ўбачыце яшчэ цікавейшыя рэчы.

— Тарас, Тарас! Глядзі, на што гэтыя людзі, вун ідучы, усё клубкі размотвуюць?

— Дзе? Пакажы!

— Вун, у аднаго чалавека клубок ніцей у руках, там ось другі размотвуе, ідучы ў краму, а ось баба распускае за сабою ніці… Арцемка, што гэта яны робяць?

— А гэта — таксама мазурэ. Яны ў Берасьце бяз клубка ніцей ніколі ня едуць. Бо, калі трэба ім адыйсьціся каму-небудзь ад свайго воза, дык, каб папасьці зноў на тоя мейсца, — распускаюць за сабой ніці, а потым, ідучы назад, зноў змотвуюць іх у клубке.

— То хіба яны надта далёка жывуць ад Берасьця, калі гэты горад ім гэтакі не знаёмы?

— Не! Жывуць яны бліжэй, чым адгэтуль наша вёска, але яны ўсе надта нейкія блуклівыя. Часта здарваецца, што мазур ва ўласных палетках заблукаецца.

— Брэшаш, Арцем! Як-жа можна ня ведаць сваіх палеткаў?

— Я сам быў сьведкаю гэтага здарэньня!

— Ну, раскажы, як гэта было?

— Былі мы ось у мазурскай старане на манеўрах і стаялі ў аднэй вёсцы. Дык адзін гаспадар, у якога я быў на кватэры, паехаў у поля гараць. Але ня трапіў на сваю ніву, ды загароў суседнюю. Назаўтрае папаў якраз на сваё поля. Глядзіць і дзівіцца… Што за ліха? Учора гараў, а сяньня ужо травою зарасло? Ну, але раз гараў, то трэба і засеяць. Так і засеяў мазур ня горатую ніву! Або ось у нашай батарэі служаць два мазурэ, дык жыватэ мы з іх панадрывалі: што дзень, то ўсё сьвежую штуку яны выкінуць. Служаць яны тут ужо з паўгода, а адзін з іх і да гэтага часу ня можа ніяк знайсьці свайго ложка, як трэба спаць лажыцца: заўсёды на чужым умосьціцца, пакуль яго не завядуць і не пакажуць яго мейсца. А наранкі, як схопіцца, дык заўсёды то чужыя боты абуе, то нагавіцы або мундзер чужы адзеня, або ў чужую скрынку залезя, шукае ў ёй сваіх рэчаў і лаецца, калі не знайходзіць. І сьмех, і бяда з ім! А другі, — дык праз доўгі час ніяк ня мог запамятаць, дзе ў яго правая і дзе левая нага. Калі яму кажуць пачынаць ісьці з левай нагі, — ён ступае праваю і наадварот, — дзе трэба ступіць праваю, — ён суне леваю. Нарэшце, каб ён мог адрожніць, ўзялі ды прывязалі да левае нагі сена, а да правае — салому, і ў часе машыроўкі, заміж каманды „левай! правай!“, гаварылі яму „сена! — салома! сена! — салома!“ І сьмех, і бяда! Але праз месяц для таго-ж ужо добра ведаў ён, дзе правая і дзе левая нага.

Зацікавіліся Панас і Тарас мазурамі.

— А што? Я казаў табе, што трэба ехаць далей! — упякнуў Тарас Панаса.

— Твая праўда, Тарас! Ну, дык, цяпер ужо едзьмо далей, паглядзімо на гэтых мазуроў…

З радасьці, што сустрэліся са сваім чалавекам, Панас і Тарас, згодна прыказцы, што „добры гаспадар ня толькі ў жываце, а нат у ботах вады ня любіць“, пачаставаліся з Арцемам квартаю гарэлкі, добра папалудналі, распыталіся дарогу і паехалі далей.

Едуць яны, едуць, між сабою гутараць. Піпачкі пакурваюць. Конікі патрухваюць.

Праз лясэ, пале праязджаюць, мяйсцовасьць аглядаюць. Цікавяцца, як людзі поля абрабляюць, чым гаруць, чым засяваюць.

Едуць дзень, едуць другі, — усё тыя-ж людзі, тыя-ж самыя звычаі.

— Што за ліха? Дзе-ж тыя мазурэ жывуць? — пачаў зноў непакоіцца Панас.

— Не пары гарачкі! — адказвае Тарас, — цяпер пэўна ужо недалёка…

— Глядзі, глядзі, Тарас! Што гэты чалавек вун робіць?

— Ну, што-ж?… Гарэ!

— Гарэ то ён гарэ, але здаецца, — ні канём, ні валом.

— А кім-жа ён гарэ?

— Здалёк не разабраць, — едзьмо хутчэй!

Падагналі конікаў, пад‘язджаюць бліжэй.

Праўда, — чалавек гарэ, але саху цягне баба.

— А што? Праўда-ткі, што мазурэ на бабах поля гаруць!

— Ну, цяпер і я паверыў, — кажа Панас.

— Чалавеча добры! Што робіш? — пытаюцца.

— Гару! — кажа той.

— А дзе-ж твае валэ?

— На што валэ? Пры чым яны тут? Яны ось на пашы!

— Дык на тое-ж яны й валэ, каб на іх гараць!

— Што вы, людцэ? Яны-ж ня будуць ведаць у які бок цягнуць!

— Нічога! Мы табе ось пакажам, як гэта робіцца.

Панас і Тарас зараз-жа зьлезьлі з воза, распрануліся, зрабілілі на хуткую руку сякое-такое ярмо, злавілі пару добрых валоў, упраглі. Адзін на першы пачатак правёў валэ, а другі сахою кіруе. Пайшла работа, як належыць! Вылупілі мазур з мазурыхаю бакулы і толькі дзівяцца! Што гэта за людзі такія, што й жывёлі чалавечы розум могуць надаць?…

Якбачыш з паўганоў нагаралі, а потым кажуць мазуру:

— Ну, цяпер ты сам гары!

