Не цяпер — яшчэ Мікола
Быў царом, калі Сысой
У Менск прывёз на продаж кола
І жанчыну ўзяў з сабой…
Ён хацеў сваёй Альжбеце
Лад тутэйшы паказаць,
Бо ня здарылась кабеце
За Паперню й кроку даць.
Зразу ім пашанцавала:
На Траецкай, на гары
З возу ўсё і як папала —
Расхапілі гандляры…
Ўзяў Сысой наш поўкватэркі,
Кумпяка кавалак сьпёр
І каня свайго да Бэркі
Пастаяць завёў на двор.
Стуль, узяўшы ў рукі палку,
Што ляжала каля дроў, —
У касьцёл цераз „Брахалку“[1]
Ён кабеціну павёў…
Вышла так у гэты тыдзень,
Як на хату камінар,
Ўжо залез на камень злыдзень —
Аляксандар-гасудар…
Мой Сысой ў вярсьце бяз мілі
Не пазнаў — і жонцы — бразь!
„Вось дык пудала зрабілі,
Каб яго заела гразь!“
Скуль ўзяўся як на тое
Крук, апрануты ў шынэль,
І адразу — хап Сысоя
Кіпцюрамі за каршэль!
Дый крычыць ў абедзьве храпы:
„Што? на катаргу пара?
Як ты сьмееш, сівалапы,
Зьневажаць сваго цара?“
Жонка бачыць, што ня сьмешкі
Посьле будзе — хоць трубі!
І давай прасіць ў плешкі:
„Мой паночак! ня губі!
Бачыш сам — якая справа:
Ён з нямудрай стараны
І ў дадатак, як халява
З бота старага, дурны!
Бо па мне — якое дзела?
Хай-бы каменем ён стаў
І таму-б ў кішках засела,
Хто яго тут збудаваў!
А яго язык — завала! —
Як той хвост у барана,
Колькі раз яму казала:
Не чапай, Сысой, г…а!
|