Перайсці да зместу

Полымя (часопіс)/1933/2/Пяць сэнатараў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пяць сэнатараў[1]
Верш
Аўтар: Янка Купала
1920 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Іх зышлося пяцёх на Крывіцкіх палёх,
На абшары ня божым, ці божым,
І давай разважаць, і давай так казаць:
Найвышэйшую раду заложым.
 
Бо ўсялякіх спакус мае шмат беларус,
І да ўлады ён мае нахілы,
А найлепш, як нас пяць будзе ўладу спраўляць
Над народам, які для нас мілы.
 
Як казалі з сабой, так зрабілі, як стой,
Найвышэйшую раду зьляпілі;
Папілі барышы, пабылі на імшы
І ў санатарскі чын уступілі.
 
Дзень жывуць і другі, а людзей ні крыхі,—
Не сьпяшыць штось падданы з паклонам,
Хоць зарэж, а не йдзе, вось і вер грамадзе!
А тут сноўдаюць цені ў чырвоным.
 
Трэба раду як даць,— так іх раіцца пяць,—
Трэба ўсіліць дзяржаўную ўладу...
І спазналі яны, што тут «маркі» адны
Ўладзе будуць найлепшай прынадай.
 
У сваім пачуцьцю падвялі пад стацьцю,
Што ня стыд, хоць і ў чорта ўзяць грошы,
А тым болей, калі дні такія пайшлі,
Што падданы ад чорта стаў горшы.
 
І пайшлі ўпяцёх за высокі парог
Да «крэсовага» яснага панства;
Ў «пшэдпакоі» падрад сталі, як на парад,
Сенаторскага поўны падданства.
 
Пазіраюць кругом, штосьці шэпчуць цішком,
А ля іх — ім на дзіва да смерці,—
Беларускі расол белы хлебча арол,
Да то ўправа, то ўлева хвост верце.
 
Так стаяць, хоць і страх, а тут дзьверы шарах!
Лёкай ткнуў ім «крэсовы пачушак»...
Мігам выйшлі яны, — рады, хоць на штаны
Для сябе настаялі «касьцюшак».
 
І жывуць зноў сабе, а падданы ня йдзе,
А чырвоны цень цісьнецца ў дзіры;
Дык зноў сушаць мазгі, як схадзіць раз-другі,
Сэнаторскія сшыць каб мундзіры...
 
7/IV-20 г.

  1. Верш напiсаны ў часы iснаваньня „Беларускай Рады“, калi там адбыўся раскол i ў вынiку арганiзавалася так званая „Найвышэйшая Рада“ (правае крыло). Пяцёрка, якая ўвайшла ў склад „Найвышэйшай Рады“, называла сябе „сэнатарамі“, гэтым-жа імем называлі іх у гіранічным сэнсе і іншыя. Аўтар.