Перайсці да зместу

Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Ў прасторы зоры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Малюся я за вас Ў прасторы зоры
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
Забралі людзі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ў прасторы зоры…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў ПРАСТОРЫ ЗОРЫ…

Ў прасторы зоры лушчаць
Сузор‘яў срэбра-стынь.
Лясы, дубровы, пушчы
Вартуюць нашу сінь.

У смольным іхнім звоне
Ліецца даляў плынь,
Крыніцы з імі звоняць,
Змываюць боль, палын.

Таемнасьць—здань тут сьніцца
Пад скрып і рып калёс.
Туман даліне ніцай
Губляе пэрлы рос.

Тут ніву песьцяць песьні
І ветры-гайсуны…
Як шмат тут гвалту зьнесьлі
Пакорнасьці сыны.

Ў вачох іх скарга лёсу,
На рысах твару гнеў.
Каму так давялося
Гібець вякі ў багне?

Калі пад сонцам ясным
І хто зьбіраў свой плач?
Ад родных гналі ясьляў,
Як тых паганых кляч.

Таму і зоры лушчаць
Сузор‘яў срэбра-стынь;
Таму й дубровы, пушчы
Трасуць свае лісты.