Перайсці да зместу

Плынь (1927)/III/Сам-бог

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Між жыта, на мяжы Сам — бог
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Ванда Карсак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




САМ — БОГ

Я сёньня малюся багом,
Усім старажытным, паганскім:
Таму, хто дасюль Пяруном
Завецца па сьвеце славянскім,
Што сыпе маланкі ды гром,
Што рушыць лясы ў буралом,
Што шляхам ідзе крывічанскім…

Да пастыра статкаў зьвярнусь
Здароўніка-лекара хворых:
Велесу старому малюсь
Ад імя унукаў дакорных.
І сам тым малітвам дзіўлюсь,
І сам перад богам хвалюсь, —
Імкнуся у рухах пакорных…

Багіні, што воўну скубе,
Макушы, сястрыцы Велеса,
Малюся у гэткай кляцьбе.
Мне радасна, праўнуку лесу,
Што веру знайшоў я сабе,
Хоць з вераю быў ў барацьбе:
Малюся сястрыцы Велеса…

Стрыбожа, увагу зьвярні,
Стрымай ты вятры з па-над мора,
У вочы праўнучы зірні:
Няма ў іх ні каліва гора!
У вачох запалілісь агні, —
Стрыбожа, ты іх барані,
Ня дзьмі ты вятрышчам ад мора.

Русалкам, сястрычкам крыніц,
Маркотным маім берагіням,
Малюся схіліўшыся ніц,
Малюся дзявоцкім багіням,
Цягнуся да гэтых сястрыц,
Гляджуся у люстры крыніц, —
І дзякую русым княгіням!

Ўсім ціхім малюся багом,
Насельнікам ёўні і хаты,
Куцьцёй што жывуць, тварагом,
Усёй стравай, чым хаты багаты.
Яны мне спрыяюць кругом, —
Я-ж сёньня зрабіўся крылаты!

Ахвяру я вам прынашу:
Сярэбраны келіх сьлязінак!
І толькі аб тым і прашу:
Хай цягнуцца плыні гадзінак,
Што сёньня я ў сэрцы нашу,
Чым смутак душы разваджу,
У чым цмок адзіноцтва загінуў!

Малюся і сьлёзы лію…
Душа — нібы фарбы вясёлкі,
Душа — нібы птушка ў гаю,
Душа — нібы красачкі-зёлкі!
Я сёньня — Адам у раю, —
Адвечную песьню пяю,
Бягу па прыступках вясёлкі!

Праз вочы даведаўся я,
Што я ужо сёньня каханы!
І роднай зрабілась зямля,
Братамі — лясы і паляны!
Адно ў мяне слова: мая!
Вясёлка, Вясьнянка! — А я?
А я, — як вяночкам прыбраны…

І сёньня я сам, як Пярун,
Я бог, бо я шчыра кахаю…
Падайце мне ліру ў шмат струн —
Я песьню ад песьняй зайграю!
Я сёньня, як продак-дзікун; —
Я сёньня — Ярыла-ігрун, —
Каханы, кахаю, кахаю…

◆ ◆ ◆