Прамовы бунтаўшчыка/I. Аб рэвалюцыі
Прамовы бунтаўшчыка артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1919 |
II. Аб зямельнай справе → |
Таварышы, сябры і грамадзяне!
Праз сотні год мы цярпелі панскі прыгон, вякамі моўчкі мы зносілі здзек і гвалт ад польскіх паноў і маскоўскіх жандараў. Наш народ, калісь меўшы сваё незалежнае культурна-нацыянальнае і палітычнае жыццё, народ, каторы праз увесь час сваей гісторыі нікога не ўціскаў, а заўсёды быў праўдзівым дэмакратам, — гэты найдэмакратычнейшы народ ва ўсім свеце цяпер паўстаў і кліча нас да новага жыцця.
Наш народ, гэтая «грамада працоўных людзёў», гэтая маса працоўнага сярмяжнага сялянства і работнікаў прачнулася ад летаргічнага сну няволі, скінула з сваіх плеч цяжкае ярмо ўціску, гэтая працоўная маса ў магутным парыве рэвалюцыі здабыла сабе Зямлю і Волю.
Пад націскам рэвалюцыі парухаліся царскія троны, рэвалюцыя прабудзіла ад сну народу іншых князёў, — усюды пачынае ламацца стары буржуазна-капіталістычны строй, пачынаюць рухацца векавыя ўстоі рабства, уціску і здзеку.
Але што ж гэта знача рэвалюцыя? Як гэтае слова трэба разумець?
Таварышы! Пад словам рэвалюцыя трэба разумець такі мамент у жыцці народа, калі ўсе грамадзяне як адзін чалавек пачынаюць ясна відзець усю тую няпраўду, тое вялізнае зло, той абман і здзек у іх жыцці, якога раней яны не бачылі. Бываюць такія маменты ў гісторыі, калі народы, пазнаўшы ўсю фальш свайго ранейшага жыцця, пачынаюць агульнымі сіламі рухаць увесь стары строй і на яго руінах будаваць новае жыццё. Гэты мамент у гісторыі народаў, мамент вялікага праяснення людскага розуму, мамент, калі чалавек, падняўшыся над стаднымі інстынктамі дзікага звяра, пачынае крытычна адносіцца да ўсіх праяваў жыцця, пачынае пераацэньваць усе даўнейшыя цэннасці і ствараць новыя, больш праўдзівыя і харошыя, гэты мамент, калі шырокія слоі народных мас у адзін дзень большаму вучацца і больш пазнаюць, чымся ў звычайныя часы праз дзясяткі гадоў, — гэты мамент у гісторыі людскасці мы называем рэвалюцыяй.
Мы ведаем вельмі многа розных рэвалюцый ці, па-просту кажучы, пераваротаў, але ўсе яны былі чыста палітычнага характару. Ва ўсіх гэтых рэвалюцыях звычайна адзін урад змяняўся другім, каторы спачатку абяцаўся даць народу тыя ці іншыя правы і вольнасці, але потым праз нейкі час пачынаў так сама ўціскаць, як і першы. Працоўны народ ізноў марнеў і гібеў у голадзе і бяспраўі. Так было пасля французскай рэвалюцыі 1871 г., так сама была і пасля расейскай рэвалюцыі 1905-06 г. Але, не зважаючы на ўсё гэта, рэвалюцыя ўсё ж такі і тагды зрабіла сваё дзела. Працоўныя масы пачыналі яшчэ з большай энергіяй яднаць свае рады, пачыналі цясней гуртавацца пад свае чырвоныя штандары рэвалюцыйнага сацыялізму, пачыналі падгатаўляцца да новага бою з сваімі адвечнымі ворагамі — памешчыкамі, капіталістамі і фабрыкантамі. Светлы ідэал лепшай шчаслівый будучыні ўсё ясней і ясней загараўся ўперадзі і падтрымліваў веру ў сэрцах найлепшых барцоў за свабоду і шчасце народнае. Ідэал сацыялізму заўсёды яркім сонцам гарэў прад іх вачыма, і яны смела ішлі да яго праз страшэнныя церні жыцця. Яны верылі, што прыйдзе час сацыяльнай рэвалюцыі, што скора настанець дзень расплаты за ўсе крыўды і здзекі…
