Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Гаманіць — галава не баліць
← Літаратурныя сэктанты | Гаманіць — галава не баліць Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
Літаратурнае балота → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гаманіць — галава не баліць. |
ГАМАНІЦЬ — ГАЛАВА НЕ БАЛІЦЬ
У аднэй з нашых папярэдніх заметак нам давялося спыніцца на аднэй вельмі пашыранай у нас катэгорыі людзей. Гутарка ішла пра мяшчан, пра „тутэйшых“, пра тых, хто нацягвае на сябе марксыцкі халат, каб захаваць сваю ідэёвую недалужнасьць, сваё моральнае калецтва ад людзкога вока. Абмежаванасьць месца не дазволіла нам тады ў належнай меры дыфэрэнтаваць катэгорыю „тутэйшых“ па галінах іх выяўленьня, правесьці паасобныя прыклады іх „рукапрыкладзтва“ ў паасобных галінах нашага будаўніцтва. Мы маем на ўвазе сягоньня спыніцца на адным з пахабнейшых выступленьняў такога гатунку ў галіне літаратурнай крытыкі.
Адным з выдатнейшых прадстаўнікоў новага пакаленьня ў беларускай літаратуры зьяўляецца Андрэй Александровіч. За 5—6 гадоў сваёй літаратурнай працы ён здолеў высунуцца ў першыя шэрагі беларускіх пісьменьнікаў. Яго творы перакладзены на украінскую, расійскую, чэскую ды іншыя мовы, на Беларусі карыстаюцца вялікай популярнасьцю і маюць ужо цэлы шэраг пасьлядоўцаў з літаратурнай моладзі. Яго творы прадстаўляюць значную цікавасьць як па мотывах, якія зьяўляюцца зусім новымі ў беларускай літаратуры, так і па форме багатай і ўдасканаленай, хаця поэту ніколі не даводзілася вывучаць пытаньні тэорыі літаратуры ў розных спэцыяльных вучэбных установах.
Усё, што мы адзначылі ў творчасьці А. Александровіча, даволі ўжо ўсім вядома і ўсімі прызнана, так што ў далейшым мы ўжо ня будзем болей на гэтым спыняцца. Але ў апошнім (5) нумары „Узвышша“ зьявіўся пагромны артыкул[1] нейкага К. Кундзіша (вядомага ўжо нам па хуліганскім выступленьні супроць Ц. Гартнага), якіз пенаю каля роту накінуўся на апошні зборнік А. Александровіча „Угрунь“ і, стаўшы ў позу ортодоксальнейшага марксыстага, ушчэнт разматлашыў гэты зборнік.
Калі глядзець на творчасьць Александровіча праз кундзішавы акуляры, дык можна проста дзіву дацца, як гэта такі небясьпечны суб‘ект, як Александровіч, ды вольна гуляе па менскіх вуліцах. Сапраўды, тон, узяты грам. Кундзішам у адносінах да Александровіча, вельмі нагадуе грыбаедаўскае:
Строжайше-б запретил я этим господам |
Каб ня быць галаслоўнымі, мы дазволім сабе прывесьці некаторыя паасобныя палажэньні гэтага грамадзяніна. Узяўшы поэму Александровіча „Дваццаць“, якая вельмі добра малюе нам жыцьцё хлапца з сям‘і гарадзкога саматужніка[2], Кундзіш па ўсіх правілах гэту поэму згвалціў і з гэтага зрабіў вывад, што: 1) Андрэй Александровіч — мешчанін; 2) Андрэй Александровіч — пагромшчык (крымінальная справа! Т. Г.); 3) Андрэй Александровіч — алкоголік і 4) Андрэй Александровіч — мала ня контр-рэволюцыянэр. Усё гэта Кундзіш падмацаваў жывасілкам нацяганымі з поэмы радкамі, а каб надаць сваім вывадам больш соліднасьці і непаграшымасьці, рашыў бліснуць сваім „марксызмам“ і разрадзіўся гэткім пэрлам:
„Той пласт гарадзкое грамады, з якога вышаў Александровіч і які ён зараз адлюстроўвае ў сваёй творчасьці, зьяўляецца міжлеглым паміж пролетарыятам і буржуазіяй, гэта тое, што звычайна завецца мяшчанствам.
