Перайсці да зместу

Прамова ў Жэнэве

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прамова ў Жэнэве
Ліст
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924
Крыніца: pawet.net, паводле Ластоўскі Вацлаў. Прамова ў Жэнэве // Спадчына №5—1993. С. 42—47.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Панурыя часы агіднага рабства сялян у сваіх паноў мінулі. Цяпер паадзіночных людзей не выводзяць як статак на рынкі і не выстаўляюць на продаж.

Але і цяпер, у нашы часы, істнуюць перажыткі старога рабства. У нашы часы істнуюць народы імпэрьялістычныя, якія маюць над сабой, над сваім панаваньнем, народы імі падбітыя. Гэтыя народы займаюць у імпэрьялістычных дзяржавах мейсца даўных рабоў.

Іх імпэрыялістычныя народы адны ў адных купляюць і прадаюць, заваёвываюць і дзеляць.

Іх можна грабіць, біць, заводзіць на іх роднай зямлі якія здумаюцца заваёўніку парадкі, сваю мову ва ўрадах і школе, забіраць з іх зямлі прыродныя іх багацтвы, дабро, дабытак, працу і кроў іхніх сыноў у радах чужацкіх войск, за чужыя паняволеным народам справы.

У гэткім цяжкім і крыўдным палажэньні да апошняй сусьветнай вайны была і Літва. Але Літва, так сама як Латвія, Эстія і Фінляндзія, а так жа як Чэхія і Ірляндзія, вызвалілася з пут няволі.

Цяпер у Літве сам літоўскі народ зьяўляецца гаспадаром усяго краю. Літоўская мова зьяўляецца мовай дзяржаўнай, усіх абавязуючай. У школах літоўскіх цяпер ніхто літвінам не накідае чужой мовы, ніхто не забірае літоўскаму селяніну яго зямлі, не насылав чужацкіх каланістаў. Наадварот, землі памешчыцкія і быўшыя казённыя літоўскі Сойм пастанавіў раздаваць літоўскім сялянам.

Зямля-ж Беларуская, якая ў гістарычным мінулым станавіла адну сільную дзяржаву з Літвой, ня здолела ў часе гэтай вайны вызваліцца з няволі. і мы бачым, як там чужынцы гаспадаруюць.

Рыжскім мірам, заключаным у 1920 гаду паміж Расіяй і Польшчай, Беларусь гэтыя дзьве дзяржавы, Польшча і Расія, разарвалі на двое, падзялі(лі) паміж сабой жывы беларускі народ.

і расійцы, і палякі абходзяцца з беларускім народам так, як калісь памешчыкі абходзіліся са сваімі сялянамі прыгоннікамі.

і там і тут беларусы прымушаны працаваць не для сябе, а для чужынцаў. і там і тут не свая, а чужая воля пануе над Беларускім народам і над усей беларускай зямлёй.

Палякі высякаюць беларускія адвечныя пушчы і грошы за лес беларускі бяруць сабе.

Палякі забіраюць лепшыя беларускія землі і раздаюць прыблудам, якіх надсылаюць з Польшчы.

Палякі абіраюць беларускі народ цяжкімі падаткамі, данінамі і паборамі ды акцызамі.

Палякі наслалі на Беларусь сваё чыноўніцтва, паліцію і войска, якіх павінен карміць паняволены беларускі народ.

Палякі ўсіх тых, хто не маўчаў на польскія крыўды і зьдзекі, пасадзілі ў турмы, і іх налічаюць тысячамі.

Палякі рукамі сваей паліціі бьюць і катуюць беларусаў, ды такімі спосабамі, аб якіх ужо даўно былі забыўшыся людзі на сьвеце.

Палякі завялі на беларускай зямле чужую беларусам польскую мову ва ўсіх урадах і ў школах.

Гэтак паступаюць палякі з беларусамі, якіх занялі пад сваю абладу, пад сваё панаваньне.

А як паступаюць бальшавікі з тымі беларусамі, якія асталіся пад Расіяй?

Яны ўтварылі Савецкую Беларускую Рэспубліку і крычаць на ўвесь сьвет, што гэтым далі беларускаму народу волю.

А ці гэта так? Не!

У Савецкай Расіі «Незалежная» Сацыялістычная Беларуская Рэспубліка ня мае ні сваіх уласных грошы, ні свайго беларускага войска, ні сваёй асобнай беларускай пошты, ні сваіх чыгунак, ні сваіх прадстаўніцтваў за граніцай. Якая ж незалежнасьць, калі грошы ў руках у маскалёў, войска ў маскальскіх руках, чыгунка і пошта ў іх і зносіны з заграніцай у іх.

Савецкая незалежнасьць дадзена беларусам у Расіі бяз войска, бяз пошты, без дарог, бяз зносін з заграніцай і бяз грошы.

Гэтай куртатай «незалежнасьцю» ў дадатак кіруе ня ўвесь народ, а толькі адна камуністычная партыя, якую аплочвае Масква і якая за гэта верна Маскве служыць, абдураючы свой народ ды прадаючы яго ў маскальскую няволю.

