Пляновая асыміляція

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пляновая асыміляція
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 96-100

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ю. В.

Пляновая асыміляція.

У сталіцы Беларускай (Крыўскай) Радавай Рэспублікі — Менску пяты год выходзіць штодзённы орган Беларускай Камуністычнай Партыі „Савецкая Беларусь“. Ужо сам агаловак штодзеньніка — „Савецкая Беларусь“ паказуе, які там размах мае русыфікація, калі рэдактараў гэтае газэты не разіць такі барбарызм, як слова „Савецкая“. Наша мова мае сваё слова для перадачы паняцьця „савет“, гэта — „рада“. Дык і трэба было-бы пісаць „Радавая Беларусь“.

Далей, калі зьвярнуць увагу на словасклад і звароты мовы, якой напісана ўся гэта газэта, то лёгка праканацца ў тым русыфікацыйным уплыве, пад якім (самахоць ці па занедбаласьці?) знайходзяцца супрацоўнікі рэдакціі паважанай часопісі.

Для прыкладу падамо некалькі выпісак з кіраўнічага органу Радавай Беларусі „С. Б“. Пры гэтым, годна увагі тое, што большасьць новатвораў „С. Б.“ зьяўляецца перакручанымі па жаргоннаму расійскімі словамі.

Вопыт мінулага (№ 193), рас.: „опыт прошлого“, замест „практыка мінуўшага, ці мінуўшчыны“.

Неабходнай умовай (№ 193), рас.: „необходимым условием“, замест — „абавязковым варункам“.

Толькі на падставе улічэньня як станоўчых так адмоўных бакоў (№ 193). Гэты завілы сказ зьяўляецца даслоўным перакладам расійскага: „Только на основании учета как положительных, так и отрицательных сторон“. У нашай, як і ў другіх славянскіх мовах, ёсьць словы „бок“ і „старана“, але няма ніякай раціі „старану“ замяняць „бокам“. Слова „улічэньня“ гэтак сама — брыдкі барбарызм, які мае ў нашай мове сваё слова „падрахунак“ — „падрахунку“.

Швэйнай прамысловасьці (№ 193), рас.: „швейной промышленности“, замест: „кравецкай прамысловасьці“,

Жывёлаводзтва (№ 192), рас.: „скотоводство“, замест нашага „гадоўніцтва“,

Праўленьне (№ 192 скрозь), рас.: „правление“ замест „кіравецтва“, Кожды беларус (крывіч), слова „праўленьне“ зразумее ад „правіць“ нешта папсаванае, але ніяк не дагадацца, што гэта павінна значыць кіраваньне нейкай установай.

Снабжэньне сродкамі (№ 191 і скрозь); узята жыўцом з рас.: „снабженіе“, слова цалком кніжнае, г. зн., штучнае, нечуванае і дзіка гучачае ў нашай мове, замест крыўскага „дастача“, „дастачаць“, „дастатчык“.

Рычажок культурнага пад’ёму (№ 190), замест „вага, важка культурнага уздойму“.

Можна запутацца (№ 190), замест: „можна заблутацца“. Путаюць у нас толькі коней путамі, а аб мысьлях, справах кажуць „блутаць“, „блутаюць“.

Выхаваўчаму удзейнічаньню (№ 190), рас.: „воспитательному содействию“, знача, па-нашаму: „выхаваўчай дапамозе“

Усвоілі (№ 190), жыўцом расійскае слова; па-нашаму: „прысвоілі“.

Вучасткі зямлі (№ 190 ў значэньні „дзялянкі зямлі“.

Перэўвялічываць (№ 190), жыўцом рас „переувеличивать“, знача: „перавялічаць“,

У абыходзе (№ 190 і скрозь), жыўцом расійскае: „в обиходе“, знача: „ў штодзеншчыне“.

Замыславатыя (№ 190), жывы русыцызм; трэба: „завілыя“.

Учот рэчаў абкладкі (№ 190). Па нашаму „абкладка“, „акладка“ бывае на кнізе. Аўтар відаць хацеў сказаць: „Падлічаньне рэчаў ападаткаваньня”.

Пасьпяхова (№ 197), замест: „пасьпешна“.

Вопыт (№ 197 і скрозь), замест: „практыка“.

