Перайсці да зместу

Права на зброю (1933)/Сінімі шляхамі на ружовы шлях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паводка і поэта расплачваецца за маладосьць Сінімі шляхамі на ружовы шлях
Цыкль вершаў
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
І вуснамі кранаўся кветак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сінімі шляхамі на ружовы шлях.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СІНІМІ ШЛЯХАМІ
НА РУЖОВЫ ШЛЯХ


ГРОМ падае, куды яму падабаецца і калі хоча. Але ёсьць вяршыні, якія яго прыцягваюць. Некаторыя месцы, некаторыя душы — сапраўдныя навальнічныя гнёзды. Яны ствараюць маланкі, або прыцягваюць iх да сябе з усіх бакоў небасхілу.Р. РОЛЯН.


Но поэзия пресволочнейшая штуковина: существует и ни в зуб ногой.МАЯКОЎСКІ.

1

Ёсьць лепшы сьвет
жывой і творчай працы,
ёсьць сонца, песьні, ёсьць вясна…
Ёсьць шчасьце йсьці
і верыць,
і змагацца,
і вольнай думкай
ў творчасьці лунаць.

Там дзесьці,
у ячэйках і у школах,
жывуць другім — удуманым жыцьцём.
Ня хіляць голаў
нізка долу
і ня блукаюць ў змроку
па касьцёх.

А тут туман,
тут пыл сталецьцяў душыць,
тут сум забытых,
дальніх
і чужых.
Тут,
па-асьлінаму падняўшы горда вушы,
гавораць так,
што ім абрыдла жыць.

Я знаю іх…
я ім калісьці верыў…
я іх балота славіць пачынаў,
і за разгул
іх цёмнай веры
сьцяг абурэньня
узьнімаў.

А вось цяпер
навалай творчай працы
знаходжу ўсё:
і радасьць і любоў,
бо шчасьце знаю —
верыць, і змагацца,
ісьці,
гарэць,
ўпівацца барацьбой…
1927 г.

2

Страшныя сны навеяла гісторыя,
крывавы выбух колішняй вайны,
і гавару: ня лечым край, а творым мы,
той край, што быў ў агні.

Назад вады
ня вернеш у вадазборы
і не абудзіш сонмы мёртвых цел.
Няхай ня йшлі
да Магамэта горы,
Мы горы возьмем на прыцэл.

Адчуў я сэрцам
будучага поступ,
і сэрца зноў — агонь і дынаміт —
злучы, —
і ты адчуеш проста
і кроў дынам і цемру пірамід.

Я гавару, што знаю і люблю я
свой край, зямлю і рухі творчых сіл,
і што поэт, калі на ўсё гаворыць „алілюя“ —
ён сын адных магіл.
І
кляса тая, дзе поэт у загоне,
дзе думка сьмелая
страшней за сьмерць зямлі,
пустая,
бедная,
якою быць сягоньня
ня можа кляса наша,
нашы песьняры.

Таму пад сны абуджанай гісторыі
кажу ўсім сэрцам,
ўсёй сваёй істотай,
што вось ня толькі
лечым край,
а творым мы,
той край, што быў пад ботам.

3

Горад грыміць
і грыміць.
Вуліца —
проста да славы.
Грузка
паўсталі дамы, —
постаць
высокае справы.

Стаў я адзін на рагу,
слухаю музыку руху…
Гулка трамваі
бягуць,
стогнуць аўтобусы
глуха.

Ў нашай краіне вясна.
(Дадзена права на сонца!)
Й ты не адзін ля старна,
гэткіх, як ты,
бясконца.

Сам ты адчуеш зямлю —
(поступ шырокага траўню!).
Сам ты ім скажаш — люблю
гэткіх і любых
і слаўных.

Мне бы стаяць
і грымець
ў грохаце вуліц,
ў натоўпе,
мне бы сьмяяцца
з агіднага — сьмерць,
што пралятае
ў Эўропе.

Чую я гукі сырэн.
Гэта наступнага поступ.
Гэта інакшы Шопэн,
Іншае музыкі россып.

