Прыгоды Мюнхаузена (1938)/1/Верхам на ядры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поўканя Верхам на ядры
Апавяданьне
Аўтар: Готфрыд Аўгуст Бюргер, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
За валасы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕРХАМ НА ЯДРЫ

Між іншым, у час вайны мне даводзілася ездзіць верхам не толькі на конях, але і на гарматных ядрах.

Было гэта так.

Мы штурмавалі нейкі турэцкі горад, і спатрэбілася нашаму камандзіру даведацца, ці шмат у тым горадзе гармат.

Але ва ўсёй нашай арміі не знайшлося смялякі, які згадзіўся-б непрыкметна прабрацца ў варожы лагер.

Самым адважным аказаўся я.

Я стаў побач з велізарнай гарматай, якая смаліла па турэцкаму гораду, і, калі з гарматы вылецела ядро, я ўскочыў на яго верхам і хвацка паімчаўся наперад. Усе ў адзін голас усклікнулі:

— Брава, брава, барон Мюнхаузен!

Спачатку я ляцеў з прыемнасцю, але калі ў далечыні паказаўся горад нашых ворагаў, мяне ахапілі трывожныя думкі.

— Гм! — сказаў я сабе. — Уляцець то ты, бадай, уляціш, але ці ўдасца табе адтуль выбрацца? Ворагі не будуць цацкацца з табою, яны схопяць цябе, як шпіёна, і павесяць на бліжэйшай вісельні. Не, мілы Мюнхаузен, трэба табе вяртацца, пакуль не позна!

У гэтую хвіліну каля мяне пралятала сустрэчнае ядро, пушчанае туркамі ў наш лагер.

Доўга не думаючы, я перасеў на яго і, як нічога такога і не здарылася, паімчаўся назад.

Канешне, у час палёту я дакладна пералічыў усе турэцкія гарматы і прывёз свайму камандзіру самыя пэўныя весткі аб артылерыі ворага.