Прамовы бунтаўшчыка/II. Аб зямельнай справе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Аб рэвалюцыі Прамовы бунтаўшчыка
артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1919
III. Аб сацыялізме

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II. Аб зямельнай справе

Таварышы!

Усе мы добра ведаем, што вельмі горка жывецца селяніну і соладка чужаеду памешчыку. Селянін праз усё сваё гаротнае жыццё працуе ў крывавым поце і не мае чым пракарміць сваю сям’ю, - а пан, дык той, нічога не робячы, сядзіць сабе ў хораша прыбраных пакоях, карыстаючыся крывавай працай другіх. Селянін з дзіцячых гадоў працуе, як чорны вол, не маючы ні днём, ні ноччу спачынку, і жыве ў беднай курнай хаце, - а пан, нічога не робячы, жыве ў багатым палацу, не ведаючы ні холаду, ні голаду. Сялянскія дзеці абарваныя, галодныя, брудныя, нідзе не вучацца і толькі пачынаюць вучыцца хадзіць, якя ужо памагаюць бацькам у гаспадарцы, - а панскія дзеці, дык тыя з самага маленства займаюцца рознымі навукамі, каб навучыцца, як лепей трымаць у няволі селяніна. Пачынаючы ад калыскі сялянскія дзеці ўжо ведаюць, што значыць холад і голад, - а панскія, дык тыя і паняцця нават не маюць, што гэта значыць чорны хлеб, яны ядуць толькі пірагі ды іншыя смачныя стравы. Ужо ад калыскі селянін ведае сваю злую нядолю, ён з дзіцячых гадоў аж да старасці не жыве, а праклінае толькі сваю горкую долю, праклінае сябе і ўсё сваё гаротнае жыццё, не маючы ніводнай гадзіны прасвету, - а пан, смачна пад’еўшы і напіўшыся, гучна весяліцца ў сваіх багатых палацах, дзе кожная пылінка напамінае аб крывавай працы «мужыка». Але, таварышы, усе мы добра ведаем, што не было жыцця селяніну хлебаробу і што вельмі добра жылося чужаеду пану.

А чаму гэта так было?

Ведама чаму: зямля ўся належала панам і сяляне, каб не памерці ад голаду, прымушаны былі ісці кланяцца і ўніжацца перад панам, каб ён дазволіў які-небудзь морг уразаць і засеяць, і за гэта ён сам нічога не робячы браў палову ўсяго ўраджаю. Дзе ж тут справядлівасць, калі пан, нічога не робячы, адбірае палову ўсяго дабра ад таго, хто сам у крывавым поце працуе? Дзе ж тут праўда?

Таварышы, адкуль жа пайшла ўся гэта няпраўда на свеце? Чаму гэта паны заўладалі ўсёй зямлёй? Ці мо’ гэта ўстаноўлена з найдаўнейшых часоў і заўсёды так было?

Не, таварышы, гэта няпраўда, калі вам кажуць паны і ксяндзы з папамі, што ўся зямля па праву належыць панам. Гэта няпраўда, калі яны вам кажуць, што паны з прадзедаў уладаюць зямлёй і што гэта нібы так самым Богам устаноўлена.

Вы павінны ведаць, таварышы, што ў найдаўнейшых часах наш народ не знаў ні князёў, ні цароў, ні каралёў, ні паноў. У той час вышэйшай уладай было веча, гэта значыць усенародны сход, дзе і рашаліся ўсе справы жыцця. Гэтаму ўсенароднаму веча і належала тагды ўся зямля. Карыстацца зямлёй мог кожны, хто толькі сам хацеў каля яе працаваць. Зямля тагды абраблялася талакой, от не мяркуючы як і цяпер часамі бывае. Зямлі было тагда многа, людзі не дзяліліся на асобныя гаспадаркі, а ўсё рабілася грамадой. Мы ведаем, што найдаўнейшы спосаб карыстання зямлёй – гэта грамадскі ці, інакш кажучы, абшчынны. Значыцца быў такі час, калі ўся зямля належала ўсяму народу і калі ўсімі справамі свайго жыцця кіраваў сам народ.

