Перайсці да зместу

Практычны расійска-беларускі слоўнік (1926)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Прадмова
Аўтар: Мікола Байкоў і Максім Гарэцкі
1926 год
Вытлумачэньне скарачэньняў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

«Практычны Расійска-Беларускі слоўнік» у гэтым выданьні зьяўляецца пераапрацоўкай выдадзенага ў 1924 г. Белтрэстдрукам нашага «Практычкага Расійска-Беларускага слоўніка».

Першае выданьне нашага слоўніка разышлося ў ліку 5.000 прымернікаў за вельмі кароткі час. Гэта сьведчыць аб вялікай патрэбе цяпер у нашым грамадзянстве ў сувязі з беларусізацыяй на такія рэчы.

На жаль, і да гэтага часу не зьявілася ў друку паважнае крытыкі на наш слоўнік. Ацэнкі, якія былі зьмешчаны ў часопісах «По­лымя» і «Асьвета», больш хваляць, чымся ганяць наш слоўнік: крытыка вельмі павярхоўная. А тымчасам у нашых вусных размовах з рознымі асобамі нам давялося ўчуць гэткія нараканьні: Чаму слоўнік такі няпоўны? Чаму ў ім няма некаторых вельмі патрэбных слоў? Чаму даюцца штучныя словы? Чаму ў ім шмат чужаземных слоў без перакладу? Чаму ёсьць русізмы ды палёнізмы? і г. д.

Вось-жа трэба адказаць, што цяжкая гэта справа складаць слоўнік наагул, а расійска-беларускі слоўнік у наш час — цяжкая асабліва.

Мяркуйце самі! Старая літаратурная беларуская мова, высока культурная ў свой час і дзяржаўная ў Вялікім Княстве Літоўскім, скрозь гэтак доўгі час ня жыла афіцыйна. Зразумела, што з усяго яе багацьця карыстаць у нашы дні мы ня можам. Жывой-жа беларускай мове шырока адчынілі дзьверы толькі Кастрычнікавая Рэвалюцыя і савецкае будаўніцтва нацыянальнае культуры ў нашай рэспубліцы. І вось нашая мова, гэтая мова простых людзей, павінна была загаварыць аб такіх справах, аб якіх у нас даўней гаварылі толькі вучоныя, спачатку польскія, а потым расійскія, паны. І хоць-жа самае жыцьцё навочна паказала, што мова беларускага ратая можа быць моваю выкладаньня нават у вышэйшай школе, і без таго вялізнага лішку ў ёй чужых і незразумелых масам слоў, як тое, прыкладам, ёсьць у мове расійскай або польскай, але й мы станулі цяпер перад прымусам браць У сваю мову словы, якіх няма ў сялянскай мове, і сярод іх ёсьць, бязумоўна, словы, якія застануцца «мёртвымі» словамі. Прымус гэты — зьява часовая, спадчына ад завірушнасьці й напружанасьці ў творчай працы нашых работніцка-сялянскіх культурнікаў. Далейшае разьвіцьцё беларускае культуры, навукі, тэхнікі і ўсяго жыцьця ў БССР, бязумоўна, будзе разьвіваць і нашую мову ў сваім памысным для беларускіх працоўных гушчаў кірунку. І ўжо тое, што зроблена за апошнія чатыры-пяць год, цяпер дзівіць чужынцаў і пасьля будзе дзівіць нашых унукаў. Нібы-та спраўджаюцца словы нашага песьняра:

Хоць зернейкі высохшыя былі,
Усё-ж такі жыцьцёвая іх сіла
Ўзбудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі…

Але-ж няўхільны і труднасьці, і перашкоды, і недакладнасьці. I цяжка ўкласьці зусім дакладны расійска-беларускі слоўнік, калі й часу ў нас бракуе, і нашая навукова-літаратурная мова яшчэ не распрацована, як належыць быць.