Узяўся мазур за саху, падагнаў валоў, — саха проста піша!

Ненадзякуецца мазур, а яшчэ больш яго баба!

— Ну едзьмо далей, Тарас! І добрую справу зрабілі, і конікі нашы адпачылі!

Селі, паехалі.

Едуць сабе, едуць, між сабою гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.

Прыехалі да вёскі.

У канцы яе, каля збажовага магазыну, бачаць, — стаіць грамада людзей, і два чалавекі трымаюцца абедзьвімі рукамі як-бы за прарэх мяшка, быццам рыхтуюцца насыпаць у яго збожжа.

— Людзі, пэўна, збожжа пазычаць прыйшлі, — кажа Тарас.

Пад‘язджаюць бліжэй, глядзяць, — аж гэта не мяшок, а нагавіцы.

— Глядзі, Тарас, дык тут пэўна ў нагавіцы збожжа насыпаюць!

— Пачакай, што далей будзе? — кажа Тарас.

Прыстакнулі, „дабрыдзень“ сказалі і прыглядаюцца.

Бачаць, аж на страху магазыну палез малады дзяцюк, шчарэпіўся на самы хрыбет, прымітыкаваўся насупраць нагавіц і раптам калі пабяжыць са страхі ды — гоц! на зямлю, аж вякнуў.

— Не патрапіў! — крычаць мазурэ, рагочучы.

Зноў палез дзяцюк на страху, прымітыкаваўся, — гоц! на зямлю.

— Ня туды! — крычаць зноў мазурэ.

Палез яшчэ дзяцюк на страху…

— Што гэта вы робіце тут, людцэ? — пытаецца Панас.

— А гэта ось мы вучым дзяцюка нагавіцы адзяваць, — кажуць мазурэ, — бо вечарам, бачыце, ў сватэ пойдзе.

— Гэ, да гэта можна хутчэй зрабіць! — кажа Панас, — дайця сюды нагавіцы! Я пакажу, як іх адзяваюць.

Узяў нагавіцы — шмыг! шмыг! у адну калошыну, ў другую, падперазаў паясом — і гатова справа! Дзівяцца мазурэ і пытаюцца: „Адкуль вы, людзі?“

— А, — адгэтуль ня відаць. Ну, а цяпер няхай гэты дзяцюк сам спрабуе гэтак зрабіць!

Дзяцюк зьлез са страхі, адзеў звычайным спосабам нагавіцы, ўглядаецца на іх, сьмяецца з радасьці, рукавом пот з лыба выцірае, цешыцца й зухуе, што ўлезшы ў нагавіцы сталым паляком зрабіўся.

Не надзякуюцца мазурэ, што даведаліся спосабу нагавіцы адзяваць!

— Ну, ось і зноў добрую справу зрабілі, а тым часам і нашы конікі адпачылі, едзьмо далей, — кажа задаволяны Панас.

Селі, паехалі.

Едуць, усё едуць, між сабою гутараць, Свае люлячкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць, а іх конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць…

Прыязджаюць у вёску.

Бачаць, аж мужыке цягнуць карову на страху за рогі, а бабы ззаду падпіхаюць.

Зацікавіліся Панас з Тарасам! Прыстакнулі, „дабрыдзень“ сказалі, ўзіраюцца.

А карова, аж раве, ўпінаецца: ня хоча на страху лезьці!

— Што робіце, людцэ? — пытаецца Панас.

— А ці-ж ня бачыш? Карову на пашу жанямо! — адказваюць мазурэ.

На страсе, праўда, была добрая трава.

— Пачакайце, людцэ, гэта інакш робіцца! — кажа Тарас, — дайце толькі сюды касу!

Прынясьлі мазурэ касу.

Тарас зараз намянціў яе, ўзьлез на страху, — шась! — шась! — шась! — скасіў усю траву, скінуў на зямлю і даў корові.

Дзівяцца мазурэ, не надзякуюцца! Пытаюцца зкуль гэткія разумныя людзі?

— А зтуль, дзе нас цяпер ужо няма! — адказаў Панас.

— А ці далёка гэта будзе ад нас?

— А мы якраз з таго мейсца, дзе соняйка ўсходзіць!

— А-а-а!.. калі так, то вы — нашыя блізкія суседзі, бо ў нас сонца во за гэтым лесам ўсходзіць!

Абрадаваліся мазурэ „блізкім суседзям“, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, аб сабе расказалі.

Рады Панас з Тарасам! І дабро робяць, і ад людзей павагу й падзяку маюць!

— Едзьмо далей, Тарас!

Селі, паехалі.

Едуць усё, едуць, між сабою гутараць, Свае піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць, Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.

Уехалі ў вёску.

Бачаць, — усе хаты без вакон. А з аднэй хаты і старыя і малыя з рожнымі начыньнямі, — хто з рашатом, хто з вядром, хто з дайніцаю, хто з цабэркам, хто з дзяжой, або проста з векам ад яе, — выбягуць на вуліцу, зачэрпаюць паветра, нібы ваду, прыкрыюць радном і зноў бягуць у хату, і гэтак усё бегаюць і бегаюць, быццам на пажары.

Зацікавіліся Панас з Тарасам!

Прыстакнулі, „дабрыдзень“ сказалі й пытаюцца!

— Што гэта вы, людзі добрыя, робіце?

— А хіба-ж ня бачыце? Сонца ў хату носім!