Але потым больш сільныя пачалі забіраць уладу ў свае рукі, пачалі забіраць у няволю больш слабых і пачалі прымушаць іх працаваць на сябе. Людзі, каторыя не хацелі жыць па праўдзе і сваей уласнай працай дабываць сабе хлеб, гэтыя людзі пачалі арганізаваць банды разбойнікаў, вааружаць іх і, апіраючыся на гэтую збройную сілу, пачалі пакараць сабе цэлыя народы, пачалі заваёвываць чужыя краі. Кіраўнікі гэтых узброеных банд пачалі называць сябе князямі, царамі і т.п., а свае банды – дружынай, арміяй і г.д. Зямля, каторая раней належала ўсяму народу, пачынае пераходзіць на ўласнасць гэтых князёў і цароў, каторыя пачынаюць дзяліць яе паміж сваімі падлыжнікамі. Разам з зямлёй гэтыя разбойнікі бралі ў няволю і людзёў. Зямля, каторая, як паветра ці свет сонца, з’яўлялася нічыёй ці, як кажуць сяляне, Божаскай, гэтая зямля, стаўшы прыватнай уласнасцю розных князяў, цароў і іх падлыжнікаў паноў, пачынае як нейкая рэч прадавацца і купляцца, а разам з зямлёй пачынаюць гандляваць і людзьмі.

Але прабіў час, калі гэты просты сярмяжны сялянскі народ зразумеў усю няпраўду і пачаў вясці змаганне з панамі, каб адабраць ад іх зямлю. З гісторыі мы даведаемся аб многіх такіх здарэннях, калі сяляне рабілі паўстанні, палілі двары і ў пламені гэтых двароў палілі сваіх крыўдзіцеляў. Дух помсты за крыўды, здзек і гвалт прабуджаўся ў глыбі народных мас, і не было тагды літасці крыўдзіцелям панам. Такіх здарэнняў у гісторыі нашага народу ёсць вельмі шмат, але аб гэтым нельга было раней ні гаварыць, ні пісаць. Так было ў пачатку сямнаццатага сталецця, калі разам з паўстаўшым украінскім народам нашы сяляне праганялі польскіх паноў і адбіралі ад іх усе землі і аддавалі іх ва ўсенароднае карыстанне, так было і ў першай палове васямнаццатага сталецця, калі праз наш край прахадзілі французы, і некалькі гадоў пазней так сама было, і ў другой палове дзевятнаццатага сталецця, калі ў час так званага польскага паўстання многія сяляне, адурачаныя ксяндзамі, запісываліся ў «касары», каб абараніць веру каталіцкую, а па праўдзе гэта польскія паны стараліся абараніць свае двары ад канфіскацыі маскоўскім урадам, каторы вёў барацьбу з паланізацыяй нашага краю і ўводзіў усё маскоўскае, знішчаючы нашу родную найдаўнейшую культуру – у гэты мамент вялізная большасць сялянства дамагалася, каб была знішчана паншчына, каб усіх надзялілі зямлёй, гэта значыць каб уся зямля была раздзелена паміж усім працоўным сялянствам.

У 1861 гаду маскоўскі царскі ўрад, баючыся рэвалюцыі, скасаваў паншчыну (Беларусь тагды знахадзілася пад Маскоўшчынай). Сялянам была дадзена воля, і надзялілі іх зямлёй. Але як надзялілі? Зямлёй сялян надзялілі за грошы. Сяляне павінны былі плаціць кожны год падаткі, каб такім парадкам выплаціць панам за зямлю. Ведама, што і пры новых нібыта вольных парадках сялянам зусім не лепей стала жыць. Заместа аднаго пана адразу з’явілася некалькі такіх жа самых паноў, каторыя па царскаму загаду павінны былі апекавацца над «мужыком», бо ён дурны і не зможа жыць без пана, яны гэтак казалі. Вось і паслаў маскоўскі цар розных земскіх начальнікаў, жандараў ды ўраднікаў, а ім на падмогу папоў ды ксяндзоў. Уся гэтая хеўра чужаедаў разам з панамі, бо яны як і раней засталіся гаспадарамі сваіх двароў з дзясяткамі с сотнямі тысяч дзесяцін найлепшай зямлі, вось яны і пачалі апекавацца над сялянствам, пачалі апошнія пажыткі забіраць за падаткі і розныя недаімкі. Гэтыя апекуны так ўзялі ў свае чэпкія рукі працоўнае сялянства, яны так яго прыціснулі, што ў канцы зусім ужо неўмагату стала жыць. Сяляне пачалі кідаць свой родны край і цэлымі вёскамі пачалі выязджаць у чужыя краі, пачалі там шукаць сваю лепшую долю. Гэтак вельмі многа нашых сялян пераехала ў Амерыку і Сібір. Народ пачаў адрывацца «ад родных ніў і родных хат», пачаў пакідаць «мілы кут сваіх дзядоў», каб там дзесь у далёкай чужыне знайсці сабе шчаслівае жыццё. Колькі гэтых няшчасных небаракаў загінула пры перасяленні і колькі загінула на новых месцах. Цыфры агромны, трудна іх палічыць. А колькі іх загінула ў сваім родным краю ад голаду, колькі дзяцей пайшло на той свет толькі дзеля таго, што іх бацькі не мелі чым карміць. І ўсё гэта рабілася ў той час, калі сотні тысяч дзесяцін зямлі ляжыць дзірваном у сваім родным краю, бо яна панская – пану так падабаецца. Народ памірае ад голаду, а панская зямля ляжыць дзірваном! Дзе ж тут справядлівасць, таварышчы!

