Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/На ідэолёгічным фронце
← Аб чым пішуць | На ідэолёгічным фронце Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
Аб „фальшы камэртонаў“ → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: На ідэалягічным фронце. |
НА ІДЭОЛЁГІЧНЫМ ФРОНЦЕ
Аб ідэолёгіі навейшай беларускай літаратуры ў нас у свой час вельмі многа спрачаліся, вельмі часта не ўяўляючы сабе, што гэта за зьвер такі. Блыталі і да гэтага часу блытаюць ідэолёгію і зьмест; ствараюць зусім новую клясыфікацыю мастацкіх твораў на ідэолёгічна вытрыманыя і ідэолёгічна нявытрыманыя. Многія даволі сталыя людзі з самым сур‘ёзным выглядам лічылі, што, калі поэта піша пра горад, знача ў яго ідэолёгія пролетарская, — і ў шэраг пролетарскіх поэтаў пападаў Максім Багдановіч.
У зьвязку з гэтым устанавіўся і ў нашых рэдакцыях нейкі няпісаны кодэкс ідэолёгічнага bonton‘а. Гэта зьявішча ня толькі наша, беларускае. У 1925 годзе, калі была прынята рэзолюцыя ЦК РКП аб політыцы партыі ў пытаньнях мастацкай літаратуры, расійскі пісьменьнік Верасаеў пісаў:
„Поэт прыносит редактору задушевное, глубоко-оригинальное свое стихотворение. — Нужно, товарищ, писать на актуальные темы. Посмотрите, например, на героическую борьбу китайского пролетариата, — какая благодарная тема!“[1]. У зьвязку з гэтым утвараліся кадры „пралаз і падхалімаў“, якія пісалі на „благодарные темы“ і якім Варонскі ня мала горкіх радкоў прысьвяціў у сваіх „Литературных записках“. Пра такога Варонскі піша:
„Ходят такие выжиги в звании критиков, рецензентов, ходят они и в звании художника. Такой „художник“ клянется и в стихах и в прозе священным именем коммунизма, хотя всем известно, что от коммунизма его только тошнит. Тиснув статейку, рассказик, стишок, он в минуты откровенности, промежду своих, сознается:
— Приняли и пропечатали, отпустил им полфунта кремля — прошло“.
Адны падыходзілі да пытаньняў ідэолёгіі груба- мэханічна, зводзячы іх да нейкіх тэзісаў па міжнароднаму становішчу; другія карысталіся такою пастаноўкаю пытаньня ў сваіх інтарэсах. І тым і другім шмат дасталася ў „Злых заметках“ Бухарына. У нас на Беларусі гэтае зьявішча не праявілася, бязумоўна ў такіх рэзкіх формах. На вялікі жаль, найбольш праявілася гэта ў некаторых з нашых агульна-прызнаных „аўторытэтнейшых“ крытыкаў, якія, пішучы рэцэнзіі на творы тых ці іншых поэтаў ці пісьменьнікаў, кіруюцца або асабістымі сымпатыямі, або службовым становішчам…
Што-ж датычыцца ідэолёгічнага боку нашай сучаснай мастацкай літаратуры, дык на гэтым пытаньні ня раз скрыжоўваліся шпагі, шмат было праліта атраманту дзеля абаснаваньня ідэолёгіі пролетарскай і непролетарскай, вытрыманай і нявытрыманай таго ці іншага твору.
