У ДОБРЫ ЧАС
…І насыпалася-ж гэтай молі.
Вецер з поўначы. Зіма за шклом…
Едзьце, любыя, сабе паволі
Хоць у Індыю, хоць на Цэйлон.
Я экзотыкай захоплен мала,
Мне-б кажух на зіму як прыдбаць.
Вецер спрытлівы заводзіць шалы,
Пачынае праз вакно дзімаць.
Ён ад поўначы бярэ кірунак,
Лезе, злыбеднік, аж на страху.
Кажуць, дзіўны быў у нас стасунак
І такія-ж крокі на шляху.
Я кажу цяпер на цьвёрдай глебе
І папраўдзе не хаваю слоў:
Едзьце, любыя, куды вам трэба —
Хоць пад тропікі, хоць на Цэйлон.
Мы цяпер ужо ня зоры ловім,
Волак колішні музэям здан.
Мы над горнамі гартуем словы,
Мы бярэм іх на пад‘ёмны кран.
Шпэтнай лірыкі даволі знана —
Рыфму выдумай пад кропкі тры…
За вакешкамі, напрыклад, ранак,
Ранак з Гётэўскай пары.
Так і пішацца, а ня іначай —
Сьвет романтыкі, пара бандэр,
Месяц Вэртэрам пакутным плача,
Ходзіць тропамі страшных пантэр.
А між тым гудзе звычайны вецер,
Ў небе тысячы часуе зор.
Дом наш, схоплены марозным вецьцем,
Падслухоўвае такі згавор:
„Конча сыдуцца дарогі клінам…
„Кліча звабную шамок зіму…
„Быць на почаку было калі нам
„За талочаю узорных муз…
„Дарма крэсьляцца жывыя словы…
„Тайма песенны нацягнем лук…
„На завілінах дарог зімовых
„Вымяраецца вярстою гук.
Месяц выбліснуў на зорнай грэблі,
Ў сінь кіруецца яго баркас.
Едзьце, любыя, куды вам трэба,
Вецер з поўначы, у добры час!
Менск, 17-1—31 г.
|