Вось настаў 1905-06 год. Гэты былі рэвалюцыйныя гады. Працоўнае сялянства не ў сілах далей было моўчкі знасіць гэткі несправядлівы парадак жыцця, яно паўстала проці сваіх крыўдзіцялёў паноў і, гуртуючыся пад чырвоным штандарам рэвалюцыйнага сацыялізму, голасна заявіла, што яно жадае Зямлі і Волі. У многіх месцах сяляне захапілі ў свае рукі панскія двары, але што ж, рэвалюцыя была падаўлена і сяляне ізноў засталіся без Зямлі і без Волі. Чужаеды паны ў саюзе з цэлай хеўрай царскіх жандараў пачалі яшчэ больш уціскаць сялян. Народ яшчэ больш пачаў гібець у страшэннай нудзе і нядолі.

Але ў гэты мамент царскія міністры пачалі думаць, як бы гэта ім ізноў абмануць сялян. Як бы гэта зрабіць так, каб усё ж такі не даць зямлі сялянам, але каб яны ў той жа самы час думалі, што яны атрымалі зямлі і нават даволі на задаваленне ўсіх сваіх патрэб. Вось гэтыя царскія міністры ў саюзе з памешчыкамі і капіталістамі (партыя манархістаў) пастанавілі зрабіць так: каб можна было абараніць прыватную ўласнасць на зямлю, каб абшарнікі і далей маглі вызысківаць з крывавай працы працоўнага сялянства, паадчынялі яны ўсюды «Сялянскія банкі», праз якія можна было купляць зямлю ад паноў у рассрочку на некалькі гадоў. Тыя сяляне, каторыя ішлі на гэтую вудачку і куплялі сабе зямлю праз гэтыя банкі, не маглі стаць на ногі, бо, папаўшы ў прыгонную службу да банку, яны прымушаны былі працаваць толькі дзеля сплаты даўгоў за зямлю.

Другая расейская партыя, партыя кадэтаў, ці інакш якая яшчэ называецца партыя народнай свабоды, дык тая чуць крыху пайшла далей у разрашэнні зямельнай справы. Кадэты, як і манархісты, прызнавалі прыватную ўласнасць на зямлю памешчыкаў, але яны стаялі яшчэ і за тое, каб па праўдзе надзяліць зямлёй сялян, бо інакш яны ўсё роўна будуць бунтавацца і такім парадкам не даваць спакойна жыць панам у іх палацах. Адкуль жа ўзяць зямлі, каб надзяліць ей сялянства? Кадэты і прыдумалі вось гэткую вудачку: яны запрапанавалі ў Гасударственнай Думе, каб з усіх казёных, манастырскіх, касцёльных і царкоўных зямель злажыць такі дзяржаўны фонд, адкуль за грошы надзяляць зямлёй усіх сялян. А калі не хваце ўсіх гэтых зямель, дык тагды, яны казалі, павінен быць выданы закон аб прымусовым выкупе часці панскіх зямель. Цану за зямлю яны праектавалі гэткую: памешчык павінен атрымаць такі капітал, каб ён мог прынасіць столькі працэнтаў, колькі прынасіла зямля, калі ён вёў на ей сваю гаспадарку. Зноў мы бачым, што і тут бароняцца інтарэсы толькі паноў, бо хто ж будзе выплачваць усе гэтыя працэнты? Ведама, што не паны, а ўсё той жа самы гарапашнік селянін!