У канцы канцоў ідэолёгія прадстаўляе сабою суму тых псыхолёгічных процэсаў, якія пісьменьнік перадае ў форме мастацкіх вобразаў. Характар ідэолёгіі вызначаецца характарам вывадаў і падагуленьняў, якія робіць аўтар. Бязумоўна, ня можа быць і спрэчак аб тым, што пісьменьнік выкапвае ўсё гэта з самога сябе. Ідэолёгія поэта вызначаецца ідэолёгіяй тае соцыяльнае групы, з якою зьвязаны ён ці матэрыяльна, ці псыхолёгічна. Мы добра ведаем, што такое мастацтва для мастацтва, чыстае мастацтва. Форма і якасьць усялякае продукцыі, як вядома, вызначаецца попытам, і чалавек, які ў нашы дні падумаў-бы наладзіць выраб лукаў і стрэл, рызыкаваў бы вылецець у трубу ў працягу некалькіх дзён. У мастацкай літаратуры ролю такога вызначаючага форму і якасьць фактару адыгрывае эстэтыка. Эстэтычныя погляды могуць супадаць пераважна ў людзей, займаючых, прымерна, аднолькавае месца ў грамадзе і ў вытворчасьці, а знача — і ў экономічных адносінах дасягаючых аднолькавага ўзроўню. І вось устанаўленьне эстэтычных прынцыпаў масавага чытача мастацкай літаратуры значна дапамагло-б выясьніць цэлы шэраг процэсаў, ідэолёгічных процэсаў, якія адбываюцца і ў творчасьці многіх нашых маладзейшых і старэйшых пісьменьнікаў. У РСФСР ужо практыкуецца, напрыклад, дасьледваньне чытача бібліотэкі. І вось з гэтых дасьледваньняў мы бачым, што найбольшаю папулярнасьцю сярод рабочага чытача карыстаюцца якраз тыя пісьменьнікі, якія найбольш здолелі ўлавіць элемэнты яго псыхолёгіі, аформіць гэтыя элемэнты ў сыстэму пэўнай ідэолёгіі. Сюды адносяцца Горкі, Лібедзінскі, Келерман („Туннель“), Гладкоў („Цемент“) і г. д. Пра творы Есеніна адзываюцца так: „Одна порнография — надоело, всюду, куда ни глянь — одна порнографія“. Гэтыя два факты даюць нам схэматычны малюнак сымпатый рабочага чытача.
Як-жа стаіць справа ў нас?.. Дасьледваньні над чытачом у нас не праводзяцца і таму мы мусім карыстацца расплыўчатымі лічбамі рэалізацыі тыражу кніг. Трэба зазначыць, што ў нас асноўнейшымі спажыўцамі беларускіх кніг (мы маем на ўвазе мастацкую літаратуру) зьяўляюцца вясковыя настаўнікі, актывісты-сяляне, комсамольцы — адным словам, вясковы актыў. Гэта якраз той пласт нашай вёскі, які найбольш зросься з ідэяй нашай рэволюцыі, які найбольш усвайвае ідэі пролетарскае дыктатуры, а разам з гэтым успрыймае найбольш чула элемэнты пролетарскай ідэолёгіі. І вось мы маем факты: найбольш ходкімі кнігамі зьяўляюцца Творы Чарота — сялянскага пісьменьніка, найменш ходкімі ў апошні час — творы Пушчы (таксама нібыта сялянскага пісьменьніка) і цэлай пляяды маладых лірыкаў. У чым тут справа? Усе яны — лірыкі, пераважна, усе пішуць на беларускай мове, уся розьніца паміж імі ў ступені мастацкасьці. Але вось лірык Дубоўка піша высока мастацкія вершы (прынамсі так было), аднак яго кнігі ляжаць мёртвым грузам на базе. Апошняя кніжка яго была рэалізавана проста мэханічным спосабам: закупіла ўстанова каля 70 проц. тыражу і разаслала дармова.