Калі ў канцы 1923 г. мы атрымалі ад Інстытуту Беларускае Куль­туры даручэньне ўкласьці кароткі расійска-беларускі слоўнік, нам было дадзена толькі два тыдні тэрміну на гэтую працу, а тымчасам наш слоўнік зьявіўся першым у друку больш-менш поўным расійска-беларускім слоўнікам. Праўда, яшчэ ў 1871 г. быў выдадзены Расійскай Акадэміяй Навук «Словарь Белорусского наречия» І. Насовіча (800 старонак), але гэты слоўнік ёсьць беларуска-расійскім. «Маскоўска-Беларускі слоўнік» братоў М. і Г. Гарэцкіх (2 выданьне — Вільня, 1920 г.) дае толькі ня больш 3.000 слоў. З крыніц-жа навуковае беларускае мовы ў нас меліся толькі першыя чатыры выпускі Беларускае Навуко­вае Тэрміналёгіі, выд. Інстытуту Беларускае Культуры (пачатковая матэматыка, літаратура, геаграфія з касмаграфіяй, псыхалёгія з лёгікай) ды тэрміналёгія граматыкі.

На жаль, якраз у выпусках беларускае навуковае тэрміналёгіі надрукована нямала спрэчных тэрмінаў.

Маючы для сваёй працы вельмі кароткі тэрмін, мы не маглі дакладна разгледзіць кожнае слова паасобку.

Дык і ня дзіва, што ў наш слоўнік у першым выданьні трапілі некаторыя няўхільныя недаклднасьці. А яшчэ ўбіліся ў яго дужа прыкрыя абмылкі друку. Большасьць гэтых абмылак была паказана ў канцы кніжкі (нібы-та склаўся цэлы слоўнік такіх абмылак на 4-х старонках!), але яны вельмі шкодны ў карыстаньні кніжкай.

Вось чаму для новага выданьня слоўнік значна пераапрацованы. Ня маючы на ўвазе выпусьціць як можна паўнейшы расійска-беларускі слоўнік (гэтай мэце павінен здавальняць падрабязны «Расійска-Беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова, які ўжо падрыхтаваны да друку і неўзабаве мае друкавацца), мы паставілі сваёй задачай даць сьпіс толькі такіх беларускіх слоў, якія на наш погляд найбольш патрэбны ў нашым жыцьці і якія больш трапна перадаюць сэнс адпаведных расійскіх слоў.

Пэўная колькасьць слоў зусім выкінута з слоўніка ў параўнаньні з першым выданьнем. Выкінуты спэцыяльныя словы, якім месца — у зборніках навуковае тэрміналёгіі. Для пэўнага расійскага слова, калі яно мае адзін сэнс, даецца па магчымасьці адно беларускае слова. Расійскія словы бяруцца ў найбольш пашыраных іх значэньнях.

Дадаткі зроблены на падставе надрукованых у 1924 г. выпускаў Беларускае Навуковае Тэрміналёгіі: 5 в. — Геалёгія з мінэралёгіяй і 6 в. — Батаніка, сьпісу фізычных тэрмінаў, які даецца у перакладзе «Фізыкі» Н. Кашына ў беларускую мову (Менск, 1925 г.) і рукапісу вайсковай тэрміналёгіі.

З тэрміналёгій выпісаны ня ўсе словы, а толькі тыя, з якімі мы згодны або лічым за больш патрэбныя ў практычным жыцьці. У вадносінах да пэўнай колькасьці слоў адзначана прыналежнасьць іх да навуковай або вайсковай тэрміналёгій (гл. сьпіс скарачэньняў).

У канцы слоўніка дадзены сьпісы: а) уласных мужчынскіх і жаночых іменьняў (напісаны М. Гарэцкім) і б) уласных геаграфічных найменьняў (напісаны М. Байковым).

Што датыча да чужаземных слоў, дык наагул мы даем у слоўніку больш тыя словы, якія можна перакласьці ў нашую мову, у вадносінах-жа да слоў, якія пакідаюцца без перакладу, грунтуючыся на прыкладзе пачынальнікаў нашага літаратурнага адраджэньня і вымаганьнях жыцьця, праводзім прынцып няпоўнага аканьня, такім спосабам, што кожнае о бяз націску ў чужаземных словах пішам, як а, але е (э) пакідаем бяз зьмены, як правіла, выключэньне з якога робіцца толькі для некаторых слоў (напр., літара, матар’ял, інтарэс, далікатны і інш.). Злучэньні іа і іо мы пішам, як ія. Таму мы пішам: «каапэрацыя», «пралетар», «біялёгія» і г. д.

Зразумела, што і ў гэтым выданьні нашага слоўніка знойдуцца заганы і абмылкі. Хай нас выбачаюць за іх асобы, якія будуць карыстаць з нашае кніжкі, гэтак дужа цяпер патрэбнай!

Мікола Байкоў.
Максім Гарэцкі.
Менск.
18—X—1925