Не даводзіцца спрачацца спрачацца з тым, што мяшчанства перад рэволюцыяй сваімі ўнутранымі сымпатыямі і экономічна бліжэй за ўсё прымыкала да буржуазіі. Буржуазія карысталася мяшчанствам, як тэй масай, якой яна магла запаўняць, кітаваць і запаўняла той востры і шырокі разрыў, што ўтварыўся быў (а цяпер няма? Т. Г.) між ёю і пролетарыятам.
У гады грамадзянскае вайны мяшчанства, бязумоўна, выконвала да некаторага стопню контр-рэволюцыйную ролю…“
Прыведзенага адрыўку зусім даволі для таго, каб падставіць пад знак пытаньня ўзровень політычных ведаў гр. Кундзіша. Бедны „крытык“ і ня ведаў нават, што саматужніка-шаўца вельмі і вельмі цяжка прышчапіць да мяшчанства, альбо проста зблытаў соцыяльную групу мяшчанства з мяшчанскім станам у царскі час, да якога належалі тады і рабочыя.
Устаноўка саматужнага крытыка паказвае яшчэ, што ён бадай што зусім ня ведае, што такое мяшчанства наогул, і менскае мяшчанства ў прыватнасьці. Трэба добра ведаць Менск, каб рабіць тыя ці іншыя вывады. А небарака Кундзіш, ня ведаючы ні Менску, ні яго жыхарства, трошкі зблытаў і прыняў за мяшчанства тую групу, якая найменей з гэтым мяшчанствам зьвязана. Які-небудзь пярэсьпенскі сталяр, ці шавец, які ў большасьці і працуе ў чужой майстэрні, які ў большасьці выпадкаў ня мае ніякай уласнасьці, апрача якога-небудзь ката, і які ў царскі час прымаў самы дзейны ўдзел у забастоўках і дэмонстрацыях, — ён меней усяго заслугоўвае быць залічаным у катэгорыю мяшчанства. Далей, вымагаць ад 7—10 гадовага хлопца, які, натуральна, у сілу экономічных прычын, расьце і выхоўваецца без гувэрнантак, бяз сталага нагляду, стопроцантнай клясавай сьвядомасьці — гэта па меншай меры дзіка і недарэчна. І, нарэшце, калі прызнаць нават правату „крытыка“ ў яго вызначэньні соцыяльнага эквіваленту, дык і тут уся яго лінія ідзе ў дыамэтральнай процілегласьці з марксыцкімі поглядамі на мастацкую літаратуру. Пляханаў пісаў так:
„Імкнучыся знайсьці грамадзкі эквівалент данай літаратурнай зьявы, крытыка гэта (матэрыялістычная) здраджвае сваёй уласнай натуры, калі не разумее, што справа ня можа абыйсьціся тым, каб знайсьці гэты эквівалент, і што соцыолёгія павінна не зачыняць дзьверы перад эстэтыкай, а наадварот — адчыняць іх перад ёю. Другім актам вернай сабе матэрыялістычнай крытыкі павінна быць, як гэта было і ў крытыкаў ідэалістых, ацэнка эстэтычных якасьцяй разгляданага твору. Калі-б крытык матэрыяліст адмовіўся-б ад гэткай ацэнкі па тэй прычыне, што ён ужо знайшоў соцыолёгічны эквівалент данага твору, дык гэтым ён толькі выявіў-бы сваё неразуменьне таго пункту погляду, на якім яму хочацца замацавацца“ („За двадцать лет“).
Прачытайце гэты ўрывак, грамадзянін Кундзіш, і, калі можаце яго зразумець, дык навучецеся!. Але нам здаецца, што беларускі чытач меў-бы права патрабаваць ад „крытыкаў“, якіх яму даводзіцца чытаць ва „Узвышшы“, прынамсі большай пісьменнасьці, якой заўсёды вымагала сама організацыя „Узвышша“.
