Перайсці да зместу

Праграма і статут «Праваслаўна-Беларускага Дэмократычнага Аб’еднаньня» (1927)/Арганізацыйны статут

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праграма Партыі „Праваслаўна-Беларускага Дэмократычнага Аб’еднаньня“ Арганізацыйны статут Партыі „Праваслаўнага Беларускага Дэмократычнага Аб’еднаньня“
Статут

1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Арганізацыйны
СТАТУТ

Партыі „Праваслаўнага Беларускага
Дэмократычнага Аб’еднаньня“

Сябры ПБДА.

1. Сябром ПБДА можа быць кожны беларус, які прыймае праграму ПБДА і станоўча гатоў працаваць на грунце гэтай праграмы.

2. Абавязкам кожнага сябра ПБДА зьяўляецца:

а) выконываць усялякія арганізацыйныя распараджэньні, атрыманыя ад партыйных уладаў, і прыймаць партыйныя становішчы, на якія будзе выбраны;

б) аплачываць партыйную складку, разьмер якой акресьлівае цэнтральная мейсцовая партыйная ўлада;

в) мець партыйны білет.

3. Кожны сябра ПБДА мае права:

а) прыймаць удзел у сходах і зьездах ПБДА;

б) выбіраць і быць выбіраным на ўсе становішчы ў партыйнай арганізацыі.

4. Сябры ПБДА прыймаюцца мяйсцовай арганізацыяй або вышэйшымі партыйнымі ўладамі.

5. Ніхто з сяброў ПБДА ня можа належыць да іншых палітычных партыяў.

6. За праступкі проціў партыі, альбо плямуючыя і паніжаючыя годнасьць чалавека, сябра ПБДА можа быць часова ці зусім выключаны з партыі.

Права на часовае выключэньне маюць мясцовыя партыйныя улады, а на поўнае — улада цэнтральная.

Пазбаўлены на пэўны час правоў сябра ПБДА мае права ў працягу месяца абжалаваць пастанову мясцовай арганізацыі ў Цэнтральны Камітэт, які і вырашае тады аканчальна гэтую справу.

Мяйсцовая арганізацыя.

7. Сябры ПБДА, якія пражываюць ў аднэй ці некалькіх суседніх вёсках, ствараюць партыйны Гурток. У вялікіх мястэчках і гарадох районныя гурткі ПБДА могуць лучыцца ў адзіную гарадскую арганізацыю ПБДА.

Аб стварэньні гуртка старшыня яго паведамляе Цэнтральны Камітэт.

8. Гурток выбірае свой Камітэт, складзены з трох асоб: старшыні, сэкрэтара і скарбніка. Камітэт выступае ад імя Гуртка, згодна з пастановамі Гуртка або згодна распараджэньняў вышэйшых партыйных уладаў.

9. Сходы Гуртка адбываюцца ў меру патрэбы і склікаюцца з уласнай ініцыятывы Камітэту, на жаданьне трох сяброў Гуртка, або на жаданьне вышэйшай партыйнай улады.

10. Да кампэтэнцыі Гуртка належыць:

а) прыймо сяброў і пазбаўленьне іх правоў;

б) выбар дэлегатаў на партыйныя зьезды і Агульны Зьезд;

в) зьбіраньне складак, партыйных ахвяраў і падпіскі ад сяброў на газэту;

г) вызначэньне для Камітэту і паасобных сяброў Гуртка прац арганізацыйна-агітацыйных, асабліва-ж працы ў пашырэньні партыйных друкаў і ў знаходжаньні новых падпішчыкаў газэты;

д) прыйманьне справаздачаў аб дзеяльнасьці Камітэту і паасобных сяброў Гуртка;

e) вызначэньне кандыдатаў у гмінную раду, касу хворых, а таксама ў-ва ўсякія мясцовыя таварыствы прасьветныя, гаспадарчыя і грамадзкія;

ж) разважаньне над палітычнымі справамі і прыйманьне пастановаў як агульных, так і ў справах мясцовага характару.

11. Адказным перад партыяй за працу Гуртка зьяўляецца Камітэт Гуртка.

Павятовая арганізацыя.

12. Сябры ПБДА, якія жывуць у адным павеце, складаюць арганізацыю ПБДА данага павету.

13. Сябры ПБДА зьбіраюцца ня меньш аднаго разу ў год на Павятовы зьезд.

14. Павятовы зьезд ПБДА склікаецца Павятовым Камітэтам па:

a) пастанове Павятовага Камітэту;

б) жаданьню вышэйшай партыйнай улады;

в) жаданьню найменьш трох партыйных Гурткоў.

15. Павятовы зьезд

а) выбірае Павятовы Камітэт у складзе старшыні, сэкрэтара, скарбніка і па адным сябру Камітэта ад кожнага Гуртка;

б) прыймае справаздачу аб дзеяльнасьці Камітэту;

в) разважае справы палітычныя і выносіць у гэтых справах свае пастановы;

г) выбірае дэлегатаў на партыйны Агульны Зьезд.

16. Паседжаньні Павят. Камітэту вызначаюцца:

a) пастановай папярэдняга паседжаньня;

б) старшынёй Камітэту з уласнай ініцыятывы або на жаданьне двух сяброў Камітэту;

в) па жаданьню вышэйшай партыйнай улады.