На наш погляд, справа тут заключаецца ў першую чаргу ва ўнутраных асаблівасьцях лірыкі. Лірыка, як мова пачуцьця, найменш мае конкрэтных сувязяй з рачаіснасьцю і адкрывае ў сабе найшырэйшыя магчымасьці для самых рознастайных ідэолёгічных напластаваньняў. У кожным поэце вельмі многа індывідуальнага і нельга вымагаць ад яго, каб ён на ўсе паасобныя зьявы глядзеў вачыма сваёй клясы. Вельмі часта на яго робяць уплыў розныя праслоечныя настроі. Іх тым болей, чым слабей сувязь мастака з яго клясаю. Яскраваю ілюстрацыяй гэтага палажэньня зьяўляецца зноў-жа творчасьць Дубоўкі. То шчыры пачуцьцёвы верш, насычаны пролетарскай ідэолёгіяй, поўны пафосу нашай эпохі, як, „Сястрыца, сінявокая мая“. То „Калініншчына“ — няма сталёвасьці і арфазвоннасьці. Нельга параўнаць паміж сабою такія яго творы, як „Плач навальніцы“ і „Наля“. А наша літаратурная моладзь, якая толькі што апярылася і толькі-толькі пачынае ўздымацца ў прасторы поэзіі, — як можа яна спрачацца нават з нязначнымі павевамі ў сфэры ідэолёгіі. У нас няма сталай, сур‘ёзнай марксыцкай крытыкі, якая-б дапамагала-б гэтай моладзі і, рукою настаўніка, а не адміністратара, накіроўвала-б яе на правільны шлях. Мы разумеем пад правільным шляхам адзіны правільны для беларускай мастацкай літаратуры — гэта шлях будаваньня літаратуры пролетарскай. У нас да гэтага часу не зьвяліся спрэчкі па гэтаму пытаньню. Адны кажуць, што пролетарская літаратура ўжо ёсьць у нас, і ў ліку яе прадстаўнікоў называюць… Пушчу!.. Другія думаюць, што яе няма і ня будзе. Нарэшце, трэцяя думка, найбольш абгрунтаваная, — гэта тая, што беларуская пролетарская літаратура будуецца і ўжо шмат дасягненьняў мае на шляху будаўніцтва. Так, будуецца беларуская пролетарская літаратура, і толькі на шляху гэтага будаўніцтва яна аформляецца і як літаратура, удасканальваючы свае формы, пашыраючы жанры і г. д. Але шмат перашкод мусіць яна перамагчы ў сваім росьце. Ажывае савецкі мешчанін: новы „чумазы“, як вызначае яго Варонскі. Яму таксама нечага хочацца, і яму не да смаку ні „Босыя на вогнішчы“, ні „Карчма“, ні „Безназоўнае“. Яму трэба і палавыя пачуцьці паласкатаць, трэба, каб і сьлязу пусьціць можна было, прачытаўшы што-небудзь, што так нагадуе яму яго спакойнае жыцьцё. Ён робіцца і актыўным, але толькі ў тых выпадках, калі гэта актыўнасьць вымагаецца для здавальненьня яго індывідуальных жаданьняў і імкненьняў, не заўсёды імпануючых інтарэсам колектыву. Есеніншчына — то багамольная, то п‘яная, то пакутная — вось выражэньне настрояў, мова чумазага.
А ў нас бяз гэтага таксама не „абышлося“, дый абыйсьціся не магло. І вось пачынаюцца ў нас узоры пододеяльной поэзіі.
Цалуе асмугла-ласкавыя персі |
Каб яшчэ гэтага шматкроп‘я ў сярэдзіне ня было!.. А так „юны поэта“ ня здолеў стрымаць горачы сваёй мяшчанскай душонкі, што ён „ня быў першым“…
Апрача „фізіолёгіі“ мешчаніну патрэбна яшчэ і „псыхіка“ ў выглядзе здавальненьня сваіх густаў — звычайна гітараю ці грамафонам. Вось і „загітарыла“ ў нас!.. Пашлі гітары „ледзяныя“ і гітары цыганскія. Чуць ня ўсе маладыя поэты ўдарыліся ў лірыку, бяз усякага сумненьня аздабляючы яе словамі і фразамі з Есеніна. Прачытайце вершы Кляшторнага, Звонака, Пушчы, Дубоўкі, Дарожнага — імя ім легіон! Гэта сапраўдныя „есенинские вдовы“. Яны выяўляюць свае пачуцьці — а пачуцьці гэтыя чамусьці вечна мокрыя ад сьлёз ды ад нуды. Онегінская поза, есенінскія сьлёзы — і да ўсяго гэтага восемнаццаць-дзевятнаццаць гадоў за плячыма (непамерны груз!) і граніт навукі ў тэхнікуме ці унівэрсытэце.
