Стаіць яна, калісь малебная,
Цяпер нікому непатрэбная…
Заместа сьлёз, што часам капалі,
Цяпер вятры страху падрапалі,
І паліваюць хмаркі ймглістыя
І Серафіма і „прачыстую“…
Ў маршчынах твары пазабытыя,
І палінялыя і змрочныя,
Васковым куравам пакрытыя,
Калісь-та „дзевы непарочныя“,
Старцы, у сьвятасьці пакутныя, —
Цяпер дашчаткі простакутныя…
Жыцьця удзельнікі келейнага,
Прасфорна-сытнага, елейнага,
Для люду цёмнага магутныя, —
Цяпер цікавасьці музэйныя!..
Хто меў учора сьвіткі зрэбныя
І сьвечкі ставіў тут малебныя, Перад Міколам і „прачыстаю“,
Прызнаў іх сёньня непатрэбнымі…
Хто вочы меў калісь імглістыя
Ад працы цяжкае, пакутнае, —
Жыцьцё убачыў ён празрыстае
І сілу ён адчуў магутную…
То сіла працы, сіла розуму, —
Ня сьвечка кволая, васковая, —
То сіла тэхнікі, а разам з ёй
Зямля сачыстая, вясковая!
А навакол — жыцьцё свабоднае,
Як рунь вясновая, зялёная,
Дзе праца — радасьць вялікодная,
А сьвяты людныя, чырвоныя!
І дзілімбомы — дзілімбомныя
Даўно з званіцы ані посьцяцца, —
Жыцьцё зьмяніла іх „скаромнае“,
Ды маладой ўсё сіле „просьціцца“.
1926 г.
|