— Слухай, Панас! Гэта-ж надта добрая рэч мець сонца ў хаці! Пойдзям паглядзімо, ці многа ужо нанасілі гэтыя людзі сонца і ў якім мейсцы яны прычапілі яго, каб сьвяціла.

Увайшлі ў хату, „дабрыдзень“ сказалі. Ім хтосьці адказаў, а хто — і ня бачаць: так цёмна ў хаці.

— Дзе-ж вашае сонца? — пытаюцца.

— А яшчэ не нанасілі, — кажа мазурыха.

— А ці доўга-ж прыдзецца насіць?

— А цэлы дзень, пакуль аж сцямнее.

— Ну, а потым што вы робіце?

— А потым спаць лажымося.

— Э-э-э!… Дык гэта інакш робяць: у нас ня носяць, а ловяць сонца. І адзін раз як зловяць, дык тады ўжо ніколі яно з хаты не ўцякае!

— Ну, пакажэце-ж, людцэ добрыя, як гэта зрабіць? — просяць мазурэ.

— Ну, дык дайце сюды пілу і дзьве сякеры!

Прынясьлі мазурэ пілу і дзьве сякеры.

Панас з Тарасам зараз распрануліся, — гак!-гак!-гак! — прасеклі дзіру ў сьцяне, ўсадзілі ў гэтую дзіру пілу, — шагэр!-шагэр!-шагэр! — прарэзалі акно і ўпусцілі ў хату сонца. Потым якбачыш выразалі другое, трэйцяе акно, — і ў хаці стала відно, як на дварэ, а мазурэ, не надзякуюцца.

— Зкуль вы, людзі добрыя? — пытаюцца.

А якраз з таго мейсца, дзе неба з зямлёю сходзіцца!

— Э!.. Да гэта-ж — зусім блізкія суседзі, бо неба сходіцца з зямлёю вось за гэтай гарою.

Зараз хамянуліся частаваць добрых людзей, „блізкіх суседзяў“. Прыняслі гарэлкі, масла, сыру. Панас і Тарас п‘юць, ядуць, пра іх жыцьцё распытваюць, аб сваім расказваюць. Конікі іх таксама адпачываюць, мазуровым аўсом частуюцца.

— За чаркай ды за гутаркай не заўважылі, як і вечар надыйшоў.

Просяць мазурэ Панаса з Тарасам начаваць у іх.

Упадабаліся ім „суседзі блізкія“, людзі добрыя, што сонца назаўсёды ў хату залучылі!

А Панас з Тарасам толькі й чакалі гэтага: цікавіў іх сямейны лад мазуроў.

Паляглі яны на лавах, — быццам сьпяць, а самі адным вокам сочаць за тым, што робіцца ў мазуровай хаці,

Бачаць, — напаліла мазурыха печ, нагрэла саганоў з пяць вады, выліла яе ў цэбар. Потым выграбла з печы жар і кажа свайму гаспадару:

— Ну, лезь парыцца!

Скінуў гаспадар з сябе сарочку й палез у печ,

Па нейкім часе вылез мазур з печы, апалакаўся ў цэбры, адзеўся і палез на печ.

А мазурыха палезла ў печ.

Старэйшы сын прычыніў яе засланкаю і сам пачаў раздзявацца.

Падыйшоў да печы, кліча матку, а яна не адзываецца. Адчыніў засланку ды як закрычыць: „Ратуйце, людзі! матка скапэрсьцілася!“

Панас з Тарасам скочылі з лаваў, выцяглі за валасэ бабу з печы, адлілі яе вадою ды й кажуць: „Ну, гэтак людзі ня парацца“.

А як-жа? — пытаюцца мазурэ.

— Ось заўтра мы пакажам, а сяньня сьпеця ўжо.

Назаўтрае, чуць золак, ўсталі Панас з Тарасам, збудзілі гаспадара, пайшлі ў старую хату, злажылі там камянку, прыладзілі палок. Нацеплілі лазьню, нанасілі бочку вады, нагрэлі яе камянямі, навязалі бярозавых венічкаў і давай самі парыцца.

Глядзяць мазурэ і дзівяцца. А потым самі давай гэтак рабіць. Упадабалася мазуром лазьня! Не надзякуюцца яны добрым людзям, „блізкім суседзям“.

— Ну, Тарас, наша падарожа, як я бачу, што раз ўсе цікавейшая, што раз, то ўсё лепш нам паводзіцца. Едзьмо далей!

Селі, паехалі.

Едуць, сабе едуць, між сабой сьмяюцца, гутараць. Свае піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.

Прыязджаюць зноў у вёску. А быў якраз сьвяточны дзень.

Бачаць, аж з аднэй хаты людзі ўсё бегаюць то у сьвіран, то са сьвірну назад у хату: і усё — па чародзе, пачынаючы з гаспадара і канчаючы самым наймалодшым. Сноўдаюцца сюды й туды, быццам мурашкі ў мурашніку.

Прыстакнулі Панас з Тарасам, узіраюцца.

Бачаць, што кожды бяжыць у сьвіран і назад у хату з шылам у руцэ.

Зацікавіліся падарожныя.

— Што вы робіце, людцэ добрыя? — пытаюцца яны ў гаспадыні.

— А ці-ж ня ведаеце? Аладкі з мёдам ямо!

— Ну, то чаго вы бегаеце, калі аладкі ясьце? Сеў каля стала, — і еш сабе!

— А як-жа сядзець, калі аладкі ў хаці, а мёд у сьвірні? — Ну, а дзеля чаго ў цябе шыла ў руцэ?

— А гэта мы на шылі мёд са сьвірну носім.

— Ну, гэта інакш робіцца! Хочаця, — пакажам?