Далей „крытыка“ Кундзіша прымае ўжо зусім гумарыстычны характар. То яму не падабаецца, што бацька поэты пачаў бойку з гарадавым, „пяючы марсэльезу“. Кундзіш карыстаецца выпадкам, каб адчыніць Амэрыку:
„Рэволюцыйнасьць зусім ня ў тым, каб, ушчаўшы бойку з гарадавым, сьпяваць марсэльезу, а ў організаваным выступленьні мас“.
Ды гэта кожны ведае! Але Александровіч ніякай рэволюцыйнасьці тут і ня зьбіраўся паказваць. Мы дазволім сабе прывесьці гэта месца крыху паўней, чымся наважваецца гр. Кундзіш:
Не працуе, працы — нічога, |
Прывядзем яшчэ пару радкоў з папярэдняга разьдзелу, якія мотывуюць гэткія неэтычныя з пункту погляду гр. Кундзіша паводзіны шаўца.
Але сьціскала гора нас, — |
Зразумела вам, гр. Кундзіш, чаму п‘яны шавец пяяў марсэльезу? Давядзіся гр. Кундзішу папасьціў гэткія абставіны — „Інтэрнацыянал“ засьпяваў-бы.
А мы ў інтарэсах самай звычайнай об‘ектыўнасьці прымушаны гэткую крытыку разглядаць, як злачынную і нясумленную падтасоўку.
Мы ня будзем пакуль што спыняцца на Кундзішавых мудраваньнях пад „румянаю цаглінкай“ і „нязнанымі днямі“, бо, як відаць, Кундзіш пасьпеў пабываць у соцыялістычнай грамадзе і пазнаць гэтыя дні, ды цагліны прызвычаіўся бачыць жоўтага колеру. Прапускаем мы і іншыя мясьціны, у якіх гучыць больш гіроніі па адрасу нашага будаўніцтва, чымся па адрасу Андрэя Александровіча. Гэта ўсё для нас у значнай ступені зразумела і… ня нова.
Нам толькі здаецца, што зусім лішнім было бязглуздныя разважаньні прыкрываць імем Леніна. Гэта месца мы дазволім сабе працытаваць, каб чытач меў уяўленьне аб „крытыку“. Пералічваючы некаторыя эпітэты з вершаў Александровіча, гр. Кундзіш гаворыць:
„Нямала і „залатых“. Да ведама Александровіча і Джугара: ужываць эпітэт „залаты“ час-ад-часу ня шкодзіць, але ня шкодзіць таксама прачытаць у тав. Леніна пра тое, які лёс чакае „золата“ у соцыялістычнай грамадзе“.
Чыталі, гр. Кундзіш, але пакуль што ваша „крытыка“ застаецца пры вас, а золата яшчэ можа вабіць вока нават сваёю прыгожасьцю. Загляніце ў музэі, дык зразумееце!..
Што тычыцца мовы ды іншых элемэнтаў формы, на якія таксама накінуўся гр. Кундзіш, выгрызаючы па радочку з александровічавага зборніка, дык мы-б яму адказалі крылоўскім:
Чем кумушек считать трудиться, |
Гэтым мы зусім ня думаем зьвярнуць увагу гр. Кундзіша на яго артыкул. Мы лічым, што гр. Кундзішу вельмі і вельмі варта было-б прыгледзецца да твораў яго паплечнікаў — Дубоўкі, Пушчы, Бядулі ды інш., якія зьмешчаны ў гэтым-жа нумары „Узвышша“, — там-бы для яго быў вялікі прастор для практыкаваньняў у „крытыцы“. Узяць хаця-б Пушчаву перапіску з сабакам, усе шчырыя прывітаньні і пацалункі, альбо ліст ад сабакі“, — дык усё гэта дало-б гр. Кундзішу добрай і продукцыйнай работы на даволі доўгі пэрыод.
