Перайсці да зместу

Програма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці (Ластоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Програма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці. Адбітка з часопісу „Наш Край“. Менск, 1926. 17×26 балон 7, ў акладцы. Выданьне Інстытуту беларускае культуры
Крытыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 113-115
А. Шлюбскі. «Крашаніна (набіванка)»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Програма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці. Адбітка з часопісу „Наш Край“. Менск, 1926. 17×26 балон 7, ў акладцы. Выданьне Інстытуту беларускае культуры

Інстытут Беларускае Культуры ў Менску апошнімі часамі выказуе большую рухавасьць, а галоўнае пераходзіць ад паверхнаснай дылетанцкай „колегіяльнай“ трактоўкі крывічанскай беларускай мовы і культуры да грунтоўных досьледаў, а ласьне да зьбіраньня забыткаў мовы, быту і перажыткаў вераньняў з першакрыніц народных. Гэта адзіна правільны шлях. Гэтым шляхам мо Інстытут паправіць тую шкоду нашай мове, якую ён нарабіў выданьнем зборнікаў рожных аўтораў, пад агалоўкам „Беларуская навуковая тэрміналёгія“. Ня ў тым бяда, што гэны зборнікі перапоўнены новатворнымі словамі, гэта неўнікнёна і патрэбна, але ў тым, што новатворныя словы абаперты ня толькі на незнаньні духу крывічанскай мовы, але наагул зьяўляюцца свайго роду абасьпечаючым патэнтам, які засьцерагае іх аўтораў ад падазрэньня ў стычнасьці з якім колечы на сьвеце мовазнаўствам. Каб ня быць голаслоўнымі возьем некалькі прыкладаў з „Беларускай навуковай тэрмінолёгіі“ (выпуск трэці і чацьверты):

Тэкст расійскі. Тэкст беларускі.
Амплітуда колебаній Размах віхняў
Балка Роў
Бурлак Аснач
Весы Шалі
Вращеніе земли Вярчэньне зямлі
Выветриванье Выпятрэньне
Гравій Жвір, жаства
Житель Насельнік
Жрец Каплан, ахвярнік
Полублагородные Паўшляхэтныя
Последовательное Пасьлядовы
Матовые Цьмяныя.

Кали-бы, перш чым выпускаць навуковую тэрміналёгію, аўторы яе зьвярнуліся да селяніна, то ён бы „балку“ назваў ім проста яр, г. зн. углыбленьне ў зямлі каторае размывае ярная, г. зн. веснавая вада.

Бурлакамі ў нас называюць маскалёў-работнікаў; аснач-жа азначае прафэсію работніка, нічога не гаворучы аб яго націянальнай прыналежнасьці. Па маскоўску „оснастить“, а па нашаму аснадзіць які колечы вадаплаў, дык слова аснач азначае работніка які або аснаджае нешта, або працуе пры аснадзе: пры вясьле, пры снасьцях і інш.

Расійскае слова „весы“ перакладаецца на нашу мову вагі. Скалвы, шалі, бязьмен, гэта ўжо назова гатунковая а не іменная.

Выпетрыць можа толькі нешта сакавітае, што мае ў сабе сок. Выпетрыць, слова вельмі цікавае. Карэнь яго пр, пыр, въизпр (ўверх): з гэтага караня выводзяцца словы: пяро, нетапыр, ўпыр, пырхаць, пара, парыць, прэць і петрыць. Петрыць, знача—смажучыся ў сваіх уласных соках, сохнуць на гарачым. Але камень ня мае сокаў, дзеля гэгага ня можа выпетрыць.

Жвір і жарства не адно і тое-ж: жвір, гэта прадукт адмываньня водамі буйнага пяску: жарства прадукт перапаляньня ў агні каменя. Народная імязоўніцтва гэтых двох імён ніколі ня зьмешывае.

Стара і агульна славянскае слова жрэц ня можа быць заступлена лацінскім каплан (kapellanus); „захвярнік“-жа гэта—жэртвеннік, а ня жрэц.

