Песьня Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня Беларусі
Верш
Аўтар: Андрэй Зязюля
Крыніца: http://media.catholic.by/nv/n18/art3.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Божа, што калісь народы
На асобкі падзяліў,
І хацеў, каб народ кожны
Мовай роднай гаварыў.

Узглянь жа на народ бяздольны
Беларускі, што к Табе
Голас ціхі, паднявольны
У пакорнай шле мальбе.

Асьвяці наш розум верай,
Льгі надзею ў душу ўлі
І агонь любові шчырай
Ў сэрцах зімных запалі.

Дай, каб зернятка прабуды
Заляцела ў кожны кут
Беларусі, каб усюды
Узышло – і там, і тут.

Каб рунела, выплывала,
Красавала, наліло
І, насьпеўшы, у ток нямала
Умалоту прынясло.

Памажы нам, Божа мілы,
Прабудзіцца да жыцьця;
Удзялі парады, сілы,
Каб ня збіліся з пуцьця.

Дык жыві-ж Ты і красуйся,
Наша Маці – Беларусь!
Да краёў чужых раўнуйся;
Йсьці дзяцей к табе прымусь!

Хай бяруцца да работы
Дом народны будаваць
І багацяцца у цноты,
Каб пасьля ім Рай дастаць.