Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1935)/II
← I. Уступныя ўвагі | II. Біографія Б. Э.-Шыпілы і час, у якім ён жыў Публіцыстыка Аўтар: Адам Станкевіч 1935 год |
III. Праца Б. Э.-Шыпілы да часу Вялікай Расейскай Рэвалюцыі → |
Сьветлай памяці праф. Браніслаў, сын Ігната, памёр 6 чэрвеня сёл. 1934 г., дажыўшы да старэчых паважных 75- гадоў. Радзіўся ў канцы першага дзесятку другой паловы мінулага 19-га стагодзьдзя - 4 верасьня 1859 г. у хвальварку Будзькаўшчына, Лепальскага пав., Віцебскай губэрні.
Дату і месца яго раджэньня ўдалося ўстанавіць на падставе савецкіх літаратурных крыніц, у аднэй з якіх (Наука и научные работники СССР ч. IV. Ленинград, 1928 г., бач. 503) чытаем даслоўна: "Бронислав Игнатьевич Эпимах-Шыпилло: действительный член Института Белорусской Культуры; директор Словарной Комиссіи по составленію языка при Институте; классическая филологія, лингвистика; белорусскій язык; составленіе словарей белорусского языка (4.IX.59. усадьба Будьковщина, Лепальск. у. Витебск. г.)".
Бацькі Шыпілы, пасьля нараджэньня Браніслава, хутка апынуліся ў іншым хвальварку Залесьсе, таго-ж Лепальскага пав., недалёка ад Полацку. Відаць гэта з таго, што малодшы на пяць гадоў брат яго Ўладыслаў, аб якім будзе зацемка ніжэй, ужо радзіўся ў Залесьсі ("Лучынка", кн. 6, 1913 г.). Вось-жа тут праводзіў сваю моладасьць і малады Браніслаў. Паходзіў з дробнай каталіцкай беларускай шляхты, якая хоць пры помачы польскага касьцёла была сыстэматычна і безаглядна польшчана, усёждыкі аканчальна ня спольшчылася і агулам захавала сваю родную беларускую мову, а так-жа й лепшыя традыцыі беларускай мінуўшчыны. Вось у такой сямейнай атмасфэры і сярод толькі-што прабіраючагася з паншчыны на волю беларускага сялянства рос і гадаваўся малады Шыпіла. Гімназію мусіў скончыць або ў Рызе, дзе яе канчаў яго брат Уладыслаў ("Лучынка", там-жа), або ў недалёкім Віцебску. Вышэйшыя навукі прайшоў у Пецярбурзе, дзе скончыў гістарычна-філёлёгічны Інстытут, на аддзеле клясыкі. Быў выдатным моваведам, знаў больш 20-х моваў, між якімі прадусім стара-грэцкую, лацінскую, індускі санскрыт і цэлы рад моваў розных народаў сучасных. Беларускай нацыянальнай сьведамасьці Шыпілы, як ужо сказана, спрыяў беларускі асяродак, у якім ён гадаваўся, а перадусім гэтай справе спрыялі мовазнаўчыя студыі. Дзякуючы гэтаму, ужо за сваіх часоў студэнскіх цікавіўся ён праблемай беларускай нацыянальнасьці, мовы, гісторыі і быў фактычна сьведамым Беларусам. Няменш урэшце дадатна дзеіў на фармаваньне ў Шыпілы беларускага нацыянальнага сьветапагляду і той час, у якім ён адбываў свае навуковыя студыі. Не забываймася, што былі гэта 70-80-ыя гады мінулага стагодзьдзя, гады пачаткаў адраджэньня народу украінскага, літоўскага, латыскага і інш. народаў-нявольнікаў царскай Расеі, - гады вызвольнай працы палякоў і народавольскіх імкненьняў самых-жа расейцаў.
Дарэчы тут адзначыць, што Шыпіла, будучы ў пачатку нашага стагодзьдзя прафэсарам у Р-К Дух. Акадэміі ў Пецярбурзе, праз некаторы час працаваў разам з кс. праф. Яўнісам, ведамым літвіном філёлёгам, які паддзержаваў літоўскі нацыянальны рух сярод літоўцаў акадэмікаў і спрыяў беларусам.
Цэнтрам гэтых рухаў быў перадусім сталічны Пецярбург, асяродака-жа гэтых розных народаў імкненьняў была перадусім студэнская моладзь. Першыя расткі беларускага романтызму, як куультурнага, навуковага, так і палітычнага, Шыпіле ня былі няведамы. За часоў дасьпелай моладасьці Шыпілы жывымі яшчэ былі традыцыі творчай працы на беларускай ніве Баршчэўскага, Рыпінскага, Чэчата, Дунін-Марцінкевіча і інш., а так-жа й палітычныя натугі К. Каліноўскага. Многае-ж узноў з праяваў беларускага жыцьця бачыў Шыпіла яшчэ за часоў моладасьці і сваімі ўласнымі вачыма. На яго можна сказаць, вачох адбылася сьмяротная трагедыя цара Аляксандра II, паўшага з рук беларускага народавольца Ігната Грынявіцкага; знаўся Шыпіла і нават у блізкіх быў адносінах з Фр. Багушэвічам, тварцом беларускай нацыянальнай ідэолёгіі, знаўся так-жа з вучоным сабіральнікам памятак беларускай мінуўшчыны Сапуновым, з вялікім прыяцелем беларускага народу Ал. Ельскім і інш. прадстаўнікамі беларускага романтызму, пачынальнікамі беларускага нацыянальнага адраджэньня.
За часоў так-жа дасьпелай моладасьці Шыпілы рабіліся між іншым спробы русыфікацыі Беларусаў каталікоў і праз каталіцкі касьцёл, у які ў тыя-ж 70-80-ыя гады мінулага стагодзьдзя царская палітыка намагалася ўвесьці расейскую мову. Усёгэта разам узятае, чаго ці праз жывую яшчэ традыцыю ці чаго сам асабіста Шыпіла быў сьведкам, угрунтоўвала і ўцьвярджала яго ў правільнасьці і неабходнай патрэбнасьці нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Вось-жа гэтай справе, цалком адрокшыся асабістага жыцьця і асабістага шчасьця, Шыпіла ўсёцэла і пасьвяціў сябе.
Беларуская і агулам грамадзкая і навуковая дзейнасьць прафэсара Браніслава Ігнатавіча Шыпілы відацца ўжо вось з гэткіх яго тытулаў: Лектар грэцкай мовы ў Імпэратарскай рымска-каталіцкай Духоўнай Акадэміі, Памоцнік бібліятэкара Імпэратарскага Пецярбурскага Унівэрсытэту, Лектар лацінскай мовы на вячэрніх агульна-навуковых курсах для дарослых А. С. Чарняева, Вучыцель гімназіі для хлапцоў пры касьцеле сьв. Кацярыны, Чынны сябра Віцебскай навуковай Архіўнай Камісіі, Сябра Інстытуту Беларускай Культуры і пазьней сябра Беларускай Акадэміі Навук у Менску.