— Добра, пакажэця! — згадзіліся мазурэ.

— Зараз Панас і Тарас прынясьлі са сьвірну ражачку з мёдам, паставілі на стол, селі і паказваюць, як трэба аладкі з мёдам есьці.

Наглядзеліся мазурэ і самі пачалі гэтак рабіць. Ядуць, хваляць, што смашна, і ня могуць надзівіцца, да чаго на сьвеце ёсьць людзі хітрыя.

Наеліся Панас і Тарас за сваю навуку аладак з мёдам. Атрымалі ад мазуроў гору падзяк і паехалі далей.

Едуць яны, едуць, між сабой жартуюць і сьмяюцца, аб тым, што бачылі, гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — трухаюць.

Праз лясэ, пале праязджаюць, з прыгорка на прыгорак перавальваюцца. На выганах начлегуюць, сваіх конікаў папасваюць.

— Тарас, а Тарас!

— Што, куме Панас?

— Ось колькі часу мы ўжо едзем, колькі ўсяго ужо нагледзяліся, а дагэтуль яшчэ не праканаліся ў блуклівасьці мазуроў.

— Я і сам ужо аб гэтым думаю, Панас.

І толькі сказаў гэта Тарас, як узяў зараз-жа завярнуў коні назад, быццам раптам здумаў да хаты варочацца. Але спыніў коні і далей ня едзе.

А было гэта ўжо на захадзе сонца.

— Што ты замануў, Тарас? Няўжо да хаты здумаў варочацца?

— Пачакай, Панас! Будзеш многа ведаць, — хутка старым станеш.

Стаяць сярод дарогі, азіраюцца.

Бачаць, — з лесу выязджае цэлы абоз мазуроў.

Пад‘ехалі мазурэ да нашых падарожных і пытаюцца:

— Куды едзеце, людцэ?

— У Берасьце! — адказвае Тарас, — а вас куды Бог нясе?

— Таксама ў Берасьце. А ці ня ведаеце, колькі вярстоў засталося яшчэ ехаць?

— А вярстоў дваццаць можа будзе. А ці здалёк, людзі добрыя?

— О, здалёк: ось з-за гэтага лесу! А вы зкуль?

— Мы якраз з таго мейсца, дзе сонца зайходзіць.

— Дык, знацца, вы — блізкія суседзі, бо ў нас сонейка зайходзіць ось за гэтым прыгорачкам! Ну, а чаго-ж вы стаіце, чаму ня едзеце?

— Мы ось думаем — кажа Тарас, — што не варта нанач у горад ехаць: і коняй няма дзе папасьвіць, і за начлег трэба плаціць. А тут ось добры выган, травы колькі хочаш, і лес блізка, — давайце разам заначуям тут: у грамадзе весялей будзе. А заўтра разам паедзям.

— Праўду кажаш, чалавеча! — згадзіліся мазурэ.

Зьехалі на выган, распраглі коні і пусьцілі іх на пашу. Самі нанасілі дроў, разгнецілі вогнішча, павячэралі кожды са свае торбачкі, пагутарылі і ляглі спаць.

Мазурэ зараз-жа і захраплі, як пшаніцу прадаўшы, хоць пшаніца яшчэ была ў мяшкох на вазох.

Ня сьпяць толькі Панас і Тарас: аднаго карціць выканаць сваю думку, а другога надта цікавіць гэты сакрэт.

А мазурэ храпуць, аж захлынаюцца і, пэўна, ужо па трэйцяму сну трызьняць,

Ось Тарас раптам падняўся.

— Ну, пойдзям, Панас!

— Куды?

— От, — ідзі, калі кажу!

Падыйшлі да вазоў.

— Варочай усе вазэ аглаблямі назад!

Паперакручвалі усе вазы назад і пайшлі спаць.

Назаўтрае, яшчэ да ўсходу сонца, усе схапіліся, палавілі коні, запраглі і паехалі.

Едуць сабе, едуць, з мазурамі гутараць, аба ўсім распытваюць. Пад‘язджаюць да вёскі.

— Што, мо гэта ўжо Берасьце? — пытаюцца мазурэ ў нашых падарожных.

— Так, Берасьце, — кажа Тарас, — а самога аж разрывае ад стрымліванага сьмеху.

— Але-ж — зусім, як наша вёска! — абрадаваліся мзазурэ.

— Глядзеця! — паказвае адзін мазур, — вун тая жанчына, што нясе ваду, як дзьве кроплі вады падобна да мае Магды!

— Праўда! — кажуць мазурэ.

А Панас і Тарас аж жыватэ падціснулі паясамі, каб ня трэснуць ад стрымліванага сьмеху.

— Глядзеця, людцэ, дык тут і каравэ саўсім, як нашы! — дзівяцца мазурэ, гледзячы на стада, што ішло з поля.

Уязджаюць у вёску. Коні давай цягнуць вазэ кожды на свой панадворак!

Насустрач кірмашнікаў павыбягалі з хатаў мазурыхі. Пытаюцца у мужыкоў, чаму не прадалі пшаніцы.

А тыя стаяць, праціраюць вочы і толькі думаюць імі.

А некаторыя мужыке пачалі сварыцца з жанкамі. Адны кажуць, што прыехалі ў Берасьце, а жанке пераконваюць іх, — што дамоў.

А Панас з Тарасам падагналі конікаў ды й паехалі сабе далей.

Ад‘ехаліся за сяло, у волю нарагаталіся.

А што, заўсёды слухай мяне, Панас! — кажа Тарас.

— Ну й мудры народ гэтыя мазурэ! Едзьмо, браток, далей, бо кажуць людзі, што „чым далей у лес, тым больш дроў“.