Зусім інакш падхадзілі да развязання зямельнай справы партыі сацыялістычныя. Калі ў той мамент такой вострай барацьбы за палітычную ўладу манархісты і кадэты стаялі за інтарэсы паноў і капіталістаў, дык сацыялісты баранілі інтарэсы толькі працоўнага народу. Мы бачылі, што буржуазныя партыі не так клапаціліся аб горкай нядолі працоўнага сялянства, колькі аб тым, каб не было толькі бунтаў. Сацыялісты зусім інакш гэтую справу разумелі. Яны не аб спакойстве дамагаліся, не аб тым, каб пан мог спакойна смактаць сялянскую кроў, і не аб міры селяніна з панам дамагаліся сацыялісты. Смуту і сацыялісты лічылі таксама шкоднай для працоўнага народу, але яны дамагаліся, каб не мірам памешчыкаў і капіталістаў з сялянамі і работнікамі замяніць гэтую смуту, а змаганнем і змаганнем аж да таго часу, пакуль зусім працоўны народ не скінець з сваіх плеч ярмо панавання крыўдзіцеляў паноў, капіталістаў і ўсіх іншых чужаедаў, каторыя жылі, карыстаючыся крывавай працай сялян і работнікаў.

Сацыялісты дамагаюцца, каб быў створаны такі лад, пры каторым не было б ні багатых, ні жабракоў, ні гаспадароў, ні батракоў, ні чужаедаў, ні рабоў, а каб усе былі працоўнікамі аднэй вялікай сям’і, каб усе былі гаспадарамі працы сваіх уласных.

А будзе гэта тагды, як аб гэтым вучаць сацыялісты, калі ўся зямля, усе фабрыкі, усе машыны, інструменты і г.д. не будуць належаць як прыватная ўласнасць некалькім людзям, а будуць належаць усёй працоўнай людскай грамадзе.

Калі ўсе народы завядуць у сябе такія парадкі, калі ўсім гэтым дабром будуць распараджацца праўдзівыя прадстаўнікі працоўнага народу, тагды не будзе больш на свеце вайны, і ўсе тыя тысячы мільёнаў рублёў грошай, якія раней ішлі на вядзенне вайны, пойдуць на паляпшэнне жыцця. Усе людзі тагды стануць як родныя браты, аднэй усенароднай сям’і.

Як гэтага дабіцца, як і проці каго трэба вясці змаганне, якія павінны быць першыя крокі і што потым рабіць, як напрыклад разрашыць зямельнае пытанне, аб гэтым сацыялісты вядуць паміж сабой спрэчкі.

У Расеі ў той час былі дзве глаўныя сацыялістычныя партыі: Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя і партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Вось мы і разгледзім, як гэтыя дзве сацыялістычныя партыі глядзелі на рашэнне зямельнай справы.

Сацыял-дэмакраты казалі, што заваяваць сацыялізм могуць толькі работнікі, якія працуюць на фабрыках і заводах, і батракі, каторыя працуюць у панскіх дварах.

Яны казалі, што колькі б сялянам зямлі не давалі, усё роўна палажэнне іх ад гэтага не палепшыцца, бо сіла не ў зямлі, а ў капітале. Усюды капіталісты маюць верх, тое самае станецца і з дробнай сялянскай гаспадаркай. З часам капіталісты забяруць у свае рукі ўсю зямлю і прымушаюць на сябе працаваць беззямельных сялян, лік каторых будзе ўсё расці і павялічвацца. Яны даводзілі, што праз нейкі час усе сяляне стануць наёмнымі батракамі.

Праўда, С.-д. стаялі таксама і за тое, каб адабраць без усялякага выкупа зямлю ад памешчыкаў, але што з ёй рабіць, адабраўшы, вось тут у іх і не было згоды. Адны казалі, каб усю зямлю аддаць у распараджэнне губернскіх дэмакратычных земстваў, якія павінны быць абабраны па агульнаму, тайнаму і прапарцыянальнаму выбарчаму праву, гэтыя земствы павінны былі, па іх думцы, даглядаць за панскімі дварамі, аддаючы іх пад арэнду сялянам, гэткі парадак называецца манапалізацыяй. Другія с-д. стаялі за тое, каб раздзяліць паміж сялянствам зямлю, але толькі тую, якую яны трымаюць у арэндзе ад памешчыкаў, а рэшту ўсю абвясціць дзяржаўнай уласнасцю і здаваць яе ад казны арандатарам, гэткі парадак разрашэння зямельнай справы завецца нацыяналізацыяй.

