Песьня (Купала — Гнаны Янка доляй…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2673#35553


Гнаны Янка доляй,
Змушаны патрэбай
Цягне ў места дровы,
Каб купіці хлеба.

А дзе кісьне пуня
Панская старая,
Прэцца Янукова
Жонка маладая.

П’е мужык на рынку
Барышы за дровы,
А паніч гуляе
З жонкай мужыковай.

Накупіў за дровы
Янка хлеба, солі
І вясло баранкаў
Для сваёй Антолі.

І гасьцінцам дома
Жонку ён частуе,
Паніча з палаца
У руку цалуе.

(1922)