Едуць яны, едуць, між сабой жартуюць, Гутараць. Піпачкі свае — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-тртх!-трух! — трухаюць.

Уязджаюць зноў ў вёску.

Бачаць, — будуюць мазурэ новую хату.

— О, гэта цікава паглядзець! — кажа Панас.

Пад‘ехалі блізка, прыстакнулі, „памажы божа“ сказалі.

А мазурэ якраз у гэты самы час, пабраўшыся па чалавек дзесяць за вяроўкі, прывязаныя за адзін і другі канец да прыгатаванай і ўжо як мае быць абчэсанай бэлькі, цягнуць адны да сябе, а другія да сабе, аж вочы на лоб у іх выпірае.

— Што робіце, людзі добрыя? — пытаецца Тарас.

— А ціск ня бачыце? — бэльку хочам расьцягнуць! Кароткая, бачыце, папалася дзеравіна, а у нас даўжэйшае няма!

Глядзяць Панас з Тарасам, чакаюць, пакуль мазурэ бэльку расьцягнуць.

А яны пацягнуць, пацягнуць, завалакуць на зруб, прымераюць, — кароткая!

Давай зноў цягнуць!

Урэшце змарыліся мазурэ, запацелі, быццам з вады вылезьлі, і бачаць ужо, што не дадуць рады, — ня зробяць бэльку даўжэйшай. Паселі й сумуюць.

— А ось мы ўдвох якбачыш вам гэтую бэльку падоўжым!

— Ну! Хіба жартуеце? Нас ось дваццаць чалавек не далі гэтаму рады, а вы ўжо нешта зробіце?

Панас і Тарас, нічога не адказаўшы, зараз распрануліся, зьмерылі папярочную сьцяну зруба, знайшлі патрэбнай даўжыні ашвалачак дзеравіны, абчасалі, прыладзілі да бэлькі, зьбілі дубовымі цьвякамі, ўдвох зацягнулі, ўлажылі і пытаюцца у мазуроў:

— Ну што, далі рады?

Дзівяцца мазурэ і не надзякуюцца.

— Зкуль вы, людзі добрыя? — пытаюцца.

— А мы адтуль, адкуль хмары на неба падымаюцца!

— Э! Дык вы нат блізкія суседзі, бо ў нас хмары заўсёды з-за гэтага лесу выйходзяць, а туды толькі вярстоў са два будзе!

Запрасілі мазурэ добрых людзей, „блізкіх суседзяў“ у хату, паставілі за працу і добрую раду барышу, частуюць, кормяць, аб сваім жыцьці расказваюць.

П‘юць, ядуць Панас з Тарасам, як добрыя госьці, з мазурамі гутараць, жартуюць. Не заўважылі, як сутуняла.

Астаўляюць іх мазурэ нанач.

Паслалі Панасу на аднэй лаві, Тарасу — на другой. Ляглі падарожныя і сьпяць.

Прачыхаецца Тарас у начы, аж чуе, — мазурыха дзіця нарадзіла.

— Во вязе нам! — думае, — і на баль папалі, і даведаемся, якімі мазурэ родзяцца.

Наранкі Тарас, нічога ня кажучы Панасу, жыў не гарыць, хутчэй угледзіць новараджонага мазура. А папрасіць, каб паказалі, не адважыцца, бо гэта ня згодна са звычаем.

Урэшце, дачакаўся такі Тарас, як усе вышлі з хаты, а парадзіха заснула, адвярнуўшыся да сьцяны.

Падбег гэта ён да ложка, адкрыў дзіця, зірнуў на яго, ды кліча хутчэй Панаса.

Падбег Панас, глядзяць абодвы, — у дзіцяці запраўды вочы заплюшчаны і, быццам, вечкі зросшыся.

Дзіця раптам заплакала.

— Глядзі, нат сьлёзы не цякуць! — кажа Тарас, — і вочкі ўсё заплюшчаны!

У сенях нехта стукнуў, — і Панас з Тарасам хутка адскочыліся ад дзіцяці і, як ні ў чым ня бывала, сядзяць на лаве і монтаюцца каля капшукоў, быццам курыць рыхтуюцца.

— А што? Такі праўду людзі кажуць, — гавора Тарас, выехаўшы з панадворку.

— Аб чым? — пытаецца Панас.

— Ну, а пра тое, што мазурэ сьляпымі родзяцца!

Едуць яны далей, між сабою гутараць, сьмяюцца. Піпачкі свае — пык!-пык!-пык! — папыкваюць. Конікі, іх — трух! трух!-трух! — падтрухваюць. І ім нічога сабе пасьля мазуроўскага аўса;

Пад‘язджаюць нашы падарожнічкі да ракі: конікі піць захацелі.

Разнуздалі. Пояць.

Бачаць, аж да іх пад‘язджае абоз мазуроў, таксама коні паіць.

Напаілі мазурэ коні і згаворваюцца між сабою талакно рабіць.

— Цікава паглядзець, — кажа Панас, — як мазурэ талакно робяць. Заложым тут папаску і пасочым.

— Праўду кажаш, Панас!

Падкінулі конікам сена, самі дасталі з воза сваю лусту, селі, сілкуюцца і да работы мазуроў прыглядаюцца.

Бачаць, — зьнялі мазурэ з воза мяшок мукі і нясуць да ракі.

Зацікавіліся Панас з Тарасам: што далей будзе?

Потым пракапалі мазурэ ў беразе заваню, напусьцілі ў яе вады й насыпалі солі. Памяшалі ваду, пакаштавалі, — ня солана! Яшчэ сыплюць соль, — ня солана, Цэлы мяшок солі ў заваню ўвярнулі і ніяк вады не пасалілі. „Што за ліха?“ дзівяцца мазурэ.

