Песьня-казка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня-казка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1906—1910
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2733#1983


Гэй! далёка за морам за сінім
      Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй князева дочка — княгіня,
      Сьвітазарай завецца яна.

Гэй! далёка за лесам, за борам
      Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй князь у злацістым уборы,
      Срыбра б’е ад каня, ад сядла.

Гэй! далёка за хатай, за вёскай
      Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй молад дзяцюк, бяды цёзка, —
      Ні ганораў, ні скарбаў няма.

Гэй і выйшла, ой! выйшла праява:
      І той князь, і дзяцюк той бядак
Спадабалі княгіню на славу,
      Спадабалі — і як яшчэ, як!

Не на рэчцы лялее вадзіца,
      І ня явар калыша лістком, —
Гэта кроў маладая бурліцца,
      Гэта сэрца пайшло хадуном.

І паехалі ўдвух яны ў сваты
      (Абодвум далей нельга так жыць),
І той князь, і дзяцюк небагаты,
      Сьвітазару за жонку прасіць.

Едуць дзень, едуць ноч, едуць доўга,
      Дзяцюк з той, а князь з той стараны;
Таму пнём, таму шляхам дарога;
      Яны едуць, і едуць яны…

Не арлы, сакалы на даліну
      Па дабычу-пажыву лятуць —
Два ўдальцы да аздобнай дзяўчыны
      Ў яе хорам цудоўны бягуць.

«Вот, княгіня, вот, наша ты пані!» —
      Яны кажуць абодва так ей:
«Няхай ласка твая на нас гляне,
      Няхай выбера, хто ёй мілей!»

«Я багат, я брыльянтаў даволі
      Сыпну, княжна, пад ножкі твае;
Маё поле — тваё будзе поле,
      Табе слугі пакорны мае».

«Я хоць бедзен, ды шчыра затое
      Сваё сэрца, душу табе дам;
Ня дам слуг, а сам буду слугою,
      Скарбам стану цаньнейшым я сам».

Княжна чуе ўсе гэтыя словы, —
      Бедака бярэ мужам сабе.
Князь запеніўся, мсьціцца гатовы,
      Дзецюку ўгрозы сыпе ў кляцьбе.

Не груган над ахвярай шыбуе,
      Не схаваную высачыў косьць,
К праўдзе ўвагі ня знае, ня чуе,
      Як зьмяя, чалавечая злосьць.

З чараўніцаю зельле князь вара,
      Зь цёмнай сілаю дружбу вядзе;
Маладую ўсыпляе ён пару,
      Маладому аковы кладзе.

Прабудзіўся ўдалец, — і што бача?
      Сам бяз княжны, апошні зь людзей;
Сьвітазара у хораме плача,
      Князь з дружынай гуляе сваей.

Ходзяць хмары шумліва, паважна,
      Падцінае хаўтурны ім звон;
Людзі плачуць над хлопцам, над княжнай,
      Князю б’юць за паклонам паклон.

(1906—1910)