Цяпер пабачымо, як партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў глядзела тагды на рашэнне зямельнай справы.

Перш за ўсё, сацыялісты-рэвалюцыянеры адзначалі, што дзеля таго, каб сялянам перайсці да сацыялістычнага ладу, зусім непатрэбна, каб былі вялікія зямельныя гаспадаркі. Яны лічылі, што сацыял-дэмакраты памыляюцца, калі кажуць, што капіталісты задушаць дробную сялянскую гаспадарку і што абавязкова зробяць усіх сялян беззямельнымі. Сацыялісты-рэвалюцыянеры ўказывалі ім на тое, як гэта дзеецца ў іншых краёх, дзе вядзецца змаганне паміж капіталістамі і дробнымі сялянамі і дзе сяляне ўсё ж такі ўпраўляюцца, не паддаюцца капіталістам. Чаму ж гэта, яны кажуць, у нас павінна быць інакш? Калі капіталісты забралі ў свае рукі ўсе фабрыкі і заводы і ўсіх дробных рамесленнікаў, адгэтуль зусім яшчэ не выпадае, каб і сялян удалося ім забраць. У рамясле вялікшую вагу мае машына, дзеля чаго і не могуць утрымацца рамеснікі, а ў сялянстве – старанне. А хто лепш стараецца, гаспадар ці батрак?

Сацыялісты-рэвалюцыянеры казалі: дзеля таго, што сяляне з найдаўнейшых часоў прызвычаіліся карыстацца зямлёй грамадскім спосабам ці, інакш кажучы, абшчынай, дык дайце сялянам магымасць аправіцца ад беднаты і выйсці хоць троху з гэтай жабрацкай нядолі, як яны самі без капіталістаў зразумеюць карысць вялікшай гаспадаркі і яны самі пачнуць рабіць розныя таварыствы і перайдуць патроху да сацыялізму. Сацыялісты-рэвалюцыянеры выставілі вось гэткую праграму рашэння зямельнай справы. Яны казалі, што трэба адабраць усе землі ад памешчыкаў, манастыроў, касцёлаў і цэркваў, а таксама ўсе землі кабінецкія і прыватных землеўласнікаў. Усе гэтыя землі адабраць без усялякага выкупа. Пацярпеўшым ад гэтага, яны казалі, трэба выдаць дапамогу, каб яны маглі прытарнавацца да новых варункаў жыцця.

Абвяшчаючы, такім парадкам, усе землі грамадскай уласнасцю, трэба зрабіць так, каб ніхто не меў права гандляваць зямлёй, закладаць яе ці здаваць у арэнду, - трэба знішчыць, казалі яны, прыватную ўласнасць на зямлю. Няхай кожны карыстаецца зямлёй, хто толькі сам на ёй працуе. Няхай кожны бярэ сабе столькі зямлі, сколькі ён будзе мець сіл, каб самому ці ў таварыстве яе абрабіць. Распрэдзяляць зямлю паміж народам павінны: Цэнтральныя ўпраўленні, земствы і сялянскія таварыствы.

Гэтак глядзелі на зямельнае пытанне партыі, якія ўваходзілі ў так званую Гасударственную Думу.

Беларускі рух тагды толькі яшчэ пачынаўся і існавала тагды яшчэ адна партыя, гэта Беларуская Сацыялістычная Грамада, каторая ў сваей зямельнай праграме вельмі блізка падходзіла да тае групы с.-д., каторыя стаялі на грунце манапалізацыі зямлі.

