Перайсці да зместу

Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Забралі людзі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ў прасторы зорывас Забралі людзі
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
На ростані
Іншыя публікацыі гэтага твора: Забралі людзі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАБРАЛІ ЛЮДЗІ

Шмат народу каля весьніц,
Над далінай вецер юдзіць.
Ад старой ваўчыхі ў лесе
Ваўчанят забралі людзі.

Ўсе сышліся, як на дзіва,
Як на хмельную бяседу.
Ўсіх і кожнага тут дзівіць,
Як дабраліся да сьледу.

— Як знайшлі гняздо такое
Ў час, калі нікога дома;
Гэта-ж не падаць рукою,
Не за двое, трое гоняй.

Ці-ж было ўжо так суцішна
У лясной тады гушчарні?
Мабыць матку голад сьціснуў —
І дзяцей згубіла марна. —

Так гамоняць, разважаюць,
І ніяк ня дойдуць тропу.
Ня сьціскае грудзі жалем,
Не паўзе жалоба кротам.

Тры браты, ваўчкі сівыя,
На людзей глядзяць павоўчы,
Па іх матка ў лесе вые,
Выцірае лапай вочы.

Тры сыны ў палон узяты…
З-пад ілба блішчаць разрэзы.
У ваўчыхі боль заўзяты, —
Смокча сок з старых бярэзін.


Разрывае вецер хмары,
Сутаняе змрок вячорны;
Ён ня мае часу марыць
Пад крысом над ночы чорнай.

Шалясьцяць лістамі далі,
Ў сумятні даліны, поле, —
Дрэвы гольле разгайдалі
На зялёным іх прыполе.

Разыходзяцца дарогі
І вядуць на ўзьлесьсе.
Зашумелі пералогі,
Быццам вобразы у песьні.

Скрыжаваліся пуціны
На ўскурганеным узгор‘і.
Ля сялянскае хаціны
Жаль каго з людзей агорне?

Ўсьціша хто пагляд суровы?
І ўсьміхнуцца вочы ласкай?
Хто завыў так на дуброве
І зубамі так заляскаў.

Хлебча змрок хто дзікім чмыхам?
Хто вачыма гэтак іскрыць?
Гэта сівая ваўчыха
Разьдзьмухае яру пырскі.

Агайсала лес і пожні, —
Ад крыві раздуты ікры;
Дараваць ніяк ня можа -
Гнеў назойлівы і прыкры.

За сынамі мчыцца з лесу, —
Сьцежку зьнюхала зладзеяў.
Не сарваць дзьвярэй з завесаў.
Не хадзіць больш да людзей ёй.