Перайсці да зместу

Праграма і статут «Праваслаўна-Беларускага Дэмократычнага Аб’еднаньня» (1927)/Праграма

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праграма Партыі „Праваслаўна-Беларускага Дэмократычнага Аб’еднаньня“
Палітычная праграма

1927 год
Арганізацыйны статут Партыі „Праваслаўнага Беларускага Дэмократычнага Аб’еднаньня“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праграма Партыі

„Праваслаўна-Беларускага
Дэмократычнага Аб’еднаньня“

I. Рэлігія.

1. Праваслаўна-Беларускае Дэмократычнае Аб’яднаньне стаіць за бязумоўную свабоду ўсіх рэлігіяў, як у іспаведаньні веры, так роўна і ў богаслужэньні і ўсім унутраньнім парадку іх самаўрадаў.

2. У адносінах да праваслаўнай царквы ПБДА стаіць за саборнае устройства яе самаўраду на падставах яе канонічнага права.

3. ПБДА ўважае за найлепшы спосаб для здейсьненьня рэлігійнай свабоды адзяленьне царквы ад дзяржавы. Гэта аднак ня выключае магчымасьці іх узаемдзеяльнасьці, якая можа быць рэгулявана праз свабодную згоду (concordat) дзяржаўнай улады з паўнамочнымі (ад Сабору) прадстаўнікамі царквы.

4. Царква (касьцёл) павінна карыстацца ў дзяржаве правам ўласнасьці і правам юрыдычнай асобы.

II. Аснаўныя палітычныя засады.

5. ПБДА уважае, што правам кожнага народу ёсьць яго палітычная і культурная незалежнасьць. Згодна з гэтым ПБДА змагаецца за права беларускага народу на свабоднае самаакрэсьленьне.

6. У гэтай мэце ПБДА імкнецца да паглыбеньня нацыанальнае сьведамасьці беларускага народу шляхам арганізацыі яго культурна-палітычнага жыцьця на грунце хрысьціанска-дэмократычных ідэалаў і беларускай народнай культуры.

7. ПБДА імкнецца да поўнай свабоды і запраўднай роўнасьці перад законам усіх нацыанальнасьцяў і будзе вясьці барацьбу з усялякімі праявамі нацыанальнага уціску.

8. ПБДА стаіць за поўную свабоду слова, друку, сходаў, арганізацыяў, таварыстваў і прафэсыянальных саюзаў.

9. Кожная нацыанальнасьць мae права карыстацца сваею роднай мовай у царкве, судах, школах і ў агульна-грамадзкім і палітычным жыцьці.

III. Эканамічныя справы.

а) Права ўласнасьці.

10. ПБДА уважае права ўласнасьці за падставу матэрыальнага і культурнага разьвіцьця і цывілізацыйнага поступу кожнага народу. Аднак жа скапленьне ўласнасьці у вялікай меры ў прыватных руках ПБДА прызнае шкодным для працоўнага народу, дзеля чаго змагаецца з праявамі абшарніцтва і капіталізму.

б) Зямля.

11. ПБДА прызнае як аснаўную засаду: зямля трудавому народу на правах уласнасьці. Партыя дамагаецца надзяленьня беззямельных і малазямельных сялян трудавой зямельнай нормай коштам дзяржавы.

12. Пры надзяленьні зямлёй партыя будзе змагацца за тое, каб усе належачыя да парцэляцыі землі на абшары Беларусі раздаваліся выключна беларускаму народу, дзеля чаго партыя будзе вясьці барацьбу з палітычнай калянізацыяй, якая імкнецца да палянізатарскіх мэтаў.

13. У мэтах разьвіцьця гаспадаркі і культуры ПБДА імкнецца да праведзеньня комасацыі і хутарскага гаспадарства на кошт дзяржаўнага скарбу.

в) Прыродныя багацьці.

14. Лясы, воды, падземныя і іншыя багацьці; маючыя агульна грамадскае значэньне, становяць уласнасьць дзяржавы, а карыстаньне з іх рэгулюецца мясцовымі самаўрадамі.

г) Адбудова.

15. У першы чарод лясы павінны быць выкарыстаны на адбудову сялянскіх гаспадаркаў, знішчаных вайной.

Для палепшаньня гаспадаркі сялянам павінны быць адчынены танныя крэдыты.

д) Падаткі.