„Жыцьцё само па сабе, а мы самі па сабе“…
А што патрэбна нашаму „чумазаму“? Яго і ў стары час асабліва захапляў самы плаксівы з расійскіх поэтаў — Надсон. Там, дзе грамафон і гітара — там заўсёды асноваю хатняй бібліотэкі служылі „Сонник“, „Домашний лечебник“ і абавязкова блакітны з залатым і чорным цісьненьнем томік (спэцыяльнае выданьне!) Надсона.
На вялікі жаль, нашы маладыя поэты пашлі насустрач эстэтычным вымаганьням новага мешчаніна. Устаноўка на істэрычнасьць, поза, непамерная сьлёзатачывасьць — гэта характарныя адзінкі цэлай генэрацыі маладых поэтаў і пісьменьнікаў. Гэта адзнакі ўнутранага заняпаду маладых поэтаў, якім патрэбна яшчэ добрая нянька і якія не адчуваюць ніякай апоры і ніякага кіраўніцтва. Мешчаніну не падабаецца напамінаньне аб рэволюцыі, аб тым, у які час і ў якой краіне ён жыве. Мешчаніну патрэбна найменшая конкрэтнасьць у поэтычных вобразах, каб, расплываючыся ў іх, ён мог знайсьці адпачынак ад дыямэтральна-процілеглага гэтай расплыўчатасьці жыцьця. І маладыя поэты ідуць яму на службу, растрачваюць сваю маладую энэргію на бязьзьместную, бясформеную лірыку, заражаючыся зусім чужою ім ідэолёгіяй.
А крытыка наша, заместа належнай ацэнкі і таварыскай парады, часта агарошвае пачынаючых поэтаў здаравеннымі ўдарамі спляча, ня робячы розьніцы паміж упадачнікам заматорыўшым і пачынаючым поэтам, напаўшым на нядобрую сьцежку. Узяць хаця б прыклад са зборнікам В. Маракова. Першы зборнік маладога поэты: нездаровыя мотывы, надсонаўшчына, есеніншчына — усё тут ёсьць. Але ці можна было адносіцца да гэтага, як да нечага аформленага? І вось, заместа таго, каб чула падыйсьці да зборніка, каб таварыскаю сур‘ёзнаю крытыкай дапамагчы маладому поэту выбрацца з нетраў, у якіх ён пачаў блудзіць, нашы „крытыкі“ накінуліся на хлапца з дружным крыкам, які зьбіў-бы з толку ня толькі Маракова. Калі Бабарэка ў свой час накінуўся на Я. Купалу за „Безназоўнае“, дык гэтым ён Купале нічога зрабіць ня мог. Купала прайшоў ужо значны творчы шлях, каб не паддацца на „скандал“ і аднесьціся крытычна да „крытыкі“. А Маракоў? А Маракова гэткі разбойны напад на першых-жа кроках яго творчасьці аглушыў і яшчэ далей загнаў у тыя-ж нетры, з якіх яго думалі выгнаць сваімі крыкамі „крытыкі“. І ці выберацца ён цяпер з іх? Літаратура — рэч далікатная і кіраваць ёю крыкам нельга. Патрэбны іншыя, больш тонкія і ўдасканаленыя мэтоды.
Мы не баімся цяпер за лёс беларускай літаратуры. Наша гаспадарчае будаўніцтва ў канцы-канцоў дасьць глебу для нормальнага росту пролетарскай літаратуры; у яго процэсе адпадуць і адсеюцца ўсе сучасныя выпадковыя хваравітыя настроі літаратурнага маладняка. Адсеюцца і многія поэты, якія ня здолеюць у свой час выкінуць з сябе тыя расткі мяшчанскай ідэолёгіі, якія папалі ў іх творчасьць, і адкінуць ад сваёй творчасьці тыя ўплывы, якія зараз яшчэ існуюць.
Жыцьцё адкрывае вялікі шлях будаўніцтва для беларускай літаратуры і дае багацейшыя пэрспэктывы. Але пайсьці гэтым шляхам змогуць толькі дужыя, працаздольныя і сьмелыя. Млявым, „нищим духом“ ня ўтрымацца на ім, бо іх скіне напор новых сіл.
Хто слабы — дзяржыся!
25-X — 27 г.
- ↑ „Журналист“, № 8—9 за 1925 г.