ЛІСТ З ПАЛЕСЬСЯ
Як песьня, сумны лістапад,
І дзень, як зраненая восень,
Кудысьці вабяць мой пагляд
Шляхамі дальнімі цівосе.
Перада мною, як дакор,
Яны віюцца лятуценна…
І мне здаецца мой пакой —
Вясновай хатаю ў суценях.
Даўгая лава, печ, вакно,
Старая груша за сьцяною…
Мае дзесяць год… і мне відно:
Пасуцца коні стараною.
І я зьбіраюся ў начлег,
Кавалак хлеба ў сьвіце шэрай.
Віюцца кудры на чале,
Ў завалах юныя намеры…
І ўсё ізноўку, як раней:
У полі грэчак бель густая.
Старая маці сьніцца мне
З нагорбленым і сумным станам.
Жывыя вобразы мае,
Былыя радасьці і сьлёзы!
Хто вас у песьнях апяе
На ліры сумнай пры дарозе?!
Як сьлёзы, жоўтыя лісты
Губляе вецер шумна ў лузе.
Глядзіцца месячык на тын
Зусім спагадліва і дружа.
А там, за хмураю лукой,
Сівыя вербы каля пашы…
............
Над пражай сёстры ля вакон.
І ціха так у хаце нашай.
На лаве маці за сталом
Жуе сухі кавалак хлеба,
А дум над зморшчаным чалом,
А думак больш, як зор на небе.
Скрабецца недзе ў хаце мыш,
І на страсе шуміць салома, —
А ты задумна так глядзіш
Кудысьці ў морак ночы цёмнай.
Няма ніводнага з сыноў,
Яны усе шукаюць долі…
І восень ходзіць за сьцяной,
Лісты губляючы па полі.
Цяпер на нашым на двары
Губляе вяз іх многа, многа…
За ім далёка ў бары,
Як вуж, асеньняя дарога.
За ім асеньнія палі
І наш палетак вузкі, вузкі…
Яго маці смутак апаліў
На ім асеньнія атрускі.
Над хатай месяц. У цішыні
На посьвеці лучына гасьне,
І маці дрэмле, маці сьніць
Здабытае сынамі шчасьце.
Лісты шумяць, шумяць лісты,
І гэта ўсё — як песьня…
............
Перада мной пакой пусты,
Пахілы стол
І ліст з Палесься.
Менск, 1929 г. г.
|