Зара над хатай пазяхае;
Ідзеш адна ты цераз двор…
Вярба схілілася сухая
Каля засмучаных вазёр.
Такія вобразы і зданьні
Перад вачмі маіх трывог.
Твае сялянскія паданьні
Ў душы сваёй я не зьбярог.
Калісьці, праўда, быў аратым,
А сёньня іншае пасяг:
З сваім малодшым братам
Нясу скрываўлены твой сьцяг.
Няхай сабе растрэпле сівер,
Няхай парве і кіне ў дол.
Мая матуля, ‘шчэ ня вымер
Ў душы сыноўскай сум і боль.
Хацеў-бы я, каб паміж днямі
Прабег пудлівай масьці лось…
Ня ведаю, ці ўспамінаеш
Мяне ты за вячэрай сьлёз?
Калі вялікі ўсходзіць месяц,
Гляджу заўсёды ў даль дарог:
Якія рыцары гразь месяць
І хто зьяжджаецца на торг.
Шуміць бярозавы гасьцінец,
Гальлё сланяючы ў бакі.
Мая матуля, срэбны іней
Губляе месяц ля ракі.
Лавіць яго ў зялёных марах
Дазволена глаўлітам мне.
Я вельмі рад — жыву ня марна, —
Вянок паложаць на труне.
Пісаць ня маю больш нічога,
Пяро скрабе далоні рук.
Мая пясьнярская дарога
Не давядзе мяне к дабру.
Усе, усе й мае навіны,
Ня маю ўцешыць болей чым.
Вітаньне шчырае ад сына…
Душы ніяк не залячыць.
III
Ня змогуць завесьціся ў словах мікробы,
Патручаны ўсе сулімою і воцтам.
Поэты Заходняй, Усходняй Эўропы,
Вам ліст пасылаю сэкрэтнаю поштай.
Вялікую страту дзяржавам учыніць:
Ня возьмуць з яго, ні цэнзурных, ні мытных.
Поэты, хто дзьверы з вас першым адчыніць?
Хто хоча пачуць беларускія рытмы?
Даўно вы поэзіі ўжо ня чыталі;
Абрыдла як вам і жыцьцё, і плянэта!
А ў нашай краіне пад гукі цымбалаў
Уцешныя песьні сьпяваюць поэты.
У пушчы шумлівай, дуброве зялёнай
Мы ловім і любім таемнае штосьці;
Там нашы эстрады, там нашы салёны,
К нам вецер увосень заходзіць у госьці.
Яго мы частуем рабінавым сокам, —
Каб ведалі толькі, якая ў нас восень!
Ліст кожны ўзьвіваецца ў неба высока
І віхры між зорамі белымі носяць.
У нашых прасторах шмат казачных шумаў…
Ці быў хто калі з вас у нашым Палесьсі?
Ці бачыў, як сінія хвалі сумуюць?
А людзі сьпяваюць спрадвечныя песьні.
У гэтым сягоньня і наша уцеха,
Ад гэтых вось песень мы й вучымся ладу.
Поэты у нас не разьбіты на цэхі,
Ніхто не складае дакучных балядаў.
Ў нас новыя творацца песьні і жанры, —
Ня любім мы толькі кляймо на іх ставіць.
Паслухайце раніцай, вечарам раньнім,
Як ветры старонкі кніг нашых лістаюць.
Мы блізкія сёньня людзям і прыродзе, —
Ў нас пульсы крывёю зьвярынаю б'юцца.
Ці чулі што-небудзь аб нашым народзе?
Ці чулі што-небудзь аб вечным бяспуцьці?
Ліст гэты пішу я да вас з Беларусі,
Дзе зоры вачэй аніколі ня плюшчаць…
Вітаньне з паклонам зрываецца з вуснаў, —
Бывайце, бывайце!.. Вітае вас. Пушча.