Сустракае, прывітае
Мова родная твая.
„Двор“ ужо панкоў ня знае, —
Тут працоўная сям‘я!
3. Елка
У напужанай залі,
У люстрах — крышталі,
Прыбраўшыся ў цацкі — агні;
То-ж елка-княгіня,
Дзяцінства багіня,
Стаіць, ня хісьнецца, ані!
Ўжо скачуць малыя,
Рассуньцесь старыя, —
Паркету, паркету дзяцём!
Тут лёны, тут грэчкі,
А ў вочачках — сьвечкі.
Мы елачцы песьню сьпяём:
„Паміж родных сястрыц,
Ўсіх лясоў вартаўніц,
Я расла,
Сьнег трасла…
Падыйшоў раз дзядок,
Мяне, елачку, ў бок
Сек ды сек —
Зьвёў мой век!
— Для каго-ж ты, дзядок,
Мяне, елку, звалок?
— Для дзяток.
Іх часок…
Дзеткі будуць пяяць.
— Хто-ж лясы вартаваць?
— Еленкі
Зеленькі?..
Гэтак заля, як-бы хаткай,
Стала дзеткам батракоў.
Ой, ягняткі, ой, піскляткі,
Хай пайграе ваша кроў!
Ўжо змарыліся — да хаты!
Час ля печы адпачыць. Сёньня будуць сны багаты,
Дзеткі будуць „цуды“ сьніць…
4. Полечка
Елку адсунулі ў кут.
Зараз заскачуць „дзядзькі“,
Цётачкі-„панечкі“ тут.
Аж зіхацяць дзяцюкі!
— Ну, хлапцы, пачынай!
— Вальца?
— Кінь, не замінай!
— Польку! — Дык шкада пальца!
— Табе? Ладзь ляпей скрыпку
Ды смыкам — раз!
— Дзядзька Тарас,
Полечку, шыбка!
Ножкі ў скочкі, вочкі ў вочкі, —
Вось і полечка, браточкі!
А чаму-ж нам не скакаць,
Калі ўмеем працаваць.
Бо учора на таку
Было поту мужыку, —
Сёньня-ж ён ідзе у рад Як паркетаў панскіх сват. Днюе — плача. Ноччу — скача.
Зноў пацее, небарача.
Хто так здужае скакаць
Ўлева, ўправа паддаваць?
Як трымае панскі дом
Гэткі топат, дым ды гром!
Стогнуць сьцены, столь-крышталь,
Што ня быў тут гэткі баль…
На таполях крумчакі,
Тут у залі весьнякі.
Трмут-а, трум-та, скок ды скок,
Весяліцца свой браток,
Ядзя з Янкі нібы кпіць,
Костусь з Ганкаю муціць,
А у дзядзькі Міхася
Дыбам поўсьць, як у лася.
Ножкі ў скочкі, вочкі ў вочкі,
Гэта-ж полечка, браточкі!
Хто умее працаваць,
Ці-ж ня здолее скакаць?!
5. Зоркі
Над домам, над лесам
Сузор‘і, як вочы, гараць. Пад гэным бязмоўным навесам
І тыя, ўначы што ня сьпяць,
І тыя, што сьпяць непабудна,
Што рвуцца, што ходзяць марудна
Сузор‘і гараць і гараць!
∗ ∗ ∗
Пад імі гумно і прысады,
І гэны пануючы дом,
І пекны фронтон, колёнады,
І сьнег за пабітым вакном,
І гэтае белае поле,
І гэтая сьнежная воля,
І коняй далёкіх — бом-бом!..
∗ ∗ ∗
Пад імі, што тут панавалі,
Пад імі, што верх узялі,
Што ў пекнай, асьвечанай залі
Віншуюць свае мазалі.
Ўсё крыюць спрадвеку сузор‘і:
І могілак цьмяныя ўзгор‘і,
І наспы на белай ральлі.
∗ ∗ ∗
Гарэце, сузор‘і, гарэце
У гэты таемнасьці час!
Аб лепшым аб чымсь варажэце,
Каб злучнасьці вугаль ня згас!
Каб бубны аб вольнасьці білі,
Каб сьцягі трымалі, насілі,
Каб людзі цягнулісь да вас!
6. Зварочаньне
Зноў на коні, зноў на сані!
Ў грудзі белыя сьнягоў!
Паздарова, вёска-пані,
Разьвіталіся: боў-боў!
Вонках хаткі і сялібы,
Збудаваныя наноў;
Дахі вышай, болей шыбаў, —
Дар сваіх кіраўнікоў.
Цераз белыя паляны
Зараз ўедзем ў хвойны бор.
Як на сьвята ён прыбраны,
Сонца з сьнегам тчэ узор.
Ў дарагіх княжацкіх шатах
Елкі важныя стаяць.
Іх выгляд якісь калматы,
Сном зімовым яны сьпяць.