17. Да абавязкаў Павятовага Камітэту належыць:

а) падгатоўка і скліканьне павятовых зьездаў;

б) кантраляваньне дзеяльнасьці мяйсцовых Гурткоў і прэзыдыуму Камітэту;

в) выконаваньне пастановаў зьездаў;

г) арганізаваньне мітынгаў і палітычных нарадаў, кіраваньне палітычнай акцыяй на абшарах павету ў мэтах паглыбеньня сьвядомасьці беларускіх сялянскіх і работніцкіх масаў і пашырэньня арганізацыі;

д) складаньне Цэнтральнаму Камітэту квартальных (4 разы ў год) справаздач аб партыйнай дзеяльнасьці, а таксама аб палітычным, культурным і гаспадарчым жыцьці ў павеце.

18. Пастановы Камітэту выконывае прэзідыум у складзе старшыні, сэкрэтара і скарбніка. Прэзідыум павінен утрымліваць сталую сувязь з Камітэтамі Гурткоў і з Цэнтральным Камітэтам. Прэзідыум выдаець сяброўскія білеты; кантралюе падпіску на газэту і сяброўскія складкі, а таксама кантралюе пашырэньне партыйных друкаў.

Адказным перад Цэнтральным Камітэтам за стан працы ў павеце зьяўляецца прэзідыум; прэзідыум падаець Цэнтральнаму Камітэту кожны месяц сьпіс усіх сяброў ПБДА ў павеце.

Акружная арганізацыя.

19. Цэнтральны Камітэт, калі знойдзець патрэбным, стварае Акружныя Арганізацыі ПБДА, злучаючы ў іх па некалькі павятовых арганізацый.

Агульны зьезд.

20. Найвышэйшай уладай ПБДА зьяўляецца Агульны Зьезд. Агульны Зьезд пастанаўляе аб усей палітычнай і арганізацыйнай дзеяльнасьці ПБДА, а таксама аб праграме, тактыцы і статуце, выбірае Цэнтральны камітэт і Рэвізыйную камісію ПБДА, а роўна прыймае ад іх справаздачу.

21. Агульны Зьезд складаецца з дэлегатаў, выбраных ад Гурткоў, а таксама на павятовых зьездах, і склікаецца Цэнтральным Камітэтам ня меньш аднаго разу ў год. На жаданьне найменш 3 арганізацый павятовых (зьездаў ці павятовых камітэтаў) Цэнтральны Камітэт павінен склікаць Агульны Зьезд у працягу трох месяцаў.

Цэнтральны Камітэт.

22. Цэнтральны Камітэт кіруе дзеяльнасьцьцю Павятовых Камітэтаў і ўсіх іншых арганізацыяў ПБДА.

23. У выпадку пільнай патрэбы выявіць становішча ўсяе ПБДА ў паасобных справах, — Цэнтральны Камітэт склікае Раду ПБДА, складзеную з прадстаўнікоў павятовых Камітэтаў і мужоў даверыя.

24. Цэнтральны Камітэт складаецца з 11 сяброў і выбірае з-паміж сябе прэзыдыум у складзе 5 асоб, у гэтай лічбе старшыню, віцэ-старшыню, скарбніка, сэкрэтара і яго заступніка.

25. Паседжаньні Цэнтральнага камітэту адбываюцца ў меру патрэбы і склікаюцца старшынёю з яго ініцыятывы, па пастанове прэзыдыуму або на жаданьне трох сяброў Камітэту.

26. Для вядзеньня паасобных галін працы Цэнтральны камітэт стварае аддзелы і выбірае з лічбы сяброў Камітэту кіраўнікоў гэтых аддзелаў.

27. Паседжаньні Прэзыдыуму Ц. К. адбываюцца раз у тыдзень. На свае паседжаньні Прэзыдыум мае права запрашаць кіраўнікоў паасобных аддзелаў.

Рэвізыйная Камісыя.

28. Рэвізыйная Камісыя складаецца з трох сяброў і аднаго заступніка, якіх выбірае Агульны Зьезд ПБДА.

29. Рэвізыйная Камісыя спраўджае прыхода-расходную кнігу Цэнтр. Камітэту і робіць справаздачу на Агульным Зьездзе ПБДА.

Фінансы ПБДА.

30. Фінансы ПБДА складаюцца:

a) з сяброўскіх складак;

б) са складак пасольскіх;

в) з даходаў ад прадажы партыйнае літаратуры;

г) з ахвяраў і даходаў надзвычайных.

31. Палова сяброўскіх складак застаецца ў арганізацыі мяйсцовай ці павятовай, другая-ж палова адсылаецца ў Цэнтральны Камітэт.

32. Павятовыя зьезды маюць права устанаўляць дадатковыя складкі на спэцыяльныя мэты.

Пастановы.

33. Пастановы ўсіх партыйных уладаў і сабраньняў прыймаюцца звычайна большасьцю галасоў. Пастановы-ж Агульнага Зьезду адносна праграмы, ці тактыкі, або Статуту ПБДА вымагаюць большасьці ⅔ галасоў дэлегатаў, прысутных на Агальным Зьездзе.

Часовыя правілы.

34. Да часу сабраньня першага Агульнага Зьезду ПБДА Цэнтральны Камітэт выбіраецца Часовай Радаю, якую становіць ініцыатыўная група ПБДА.

35. У тых паветах, дзе яшчэ ня створаны мяйсцовыя Гурткі і ня выбраны яшчэ павятовыя Камітэты, вядуць арганізацыйную працу мужы даверыя ПБДА, назначаныя Цэнтральным камітэтам і перад ім адказныя.