Але вось 28 лютага 1917 году ў Расеі распачаўся рэвалюцыйны рух. Старая царская Расея, Расея жандараў і шпікоў, Расея рабства, турмаў, уціску і гвалту, распалася на некалькі частак. У той час як разваліўся царскі трон, была парухана таксама і феадальна-памешчыцкая, чыноўніцкая і ваенна-дваранская бюракратычная сістэма ўлады. «Гасударственная Дума» і «Гасударственны савет» былі заменены Радамі Работніцкіх, Сялянскіх і Салдацкіх Дэпутатаў. Уся поўната дзяржаўнай улады перайшла ў рукі двух вышэй успамянутых сацыялістычных партый: Расейскай партыі сацыял-дэмакратаў (меншавікоў) і Расейскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Гэтыя дзве партыі праз восем месяцаў іх быцця ў аппарата дзяржаўнай улады роўна нічога не зрабілі, каб здаволіць патрэбы многамільённага сялянства. У той час, як з усіх бакоў Расеі йшлі дамаганні сялянства, каб як найхутчэй была развязана зямельная справа, - меншавіцка-эсэраўскі ўрад стаяў у нерашымасці перад гэтым вялікім і веьлмі складаным пытаннем, і праз нейкі час зусім нават збанкрутаваў, нічога не зрабіўшы для працоўнага народу.

25 кастрычніка 1917 году ў Расеі была зроблена новая рэвалюцыя, і ўся дзяржаўная ўлада перайшла ў рукі Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і Расейскай партыі левых эс-эраў.

Калі бралі ўладу ў свае рукі, яны абяцалі працоўнаму сялянству даць зямлі, хлеба і міра. Ішоў час, але абяцанкі ўсё не спаўняліся…

Працоўная бедната ўсіх нацый, якія раней уваходзілі ў склад расейскае дзяржавы, пачала ствараць свае незалежныя рэспублікі, у межах этнаграфічнага рассялення кожнае нацыянальнасці, бо ўжо больш не верыла ўсім расейскім цэнтралістычным партыям, каторыя хацелі правіць усёй Расеяй, седзючы ў Петраградзе ці Маскве, і дыхтаваць усім народам свае правы і законы.

Гэтак на Усебеларускім з’ездзе сялян, работнікаў і салдат, 15 – 17 снежня 1917 г. беларускі працоўны народ ясна і цвёрда заявіў аб сваіх найдаўнейшых жаданнях і, абвясціўшы Беларусь Народнай Рэспублікай, пастанавіў, каб усе землі, лясы, зямныя нетры і г.д. былі канфіскованы і без выкупа адданы ва ўсенароднае карыстанне. Правесці ў жыццё гэтую пастанову не ўдалося, бо з’езд быў разагнаны, а кіраўнікі яго паарыштаваны бальшавіцкім урадам.

Але праца Першага Усебеларускага з’езда не прапала дарма. Рэзалюцыя з’езда аб тым, каб усе землі былі адабраны ад памешчыкаў, манастыроў і г.д. без усялякага выкупа і адданы ва ўсенароднае карыстанне, была паложана як аснова ў праграму Беларускай Партыі Сацыялістаў-рэвалюцыянераў, каторыя, прыслухаючыся да голасу працоўнага сярмяжнага сялянства, кажуць:

1) Каб здаволіць найдаўнейшыя жаданні працоўнага сялянства, каб спыніць эксплуатацыю чалавека чалавекам, каб раз і назаўсёды працоўны сялянскі народ мог скінуць з сваіх плеч цяжкае ярмо панавання памешчыкаў і іншых чужаедаў, каторыя праз сотні год карысталіся з крывавай яго працы, каб быў устаноўлены такі лад, калі не будзе ні багатых, ні бедных, ні гаспадароў, ні батракоў, ні чужаедаў, ні рабоў, а калі ўсе людзі стануць патрэбнымі працаўнікамі вялікай усенароднай сям’і і будуць працаваць на агульную карысць усяго людскага грамадзянства, каб устанавіць гэткі лад, у першы чарод патрэбна скасаваць усялякую ўласнасць на зямлю, каб ніхто не меў права ні купляць яе, ні прадаваць. Патрэбна, каб усе землі: памешчыцкія, манастырскія, казёныя, царкоўныя, касцёльныя, а таксама і ўсіх іншых землеўласнікаў былі абвешчаны ўсенародным дастаткам. Разам з зямлёй павінны быць абвешчаны ўсенародным дастаткам: усе лясы, зямныя нетры, рэкі, вазёры і г.д.

2) Абвяшчаючы, такім парадкам, усе землі, лясы, зямныя нетры і г.д. усенародным дастаткам, трэба ўстанавіць такі лад, каб усім гэтым усенародным дастаткам мог карыстацца без усялякага выкупа кожны грамадзянін, хто толькі захочыць сваімі ўласнымі рукамі каля зямлі працаваць.