16. ПБДА дамагаецца злажэньня галоўнага цяжару падаткаў на найбольш заможныя клясы, дзеля чаго змагаецца за так званы прагрэсыўны падатак.

17. Даход выстарчаючы толькі на пражыцьцё, павінен быць звольнены ад падаткаў.

Прадметы першае патрэбы павінны быць звольнены ад падаткаў.

е) Рабочае пытаньне.

18. ПБДА дамагаецца:

а) 8 гадзіннага рабочага дня, нядзельнага адпачынку, платных водпускаў,

б) забароны працы дзяцей і палепшаньня санітарных варункаў працы на фабрыках,

в) мінімума заработнай платы,

г) скарочаньня рабочага дня да 7 гадзін у прадпрыемствах, шкодных для здароўя і да 6 гадзін у суботу.

д) дзяржаўнага страхаваньня работнікаў ад хваробы, калецтва, безрабоцьця і на старасьць,

е) свабоды стачак і поўнае свабоды прафэсыянальных саюзаў,

ж) удзелу рабочых ў прыбытках,

з) выдачы безработным дапамогі ў размеры пражытачнага мінімума,

і) арганізацыі публічных работ.

ж) Коопэрацыя.

19. ПБДА зьвяртае ўвагу на пашырэньне спажывецкай, вытворчай і крэдытнай коопэрацыі сярод сялян і работнікаў, уважаючы, што яна даець магчымасьць працоўнаму народу бараніцца ад дарагавізны і спэкуляцыі, ды прывучае яго да арганізаванай самадзейнасьці. З гэтага поваду ПБДА дамагаецца для коопэрацый шырокага дзяржаўнага крэдыту.

IV. Асьвета.

20. ПБДА дамагаецца, каб пачаткавае навучаньне была абавязкавым для ўсіх. Навучаньне павінна быць бязплатным і выкладацца на роднай мове.

21. Партыя дабіваецца вольнага адчыненьня прыватных школаў і права іх на ўрадавую дапамогу.

22. Для ўвядзеньня навучаньня у роднай мове павінны быць адчынены беларускія вучыцельскія сэмінарыі, гімназыі і унівэрсытэт.

23. Выкладаньне рэлігіі кожнага вызнаньня адбываецца абавязкова як ў школах урадавых, так і прыватных на роднай мове.

24. У мэтах пашырэньня гаспадарчай культуры ПБДА імкнецца да адчыненьня магчыма большай лічбы гаспадарчых школаў.

V. Суд.

25. ПБДА стаіць за незалежныя суды.

26. Міравыя судзьдзі, як і лаўнікі пры іх, выбіраюцца народам.

27. Карныя палітычныя справы, падлягаючыя акружным судам, разбіраюцца прысутнасьцьцю прысяжных, каторыя і выносяць прыгавар.

28. Палявыя (даразныя) суды павінны быць скасаваны.

29. У мэтах скарэйшага адпраўленьня правасудзьдзя павінна быць павялічана лічба міравых судоў і зьменьшаны судзебныя аплаты.

30. ПБДА проціў кары сьмерці.

VI. Войска.

31. ПБДА дабіваецца скарочаньня службы ў войску і значнага зменьшаньня войска, каб такім спосабам паменьшыць ападаткаваньне насяленьня і павялічыць выдаткі на культурныя патрэбы.

32. ПБДА вядзе барацьбу з палітыкай мілітарызму і імкнецца да замены сталай арміі народнай міліцыяй.

VІІ. Самаўрады, Паліцыя і адміністрацыя.

33. Усе самаўрады гмінныя, павятовыя і ваяводзкія павінны выбірацца агульным галасаваньнем.

34. Самаўрады павінны быць зусім незалежнымі ад адміністрацыі і круг іх дзеяльнасьці павінен быць пашыраны.

35. Адною з важнейшых галін самаўрадавае працы павінна быць забяспечаньне сялянам і работнікам мэдыцынскае помачы, апекі над сіратамі, бездагляднымі калекамі і г. д.

36. ПБДА дабіваецца каб паліцыя і ўрадоўцы без ніякіх выключэньняў за служэбныя надужыцьці адказывалі перад законам.

37. у барацьбе за дасягненьне партыйных мэтаў партыя будзе ісьці легальным шляхам, акрэсьленым у Дзяржаўнай Канстытуцыі.