Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Паміж кракадзілам і львом
← Бура | Паміж кракадзілам і львом Апавяданьне Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі 1938 год Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785) |
Сустрэча з кітом → |
ПАМІЖ КРАКАДЗІЛАМ І ЛЬВОМ
Калі бура сцішылася, мы паднялі якар і тыдні праз два шчасліва прыплылі на востраў Цэйлон.
Старэйшы сын цэйлонснага губернатара прапанаваў мне пайсці разам з ім на паляванне.
Я згадзіўся з вялікай прыемнасцю. Мы адправіліся ў бліжэйшы лясок. Гарачыня стаяла страшэнная, і я павінен прызнацца, што з непрывычкі вельмі хутка стаміўся.
Але губернатараў сын, дужы малады чалавек, адчуваў сябе на гэтай спякоце добра. Ён жыў на Цэйлоне з дзяцінства.
Цэйлонснага сонца ён не баяўся і бадзёра шагаў па гарачых пясках.
Я адстаў ад яго і неўзабаве заблудзіўся ў гушчары незнаёмага лесу. Іду і чую шолах. Азіраюся: перада мною велізарнейшы леў, які разявіў ляпу і хоча мяне разарваць. Што тут рабіць? Стрэльба мая была набіта дробным шротам, якім не заб‘еш і курапаткі. Я стрэліў, але шрот толькі раздражніў лютага звера, і ён накінуўся на мяне з падвоенай злосцю.
Ад жаху я кінуўся ўцякаць, ведаючы, што гэта дарэмна, што страшыдла адным скачком насцігне мяне і разарве. Але куды я бягу? Проста перада мною разявіў ляпу велізарны кракадзіл; ён гатоў быў праглынуць мяне ў тую-ж хвіліну.
Што рабіць ? Што рабіць?
Ззаду — леў, наперадзе — кракадзіл, з левага боку — возера, з правага — балота аж кішыць ядавітымі змеямі.
Страшэнна перапалоханы, я ўпаў на траву і, заплюшчыўшы вочы, падрыхтаваўся да немінучай пагібелі. І раптам у мяне над галавою нібы штосьці пракацілася і грукнула.
Я расплюшчыў вочы і ўбачыў дзіва, якому быў вельмі
рад: выходзіць, што леў, кінуўшыся на мяне ў той момант, калі я падаў на зямлю, пераляцеў праз мяне і трапіў проста ў кракадзілаву ляпу!Галава аднаго страшыдлы знаходзілася ў горле другога, і абодва напружвалі ўсе сілы, каб вызліцца адзін ад аднаго.
Я ўсхапіўся, дастаў паляўнічы нож і адным ударам адсек галаву льву. К маім нагам звалілася мёртвае цела.
Потым, не трацячы ні хвіліны, я схапіў стрэльбу і прыкладам пачаў забіваць галаву льва яшчэ глыбей у кракадзілаву ляпу, так што той нарэшце такі і зусім задыхнуўся.
Губернатараў сын, вярнуўшыся, павіншаваў мяне з перамогай над двума ляснымі веліканамі.