Вывадаў з кундзішавага артыкулу нам рабіць не даводзіцца. Мы лічым, што тыя асноўныя мясьціны, якія мы прывялі, зусім характарызуюць аўтара. Мы лічым, што Кундзішу трэба набыць болей мастацкага густу, болей політычных ведаў і болей пазнаёміцца з жыцьцём Беларусі наогул і Менску ў прыватнасьці. Тады толькі ён змог бы яшчэ раз спрабаваць свае сілы ў літаратурнай крытыцы. Тыя-ж закіды яго, якія маюць характар не літаратурнай крытыкі, а крымінальнага злачынства (справа аб пагромах), павінны быць разгледжаны ва ўсякім выпадку не на старонках друку. За апошні год у нас па ўсяму Саюзу прайшла хваля паказальных для данага выпадку процэсаў аб хуліганстве. Пакуль што літаратурнае хуліганства па нашых кодэксах да звычайнага хуліганства яшчэ не параўнана. Дзеля гэтага мы можам кундзішаў артыкул разглядаць, як адну з праяў таго ўсесаюзнага мяшчанства, якое пачынае прасачвацца на старонкі нашай прэсы і супроць якога гэтак востра выступіў у свой час тав. Бухарын. „Тутэйшыя“ сапраўды ўваходзяць у азарт. Кожны сумленны і шчыры працаўнік, які працуе на справе, пакладаючы свае сілы на вялікім соцыялістычным будаўніцтве, заўсёды ў кожную хвіліну можа чакаць самага дзікага, самага бязглузднага наскоку з боку „тутэйшых“. Але адкуль-бы ні праходзілі гэтыя выбрыкі — зьлева ці справа, іх пахаджэньне аднолькавае. Іх першакрыніца — гэта людзі, якія пачалі сьпяваць „Інтэрнацыянал“, калі ў іхніх вушах яшчэ ня змоўклі гукі „Boże cos Polske“ альбо „боже, царя храни“. Бязумоўна, гэта вельмі алегорычна мы ніколі не дазволім сабе абвінаваціць такога Кундзіша ў сымпатыі да гэткіх гымнаў. Але ў нас ёсьць пэўная катэгорыя людзей, у якіх сёнешні дзень комам у горле стаіць, якія новаю стройкаю выбіты з сваёй звычайнай каляіны і ніяк ня могуць праглынуць ідэі сягонешняга дня. Вось гэтыя людзі і гатовы кожную хвіліну распачаць пляваньне на ўсіх будаўнікоў новага жыцьця, не наважваючыся чапаць іх справу. Ня робяць яны выключэньня і для песьняроў з новымі мотывамі, якія таксама зачапілі гэта гнілое мяшчанскае балота, кінуўшы па адрасу „тутэйшых“ некалькі „цёплых“ слоў. „Тутэйшыя“ ашчацініліся, тутэйшыя разьюшаны. Няма горшай бяды для „тутэйшага“, чымся калі з яго сарвуць звыклую для яго маску. І тады ён гатоў прыняць любую позу, зрабіць самы дзікі піруэт, абы толькі пад марксыцкаю пакрышкаю не паказалася на вочы ўсім брудненькая істота савецкага мешчаніна. Ці-ж варта баяцца іх? Даволі сыкнуць на іх, і яны рассыплюцца. Але трэба сьцерагчыся іх, каб яны не маглі прабрацца ў нетры нашага будаўніцтва, у прыватнасьці — будаўніцтва культурнага. Прабраўшыся ў шэрагі будаўнікоў, яны могуць унесьці паўнейшую дэзорганізацыю ў справу будаўніцтва і нанесьці гэтым цяжка паправімую шкоду. А таму трэба даваць самы суровы адпор гэтым ваўком у авечай шкуры, якія не саромяюцца прыкрываць свае провокацыйныя ўчынкі ультра-рэволюцыйнымі лёзунгамі. Гэта — спадчына змрочнай і цяжкай мінуўшчыны, якую мы
„З пасагам аддалі-б, з прыбыткам, сапраўды, |
1927 г.
- ↑ К. Кундзіш. „Альбо грай, альбо скрыпку аддай“. „Узвышша“ № 5, стар. 158.
- ↑ Чамусьці „крытык“ называе поэму мэмуарнаю. Сам аўтар гэтага не падкрэсьлівае, ды, здаецца, пішучы гэту поэму, меў на ўвазе зусім іншыя заданьні.
- ↑ Падкрэсьленыя намі радкі, якія падаюць гэты ўрывак некалькі ў іншым асьвятленьні, чымся гэтага хацелася-б Кундзішу, паважаны крытык абмінуў. Т. Г.
- ↑ З вершу А. Александровіча.