Будуюць новыя сялібы на хутарох (№ 187). Слова „хутар“ у нашай мове — чужое, украінскае, яно роўназначна нашаму „сяліба“, адгэтуль — „сялібнік“, „сялібніцтва“, „сялібарства“, Дык „сяліба на хутарох“ — масла масьлянае.

Выгадаваліся на шпальтах нашай газэты (№ 188). Папершае, трудна гадавацца на газэце, а па другое, замест нямецкага „шпальта“ ўсе менскія друкары ўжываюць слова крыўскае (беларускае) „гранка“ дык ужо хіба яны „гадаваліся на гранках газэты“.

Рамонтная праца ў партох (№ 188). Па-нашаму „парты“ — тое-ж, што і „порткі“, г. зн., вопратка на ногі; кажуць яшчэ „нагавіцы“, „ганавіцы“. А так, як першае слова французкае, нечуванае, то чытач „Сав. Бел.“ так і астаецца ў пераконаньню, што недзе нейкая вялася праца ў нейчых „партох“. Сказ гэты быў бы зразумелы тады, каб было напісана: „адбудоўчая праца ў тарговых прыстанях“.

Беражліва адносіцца (№ 189), замест: „уважліва адносіцца“.

Узнос падаткаў (№ 189). У нашай мове прыстаўка „уз“ паказуе скрай чаго што знаходзіцца: „узлесьсе“, „узрэчча“, „узпечча“. Дык і ў даным здарэньні атрымліваецца ўражаньне, што нешта знаходзіцца наўскрай носу. Відаць хацелі выразіць: „аплата падаткаў“.

Агульнае становішча (№ 182). Па-нашаму „становішча“ гэта мейсца, дзе стаяў „стан“, „абоз“ ці (кажучы мовай „Сав Б.“) „лягер“; так сама, як: „гарадзішча“, „торжышча“, „пагарэлішча“ і інш. Кажуць: „агульны стан спраў, рэчаў“.

Водпуск грошай (№ 182). Брыдкі жаргон з рас. „отпуск денег“. Трэба: „асыгнаваньне грошы“.

Ураган (№ 210), жыўцом расійскае слова замест „склока“.

У гэтым напрамку (№ 210 і скрозь), замест: „ў гэтым кірунку“.

Прыняты ўсе меры (№ 210 і скрозь), жыўцом расейшчына, замест: „зроблены захады“.

Вучэбнымі пасобіямі (№ 210 і скрозь), замест: „вучомнымі падручнікамі, прыладамі“.

Ажыўшы муравейнік (№ 206), замест: „ажыўшы мурашнік“, бо па-нашаму не „муравей“, а „мурашка“.

Вокруг (№ 206 і скрозь), замест: „аколіца“, „кругаколіца“.

У трупе Галубка (№ 206 і скрозь). Кожды чытач зразумее, што ёсьць недзе труп Галубка, ў якім нешта мае стацца, а тымчасам паважаная Рэдакція хацела гэтым сказаць, што артыстычная дружына Галубка гатуецца даць прадстаўленьне.

Шляхавая справа (№ 206), нязручны новатвор паводле расійскай складні. Трэба: „справа шляхоў“.

Вайсковы пабыт (№ 204). Плямы пабыту (№ 205), перажарганаваны нязручны украінізм.

Нормы перарахунку сенажацяў у пашню (№ 201). Архаічнае слова „пашніца“, у нас азначае не ральлю, а тое, што сеюць: „жыта і пшаніцу, ўсякую пашніцу“. „Запахаў авёс“, знача не заараў яго, а засеяў. Слова „пашніца“ зьяўляецца архаізмам, сустрачаным ў песеннай толькі мове і ў значэньні сяўбы, сеянага. Тут-жа ужыта расійскае „пахота“ перажарганаванае ў „пашню“ ў значэньні „ральля“, „ароміна“.

Умацовуюць смычку (№ 201 і скрозь). Саўсім дзікі новатвор. Замест: „умацовуюць сувязь“.

Балаховіч вылазіць на паверх (№ 199). Дзеля таго, што слова „паверх“ у нас тое-ж самае значыць, што у расійцаў „этаж“ то і атрымліваецца ўражаньне, што Балаховіч вылазіць недзе на паверх нейкай будыніны.