Як жа гэта зрабіць?

Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў прапануе вось гэткі парадак карыстання ўсім гэтым усенародным дастаткам. Перш за ўсё яна кажа, патрэбна, каб на Беларусі быў створаны з усіх канфіскованых зямель нацыянальны зямельны фонд і такі цэнтр, каторый бы даглядаў за правільным рассяленнем і перасяленнем народа і за цэласцю гэтага зямельнага фонда. Гэты цэнтральны ўрад, ці як Б.П.С.-Р. проста кажа – цэнтральны Усебеларускі зямельны камітэт, праз губернскія, павятовыя і валасныя зямельныя камітэты павінен рупіцца, каб кожны, хто захоча сам працаваць каля зямлі, мог яе атрымаць, не звяртаючы ўвагі на тое, будзе ён адзін працаваць каля зямлі ці ў таварыстве. Форма карыстання зямлёй павінна ўстанаўлівацца самім насяленнем тое ці іншае меснасці, бо не ўсюды зямля аднолькавая і не ўсюды можна прыладзіць адзін і той самы спосаб. Дзеля гэтага там, дзе сяляне захочуць выйсці на хутары і карыстацца зямлёй кожны паасобку, ці калі яны захочуць карыстацца зямлёй, аб’яднаўшы некалькі такіх хутароў у адзін, ці, як цяпер ва многіх месцах, шнурамі ці таварыствамі і г.д. – усё гэта павінна залежаць толькі ад саміх сялян, як яны гэта самі захочуць і знойдуць для сябе найбольш карысным.

Але разам з гэтым Беларуская Партыя Сацыялістаў-рэвалюцыянераў кажуць, што павінны быць устаноўлены нормы ў карыстанні зямлёй. Гэта азначае, што кожны грамадзянін мае права браць з зямельнага фонда ў карыстанне зямлі не больш, чымся ён зможа сваімі ўласнымі сіламі абрабіць адзін ці ў таварыстве, і не менш таго, колькі патрэбна, каб чалавек з сям’ёй мог пракарміцца.

Зямныя нетры, лясы і вазёры павінны астацца пад загадам вышэйшай цэнтральнай улады Беларусі, бо яны маюць значэнне не толькі мясцовае, але ў іх зацікаўлены таксама і жыхары іншых частак Беларусі. Лес, напрыклад, састаўляе глаўнае і асноўнае нацыянальнае багацце ўсяго беларускага народу.

На Беларусі ёсць вельмі шмат пустак і балот, каторыя ў цяперашнім іх відзе зусім непрыгодны да сельскай гаспадаркі, але ўсе гэтыя абшары зямлі вельмі лёгка можна зрабіць прыгоднымі і яны змогуць прынасіць многа карысці працоўнаму сялянству. Трэба толькі, каб вышэйшая цэнтральная ўлада Беларусі рупілася аб меліарацыі і каб былі асушаны ўсе гэтыя абшары балот. І пэўна, што праз нейкі час, калі б быў зроблены такі зямельны лад, як аб гэтым кажуць беларускія эс-эры, працоўнае сялянства нават і не пазнала б, што калісь былі пусткі і балоты, і не казала б больш ужо ніколі, што нашая зямля вельмі благая, што яна мала родзіць хлеба. Зямля наша добрая, толькі парадкі благія!

Дык вось, таварышы, судзіце цяпер самі, якія павінны быць зямельныя парадкі. Выбірайце самі найлепшыя спосабы, каб ўзяць усю зямлю ў свае мазольныя рукі, але памятайце толькі адно, пакуль зямля будзе знаходзіцца ў прыватнай уласнасці ці будзе састаўляць уласнасць дзяржавы, пакуль ей будуць гандляваць як нейкай рэччу ці аддаваць у арэнду, - вам, таварышы сяляне, жыцця не будзе. Не ўбачыце вы ні шчасця, ні лепшай долі. Калі не будзе ў вас Зямлі, не будзе ў вас і Волі. Вось дзеля чаго, таварышы, вы і павінны дамагацца, каб уся зямля належала ўсяму працоўнаму народу.

Няхай жыве Зямля і Воля!

Уся зямля – усяму народу!

Няхай жыве сацыялізацыя зямлі!