Прыгоды Мюнхаузена (1938)/1/Шалёная футра
← Воўк навыварат | Шалёная футра Апавяданьне Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі 1938 год Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785) |
Васьміногі заяц → |
ШАЛЁНАЯ ФУТРА
Дарэчы, у маім жыцці былі падзеі і больш страшныя, чым сустрэча з ваўкамі.
Неяк раз у Пецербургу за мною пагнаўся шалёны сабака.
Я кінуўся ад яго наўцёкі.
Але на плячах у мяне была цяжкая футра, якая перашкаджала бегчы.
Я скінуў яе набягу, ускочыў у дом і зачыніў за сабою дзверы. Футра так і асталася на вуліцы.
Шалёны сабака накінуўся на футру і пачаў кусаць яе са злосцю. Мой слуга выбег з дому, падняў футру і павесіў яе ў той шафе, дзе вісела ўсё маё адзенне.
Назаўтра раненька слуга ўбягае ў маю спальню і крычыць спалоханым голасам:
— Уставайце! Уставайце! Ваша футра ашалела!
Я ўсхопліваюся з пасцелі, адчыняю шафу, і што-ж я бачу!? Усё маё адзенне парвана на шматочкі!
Слуга казаў праўду: мая бедная футра ашалела, бо ўчора яе пакусаў шалёны сабака.
Футра са злосцю накінулася на мой новы мундзір, і парвала яго ўшчэнт.
Я схапіў пісталет і стрэліў.
Шалёная футра ў момант заціхла. Тады я загадаў маім людзям звязаць яе і павесіць у асобнай шафе.
З таго часу яна ўжо нікога не кусала, і я надзяваў яе без ніякага страху.