Камуністы, як і палякі, высякаюць беларускія пушчы і прадаюць заграніцу, а грошы забіраюць у маскоўскую казну.

Камуністы, як і палякі, трымаюць у Беларусі сваіх маскалёў-чыноўнікаў.

Камуністы па дварох, даўней панскіх, панасаджалі розных прыблудаў і не даюць зямлі беларускаму селяніну.

Камуністы ня горш палякаў абіраюць беларускага селяніна падаткамі і паборамі, пакідаючы селяніна галодным.

Камуністы, як і палякі, за працу для свайго беларускага народу і за праўду саджаюць людзей у турмы і астрогі, б’юць і расстрэльваюць.

Камуністы, урэшце, і ва ўрадах і ў школах падтрымліваюць чужую беларусам расейскую мову.

Гэты кароткі агляд палажэньня беларусаў пад Польшчай і пад Масквой паказуе, што ні там ні тут ня мае беларус свабоды, што і там і тут ён знаходзіцца ў няволі, у рабстве. Каторая няволя горшая, Маскальская ці Польская, сказаць цяжка. і саламенны і раменны хамут мулле шыю.

Мы бачым, як перад нашымі вачыма вызваляюцца адны за аднымя прыгнечаныя і паняволеныя народы, як яны ськідаюць з сябе пачародна пераржавелыя путы палітычнай і культурнай няволі.

Адны ўжо сягоньня вольны і свабодны ў сваіх дзяржавах, другіх гэта свабода чакае заўтра. Усясьветная вайна памагла ўцелаісьціць свае дзяржаўныя ідэалы ўжо многім эўропэйскім народам, але яшчэ немалы лік другіх эўропэйскіх народаў стыне ў путах дажываючага свой век імпэрьялізму.

Да ліку гэтых апошніх належыць Беларускі народ. Усясьветная катастрофа не атрасла пут няволі з Беларусі. Наадварот, польскі і расійскі імпэрьялізмы перакавалі на яе целе ланцугі няволі, парэзалі яе цела на двое, і кожды на сваей часьці шалее па свойму.

У часьці Беларусі, што апынулася пад Польшчай, вядзецца ніколі не чуванае ў гісторыі забойства цэлага народу другім народам, забойства арганізаванае, сьвядомае, пляновае.

Зямлю беларускага народу, аблітую крывёй, потам і сьлязамі, усьвячоную попеламі соцень пакаленьняў, зямлю, на якой беларусы жывуць як запамятае гісторыя, палякі вырываюць з рук беларусау і садзяць сваіх каланістаў з Пазнаншчыны, Мазуршчыны, Вялікай і Малой Польшчы.

Сталецьцямі гадаваныя непраходныя беларускія пушчы, незьлічонае багацьце, аздоба і паэзія беларускага краю, падае пад сякерамі польскага наезьніка і безплянова і пасьпешна нішчыцца і вывозіцца заграніцу, абагачаючы польскі скарб.

Беларускі народ, які выдаў з паміж сябе гэтулькі гэніяльных імён, які мае на цэлае поўтысячалецьце старэйшую літэратуру за польскую, пазбаўлены пад польскай акупаціяй магчымасьці вучыцца ў сваей роднай мове.

Беларускі народ, які поплеч з палякамі ў час агульнага ліхалецьця праліваў кроў за вызваленьне разьдзертай Польшчы ў часе ўсіх паўстаньняў, цяпер атрымаў ад Польшчы за гэта адплату тым, што яна нялюдзка разьдзерла Беларусь і перапоўніла хурмы свае тысячам! беларусаў, якія вінны толькі ў тым, што паднялі руку сваю супроць польскай тыраніі.

Словам, пад Польшчай Беларусь аграблена, зьняверана і тоне ў моры крыві і сьлёз.

Другая палавіна Беларусі апынулася ў старых, нанова пераладжаных, маскальскіх аковах.

Мазайка рожных народнасьцяў, склееная безпашчаднай тыраніяй усходня-азіяцкага тыпу, цэлыя сталецьці трымала на сваіх плячах будынак расійскага імпэрьялізму. З упадкам царату расійскі імпэрьялізм атрымалі ў спадку камуністы, якія, аднак, уступаючы напору жывога жыцьця, агалосілі Сувязь Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. У тэорыі выходзіць, што паводле гэтага акту атрымала з рук камуністаў незалежнасьць і Савецкая Беларусь. Але на практыцы гэта савецкая «незалежнасьць» толькі баламуцтва. Савецкая «незалежная» Беларусь, нават як яна цяпер выглядае ў пашыраным выглядзе, гэта толькі часьць беларускіх зямель выдзелена ў земскае самаўпраўленьне.

