Перайсці да зместу

Плынь (1927)/I/«Вёску» — ў вёску

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узімку „Вёску“ — ў вёску
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Дзіця
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Вёску» — у вёску.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ВЁСКУ“ — Ў ВЁСКУ

За студнем, лютым — веснаход.
За жніўнем — восені прыход.
І вось, зямля свой карагод
Навокал сонца рушыць ў год.
На вёсцы „Вёска“ загула,
Як тая рупная пчала,
Ляціць сюды, ляціць туды,
І вабны гук яе дуды
Чуваць па хатах бедакоў
Ды іх сяброў — сераднякоў.
І з „Вёскай“ звыкся селянін.
Ці-ж многа вольных тых часін!
Але газэту пачытаць,
Нядзельку, сьвята скарыстаць —
Ужо так любіць не адзін
Наш беларускі селянін.
Газэта шмат чаго нясе
Ад цэнтру рупнага — касе.

І гарадзкі культурны рух
Ўжо пераймаюць серп і плуг.
Сьвятлее розум весьнякоў:
Цяпер аджылых мерцьвякоў,
Сьляпую спадчыну вякоў,
Ня надта слухае сяло, —
Бо слова іншае дайшло.
Патроху новы сьветагляд
Бярэ старое на прагляд,
І тое, што псуе жыцьцё,
Ён вымятае, як сьмяцьцё.

Нявуцы з бібліяй старой —
Як тым зярняткам пад карой.
А сьвету каб зярнятам даць,
Каб збожжа болей панажаць,
Каб не зблажэла сенажаць,
Каб ў садзе моцненька цьвіло,
Каб на гумне ажна гуло, —
На ўсё на тое трэба ўмець
Часінку неяк пасядзець.
Набрацца веды, разьвіцьця,
Ня спаць з газэтай, як куцьця!
Тады мо‘ стане без папа
На ёўні лішняя тарпа,
А комсамолец і селькор
Чужым ня будзе з гэных пор.
Не пабаіцца селянін,
Сумленны, добры сем'янін,
Як стане цяжка, працаваць,
З слабою сілай гараваць,
Сваю пашырыць тут сям'ю
На колектыўную ральлю.

Дык хай на вёску „Вёска“ йдзе
Яшчэ у большай грамадзе,
Каб і далей нам сьвяткаваць
Гадоў ня пяць, ды шмат па пяць!

28-IV 1926 г.

◆ ◆ ◆