Ячэйка (№ 199 і скрозь), замест: „завязь“.

Нагласць польскіх паноў (№ 196), чысты русыцызм і складні, акром таго рас. „наглость“ тлумачыцца на нашу мову „нахрапнасьць“. „Сьмерць нахрапам бярэ“.

Барацьба з пасьледкамі (№ 194), замест: „змаганьне з вынікамі“.

Дурман (№ 252), па нашаму „дурэц“.

Учытывать камандзераў (№ 252), замест: „падлічаць“.

Заняткі (№ 252), замест: „заняцьці“.

Прысутнічала (№ 252); замест: „была пры тым“, — „прытымбытнасьць“.

Справа абстаяла (№ 250), чысты русыцызм.

Уточнены артыкулы (№ 250), замест: „акрэсьлены артыкулы“.

Зямельнае вобчаства (№ 250). Слова „вобчаства“ заводзіў у нас царскі урад, і яно заўсёды разьбівалася аб нашае „грамада“. Каму і нашто запатрэбілася мярцоў зноў на сьвет выцягаць?

Барацьба (№ 250). У нас маюцца два словы для акрэсьленьня гэтага паняцьця: „барацьба“ і „змаганьне“. Першае ужываецца ў значэньні фізычным: узяцца за плечы і бароцца; другое ужываецца ў значэньні адвалочным. Дык і тут, мова аб змаганьні з капіталам, а не аб фізычнай барацьбе з ім.

Бездазорнасьць (№ 249), замест: „бездагляднасьць“.

Узорная школа (№ 249), жывы полёнізм: „szkoła wzorowa“, замест: „спаказная“, або „наўпрыкладная“ школа

Даклад (№ 245). замест нашага: „спавешчаньне“, — „спавяшчаць“ (докладывать), „спавестнік“ (докладчик).

Кнігарням робяць ськідку (№ 944), замест: „кнігарням робяць ўступку“.

Розных прадметаў (№ 243), замест нашага старога: „розных аб’ектаў“.

З гістарычнай практыкі ведама нам, да чаго гэткая асыміляція давяла нашу мову ў XVI ст.: давяла яна да таго, што ужо ў XVII ст. крыўская кніжная мова сталася аднолькавай з польскай. У некатарых помніках рожніца між аднэй і другой была толькі ў літарах, дык урэшце-рэшт крыўская (беларуская) мова, як мова палітычна слабейшай націі, павінна была уступіць мейсца польскай. Калі-ж у Радавай Беларусі (Крывіі) пойдзе далей такая асымілятарская работа, то ці ня станецца гэта самае і другі раз? Гісторыя, кажуць, паўтараецца…

А ў Радавай Беларусі (Крывіі) шмат спрыяючых гэтаму варункаў. Унівэрсытэт, у якім выкладаюцца лекціі ў чужых мовах, названы Беларускім. Школы бяз кніжак і вучыцялёў, вёска засыпаецца расійскімі агітаційнымі друкамі.

Каб ня быць галаслоўнымі, падамо некалькі фактаў.

Лекціі у Менскім Унівэрсытэце чытаюцца па-расійску; знача, замест аслаўленай і разкрычанай „беларусызаціі“, вядзецца нахрапная „маскалізація“. Унівэрсытэт што-году выдае свае „Труды“, якія на 100 балонак друку маюць 10 радкоў ў беларускай (крыўскай) мове.

Аб праўдзівым палажэньні сярэдняй школы часам прасьлізаюць весткі ў „С. Б.“, прыкладам ў № 250 ад 28.Х.1924 г., у карэспандэнціі з Талочына (Аршаншчына) кажацца:

„У Талочынскай сямёхгадовай школе заняткі ідуць ужо некалькі тыдняў. І беларускую мову прыходзіцца выкладаць без ніякіх кніжак. У школе ёсьць адзін лемэнтар, па якому вядзецца навучаньне ў нулявой і першай групах“,

А тымчасам у гэтым-жа Талочыне з 1910 году істнавала патайная беларуская школа, і аколіца яго — сьвядомыя беларусы.

Ведама-ж, калі няма беларускіх кніжак, то вучаць на расійскіх, а ці-ж гэта не тая-ж самая, што і за часы царскай ўлады, — русыфікація?