Савецкая Беларусь ня мае свайго беларускага войска, ня мае сваей беларускай манэты, ня мае сваіх асобных граніц ад усей Расіі, ня мае сваей беларускай школы. Менскі Унівэрсытэт, Горацкі Сельска-Гаспадарскі інстытут і другія школы абслужываюцца маскалямі або абмаскаленымі і іншымі элемэнтамі. Навука ў сярэдніх і вышэйшых школах выкладаецца па-расійску, лекціі друкуюцца па-расійску, справаздачы даюцца па-расійску.

Так званае Менскае дзяржаўнае выдавецтва друкуе з грошы, зьбіраных з беларускага сялянства, у 10 разоў больш кніг па-расійску, і на некалькі разоў больш друкуе кніг па-жыдоўску і па-польску, чым па-беларуску.

Камуністычная гаспадарка ня менш за палякаў вынішчае краёвыя беларускія пушчы, сплаўляючы лес Дзьвіной, Дняпром і Прыпяцьцю. Беларускі селянін у савецкай «незалежнай» Беларусі з году на год бяднее. Там, таксама як і пад Польшчай, вядзецца каланізація чужымі элемэнтамі беларускай зямлі.

Словам, савецкая незалежнасьць ня мае пад сабой рэальных астой, ня мае перад сабой пэрспэктыў у будучыне. Пры далейшым ходзе такога палажэньня, якое цяпер там ёсьць, беларусаў чакае дэнаціоналізація, толькі ў іншым, чым пад Польшчай, сосе: у сосе камуністычным.

Беларускаму народу няма вызваленьня ні праз Варшаву, ні праз Маскву. і праз Маскву, і праз Варшаву на Беларусь ідзе руіна і зьнішчэньне.

Толькі ў сувязі з братнімі дэмакратычнымі, сялянскімі народамі Літвой, Украінай і другімі можа Беларусь дайсьці свайго вызваленьня, можа рэалізаваць сваю дзяржаўную незалежнасьць.

Літоўска-Беларускае Таварыства, ставячы сваей мэтай працу Дзяржаўнага вызваленьня Беларусі, кліча:

Беларускі народ мае права на Дзяржаўную незалежнасьць. Карані гэтай незалежнасьці жывы ў беларускім на родзе, аб чым сьведчыць культура гісторыя Беларусі.

Беларусь, разарваная Рыжскім мірам і падзеленая паміж Польшчай і Расіяй, павінна быць аб’яднана ў адзін суцэльны дзяржаўны арганізм.

Справу рэалізаціі беларускай дзяржаўнасьці павінна актыўна падтрымліваць літоўскае грамадзянства і грамадзянствы суседніх сялянскіх народаў, пашыраючы гэту ідэю ў сваім грамадзянстве і даючы падтрымку беларусам у міжнародных палітычных установах.

Літва, якая большасьць сваей гісторыі пражыла з беларускім народам, павінна падаць беларусам руку помачы ў іхнім цяперашнім змаганьні. У вольнай Беларусі Літва, як і ў гістарычнай мінуўшчыне, будзе мець прыязную дзяржаву, з якой лучаць нас і гісторыя, і эканоміка, і аднастайны сялянскі склад жыхарства.

Дык няхай жыве Незалежная сялянская, дэмакратычная Беларусь, няхай жыве брацкае збліжэньне беларускага і літоўскага народаў.

Ськінуць з сябе ўсякі хамут, усякае ярмо, усякую няволю, стацца вольным і незалежным, вось павінна быць імкненьне кождага беларуса.

Быць вольным — прыроднае і людзкае права кождага чалавека і кождага народу. За гэтае права быць вольным змагаецца не адзін беларускі народ: многа народаў яшчэ знаходзяцца ў такім-жа палажэньню, як беларусы, і змагаюцца за сваю волю і долю, за права быць гаспадарамі ў сваей зямлі. Слава змагаром за лепшую, вольную будучыну сваіх народаў. Чэсьць усім, хто змагаецца супроць няпраўды і няволі.

Беларуска-Літоўскае Таварыства бярэ на сябе цяжкое заданьне прыйсьці ў помач паняволенаму беларускаму народу шуканьнем шляхоў да выхаду з гэтай няволі, у якой ён сягоньня знаходзіцца.

Беларуска-Літоўскае Таварыства стаўляе сабе мэтай працаваць дзеля адбудаваньня незалежнай Крывіцкай (Беларускай) дзяржавы ў яе этнаграфічных межах.

Беларуска-Літоўскае Таварыства будзе гуртаваць каля сябе ўсіх тых беларусаў і літвіноў, якія стаяць за поўную незалежнасьць гэтых абодвых народаў і іх узаемнае згоднае і прыязнае сужывецтва.

Беларуска-Літоўскае Таварыства будзе выступаць усюды, дзе акажацца патрэба, у абарону свабоды і незалежнасьці гэтых двох народаў супроць усякіх іх крыўднікаў.

Няхай жыве незалежная Беларусь у яе этнаграфічных межах.

Няхай жыве незалежная Літва ў яе этнаграфічных межах.

Няхай жыве брацкая еднасьць Беларускага і Літоўскага Народаў.