Будзем жа славіць
жыцьцё —
(творчую песьню
прыбою).
Будзем ісьці
па касьцёх
тых, што памерлі
бяз бою.

Будзем,
як волаты мы —
нашае права
за намі…
Горад жыве
і грыміць,
камень кладзецца
на камень.

4

ЗА ШТО?

(Памяці Сако і Ванцэці)

Мы бачым іх —
прыдушаных і зьбітых,
мы бачым іх
у роспачы глухой —
ня ім насіць
імя бандытаў,
а з сэрцам вольным
і адкрытым
ісьці да лепшых
берагоў.

І чым на сьвеце
можна апаганіць,
чым толькі можна
ў сьвеце асьмяяць;
паны ў сваім
залочаным тумане
пусьцілі байкі
аб сьмяротнай ране,
і што забойцы іншага
няма.

І вось цяпер
на электрычным крэсьле
Яны, як каты,
згінулі на век.
Паны сьмяюцца
пры сьмяротных весьцях, —
для іх капейка
чалавек.

Няхай пад час
у нас яшчэ і сумна
і песьні радасьці
пад час няма,
затое мы
ў цяжкіх і прагных
думах
кладзем ўсё лепшае
на ласкавыя струны
і знаем, добра знаем, —
не дарма.

І я пяю
пра іх глухіх і зьбітых,
пяю ўсім сэрцам
(слухай і любі),
каб пад напеў мой
сакавіты:
— За што? — спыталіся
ў баі.
1927 г.

5

„Шануй, мой голуб, маладосьць“ —
ты мне сказаў у змроку сінім.
З нас кожан брат і кожан госьць
залітай зорамі даліны.

Дык пройдзем хораша
па ёй
дарогай чэснай
і шырокай,
каб сонца новага
прыбой
адчуць і шчыра
і глыбока.

Вятры хай пройдуць
над зямлёй,
і скалынуць яе
старую…
Мы знаем ўсё:
дабро і зло,
і мы, быць можа,
ўсім даруем.

Але, зьнікаючы ў туман,
мы з кожным крокам ўсё нэрвовей
ў душы сьмяемся з даўніх ран
і спатыкаем сотні новых.

Сябе ня ўмелі зьберагчы,
і… зьберагчы ня ўмелі нас…
пра юнацтва ты маўчы,
маўчы, прашу, Міхась.

Бо сэрца
вырвецца з грудзей
і ўзварухне
зямную кулю.

Няхай,
хто сёньня маладзей,
сваё юнацтва к сэрцу
туліць.

А я гляджу вось на цябе,
і мне здаецца ўсё упарцей,
што ты жыцьцё з агнём прабег,
каб сёньня стаць
на варце.

Бо ты прайшоў вялікі шлях,
і… бачыш, — срэбра голаў кратае.
Ты ведаў усё: і сум і жах —
і маладосьць твая багатая.

Ну, дык навошта шкадаваць
яе такую ў змроку сінім, —
калі так многа можна даць
сваёй і клясе і айчыне?

6

Сінімі шляхамі на ружовы шлях
Плыў жалезны волат, многатонны
птах.
Людзі йшлі ў чырвоным,
поўныя агню,
спатыкаць харошую,
слаўную вясну.
З сьветлымі вачыма,
з русаю касой
йшла вясна ды з песьнямі
першай баразной.

Йдзі, сьпявай, пасьвіствай,
росная мая,
для жывых праходзіш грозна
не дарма.
З кожнаю вясною
ўсё каротшы шлях,
і мінае смутак,
і праходзіць
жах.

Толькі застаецца
па мінулым боль,
за былыя песьні
і тваю любоў.

І яшчэ за тое,
што ня ўмеў, як ты,
сыпаць поўнай жменяй
сонца на сады,
што у кволых песьнях
абмінаў свой час
і ў студзёны вечар
шлях губляў
ня раз.

А цяпер вось, поўны
творчых дум і сіл,
спатыкаю раньне —
першае оценки
ў жыцьці…

I туманным шляхам на ружовы шлях
падпіхаю трактар, твой жалезны птах.