Але, як солі ўжо больш ня было, то рашылі і з недасолам пагадзіцца.

Сыплюць муку. Мяшаюць, — усё рэдкае талакно!

А мука, ведама, з вадой зьбягае.

Цэлы мяшок мукі ў заваню ўгацілі, — а талакно ніяк не загусае. Што за ліха? Рашылі мазурэ, што мука на дно сьселася. А як яе разьмяшаць?

Зараз паклікалі мазурэ хлапчука, прывязалі да яго шыі камень, а да паяса — вяроўку й кажуць: „Лезь у заваню талакно мяшаць!“

Хлапчук быў невялічкі, — і, як чабоўхнуў у заваню, дык і схаваўся з галавою.

Клічуць мазурэ хлапчука, — не адзываецца.

— Во, бэстыя! — кажуць мазурэ, — дапаў да талакна: і нам нічога не пакіне! Пусьці казла ў гарод!..

Шкада Панасу й Тарасу хлапчука, але яны й самі ня пэўны, што ён утапіўся. Хто яго ведае? А мо мазурэ й запраўды пад вадою могуць дыхаць?

І страх іх бярэ, і праканацца хочацца. Глядзяць, што будзе далей.

Паклікалі яшчэ раз мазурэ хлапчука, — не аказваецца.

— Абжорся пэўна талакна, ды вылязьці ня можа, — рашылі яны.

Пацягнулі за вяроўку, — выцягнулі хлапца.

— Бач, як нажорся, аж распух! Ну, няхай пасьпіць тут на беразе, — кажуць мазурэ.

Клічуць яны другога хлапца, прывязваюць да шыі камень, за паяс вяроўку, загадваюць ня есьці ўсяго талакна і спускаюць у заваню.

Не сьцярпелі тут Панас з Тарасам! Праканаліся, што і мазурэ пад вадою жыць ня могуць.

— Пачакайце, людцэ! Што вы робіце? — крычыць на іх Тарас.

— Талакно мяшаем! — адказваюць мазурэ.

— Дык чаму-ж вы ў дзяжы, ці ў якім другім начыньні талакна ня робіце?

Мазурэ сказалі, што ніякага начыньня з сабою ня маюць, а надта хочуць есьці, бо даўно ў дарозі.

— Ну, дык мы вам пакажам, як можна без начыньня талакно зрабіць! — кажа Тарас.

Зараз распрануліся, закасалі рукавэ, папрасілі мукі і парожні мяшок. Зрабілі цеста, вымазалі ім добра з сярэдзіны мяшок, насыпалі туды мукі, разьмяшалі, пасалілі і ў неўзабаўкі далілі для мазуроў дзеля лепшага смаку і маны большую палову талакна з свае дзежкі.

Добрае вышла талакно! Ядуць мазурэ, хваляць, добрым людзям не надзякуюцца, іх розуму не надзівяцца.

Паехалі Панас і Тарас далей.

Едуць яны, едуць, між сабою гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — папыкваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць…

Пад‘язджаюць яны да ракі. Бачаць, — ні мосту, ні броду. Мост, як відаць, раней быў, але навальніцай зьнясло.

Што тут рабіць? Стаяць, сумуюць. Чакаюць, мо хто над‘едзе, ці надойдзе.

Аж на шчасьце йдуць чатэры мазурэ. Добра, — будзе ў каго спытацца, дзе бліжэйшы мост.

Падыйходзяць мазурэ да ракі. Бачаць, — аж ні мосту, ні броду. А ім трэ абавязкова на другі бок перайсьці.

Сумавалі, сумавалі, круціліся каля ракі, круціліся, — ўрэшце, знайшлі на беразе дзеравіну.

Зараз двоя мазуроў селі на тую дзеравіну, таварышэ прывязалі ім да гэтай дзеравіны ногі і папхнулі ад берагу.

Дзеравіна, якбачыш, круць! — і толькі ногі мазуроў тырчаць над вадой.

А таварышэ іх стаяць на беразе і сьмяюцца.

— Бачыш, кажуць, — трасца іх галаве: яшчэ пераехаць не пераехалі, а ўжо ганучы сушаць!

Скочылі Панас з Тарасам ратаваць людзей, але убачылі, што ўжо не дадуць рады. Так і паплылі мазурэ з вадой.

А таварышэ іх стаяць на беразе і ўсё галёкаюць, каб ім хутчэй дзеравіну падавалі. Але не дачакаліся і раззлаваўшыся пайшлі назад.

— Бач, трасца іх галаве! — кажуць, — Во, павер ім другі раз!

На запытаньне Тараса і Панаса ці далёка адтуль другі мост, сказалі, што ня ведаюць.

Стаяць Панас і Тарас каля ракі й думаюць, што далей рабіць.

— Ведаеш што, Тарас? Вярнемся ўжо да хаты!

Пакуль даедзем, — якраз будзе пара касіць!

— Праўду кажаш, Панас, але сяньня ўжо позна, — давай паначлегуем тут!

Адпраглі коні, пусьцілі іх на траву. А самі раздабылі дроў, разлажылі вогнішча. Падпякаюць сабе на ражэнчыках сала, вячэраюць. Павячэраўшы, наадменку паспалі.

Назаўтрае разам з соняйкам у дарогу вырушылі.

Едуць яны, едуць, між собою гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Коні — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.

Праз знаёмыя лясЭ, палеткі й вёскі праязджаюць, з прыгорка на прыгорак падыймаюцца, са знаёмымі людзьмі сустракаюцца. З імі гутараць і расказваюць, дзе былі і што бачылі. За навуку мазурэ ім дзякуюць, да сябе з пашанай заклікаюць, частуюць, кормяць і з добрымі пажаданьнямі выпраўляюць;

Прыязджаюць Панас з Тарасам у тую вёску, дзе яны навучылі цесьляў, як бэльку падоўжыць.