Цяпер, таварышы, мы пасля вялікай сусветнай бойні народаў, пасля гэтай крывавай імперыялістычнай вайны, калі працоўныя масы адных народаў без дай прычыны праз пяць гадоў знішчалі другіх, калі ракою лілася па ўсёй зямлі бязвінная людская кроў, і калі з гэтага крывавага пажарышча вайны вызысківалі сабе карысць розныя генералы, капіталісты, фабрыканты і памешчыкі, калі так нагла і адкрыта пачалі займацца рабаваннем народнага мення, калі святая чалавечая асоба пачала імі цаніцца толькі як гарматнае мяса, як нейкія шахматныя пянькі і г. д. і г. д. — народныя масы зразумелі ўвесь фальш гэтага старога буржуазна-капіталістычнага ладу і свае штыхі направілі ў бок праўдзівых сваіх ворагаў. Вялікая сусветная вайна пачала канчацца вялікай сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыяй. Магутны парыў вялікай Расейскай рэвалюцыі ўжо пачынае захватываць іншыя краі. Старая Еўропа пачынае ўжо загарацца гэтым вялікім агнём рэвалюцыі.
Але, таварышы, мы ўступілі ў перыяд сацыялістычнай рэвалюцыі. Наша рэвалюцыя ёсць пачатак вялікай сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Мы, таварышы, перажываем, такім парадкам, сацыялістычную рэвалюцыю.
Воляй злажыўшыхся палітычных і нацыянальна-эканамічных варункаў жыцця ў Еўропе, дзякуючы геаграфічнаму палажэнню нашай бацькаўшчыны, на нас, таварышы, выпала вялікая і святая доля быць перадавым атрадам у сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. На нас паў шчаслівы лёс быць авангардам у адбудове сусветнага жыцця на новых асновах — свабоды, роўнасці і братэрства!
Таварышы, вы, працоўнае сярмяжнае сялянства, і вы, абяздоленыя работнікі, вы, каторыя падняліся з глыбокіх нізін, каторыя выйшлі з курных хат і сырых падвалаў для адбудовы гэтай светлай шчаслівай будучыні, гэй, смялей, наперад — вас чакае шчасце і свабода! Ваша будучыня ў вашых руках. Вы кавалі свайго шчасця і шчасця вашых патомкаў!
Працоўны беларусе! На цябе цяпер звернуты вочы ўсіх ўціснутых і абяздоленых народаў. Яны ад цябе чакаюць дапамогі, бо ты стаіш на чале высвабаджэння працоўных народаў усяго свету. Ты першы падняў чырвоны штандар сацыялістычнай рэвалюцыі, ты першы голасна і смела парагаварыў аб тваей дыктатуры, аб тваей рэвалюцыйнай уладзе Радаў. Сталеццямі стагнаўшы пад цяжкім ярмом польскага пана і маскоўскага жандара, ты добра ведаеш цану волі, і ты ўжо праканаўся, што толькі рэвалюцыяй ты мог яе здабыць. Гэта рэвалюцыя дала табе Зямлю і Волю! Гэта рэвалюцыя парухала царскія троны і знішчыла ўладу няпраўды і здзеку. Гэта рэвалюцыя аддала ў рукі працоўнага народу ўсю ўладу і знішчае буржуазна-капіталістычны строй жыцця. Памятай жа, працоўны народзе, што толькі рэвалюцыя і выведзе цябе на праўдзівы шлях чалавечага жыцця, толькі магутным парывам сацыялістычнай рэвалюцыі ты раз і назаўсёды пакончыш з тваімі адвечнымі ворагамі, каторыя праз сотні год, як тыя павукі, смакталі тваю кроў. Гэй жа наперад, браты беларусы, — за свабоду, за шчасце і за лепшую долю!
Няхай жыве сусветная сацыялістычная рэвалюцыя!
Няхай жыве свабода, роўнасць і братэрства!