Перайсці да зместу

Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Вітрыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На ростані Вітрыны
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
⁂ Эўропа душу закавала
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вітрыны (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВІТРЫНЫ

Разусюды вітрыны й вітрыны,
Залітыя бляскам электра-дажджу;
З развалосана-русай чупрынай
Я часта па вуліцах гэтых хаджу:

Кроў пульсуе у мускуле жыльным,
Бы прагне хто сэрца маё расстраляць.
Упіваюцца п‘яўкамі ў шыльды
Рэклямы романаў, поэзій, стар‘я.

Я пад іхнім сузмрокам прайдуся,
Бы той невядомы зямлі пілігрым.
Хоць душа мая смутак цярусіць,
Ўсё-ж слова ў грудзёх паланее, гарыць,

Не хачу я сягоньня быць сьмірным,
Каб вецер у песьні рукамі разьвёў.
Беларускія кніжныя фірмы
Распродуюць лепшых поэтаў рызьзё.

Дзе тэатры, кіно, галерэі?
Прасьцерці хачу ім свае далані.
Аніяк я сябе не сагрэю,
Хоць і ў новыя стылі расьпісваю дні.

Ў каляровасьці іхняй нязвыклай,
Юнацкай душы прачытаюць пратэст.
Дарагія мае вы музыкі,
Заносьце акорды ў сузорны рэестр!

Хай у вашых славутых сонатах
Плянэты нястрыманы рытміцца бег;
Хай сальлецца сымфоній узьнятасьць
Ў стыхіі сьвятой, непакорнай сяўбе,

Не заводзьце больш шэйнакатрыны,
Я раніцай вашай, сваёй даражу…
Разусюды вітрыны й вітрыны,
Залітыя бляскам электра-дажджу.