— Ну, невядома скончылі мазурэ хату, ці не? — кажа Панас.

— Ось пабачым…

Пад‘язджаюць бліжэй. Бачаць, — аж мазурходзіць кругом свае новае хаты з запаляным смаляком і ўсё ткае яго над страху.

— Бач, нечысьць! — кажа мазур, — не пасьпеў гаспадар яшчэ і абагрэцца ў хаці, як ён ужо першы свае цянёты параспасьціраў… Згінь, прападзі, нячыстая сіла!

І перажагнаўшы падстрэшша палыхаючым смаляком, мазур уваткнуў яго ў салому.

Ледзь пасьпелі Панас з Тарасам заліць жыгануўшую страху.

А мазур, спалохаўшыся, што хата загарэлася, аслупянеў і толькі вачыма лупае.

— Што гэта ты хацеў зрабіць найлепшае? — пытаецца ў яго Тарас.

— А я — кажа — хацеў абсмаліць толькі тыя ніці, што нячысьцік панаблутваў пад страхой, каб апутваць імі душы людзкія.

— Да гэта-ж — павуценьне! А калі ты яго ужо так баішся, дык дай мятлу, — я пакажу, як ад яго бараніцца.

Прынёс мязур мятлу. Тарас пазьнімаў ёю павуценьне. Мазурэ, якія зьбегліся на гэтае зьявішча, аж ратэ паразьзяўлялі.

— Да чаго кажуць ёсьць хітрыя людзі на сьвеце!…

Разьвіталіся Панас і Тарас з мазурамі і паехалі далей.

Едуць сабе, едуць, між сабой сьмяюцца, гутараць, з розуму людзкога не надзівяцца.

Пад‘язджаюць пад карчму. А час быў ужо позны: пачало сутуняць.

— А ведаеш, Тарас? Паначуймо хоць раз у карчме: тут пэўна людзей сьвежых сустрэнем, па чарцы вып‘ям, разгутарымся, зноў чаго-колечы новага даведаемся…

— Праўду кажаш, Панас!…

Заехалі да жыда ў стадолу, распраглі коні, прывязалі, падкінулі ім сена, а самі пайшлі ў хату.

Падарожных у карчме было многа. І усё адны мазурэ. Сярод іх знайшліся і знаёмыя Панасу й Тарасу.

Зараз прывіталіся, слова за словам, — і разгутарыліся. А каб разьвязяць у мазуроў языке і здабыць прыяцельства, — Панас з Тарасам заказалі кварту гарэлкі. Нарэзалі сала, П‘юць, ядуць, бясёду вядуць. Мазурэ з свайго боку пачалі гарэлку ставіць. Панас і Тарас прапануюць ім закусваць салам, а мазурэ адмаўляюцца.

Мы не кацапы, — кажуць, — свіную скуру есьці.

Мы таксама не кацапы, але сала не зьмяняем на вашу масьлянку.

А мазурэ ў той час якраз паставілі на стол бойку з масьлянкаю і ўсё абмакалі ў яе хлеб.

— То хто-ж вы, калі не кацапы? — пытаюцца мазурэ.

— Мы — паляшуке, бо жывём на Палесьсі. Але нам цікава, чаму вас мазурмі завуць, калі вы ў Польшчы жывяце?

— Мазурэ — гэта ў нас мужыке, як і мы з вамі, а палякамі называюць тых ў нас, што працаваць адвучыліся.

— Цікаўныя рэчы мы ад вас чуям! А вы можа, й ня ведаеце, зкуль вы на сьвеце ўзяліся?

— Для цэго-з не вемы? Нас Пан Буг ствозыл!

— От і ня ведаеце! Бог стварыў толькі першага чалавека, што Адамам называўся. А ўсе людзі, што распладзіліся ад Адама па усей зямлі, атрымалі свае назовы ад тых мяйсцовасьцяў, дзе яны засяліліся, або самі надалі назову той мяйсцовасьці, якою заўладалі. І ось, кожды народ асеў на сваёй зямліцы, сваёй гаспадарцы: Расійцы — ў Расіі, Немцы — ў Нямеччыне, Французы — ў Франціі, Паляке — ў Польшчы, Крывічэ — ў Крывіі. Да Крывічоў і мы належым, але, як наша зямелька вялікая, то, каб адрожніць, хто адкуль паходзіць, дык маем яшчэ асобныя мяйсцовыя назовы. Толькі ось мазурэ жывуць на падсуседзях у Палякоў, — ні то паляке, ні то не паляке: мова шапялявая, вопратка дзіравая, гавораць, як кашы-мазухі ў губу набраўшы, згэтуль — і мазурэ. Калечаны народ! А калі хочаця ведаць, як і калі акалечыліся, то раскажам вам.

— Скажэця, людцэ добрыя! — просяць мазурэ.

— Добра, — кажа Тарас, — дык слухайце-ж ды ня гневайцеся, калі што не спадабаецца. Жыў сабе за Берасьцем адзін паляк ды такі лядашчы і зухвалы, што нікому й дарогі ня ўступаў. Нат усе паляке ад яго адхінуліся, кажучы, што гэта нейкі ўжо надпаляк, От, аднаго разу заступіў гэты паляк дарогу чорту і давай з ім біцца, а чорт калі смальне яму ў зубы, дык яны ў паляка і высыпаліся. Ад гэтага часу пачаў ён шапятаць, і ад яго пайшоў цэлы такі род, бо дзеці перанялі яго шапятлівую мову. Дык от, знача, мазурэ — тыя-ж паляке, толькі што шапятлівыя. Але паляке, памятаючы іх паганага продка, і цяпер на мазуроў ласкі ня маюць, па сьвеце іх разганяюць, па чужых краёх расьпіхаюць і ўсе небасьпечныя кутке мазурамі затыкаюць. Што-ж, няпраўда мо?

