Польшча і яе суседзі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Польшча і яе суседзі
Артыкул
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: «Беларускі Шлях», 1918, № 67, 15 чэрвеня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як паведамляюць тэлеграфно з Бэрну, Літоўская Рада падала тэлеграфны протэст прэмьерам Францыі, Англіі і Італіі, проціў ухвалы Версальскай ваеннай рады аб стварэнні Польскай дзержавы з доступам да мора. Літвіны знайходзяць, што гэты проэкт ні можа быць спраўджэны без нарушэння іх жыццёвых інтэрэсаў.

Азначаны факт - падача пратэсту з боку літвінаў - нас ані здзівіць,

ані здаецца чымсь такім, што-бы сьведчыло аб асобна ніпрыязных стасунках да палякоў. Гэто - натуральнае рэхо тае вяліка-дзяржаўнай ідэологіі, якой кіраваліся ў сваіх учынках «мужы стану» Польскай Рэчы Посполітай.

Час цясьнейшаго супольнаго дзержаўнаго жыцця - ад Люблінскай уніі 1569 г. аж да 3 раздзелу Польшчы, a потым грамадскаго споўжыцця - ад апошняго раздзелу і да нашых дзён, навучыў суседнія з Польшчай народы асьцярожна адносіцца да запэўненняў аб братстве і спагаднасьці і як агня баяцца новаго панавання палякоў над сабой.

Ні палітыка ўсяго польскаго народу, разумеецца, але палітыка польскіх мужоў стану і, можна без вялікай крыўды для ісьціны сказаць, праца ўсей польскай інтылігэнцыі, справіла тое, што змучанае безупыннай вайной за свае нацыянальныя вольнасьці казацтво пайшло ў Перэяслаў шукаць апекі пад «высокай рукой цара маскоўскаго»; яна ж - нацыянальным і рэлігійным уціскам на Беларусі - прыгатавала грунт для пазьнейшай руссіфікацыі, на якую найахвотней пайшлі праваслаўныя беларусы, і ўжо саўсім нідаўна, у любках з Сталыпіным, «кідала жрэбій аб рызах» нашых; яна-ж пакінула па сабе на Літве прыкрую памяць а6 сквапнай дэнацыянэлізацыі вышэйшых станаў і дзеі саўсім нідаўняго часу - аб змаганні з нацыянальным рухам сярод літоўскаго духавенства.

Гэто гісторыя, каторая нілёгка забываецца, хаця б нават і даваліся наймацнейшыя запэўнення, і каторую ні варто забываць. Бо ніхто ні можа спасылацца, што гэто рабіў ні ён, a яго даверанны, a ў тым ліку і ўвесь польскі народ: кожны народ мае на сваім чале таго, каго ён варт.

Аднак-жа такі стасунак да палітычных запэўненняў ні павінен стаяць на перашкодзі праўдзівым народным жаданням агульнай згоды і добраго суседскаго жыцця. («Брацтво» трэба адкінуць, бо неяк заўсёды здараецца, што з двух ці несколькіх братоў, адзін робіцца «старшым» і пачынаецца крыўда).

Толькі да гэтаго трэба ісьці ні дарогай фалшываго ідэалізму ў міжнародных стасунках, які даўно ўжо збанкрутаваў у навуцэ і практыцэ, a дарогаю ўразумення абапольных зыскаў ад тэй, ці іншай формы збліжэння с суседзямі. Тагды, абгаварыўшы наперад усе варункі. як гэта робіцца ў гандлю, разам папрацаваўшы, пераканаўшыся ў чыстаце замераў з абаіх бакоў, можна дайсці і да ўзаемнага заўфання.

A покуль што, у обэцны мамэнт, калі ішчэ на тэррыторыі былых крэсаў Польшчы і «С - западной области» Расійск. імпэрыі толькі замыкаюцца ў свае даўнейшыя гісторычныя кшталты новыя дзержаўныя адзінкі, калі агенты Польшчы, якія знайходзяцца ў абозе коаліцыі, кнуюць тамака праціўныя гэтаму працэсу рухі, калі ішчэ ні пакінута думка сілаю,- апіраючыся на чыюсь сілу, хаця-бы і коаліцыі,- расцягнуць будуючае,- Польскае Каралеўства да мора, пратэсты і літвіноў, і беларусаў, і украінцаў, і ўсіх тых, праз чые землі мае пралегчы гэта дарога, будуць і натуральнымі і зразумелымі, і... патрэбнымі для таго ідэалізму ў міжнародных стасунках, на які так любяць апірацца і польскія і рускія палітыкі.

П.