Спаткаў яго я на вокзале,
З ім быў яго сьвяцейшы сан.
Адзін другому штось сказалі,
А што — ня помню добра й сам.
Пайшоў ён ў залю першай клясы,
Мяне-ж не прапусьціў патруль.
Там нехта некаму ўсё кляўся,
Зубамі скусваў з вуснаў муль.
Было казённа ўрачыста,
Крычалі некаму ура.
Віна хмялёвая іскрыстасьць
Лілася ў чары цераз край.
Ўсяго я вокам гэта й скеміў,
Прысеўшы на дарожны кош.
Ня бачыў, як наш ціхі гені
Дапіў хвалебнай песьні коўш.
Пайшоў я да дзяжурнай касы
Пляцкарту да білета ўзяць.
Чарга… драўляныя балясы…
Агні зайздросьліва мігцяць.
Сыгнал… адкрыты сэмофоры…
Імчацца вочы ў чорны дзень.
Падходзіць да пэрону скоры
Аддаць і падабраць людзей.
Я ўжо ў купэ свайго вагону;
Прабіла галасьлівых два званкі…
Мігаюць у ваччу прагоны…
Ў крутую мчыць каля ракі.
Бывай, бывай, мая краіна!
Твой сын самім сабой нярад.
Учора я сям‘ю пакінуў
І твой асеньня-сумны сад.
|