Перайсці да зместу

Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1935)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IV. Праца Б. Э.-Шыпілы пасьля рэвалюцыі V. Б. Э.-Шыпіла, як палітычны ссыльны
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V. Б. Э.-Шыпіла, як палітычны ссыльны.

Але, як ведаем, вясна беларускай культуры ў Савецкай Беларусі трывала нядоўга. Хутка на зьмену ей, мінаючы цалком лета, прышла панурая восень і сьцюдзёная зіма. Маю на ўвеце, як лёгка дагадацца, тую барацьбу маскоўскага III камуністычнага інтэрнацыяналу, які апошнімі гадамі, у імя бліжэй неакрэсьленага шчасьця працоўных, павёў жорсткую фанатычна-сэкцярскую барацьбу проціў беларускага народу, як нацыі і, што з гэтага вынікае — проціў усіх тых творчых праяваў: культурных, эканамічных і грамадзка-палітычных, якія гэтую беларускую нацыю ўгрунтоўваюць.

Вось-жа гэта хваля нішчэньня бальшавікамі беларускага народу ня мінула і праф. Шыпілы, як народу гэтага вернага сына, піонэра яго адраджэньня і гарачага патрыёта.

У рукі мае трапіла пісулька, пісаная ў гэтым часе Шыпілам ужо з Ленінграду, да ведамага беларускага дзеяча Кс. Віктара Шутовіча, які цяпер прабывае, як прывыклі мы называць, у "польскай Сібіры" - ў Хорашчы за Беластокам, а які, за сваю беларускую працу духоўнай уладай пазбаўлены парахвіі, апынуўся тады аж у Злуч. Станах Амэрыкі. Пісулька гэна вымоўна і трагічна малюе апошнія гады жыцьця дастойнага праф. Шыпілы. Вось даслоўны зьмест гэнага дакуманту: "Ленінград, 1-га лістапада 1930 г. Паважаны Земляча! Вельмі даўно ўжо ня меў я ад Вас ані якай весткі, ды й сам я даўно ўжо ня пісаў да Вас. А здарылася гэта з незалежнай ад мяне прычыны. Прошлым летам спаткала нашу А... (Акадэмію - А. С.) вялікая бяда, ад каторай уцярпеў і я. 19-га ліпеня пасьля вобыску, у часе каторага былі забраны Вашы лісты і фатаграфія, я быў зьняволены і прасядзеў два месяцы. Выпушчанаму казана мне пакінуць Менск і я мусіў выехаць у Ленінград, дзе апынуўся выкінутым на брук, бо вось ужо месяц, як з прычыны вялікай залюднёнасьці і цяжкага жыльлёвага крызысу, не магу знайсьці сабе ня толькі кватэры, але хоць бы пакойчыка і можа прыдзецца Згінуць дзе на вуліцы ад холаду і голаду. Такім чынам не магу ўжо болі пасылаць Вам беларускія кніжкі, каторых пазбаўлены і сам. Калі атрымаеце гэту пісульку маю, то паведомце мяне адкрыткай кароценька, што Выатрымалі, паводлуг адрасу: Ленінград"...

Дагадкі Шыпілы, што, можа прыдзецца згінуць дзе на вуліцы ад холаду і голаду", як бачым, збыліся. 6.ѴІ. 1934 г. ён з гэтым сьветам расстаўся. Пэўне, у яго сьмерці адыграў нейкую роль і яго старэчы век, але ня меншую роль у гэтым адыгралі і варункі палітычнага ссыльнога, з роднай Беларусі выкінутага на брук Ленінграду. Характэрна, што яшчэ ў 1929 г. так цэнную 5-ці тысячную бібліятэку забралі бальшавікі для Бел. Акадэміі Навук, а сабіральніка яе выкінулі на брук. Сапраўды, якая этычная прымітыўнасьць!

Гэтак скончыў сваё жыцьцё праф. Бр. Эпімах-Шыпіла, — піонэр беларускага адраджэньня, апостал — як некаторыя яго завуць — беларускага народу, апякун беларускай моладзі, ідэовы працаўнік на ніве роднай культуры, гарачы патрыёт, высока-дастойны, глыбока рэлігійны чалавек і ўрэшце, як трапна кажа д-р Т. Грыб, тварэц у беларускім адраджэньні пары "загляне сонца й у наша ваконца", або пары шыпілаўскай, якая паперадзіла пару нашаніўскую.

Вялікім у гісторыі беларускага рэнесансу ёсьць Фр. Багушэвіч, што першы стварыў беларускую нацыянальную ідэолёгію, — няменшы ад яго і — ягоны праз некаторы час сучасьнік — Бр. Эпімах-Шыпіла, што тэорыю Багушэвіча праводзіў у шэрае жыцьцё беларускага народу. Гэтым стварыў ён сабе ў народзе памятнік нерукатворны, да якога вякамі не зарасьце сьцежка травою і які трываць будзе так-жа вякамі...