Быў калісь час дыктатуры шляхты ў нас і для апотэозы шляхэцтва, шляхта ўвяла тэрмін „шляхэтны“ ў значэкьні добрародны, высокі, найлепшы, крывічэсны (чэснай крыві). Гэты клясовы тэрмін ў нашу народную селянскую мову за 400 годаў панаваньня шляхты не трапіў, і трэба-ж іроніі лёсу, што пры цяперашняй работніцка-селянскай уладзе навязуецца ён чамусьці ізноў народу ў навуковай тэрміналёгіі…

„Возвышенное“ гэта ўзвышнае, але не ўзноснае, бо ня ўсё што знаходзіцца на ўзвышшы ўзносіць наўзвыш.

„Последовательное“, што ідзе праложаным тропам, па сьлядох. Перакладаць гэтае расійскае слова на нашу мову, словам „пасьлядова“ няможна, бо істнуе слова „пасьлед“. Калі сеюць збожжа, то найдалей адсыпаецца „чало“, а найбліжэй лажыцца „пасьлед“, „пасьледзьдзя“ (мяйсцамі, гэтае-ж, называюць „азадкі“, „азадзьдзя“), Побач з гэтым „пасьледкам“ называюць задак. Калі наш селянін ня хоча пры чужых людзёх ляпнуць брыдкога слова, то ён скажа: „купіў целячы пасьледак“, а не „азадак“, але абодвы словы маюць адно і тое-ж значэньне.

Цьмяны, гэта не матазы, а матавы—не канечне мае быць цьмяным. Цьмяны, выводзіцца ад караня „цемнь“, знача цямнаваты, але можа быць пры гэтым саўсім првідным, а знача не матавым (тусклым),

„Размах віхняў“, „вярчэньне зямлі“, „насельнік“, гэта проста ляпсусы, таму мы і не разьбіраем, шкада часу.

Вышэйпрыведзеныя „новатворы“ далёка не вычэрпуюць няўдатнай моваведнай творчасьці (маюцца побач і некатарыя ўдатныя тэрміны) якую заключаюць у сабе даволі значныя кніжачкі выданыя пад фірмай Інстытуту Беларускае Культуры „Беларуская, навуковая тэрміналёгія“.

Але паправіць шкоду, зробленую беларускай (крыўскай) мове, зьбіраючы матэр’ялы толькі пры помачы анкет, Інстытуту беларускае культуры бадай не ўдасцца, Анкеты—добры сродак да пропаганды і популярызаці якога колечы пытаньня. Народную тэрміналёгію нельга сабраць сеўшы за стол на селянскім сходзе. Бо селянін яе на вызыўкі не памятае, але жывучы з ім з году ў год можна ў яго падслухаць вельмі многа. Ізноў-жа каб падслухаць трэба мець вырабленае вухо, якое-бы ўмела адрожніць сваё ад чужога, занесенага праз чужыя панаваньні, чужую школу, салдатчыну, урэшце колькігодавым фронтам нядаўнай усесьветнай вайны,

Праз анкеты, з чужых і няўмелых запісаў, зьбіралі матэр’ялы ў свой час многія, між імі Баброўскі, Шэйн, Раманаў, Нікіфароўскі і што-ж атрымалася? Мова ў іхніх запісах карыкатурная, якая дае толькі далёкае паняцьце аб жывой крывічанскай (беларускай) мове. Каб рабіць запісы вуснай народнай творчасьці, запісуючаму трэба мець прынамні два варункі: грунтоўнае падгатаваньне філёлёгічнае і грунтоўнае знаньне тэй мовы, творчасьць якой ён запісуе. Словам, анкетнае зьбіраньне забыткаў мовы, асабліва нашай мовы, вымагае вельмі крытычнага адношаньня. Трэба згары быць прыгатаванымі на атрыманьне цэлых ськіртаў пустой паловы з некалькімі здаровымі зярняткамі ў кождай. А што будзе, калі якая-колечы калегія палову прыйме за чыстае зярно, ну, хоцьбы ў інтэрасах адзінства „рускай народнасьці“? Ці ня лепш было-бы замест скорасьпелага анкетнага зьбіраньня, знайсьці людзей адпаведна ўздольненых і ім даручыць гэту працу, вышла-бы вялікая ашчаднасьць на часе і на паперы, а пажытак быў бы значна большы. Тым больш, што ў Менску маюцца такія дасьведчаныя на гэтым полі працаўнікі як Сержпутоўскі і Сербаў.

Зьбіраньне народнай творчасьці—работа трудная для людзей маючых вочы і вушы, то якжа яе можна даручаць людзям сьляпым і глухім ды кождаму, хто з-за куста выскачыць?

В. Ласт.