Перайсці да зместу

Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/Да дому

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст з Палесься Да дому
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
На станцыю
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да дому (Дарожны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ДОМУ

Як стаміўся і як зморан!
Адпачыць-бы ля ракі.
На сінеючых вазёрах
Запяваюць трысьнікі.

Вее сінь туманам сьвежым,
Стома ўлеглася ля ног…
Пескавыя ўзьбярэжжы
Мне прыпомніліся зноў.

Да сяла ўжо недалёка,
Лёгкі дым ляціць з садоў,
Млын стары ўсё так-жа бокам
Пахіліўся над вадой.

Дзеравяная званіца
Ды разьбітыя званы
(ім пара ўжо разваліцца)
Стогнуць нудна ў цішыні.

Вось і нашыя вароты.
Адчыняю. Як даўно!
З брэхам „бобік“ наш дваровы
Зноўку лашчыцца ля ног.

Вось ён, добры, мой прытулак!
Колькі год і колькі зім…
— Добры дзень, мая матуля!
Гэта я… Сяргей, твой сын.

— Ты, сыночак?.. Дагарае
Колер макавы зары,
І ўжо з радасьці старая
Больш ня можа гаварыць.

І ў расчыненую хату
Я іду, як новы госьць.
Як зьмянілася багата,
А ў старых — звычайна пост.

— Ну, расказвай-жа, матуля,
Ці здаровы сёстры, брат,
Ува мне шчэ не заснула
Юных год мая пара.

Я шчэ помню, добра помню
Тую ростань і той дзень…
Асыпала сонца промні
На зямлю і на людзей.

Я ішоў наўгад, сьцягою
Пад абозны скрып калёс.
— Маці, маці, што з табою?
Не шкадуй… Я перанёс…

— Не шкадуй: такіх багата.
Хай ляціць, няхай яно…
На страсе і каля хаты
Вераб‘і ўзьнялі садом.

І звычайная бяседа
Палілася за сталом:
— Заўтра трэба йсьці на сена,
А сягоньня жыта жном.

Ураджай хоць невялікі,
Але ўсё-ж, ты знаеш сам…
І ад ветру ў садзе ліпы
Галаву схілялі к нам.

Маці змоўкла, спахмурнела,
Я панік ад звыклых дум,
Толькі слухаў, як зьвінелі
Песьні звонкія сялу.

А назаўтра, шчэ паляны
Ня ссыпалі росных сьлёз,
Пабудзілі мяне рана:
— Ў добры час,
На сенакос.

Менск, 1929 г.