У № 191 „Сав. Бел.“ ад 20-VIII-1924 г. у карэспандэнціі з Барысаўшчыны, тая самая ціхая і асьцярожная жальба:

… „адсутнасьць у школьных, цантральнай і клюбных бібліатэках беларускай літэратуры, а ў гарадзкіх кнігарнях — беларускіх падручнікаў“.

Палажэньне на вёсцы яшчэ горшае: „культурная праца у гэтых вёсках спынілася саўсім (мова аб вёсках Барысаўшчыны): газэты не чытаюцца, ніякія гутаркі з сялянамі не праводзяцца і г. д.“

А вось яшчэ карэспандэнція з Магілёва („Сав. Бел“ № 203 ад 3-ІХ-1924 году):

„Надыходзіць ужо час заняткаў у Магілеўскім пэдагогічным тэхнікуме, а разам і ў вопытна паказальнай школцы (практычна-спаказнай Рэд.) пры тэхнікуме. Заняткі хутка пачнуцца, але пытаньне — на якой мове пачынаць? Асабліва гэтае пытаньне датычыцца да паказальнай сямёхгодкі. Такое пытаньне паўстае таму, што Магілеўскі пэдагогічны тэхнікум лічыцца беларускім, а з гэтай прычыны мае пры сабе і беларускую паказальную школу, якая ня мае ніводнага беларускага падручніка. Дзіцяці трэба будзе даць беларускі лемэнтар, а яго нямашака ў школцы ды і няма наагуль ва ўсім Магілеве“.

А у Слуцку:

„Беларусызація школ тут праводзіцца ужо трэці год, але пакуль што, далей трох груп не сягнула. Праўда, летась былі спробы асобных настаўнікаў выкладаць на беларускай мове і ў чацьвёртай групе, але ў гэтым годзе яны ўжо загінулі. Трэба сказаць, што ня ўсё добра ідзе і ў першых трох групах, бо ў трэцяй прыродазнаўства і грамадзяназнаўства вядзецца на расійскай мове… Ды наагул, нават і асобныя дысцыпліны беларусазнаўства ня ўсюды выкладаюцца. Так, выкладчык географіі яшчэ не распачаў да гэтага часу выкладаньня геаграфіі Беларусі“…

Гэткія жальбы вырываюцца толькі з грудзей сьвядомых сыноў зямлі, у большасьці-ж школ сядзяць русыфікатары, якія з данага палажэньня здаволены, і ўся іх работа па „беларусызаціі“ агранічаецца многаслоўнымі карэспандэнціямі аб тым, што „будзе зроблена“ або аб тым, што „вынесена шмат карысных пастаноў“.

Як, і ў якой прапорціі засыпаецца беларуская (крыўская) вёска чужой літэратурай, дае данныя адна карэспандэнція з Асіповіцкага павету („Сав. Бел.“ № 182, з 9-VIII-1924);

„З падпіскай на газэты справа стаіць добра. За жнівень выпісаны газэты: „Гудок“ (175 экз.), „Праўда“ (33 экз.), „Известия“ (14 экз.), „Звезда“ (7 экз.) і „Савецкая Беларусь“ (1 экз.)“.

І мімаволі, чытаючы Радавыя часопісі, прыходзіць на мысль сумная думка: ці вытрымае гэту асымілятарскую навалу наш народ? Асабліва, калі чытаеш аб такіх надзвычайных націянальных здабытках ў пяты год істнаваньня Радавай Беларусіі, як пазваленьне „прыймаць тэлеграмы на беларускай мове ў межах Беларусі“ („Сав. Беларусь“, № 189, з 17-VIII-1924 г.). На ўсім сьвеце даўным даўно прыймалі і прыймаюць тэлеграмы ў беларускай мове: у Франціі, Італіі, Нямеччыне, Чэхіі, Англіі, Амэрыцы і інш. А ў Сувязі Радавых республік толькі ў гэтым годзе пазволена карыстацца на тэлеграфе мовай беларускай і то — толькі ў межах Рад. Беларусі!

Гэты апошні факт зьяўляецца мерай і вагой ўсей тамтэйшай „беларусызатарскай“ работы.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.