Перайсці да зместу

Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1935)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. Праца Б. Э.-Шыпілы да часу Вялікай Расейскай Рэвалюцыі IV. Праца Б. Э.-Шыпілы пасьля рэвалюцыі
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
V. Б. Э.-Шыпіла, як палітычны ссыльны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV. Праца Б. Э.-Шыпілы пасьля рэвалюцыі.

Пасьвяцім цяпер колькі ўваг працы праф. Шыпілы ў другі, парэвалюцыйны, пэрыяд яго жыцьця.

Яшчэ падчас вайны, астаючыся на старых сваіх становішчах, Шыпіла, хоць ужо не ў такіх разьмерах, праводзіў яшчэ сваю звычайную беларускую працу. Варункі-ж гэтай працы цалком зьмяніліся і сталіся немагчыма цяжкімі з надыходам і паглыбленьнем вялікай расейскай рэвалюцыі і асабліва рэвалюцыі бальшавіцкай. Дык цалком зразумела, што праца Шыпілы ў між часе 1918-1925 г. спыняецца. Праўда прабываў Шыпіла ў гэтым часе і далей пераважна ў Ленінградзе і далей стараўся праводзіць беларускую працу, але магчымасьці гэтай працы ўжо былі невялікія, а часта й ніякія. Цярпеў у гэтым часе ў Ленінградзе Шыпіла дужа многа і што не памёр з голаду яшчэ тады, гэта заслуга беларускага работніцтва, якое рупліва ім апякавалася. Наагул у гэтым часе аб Шыпіле было ціха і глуха.

Беларускае грамадзянства ізноў даведалася аб сваім нацыянальным павадыры ў 1925 г., калі ў сталіцы Беларусі Менску ў Інстытуце Беларускай Культуры наладжваліся сякія-такія магчымасьці больш-менш нармальнай навуковай працы.

У гэтым 1925 г., калі Шыпіла прабываў тады яшчэ ў Ленінградзе, Народны Камісар Асьветы БССР — між многімі іншымі назначыў яго на сапраўднага сябру Інбелкульту ў Менску.

У тым жа часе Соўнарком БССР праф. Бр. Эпімах-Шыпіле вызначыў пачэсную пэнсію.

Пасьля гэтага Шыпіла з Ленінграду прыбыў у Менск і прыступіў да навуковай працы ў Інбелкульце. („Полымя" № 1, 1925 г., бач. 182 і 183, а так-жа № 3, бач. 167).

Сьляды яго працы ў Інбелкульце удалося мне напаткаць гэткія. У працах Інбелкульту: Запіскі Аддзелу Гуманітарных Навук (Кніга 2, т. 1, бач. 377-380) з 1928 г. спатыкаем грунтоўную мовазнаўчую рэцэнзію Шыпілы на этнографічны зборнік Сержпутоўскага: „Казкі і апавяданьні беларусаў з Слуцкага павету".

У тым жа 1928 г. у кастрычніку месяцы, Інбелкульт ператвараецца ў Беларускую Акадэмію Навук. У сувязі з гэтым гістарычным фактам у гісторыі культуры беларускага народу, на бачынах "Савецкай Беларусі" (3 дня 16 кастрычніка 1928 г.) спатыкаем наступную зацемку: „Няхай жыве маяк беларускай культуры. Для Савецкай Беларусі ўтварэньне Беларускай Акадэміі Навук зьяўляецца бязьмерным шчасьцем. Гэта зьяўляецца актам вялікага гістарычнага значэньня на шляху стварэньня беларускае культуры.

Уся працоўная Беларусь павінна быць удзячна ўраду БССР за перайменаваньне Інбелкульту ў Беларускую Акадэмію Навук. Гэты акт робіць беларускую культуру больш вядомай за межамі. Гэта таксама дасьць магчымасьць больш глыбока і шырока разгарнуць працу па вывучэньні ўсіх патэнцыяль ных сіл Беларусі.

Беларуская Акадэмія навук стане пуцяводнай зоркай для ўсяго беларускага народу. Яна будзе сьвяціць яскравым аганьком і для тае часткі Беларусі, якая зараз ня можа прыняць удзелу ў будаўніцтве беларускай культуры, што шырока разгарнулася ў Савецкай Беларусі.

Няхай рунее Беларуская Акадэмія навук, як маяк беларускай культуры! Праф. Б. І. Эпімах-Шыпіла".

Далей, з 1929 г. спатыкаем выданы ў Менску ўжо Беларускай Акадэміяй Навук "Краёвы Слоўнік Чэрвеншчыны", (гэта мае значыць - Ігумэншчыны), М. Шатэрніка, пад рэдакцыяй М. Я. Байкава і Б. І. Эпімах-Шыпілы.