— Можа й праўда, — згадзіліся мазурэ, — калі людзі аб гэтым баюць.

Пагутарылі яшчэ аб тым, аб сім, як гэта заўсёды бывае паміж падарожнымі ды яшчэ за чаркаю гарэлкі. Урэшце усе параззуваліся і палягалі спаць.

Назаўтрае, пакуль мазурэ яшчэ спалі, прачнуўся Тарас і будзіць Панаса.

— Панас, Панас! Хутчэй уставай! Будзем сьнеданьне гатаваць.

Панас прахапіўся і думае: „Зноў, пэўна, нейкую штуку прыдумаў мой кум.“

— Ну, Панас! Зьбірай хутчэй усе мазуроўскія хадаке і рэж з іх скваркі, пакуль я агонь распалю.

Распаліў Тарас на прыпяку дровы, паставіў трыножак, нарэзаў на скавараду сала, ўкінуў туды скваркі з мазуроўскіх хадакаў, — пячэ.

Па карчме пайшоў прыемны пах, быццам добрая гаспадыня верашчаку варыць. Сала прабралася да жыдоў у камору і так паказытала ў носе старога законніка Янкеля, што той праз сон аж чхнуў.

А падхартаным мазуром дык пэўна аладкі сьніліся.

Нарэшце, яны сталі прачынацца і, пахлынаючы ў сябе прыемную паветру, пытаюцца:

— Чым гэта так смачна пахне?

А Панас з Тарасам паставілі на стол кварту гарэлкі, смажаніну з хадакоў і клічуць на сьнеданьне усіх мазуроў.

— Ідзеце, — кажуць, — на разьвітаньне пачастуем вас варшаўскімі флякамі.

Уселіся мазурэ за стол. Выпілі па чарцы. Хрумстаюць свае хадаке, аш за вушамі трашчыць! Хваляць Панаса і Тараса, што умеюць так добра флякі гатаваць.

А Панас і Тарас толькі усьміхаюцца. Ядуць сабе сала, а да скварак з хадакоў не дакранаюцца.

— Чаму ж вы, людцэ, самі ня бераце флякаў? — пытаюцца мазурэ.

— Мы ўжо даўно пасьнедалі і ось толькі наўмысьня вас на разьвітаньне пачаставаць захацелі.

— Дзякуем вам, людцэ добрыя! За усё нашае жыцьце ня елі гэткіх смачных рэчаў!

Пасьнедалі мазурэ і, аблізваючыся, ад стала разыйшліся. Рыхтуюцца абувацца. Тыц!-мыц! пад лаўкі, пад стол, — а барсуноў і няма! Што за ліха? Сабакі не брахалі, а хадаке пакралі! Галовы скруцілі іх шукаючы! Прычапіліся да жыда.

— Давай, — крычаць, — нашыя хадаке, а то пэйсы павылупім!

А ад барсуноў толькі аборкі па карчме валяюцца. Мазурэ ўжо згаворваюцца на гэтых аборках жыда вешаць, калі не аддасьць барсуноў, або не заплаціць за іх.

Пашкадавалі Панас і Тарас жыда і прызналіся, дзе барсуны дзеліся.

Зсумеліся мазурэ. Дзівяцца здольнасьці Панаса і Тараса! За хадаке ня злуюць, бо навука грошы каштуе. Але чаго-ж ў гневацца, калі самі спажылі ды яшчэ за чужою чаркаю гарэлкі?

Затоя праканаліся, што за моц мае сала, якога яны ўперад баяліся ўжываць. Абяцаліся нат, заехаўшы дамоў, пасмажыць усе заваляшчыя хадаке, якія дзе толькі знойдуцца.

Ось, з таго, пэўна, часу мазурэ й прывыклі да сала і цяпер нат без хадакоў яго ўжываюць!

Як з добрымі прыяцелямі, разьвіталіся мазурэ з Панасам і Тарасам.

Селі яны і паехалі.

Едуць сабе, едуць, між сабою гутараць. Да роспуку рагочуць, як хадаке прыпамятаюць. вясёлым настроі не заўважылі, як апынуліся ў Берасьці.

— Ну, дзякаваць Богу, сваей старонкай запахла!

Тут яны зноў сустрэліся з Арцемам. Расказалі яму, што чулі й бачылі на белым сьвеце. Выпілі разам кварту гарэлкі, ўзялі ад Арцема ліст да яго бацькоў і паехалі далей.

На Купала яны былі ўжо дома. Якраз да касьбы ўправіліся!

Рады Панас і Тарас, што сваімі вачыма убачылі, да чаго мудрыя людзі на сьвеце жывуць! Ня раз панадрывалі ад сьмеху жыватэ суседзі Панаса і Тараса, слухаючы іх апавяданьні. Ды й цяпер яшчэ, лежачы на печы (бо ужо зусім старыя), апавядаюць яны сваім ўнукам, як мазурэ на сьвеце жывуць і да чаго яны здольны народ.

І мне калісьці, як я быў музыкаю на вясельлі Тарасавага сына, прышлося да сьлёз нарагатацца, слухаючы іх апавяданьні. Цікаўныя і пацешныя рэчы яны расказвалі! Але ўсіх цяпер я не магу прыпамятаць. Дык ось, каб і гэтыя ўрэшце ня вылецелі з галавы, я ўзяў ды й запісаў.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.